"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

Здаецца, Вялiкая Айчынная даўно ў мiнулым — у кнiгах, фiльмах, абелiсках, расказах вiдавочцаў. Але гэта не так. Яна ў сэрцах i думках тых, хто ваяваў, гiбеў у канцлагерах, хто дагэтуль шукае родных i блiзкiх або месца iх пахавання. Яны спадзяюцца на сустрэчу праз шэсць з лiшкам дзесяцiгоддзяў. I праменьчык надзеi асвятляе iх пошукавы шлях, у якiм, мы спадзяёмся, дапаможа сумесны праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i “Народнай газеты” “Помнi iмя сваё...”
Баліць сэрца

“Пiша вам Нiна Дабрыня. Дапамажыце знайсцi звесткi пра майго сына Аляксандра (на здымку ўсмiхаецца) — марака рыбнага флоту. Ён вучыўся i жыў у Клайпедзе, а з 2000 года я пра яго нiчога не ведаю. Былая жонка сына на пiсьмы не адказвае. Я выпадкова даведалася, што Аляксандр нiбыта паехаў у Iспанiю, што iх карабель там. Чаму ж ён не напiсаў мне? А можа, нiкуды i не ад’язджаў з Клайпеды? Маё сэрца разрываецца на часткi. Вельмi хвалююся за сына. Я выпiсала “Народную газету”. Калi даведаецеся пра майго сына, паведамiце па радыё i праз газету”.

Лёс разлучыў з сястрой

“Да вас звяртаецца Валянцiна Валянцiнаўна Ладуцька. Мой бацька Валянцiн Пятровiч Цыбiн нарадзiўся ў 1933 годзе ў горадзе Ржэў, у Расii. Потым жыў у Чэрвеньскiм раёне. Ён хоча знайсцi альбо даведацца што-небудзь пра сваю малодшую сястру Рыту Пятроўну ЦЫБIНУ, 1935 года нараджэння. У iх была невялiкая сям’я: бацька, мацi i двое дзяцей. Бацька майго таты Пётр Iванавiч Цыбiн загiнуў у 1941-м пад горадам Калiнiнам. Мацi засталася з дзецьмi, а калi памерла, яны думалi, што спiць. Дзецi тулiлiся да матулi, каб сагрэцца i сагрэць яе. Днём прыйшлi людзi з насiлкамi, забралi мацi i панеслi, толькi спыталi, як яе завуць. З таго часу мой бацька i яго сястра засталiся круглымi сiротамi. Усе блiзкiя родзiчы, якiх яны ведалi, загiнулi ў адзiн год. Тата баяўся згубiць сястрычку, вадзiў яе за руку, вучыў, каб запомнiла адрас, iмёны i прозвiшчы бацькоў. У дзяцей было нешта накшталт коўдры i невялiчкая скрыначка з-пад патронаў, у якой ляжалi дакументы i сякiя-такiя грошы. Iх бацька быў вядомы ў Ржэве кандытар, i яшчэ да вайны ў iх гаспадарцы было шмат курэй. Татачка памятае, як матуля збiрала ў кошык яйкi. Можа, гэта памятае i Рыта, якая дапамагала мацi? Лёс разлучыў брата i сястру ў Беларусi, па дарозе ў Германiю. Бацька памятае назвы двух населеных пунктаў: Сверанава, непадалёку ад яго ён некаторы час жыў на хутары ў маладога абутнiка Тумiловiча, i Койданава. Яшчэ памятае, як цягнiк, у якiм iх везлi, спынiўся на станцыi. Фашысты выганялi людзей з вагонаў. На дварэ была зiма, а iх прымусiлi спаць у свiрне, на сене. Тата сказаў, што пойдзе шукаць чаго-небудзь паесцi, а сястры загадаў чакаць яго. Што з iм далей здарылася, не можа ўспомнiць. Узгадвае толькi, як выпусцiлi з лазарэта, дзе ён патрабаваў свае шэсць кавалкаў хлеба i коўдру. Хлеб яму далi, а коўдру — не. Ён вярнуўся на месца, дзе пакiнуў сястру. Там было яшчэ шмат людзей, але сястры сярод iх не знайшоў. Некалькi дзён ён бегаў па станцыi, распытваў пра дзяўчынку Рыту. Адны гаварылi, што памерла, другiя адказвалi, што забралi ў бальнiцу, iншыя сцвярджалi, што павялi з сабой нейкiя людзi. Мы неаднойчы звярталiся ў “Чырвоны Крыж”, але там нiчым дапамагчы не змаглi. Калi не здарылася самае страшнае, то пяцiгадовая тады дзяўчынка павiнна была запомнiць фабрыку Ральфа, куды перад адпраўкай у Германiю ворагi сагналi шмат людзей. Была зiма. Усiх павялi ў царкву, дзе рабiлi дэзiнфекцыю. Фашыст браў савок ледзянога дусту, здымаў у ахвяры шапку, сыпаў атруту на галову i за каўнер. Што i казаць, было шмат усяго, што павiнна памятаць Рыта. Напрыклад, тое, як iх i яшчэ некалькi чалавек фашысты паставiлi каля адзiнай уцалелай ад бамбёжкi сцяны вялiкага дома i хацелi расстраляць, але раптам прагучала каманда: “Адставiць!” Толькi яны адышлi некалькi метраў, як сцяна дома ўпала i ледзь не пахавала пад сабой людзей. А яшчэ павiнна памятаць Рыта, як iшлi яны ўдваiх каляiнай па зiмовай дарозе i iх дагнала калона нямецкiх машын. Каб не трапiць пад колы, брат схапiў сястрычку ў ахапкi, i яны ўпалi ў снег на абочыне. Фашысты глядзелi, як дзецi грэбалiся ў снезе, i рагаталi...”

Знайшлiся!

* Васiль Захаравiч Курлукоў з Клiмавiч не меў вестак пра ўнука Дзянiса, якi з бацькам Эдуардам Мiхайлавiчам Бывальдам паехаў жыць у Канаду. Знайшоўся другi дзядуля Дзянiса Мiхаiл Iванавiч Бывальд. Спадзяёмся, што ён паведамiць пра ўнука.
* Жыхарка Кобрына Вольга Iосiфаўна Валасюк шукала сяброўку Марыю Паддубоцкую, якая раней жыла ў Мiнску, а потым памяняла месца жыхарства. Мы знайшлi Марыю Андрэеўну Паддубоцкую. Яе адрас вышлем поштай.
* Рады паведамiць добрую навiну i Ларысе Аляксандраўне Лiцэвiч-Кацуры. Яна шукала стрыечнага брата Сяргея Фёдаравiча Дарашкова. Нам патэлефанавала сястра С.Ф.Дарашкова Марыя Фёдараўна Альшанава. Яна расказала, што брат жыве ў Мазыры. Яны з задавальненнем сустрэнуцца са стрыечнай сястрой, з якой не бачылiся з паўстагоддзя. Адрас i тэлефон Марыi Фёдараўны мы вышлем па пошце.

Родныя людзі

“Мiнула пятнаццаць гадоў, як ад майго брата Станiслава Уладзiмiравiча ВIНIКЕВIЧА няма нiякiх вестак. Адрас яго я згубiла. Ведаю, што жыў ва Украiне, у горадзе Данецку. Жонку звалi Галя, дзяцей Надзя i Юра. Можа, яны адгукнуцца. Няхай напiшуць пра свой лёс. Генаэфа Уладзiмiраўна Вiнiкевiч, Воранаўскi раён”.
“Шукаю брата Сяргея Мiхайлавiча НАВIЦКАГА, якi нарадзiўся ў 1964 годзе ў Касцюковiцкiм раёне. Некаторы час жыў у Данецкай вобласцi, працаваў у тралейбусным парку. У 2001-м паехаў туды, каб аформiць дакументы i вярнуцца дамоў. Але праз паўгода патэлефанаваў, што жыве i працуе ў пасёлку, у якiм — не паведамiў. Адрас мы не ведаем, тэлефонных званкоў больш не было. Бацькi нашы ўжо старыя i вельмi хочуць убачыць яго. Раiса Мiхайлаўна Шынкарова, Касцюковiцкi раён”.
Жыхар Талачынскага раёна Вiктар Барысавiч Швядко адшуквае цётку Лiдзiю Фядосаўну АСТАПЧЫК, 1939 года нараджэння. “Яе мацi моцна захварэла, i Лiдзiю Фядосаўну, тады зусiм маленькую, перад самай вайной забралi ў дом дзiцяцi ў Оршы. Родныя паехалi туды, але iм сказалi, што дзяўчынку павезлi ў санаторый. А ў хуткiм часе пачалася вайна”.

Беларусь—Украіна

Алена Пiлiпаўна Петражыцкая (Скараход) з Севастопаля
(Украiна) таксама звярнулася на наш праект. “Мая школьная сяброўка Эма Iванаўна Салаўёва жыве ў горадзе Маладзечне. Яна прыслала мне ваш адрас i падала iдэю знайсцi нашых сябровак па Полацкiм педагагiчным вучылiшчы. Гэта быў яго трыццаты выпуск у 1954 годзе. Наш iнтэрнат стаяў побач з царквой, непадалёк знаходзiўся лясны тэхнiкум. Жылi мы дружна: Люба ФЕЎРАЛЁВА з Расонскага раёна, Надзея БАБКОВА з Полацка, Глафiра АПЯНОК, Валянцiна ЗУЕНКА, Фаiна ТАЛОЧКА, Ала ЧЫГАК, Леанора ЯЗВIНСКАЯ, Ала МIЛЕЎСКАЯ — дзяўчаты з розных куточкаў Беларусi. Мяне яны называлi Лёля. Можа, i майму мужу дапаможаце знайсцi яго сябра Васiля Пракопавiча ЗЫГМАНТОВIЧА, якi ў 1957 годзе закончыў юрыдычны факультэт Белдзярж-унiверсiтэта i працаваў у Плiскiм тады раёне Вiцебскай вобласцi. Сувязь з iм абарвалася, бо ў 1971-м наша сям’я пераехала ў Севастопаль”.

Прабач, Мар’ян!

“У маладосцi я вельмi пакрыўдзiла Мар’яна СВАРЦЭВIЧА, якi жыве ў Докшыцкiм раёне. Толькi цяпер зразумела, што паступiла тады дрэнна. Яго словы: “Ах, як ты мне не даеш спакою!” засталiся ў памяцi на ўсё жыццё. Мар’ян! Калi зможаш, прабач. Гэта была маладосць. Такi ў нас лёс. Сваё пiсьмо-споведзь я не падпiсала. Няхай гэта будзе тайна для нас дваiх”.

Праз жыццё

“Цёплым, сонечным восеньскiм днём, на пачатку кастрычнiка 1965 года я з групай навучэнцаў першага курса Вiцебскага ПТВ № 16 была на сельгасработах у калгасе. Мы падымалi лён. Да мяне падышоў малады прыгожы хлопец, i мы пазнаёмiлiся. Звалi яго Раман. Ён прыехаў у калгас на ўборачныя работы з групай супрацоўнiкаў вiцебскага завода iмя Кiрава. Мы пачалi сустракацца. Гэта была шчырая, чыстая дружба, якая перайшла ў каханне. Раман працаваў на заводзе пасля заканчэння Мiнскага тэхналагiчнага iнстытута, на трэцiм курсе якога тады вучыўся мой муж. Калi мы пазнаёмiлiся з Раманам, мне быў 21 год, i я ўжо была замужам. Сустракалiся мы з iм нядоўга. У тую ж восень яго забралi ў войска. Ён пiсаў мне пiсьмы на адрас старэйшай сястры, якая жыла ў iнтэрнаце ў Мiнску. Я таксама жыла ў Мiнску, пераехала да мужа. Аднойчы прыйшла да сястры з мужам. Яна прынесла пошту i канверт з трохвугольнай пячаткай паклала на ложак. Муж ухапiў пiсьмо i прачытаў. Пасля гэтага наша перапiска спынiлася. Цiкава, як склаўся лёс Рамана. Як толькi надыходзяць цёплыя восеньскiя днi з 1 па 7 кастрычнiка, я не знаходжу сабе месца. Перад вачыма паўстае прыгожы малады чалавек, якога ўбачыла першы раз тады, у полi, на фоне восеньскага лесу. Дапамажыце знайсцi Рамана Уладзi-мiравiча ПУТРАША. Муж памёр 10 гадоў таму. Замуж я больш не выходзiла. Каханне Рамана зберагла ў сэрцы на ўсё жыццё. Буду рада пачуць яго голас, прачытаць радкi яго пiсьма, сустрэцца з iм. Таiса Пятроўна, горад Мiнск”.

Вывеў атрад з акружэння

“Летам 1943-га, у час блакады фашыстамi Лельчыцкай партызанскай зоны, у лясiста-забалочанай мясцовасцi ля вёскi Запясочнае апынуўся партызанскi атрад. Байцы старалiся выйсцi з акружэння, але зрабiць гэта было цяжка. Наша сям’я: мама, дзве сястрычкi, я i яшчэ адна адзiнокая жанчына ў гэты час хавалiся ў лесе. Да нас падышлi два партызаны i папрасiлi мяне адвесцi атрад ад праследавання фашыстаў. Не задумваючыся, я кiнуўся басанож на дапамогу. Павёў партызан праз лес да цяжка праходнага балота. Там, на востраве, яны закапалi ў зямлю кулямёт “максiм”, i мы пайшлi далей. Калi прыблiзiлiся да мяжы з Украiнай, я сказаў, што не ведаю дарогi. Мне дазволiлi вярнуцца да родных. У тых абставiнах я не мог спытаць, як называўся атрад, ды мне i не сказалi б. Можа, адгукнецца хто-небудзь з былых партызан гэтага атрада? Пётр Мiкалаевiч Лiпскi, Капаткевiчы”.

Ты ў маёй душы

“Я, як кажуць, у гадах i доўга не магла адважыцца вам напiсаць. Быў 1965 год. Я вырашыла пайсцi на вайсковую службу. Цяжкасцей не баялася: вырасла ў вёсцы, дзе шмат працавала. Замуж не спяшалася, лiчыла, што яшчэ паспею, але з хлопцам пазнаёмiлася. Ён тады хварэў i ляжаў у санчасцi. Звалi яго Пётр ЧУЧМАН, 1943—1944 года нараджэння, з Глыбоцкага раёна. Ён мне вельмi падабаўся, нават на дзень нараджэння свой запрасiла. Аднойчы на спатканне са мной Пётр прыйшоў крыху выпiўшы, i нам давялося ўцякаць ад патрульнай службы. Гэта мне не спадабалася, i я пакрыўдзiлася на яго. Пасля армii ён прыязджаў да мяне, але, вiдаць, па волi лёсу, мы не змаглi быць разам. Я пазнаёмiлася з другiм хлопцам i выйшла за яго замуж. Жылi ў розных месцах, а потым вярнулiся на радзiму. Але дзе б я нi жыла, у маiм сэрцы чамусьцi заўсёды быў Пётр. Магчыма, я вiнавата перад iм. Калi так, хачу папрасiць у яго прабачэння. Мне ад яго нiчога не патрэбна, але выкiнуць яго з сэрца нiяк не магу. Гады два таму ехала ў электрычцы, i нейкi мужчына на мяне ўважлiва глядзеў. Я таксама прыгледзелася да яго. Падалося, што вельмi падобны на Пятра. “Фантастыка!”— падумала я. Чалавек, якога хачу бачыць, сядзiць амаль побач са мной. Неяк ён казаў мне, што ў Мiнску жыве яго цётка. Мiнула больш за сорак гадоў, але хачу ўбачыць Пятра, даведацца, як склаўся яго лёс. Прабач мяне, Пётр. Марыя Рыгораўна, Асiповiчы”.

Калi б не Валянцiна

“У 1951 годзе мяне прывезлi ў дзiцячы дом горада Мазыра. Мне тады было 11 гадоў. Расла ў маленькай вёсачцы былога Васiлевiцкага раёна Гомельскай вобласцi. У нашай сям’i было трое дзяцей: старэйшы брат, я — сярэдняя i сястра, малодшая за мяне на тры гады. Бацьку не бачыла i не ведаю, якi ён быў. Толькi памятаю: прыйшла нейкая папера, мацi сабралася i паехала ў райцэнтр. Як высветлiлася, пабачыцца з бацькам, якога, цяжка параненага, везлi ў шпiталь. Па дарозе ён памёр, i яго пахавалi. Дзе — дагэтуль не ведаем. Магчыма, мы i жылi б з мамай, але здарылася бяда. Я тады вучылася ў трэцiм класе. Ранiцай да нас прыйшоў п’яны брыгадзiр i загадаў мацi iсцi на працу. Яна была хваравiтая, сказала, што дрэнна сябе адчувае. Брыгадзiр ухапiў чапялу, што стаяла ля печы, i пачаў бiць ёй мацi. Усё гэта адбывалася на маiх вачах, i я вельмi напужалася. Пасля гэтага мама зусiм захварэла. Цётка, сястра нашага бацькi, вырашыла аддаць нас з сястрой у дзiцячы дом. Брата, якi быў у сёмым класе, пакiнулi дома. Два гады ён жыў i вучыўся пад наглядам суседзяў i другой цёткi, якая жыла ў нашай вёсцы. Калi мяне прывезлi ў дзiцячы дом i прызначылi ў групу дзяцей 5-х класаў, я баялася, бо нiколi не была ў такiм вялiкiм калектыве. У школе на ўроках саромелася адказваць i наогул нi з кiм не хацела размаўляць. Мяне пакiнулi на другi год у пятым класе. I вось у такiх складаных абставiнах у мяне з’явiлася сяброўка Валянцiна САВIЦКАЯ. Яна, мабыць, была крышачку старэйшая за мяне i шмат у чым мне дапамагала. Дагэтуль удзячная ёй за гэта. Я закончыла сем класаў i паступiла ў Мазырскае фельчарска-акушэрскае вучылiшча. Валянцiна пасля дзевяцi класаў паступiла ў Мазырскi педагагiчны тэхнiкум. Ёй трэба было вучыцца чатыры гады, а мне — тры. Аднойчы пры сустрэчы сяброўка паведамiла, што iх збiраюцца пераводзiць у Гомельскi педагагiчны тэхнiкум. Мы перасталi бачыцца. Я закончыла вучылiшча i па размеркаваннi паехала ў Петрыкаўскi раён. Валянцiна, наколькi я ведаю, пасля вучобы паехала працаваць на Брэстчыну. Дапамажыце знайсцi яе. Няхай прыязджае да мяне ў госцi, буду вельмi рада. Нiна Фёдараўна Бархаленка, горад Мiнск”.

Каханне светлае маё

“Гэта здарылася 48 гадоў таму, у 1959-м. Мне тады было 22 гады, i я толькi пачынала свой працоўны шлях на заводзе  штучнага валакна, што ў Магiлёве. Жыла ў стрыечнай сястры. Пасля працы, як i ўсе, хадзiла ў кiно, гуляла па горадзе, у парку. Пазнаёмiлася з добрым хлопцам, Васiлём ТРЫЗНАМ. Працаваў ён шафёрам на грузавой машыне. Ён мне вельмi падабаўся, i я ахвотна бегала на спатканнi. Усё было добра. Але аднойчы ён паехаў наведаць бацькоў, i больш я яго не бачыла. Потым сяброўка казала, што Вася трапiў у аўтамабiльную аварыю. Мне ён пра гэта не паведамiў. Я не ведала, дзе ён i што з iм, але ўвесь час чакала яго. Праз шэсць гадоў выйшла замуж. Iшлi гады, я нiколi яго не сустракала i нiчога не ведала. Але летась у маi паехала на могiлкi, каб прыбраць да Радунiцы, пасля наведала Магiлёўскi рынак. Набыла корм для кошкi, затым падышла купiць вазон. Узяла яго ў рукi i раптам чую: “Вось, разглядае вазоны!” Я гэтаму не надала значэння i не паглядзела, хто гаварыў. Купiла вазон i пайшла на выхад. На прыпынку не давялося стаяць, хутка прыйшоў тралейбус. Зайшла ў яго, села на свабоднае месца. Падымаю вочы: перада мной стаяць два мужчыны, адзiн глядзiць прама на мяне. Я таксама гляджу на яго i... пазнаю Васiля. Я акамянела, анямела, не назвала iмя, а толькi глядзела на яго. Так мы i ехалi. Мне падалося, што ён быў як на ланцугу ў маладога чалавека, што стаяў з iм побач. Можа, гэта быў яго сын, можа, брат. Ён мне калiсь гаварыў, што ў Мiнску ёсць брат, быццам Аляксей яго звалi. Мы ехалi амаль што да майго дома. Думала, едуць на прыпынак мiжгароднiх аўтобусаў, а там i мне выходзiць, вось i сустрэнемся. Але раптам малады чалавек выйшаў. Вася крыху пастаяў i выйшаў за iм. Толькi пачула абрыўкi слоў: “Я знайду яе.” Але як ён знойдзе мяне? Вырашыла напiсаць вам. Можа, Васiль пачуе або прачытае ў “Народнай газеце” i пазнае сябе. Васiль! Пазванi, прыязджай у госцi. Буду вельмi рада сустрэцца з табой. Прашу маё прозвiшча не называць”.

Сяброўка

“Хочацца даведацца пра тых, з кiм на працягу чатырох гадоў, з 1952-га па 1956-ы, вучылася ў Мiнскiм  педагагiчным вучылiшчы. Мяне цiкавяць: Святлана Васiльеўна ПАНЦЯЛЕЕВА, Тамара Уладзi-мiраўна САКОВIЧ, Ада Сiдараўна ДОЎНАР, Надзея Канстанцiнаўна РУСАК i iншыя. Любоў Анатольеўна Чартко (Качан), пасёлак Самахвалавiчы Мiнскага раёна”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter