"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

У рэдакцыю патэлефанавала Людмiла Мазур з Магiлёва, якая шукала сваю сяброўку Вольгу Фандарэнка, яны разам вучылiся ў Шклоўскай спецшколе для сляпых i з аслабленым зрокам дзяцей. Вольга Фандарэнка знайшлася i ўспомнiла яе. А мы з калегамi з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, з якiмi разам вядзём пошук людзей у рамках сумеснага праекта “Помнi iмя сваё...”, парадавалiся за сябровак. I пажадалi ўдачы тым, хто верыць i спадзяецца знайсцi родных, каханых, аднакласнiкаў.
ГОРА ГОРКАЕ

“У нас прапаў сын Аляксандр Аюпавiч IБРАГIМАЎ, 1980 года нараджэння. У кастрычнiку 2002-га ён паехаў на працу ў Маскву, уладкаваўся ахоўнiкам у Брылёва-Заходняй школе. Там сустрэў маладую настаўнiцу Людмiлу, у якой было маленькае дзiця. Яна дапамагла Сашу зрабiць часовую прапiску, ён жыў у яе некаторы час. Што здарылася памiж iмi, не ведаем, але Саша паехаў з Масквы i працаваў у вёсцы Апалiха Краснагорскага раёна. Ён тэлефанаваў нам у студзенi 2003 года, а з лютага сувязь абарвалася. Куды мы толькi нi звярталiся, нават на расiйскую перадачу “Жди меня”, аднак нам параiлi чакаць. А чаго чакаць? Можа, з Сашам здарылася бяда, магчыма, яму патрэбна дапамога! Спадзяёмся, што добрыя людзi дапамогуць нам. Бацькi Сашы Iбрагiмава, Гомельская вобласць”.

ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК

Мiнчанка Марыя Лук’янаўна Круцелева шукае магiлу бацькi Лукаша Пятровiча КРУЦЕЛЕВА, 1908 года нараджэння, ураджэнца вёскi Кiрава Жлобiнскага раёна. “У 1944-м бацька знаходзiўся на дзяжурстве, ахоўваў у Гомелi чыгунку. Нечакана пачалася бамбёжка, бацька загiнуў i быў пахаваны ў Гомелi ў брацкай магiле (у Цiценках — так у лiсце). Мацi некалi вазiла мяне туды, мне было гадоў восем. А пасля я чула, што магiлу перанеслi з-за пашырэння горада. Мы пераехалi жыць у iншае месца, магiлу наведвалi рэдка, але заўсёды помнiлi тату. Куды перанеслi брацкую магiлу? Можа, дзе пазначана прозвiшча майго бацькi?”
Iрына Iванаўна Костачка (Высоцкая) хоча даведацца, як склаўся лёс яе братоў: Андрэя Iванавiча ВЫСОЦКАГА, 1916-га цi 1918-га, i Канстанцiна Iванавiча ВЫСОЦКАГА, 1926 года нараджэння, ураджэнцаў вёскi Багданава Вiлейскага раёна. “У 1944 годзе Андрэй быў прызваны на фронт Вiлейскiм райваенкаматам. Першы лiст ад яго атрымалi з Украiны, з горада Белая Царква. Апошнi — 18 красавiка 1945 года, пiсаў, што жывы-здаровы, наблiжаецца да Берлiна. Праз некалькi гадоў пасля перамогi прыйшло паведамленне, што Андрэй прапаў без вестак. Канстанцiна немцы вывезлi ў Германiю. Звестак пра яго не было да 1946 года. Мы атрымалi пiсьмо, у якiм ён паведамляў, што iх вызвалiлi англiчане, а потым накiравалi на працу на нейкiя шахты”.
 “У Вялiкую Айчынную загiнуў мой бацька Еўсцiгней Макаравiч ВОЛКАЎ, 1909 года нараджэння. Мы атрымалi паведамленне, нiбыта ён загiнуў у 1944 годзе i пахаваны ў Гданьску. Магчыма, брацкая магiла ў гэтым горадзе была перанесена. Калi гэта так, то куды? Ульяна Еўсцiгнееўна Абжыгайлава”.
“Пад Кёнiгсбергам (Калiнiн-град) 7 красавiка 1945 года загiнуў мой брат Павел Фамiч РУСЕЦКI. Нарадзiўся ён у 1922 годзе. З 19 красавiка 1943-га па лiпень 1944-га лiчыўся радавым партызанам 2-га атрада 16-й Смаленскай брыгады Вiцебскай вобласцi. Спадзяюся, што засталiся людзi, якiя памятаюць брата, вельмi хачу з iмi сустрэцца. Чуў таксама, што ля Калiнiнграда (цi ў самiм горадзе) стаяць абелiскi з прозвiшчамi пахаваных, можа, там ёсць прозвiшча брата”. Анатоль Фа-мiч Русецкi, Вiцебская вобласць.
“Мой бацька Сяргей Васiльевiч ЯРАШЭВIЧ, 1911 года нараджэння, быў прызваны на фронт у 1944-м з вёскi Блудзень (зараз Першамайская) Бярозаўскага раёна. Апошнi лiст з фронту даслаў 7 студзеня 1945 года, зваротны адрас быў такi: палявая пошта 13286 “М”. Нам потым паведамiлi, што 14 сту-
дзеня тата быў цяжка паранены i шпiталiзаваны, пра яго далейшы лёс невядома. На запыты i пошукi адказ быў адзiн — у спiсах загiнуўшых i прапаўшых без вестак не лiчыцца. Дзе ж ён дзеўся, што здарылася? Надзея Сяргееўна Канстанцiнава, Брэст”.
“Шукаю тату Цiхана Фёдаравiча КАПIШЫНА, прыкладна 1913—1914 года нараджэння, ураджэнца Валгаграда цi Валгаградскай вобласцi. Ён быў афiцэрам танкавых войскаў. Ваяваў у Фiнскую вайну, у Iспанii, Японii. Перад Вялiкай Айчыннай служыў у ваенным гарадку Кiсялевiчы горада Бабруйска. Мне б даведацца, дзе пахаваны, каб з’ездзiць туды, прыбраць магiлу, пакланiцца той зямлi ад усiх родных. Вiктар Цiханавiч Капiшын, Бабруйск”.
“Без вестак прапаў мой брат Аркадзь Нiкiфаравiч ХВАЦЬКО, 1920 года нараджэння. Да вайны жыў на станцыi Капцэвiчы Палескай (цяпер Гомельскай) вобласцi. У армiю пайшоў у 1940 годзе, служыў у Вентспiлсе (Латвiя), вучыўся на малодшага камандзiра. У канцы лiпеня 1941-га мы атрымалi ад яго апошнi лiст. Пiсаў, што немцы разбамбiлi iх, ён паранены ў нагу i вязуць яго на машыне ў бок Ленiнграда. I больш нiводнага радка. Спадзяюся, што засталiся яго былыя аднапалчане, няхай адгукнуцца. Нiна Нiкiфараўна Мiхайленка, горад Пiнск”.
Ангелiна Фядотаўна Пасенiна шукае брата Афанасiя Фядотавiча ПАСЕНIНА, якi прапаў без вестак у гады Вялiкай Айчыннай. “У першыя днi вайны ён прызваўся на фронт са Смаленскай вобласцi. У пахавальнай паведамлялася, што брат загiнуў у 1943 годзе. Хачу даведацца, дзе ён загiнуў i пахаваны”.
Серафiма Уладзiмiраўна Дудко з Пружанскага раёна шукае бацьку Уладзiмiра Вакулавiча ДУДКО. “Быццам бы прозвiшча Дудко было ў спiсах загiнуўшых на тэрыторыi Польшчы i пахаваных у Гайнаўцы. Можа, гэта мой бацька?”.
Сапраўды, нашы калегi зачытвалi, а мы друкавалi спiсы пахаваных беларусаў у Польшчы. Там было прозвiшча Дудко цi Дудка, аднак больш нiякiх звестак не пазначана. Гэта не першы зварот тых, хто шукае родных па прозвiшчы Дудка цi Дудко. Правяраюцца ўсе даныя па гэтых спiсах, пра новую iнфармацыю мы абавязкова паведамiм.
Пётр Мiкалаевiч ХУРСА (прыкладна 1909—1910 года нараджэння) пайшоў служыць у польскую армiю ў 1939-м. Сын Iван, якому тады было ўсяго шэсць гадоў, успамiнае, як бацька адпраўляўся з дому. “Мацi горка плакала, быццам адчувала, што больш яго не ўбачыць. Бацька не вярнуўся. Толькi атрымалi лiст ад яго сябра-аднапалчанiна. Ён паведамляў, што яны ўжо вярталiся дадому, дайшлi да Баранавiч, але на вакзале iх забралi i павезлi на шахты ў Крывы Рог. Два гады яны там працавалi, было вельмi цяжка,  галадалi. Аднойчы прыехаў генерал (здаецца, Сiкорскi) i забраў бацьку на iтальянскi фронт. I нiбыта пры пераправе iх машына падарвалася на мiне. У першы дзень перамогi сям’я атрымала пахавальную, але мацi спалiла ўсе дакументы: баялася расправы. Толькi застаўся ў памяцi нумар брацкай магiлы — 150. А вось у якiм горадзе цi нават у краiне — невядома”.
Лiдзiя Пятроўна Бягеба (Падсадная) шукае месца пахавання бацькi Пятра Якаўлевiча БЯГЕБЫ (нарадзiўся ў вёсцы Сухадол Камянецкага раёна). Падчас вайны яго разам з Мiхаiлам Кучыцам i Фiлiмонам Барташуком схапiлi немцы i павезлi ў невядомым кiрунку. Да гэтага часу дачка пра бацьку нiчога не ведае. Яна хоча таксама даведацца, дзе пахаваны Васiль ПАДСАДНЫ, 1919 года нараджэння, ураджэнец вёскi Быцень Iвацэвiцкага раёна.
“Наш бацька Кузьма Акакiевiч (цi Какеевiч) СIВОХIН быў прызваны на фронт у 1941 годзе. Пiсаў дадому пiсьмы, але ў 1944-м перапiска абарвалася. На мой запыт камандзiр часцi адказаў, што быццам бы бацька ў жорсткiм баi мужна змагаўся з ворагам, быў паранены i адпраўлены ў МСБ (27 лiпеня 1944 года). Потым прыйшло паведамленне, што ён памёр ад ран 31 лiпеня, пахаваны ў Беластоцкай вобласцi, вёсцы Вялiка-Беткавiчы. Дзе гэта? А можа, бацька застаўся жывы? Iван Кузьмiч Сiвохiн, Краснаполле”.
“Мы, тры сястры, адшукваем брата Мiхаiла Iванавiча ЗАХАРЧАНКУ. Ён нарадзiўся ў 1921 годзе ў Крычаўскiм раёне (вёска пазначана неразборлiва). Пайшоў у армiю ў 1940-м, служыў у Вiннiцы. Перад Вялiкай Айчыннай паспеў прыслаць некалькi лiстоў. Пасля вайны прыйшло паведамленне: прапаў без вестак у першыя днi вайны. Нам бы даведацца, дзе пахаваны адзiны брат, сабралi б усе сiлы i паехалi на тое месца, пакланiлiся той зямлi. Дар’я, Ганна i Ларыса Захарчанка”.

ЗНАЙШЛIСЯ!

Ганна Вiктараўны Кандрукевiч шукала сястру Рэгiну Мiхайлаўну Красiнскую, з якой страцiла сувязь год таму. Сястра жыла ў Расii, у горадзе Кемераве, па апошнiх звестках, перанесла трэцi iнсульт. Аказалася, што па пазначаным адрасе ў Кемераве жанчына не была зарэгiстравана. Калегi правяралi па прозвiшчах сыноў Рэгiны Мiхайлаўны — безвынiкова. Тады патэлефанавалi Ганне Вiктараўне. Яна паведамiла, што сястра сама адгукнулася.

ГIСТОРЫЯ АДНОЙ СЯМ’I

Больш за 60 гадоў жыхарка Гомеля Раiса Iгнатаўна Шубара шукае сваю сястру. Надзеi змяняюцца расчараваннем, але жанчына ўсё роўна спадзяецца: родны чалавек павiнен знайсцiся. А яшчэ яна жадае даведацца пра свайго бацьку, чырвонаармейца, лёс якога здаецца не толькi трагiчным, але ў нейкай ступенi загадкавым.
У 1941-м сям’я лейтэнанта Iгната Васiльевiча ТКАЧОВА жыла ў Рэчыцы. Перад самым пачаткам вайны яго перавялi ў Беластоцкую вобласць. Пра далейшы лёс нiчога невядома. Праўда, яго дачка Раiса Iгнатаўна Шубара звяртае ўвагу на два моманты: у эвакуацыi сям’я атрымлiвала на бацьку пенсiю, значыць, не прапаў без вестак, а загiнуў у дакладна вызначаным месцы i пры сведках. Да таго ж пенсiя была на капiтана, а не на лейтэнанта. Нават падчас вайны званне так хутка не давалi. А яшчэ быў ад яго лiст да мацi са словамi: “Калi што-небудзь здарыцца, табе дапамогуць выхаваць дзяцей”. На думку жанчыны, гэта ўскосна сведчыць, што яе бацька падчас вайны мог служыць у разведцы, хаця гэта толькi версiя.
Яшчэ адзiн жывы боль гэтай сям’i — лёс сястры Тамары, якой напачатку вайны было каля паўтара годзiка i якая згубiлася ў 1941-м у час бамбёжкi каля ракi Днепр пад Рэчыцай.
— Калi пачалася вайна, на машынах эвакуiравалi жонак афiцэраў, — успамiнае Раiса Iгнатаўна. — Сказалi браць толькi дзяцей i дакументы. Калi мама села на машыну, мяне ёй падалi. I тут пачалi крычаць пра бамбёжку. Машына рушыла. Мацi сказалi, што Тамару падалi на другую машыну, якая iшла ззаду. Калi праязджалi Днепр, зноў бамбёжка. Машыны раз’ехалiся па лясах. Матуля пачала шукаць другую машыну. А рэгулiроўшчык кажа:“Я такой машыны не памятаю”. Нас завезлi ў Саратаўскую вобласць. Матуля ўспамiнала сястру i плакала. Пры яе жыццi мы ўвесь час шукалi Тамару, але не знайшлi. Была надзея, але... У 1964 годзе пачулi па радыё расказ жанчыны, якая шукала мацi. Мама перадачу не чула. А сакратар сельсавета пачуў i быў упэўнены, што гэта наша Тамара. Мы разам з сястрой Жаннай абзванiлi ўсе беларускiя радыёстанцыi, напiсалi ў Маскву. Праз месяц прыйшоў адказ, што была такая перадача: жанчына падабрала паўтарагадовую дзяўчынку i выхавала, як сваю дачку. Толькi перад смерцю ёй сказала: “Шукай сваю мацi i бацьку. Яны з Беларусi”. Нам далi адрас ва Уладзiвастоку. Але там мы Тамару не знайшлi. З мiлiцыi адказалi, што ў горадзе i ў раёне такая не пражывае.
У Раiсы Iгнатаўны часта ўзнiкае пачуццё, што сястра недзе побач. А яшчэ яе нярэдка блытаюць на вулiцы з нейкай iншый жанчынай. Можа, сапраўды, сястра Тамара жыве на Гомельшчыне цi ў Беларусi?

РОДНЫЯ ЛЮДЗI

“Дапамажыце адшукаць пляменнiка Вiктара Анатольевiча ВЫСОЦКАГА, якi нарадзiўся ў Магiлёве 21 лiпеня 1971 года. Пасля армii ён прыязджаў да цёткi ў вёску Свяцiлавiчы Бялынiцкага раёна. З таго часу пра яго нiчога не ведаем. Мацi Вiктара памерла, калi яму было ўсяго паўтара месяца, бацька забраў яго да сябе ў Смаленск. Жылi яны на вулiцы 25 верасня. Магчыма, i зараз там знаходзяцца. Буду вельмi рада сустрэчы. Вiкторыя Фамiнiчна Смаляк”.
“Апошнi лiст ад роднага брата Анатоля Андрэеевiча РЭДМАНА (прозвiшча пазначана неразборлiва), 1940 года нара-
джэння, я атрымала яшчэ ў 1984 годзе. Тады ён працаваў у вёсцы Сартыння Бярозаўскага раёна Цюменскай вобласцi. Я некалькi разоў пiсала на гэты адрас, адказу не было. Нарадзiўся мой брат у Мазыры, але i туды ён не прыязджаў. Спадзяюся, што ён усё ж вярнуўся ў Беларусь. Святлана Андрэеўна Шакалiцкая, Брэст”.  
“Мая сястра Ганна Анiсi-маўна ЦIХАНОВIЧ, 1935 года нараджэння, жыла ў Расii (Наўгародская вобласць, раён Чудава, паштовае аддзяленне Селiгучы) з сынам Уладзiмiрам Анатольевiчам Цiхановiчам i яго сям’ёй. Ён працаваў дырэктарам саўгаса. Мы некаторы час перапiсвалiся, два гады таму сувязь з iмi абарвалася. Ведаю, што пляменнiк Уладзiмiр пераехаў жыць у горад Чудава. Дапамажыце адшукаць адрас сястры i пляменнiка. Валянцiна Анiсiмаў-на Лабузнова, Шклоўскi раён”.
“Да развалу Саюза мой стрыечны брат Андрэй Львовiч ТКАЧОЎ, 1954 года нараджэння, ураджэнец Ленiнграда, жыў у Вiльнюсе на вулiцы Вяркю. У яго была жонка Анжэлiка i два сыны: Аляксей, 1977-га, i Аляксандр, 1982 года нараджэння. У 1998 годзе ён прыязджаў да сваёй роднай сястры ва Украiну (горад Чарткова). Расказаў, што пераехаў жыць у iншы раён цi прыгарад Вiльнюса. Адрас не пакiнуў. З таго часу нiчога пра Андрэя i яго сям’ю невядома. Валянцiна Уладзiмiраўна Да-нiлава, Гомель”.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter