"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

ПЕРШАЕ КАХАННЕ НЕ ЗАБЫВАЕЦЦА Гэтае шчымлiвае трапяткое пачуццё, лёгкi дотык рукi, сарамлiвы погляд, няўдала зрыфмаваныя, але такiя шчырыя вершы помняцца праз дзесяцiгоддзi. На схiле гадоў пасiвелыя дзядулi i бабулi шукаюць таго, каго пакахалi ўпершыню, але з кiм не выпала прайсцi разам па жыццi. Шукаюць, каб папрасiць прабачэння, даведацца пра лёс дарагога чалавека, а калi пашанцуе, то i сустрэцца. Шкада, што час няўмольны i не заўжды iдзе насустрач людзям. Iншым разам мы спазняемся сказаць апошняе “даруй”.

НЕ ПАСПЕЛА
Лiдзiя Жыгалiна з Магiлёўскай вобласцi шукала сваё першае каханне Валянцiна Юрцэвiча. Пазнаёмiлася з iм падчас студэнцкай практыкi (ён вучыўся ў Горацкай сельгасакадэмii). Маланкай успыхнула каханне. Але па волi лёсу iх шляхi разышлiся. Лiдзiя паехала вучыцца ў Ленiнград. У Валянцiна былi сур’ёзныя планы, аднак ёй заставалася вучыцца два гады, яна адмовiлася ад прапанаваных рукi i сэрца i паехала на практыку ў Талiн. Прайшло больш за чвэрць стагоддзя. Лiдзiя шукала Валянцiна, хацела даведацца, як склаўся яго лёс. У рэдакцыю прыйшло пiсьмо з Брэсцкай вобласцi ад Нiны Паўлаўны Герасiмовiч (дзявочае прозвiшча Юрцэвiч). Гэта сястра Валянцiна Юрцэвiча. Нiна Паўлаўна хацела даведацца адрас Лiдзii, каб напiсаць, бо Валянцiн два гады, як пайшоў з жыцця.
ПАМЯТАЙЦЕ
ПРА БАЦЬКОЎ
“Да вас звяртаюцца работнiкi Фрунзенскай участковай бальнiцы Дзяржынскага ТМА Мiнскай вобласцi па просьбе Вольгi Iванаўны Юткiнай, 1918 года нараджэння. Вольга Iванаўна хоча адшукаць свайго сына (ад першага шлюбу) Яўгена Iванавiча СОБЕЛЕВА, 1940 года нараджэння, якi прыкладна ў 1960 годзе паехаў на працу ў Расiю, горад Омск. Там ён жыў з сям’ёй да 2002 года, працаваў на нейкiм буйным прадпрыемстве зваршчыкам. Да 2002 года яны перапiсвалiся. Ён з жонкай прыязджаў да мацi, зваў жыць да сябе. Аднак яна засталася дома. З таго часу сувязь з сынам згубiлася. У лiпенi 2005 года згарэў дом Вольгi Iванаўны, зразумела, што пiсьмы не захавалiся, а сынавага зваротнага адрасу яна не памятае. Часова жанчына была накiравана ў нашу бальнiцу, дзе знаходзiцца i зараз. У iнтэрнат афармляцца яна не хоча. Усё чакае сына. Хай ён адгукнецца. Яго дапамога так патрэбна зараз мацi, самаму дарагому чалавеку на зямлi”.
“Наш сын Алег Аркадзьевiч ЛАБКОЎ нарадзiўся ў Гомелi ў 1968 годзе. 14 сакавiка гэтага года ён паехаў з хлопцамi ў Маскву на заработкi, i з таго часу пра яго нiчога невядома. Было толькi адно тэлефанаванне жонцы праз два тыднi пасля ад’езду, быццам даехалi добра i ўладкавалiся на працу, на якую — не ўдакладнiў. У красавiку тэлефанаваў сябар сына, казаў, што чакаюць заробленых грошай i хутка прыедуць дадому. Але i дагэтуль пра iх няма нiякiх звестак. А сэрца так балiць па сыну. Калi хто ведае, дзе ён дакладна працаваў i што з iм здарылася, паведамiце. З удзячнасцю i надзеяй бацькi”.
“Майго сына завуць Валерый Алегавiч ПАЎЛIНIЧ, 1968 года нараджэння, горад Орша. Мы з iм не бачылiся больш за 30 гадоў, з моманту скасавання шлюбу з маёй былой жонкай, яго мацi. Згодна з выканаўчым лiстом на алiменты Алег жыў з мацi ў Расii: Алтайскi край, горад Рубцоўск. Я спрабаваў раней адшукаць сына — безвынiкова. На пiсьмы адказаў не было. Можа, зараз праз столькi гадоў ён дараваў мне за тое, што не склалася жыццё з яго матуляй. Вельмi чакаю сустрэчы. Алег Цiханавiч Паўлiнiч”.
ДАРАГIЯ СЯБРЫ
“У 1963 годзе я па сямейных абставiнах трапiла ў Маларыцкую школу-iнтэрнат Брэсцкай вобласцi. Пайшла ў першы клас. У наш клас з Кобрынскага дзiцячага дома прывезлi дзяцей, сярод iх Галiну НЯРОДУ. Першай выхавацелькай у нас была Любоў Лукiнiчна (прозвiшча не памятаю). Яна вельмi любiла Галю. Усе гады вучобы ў iнтэрнаце Галя, як i многiя дзецi, шукала сваiх бацькоў. Знайшлася яе мацi, аднак яна адмовiлася ад дачкi. Аднойчы на iмя Галi прыйшло пiсьмо з горада Ананьеў (Адэская вобласць), у якiм яе прасiлi аб удачарэннi. Адрас гэтай сям’i дала наша выхавацелька. Галя згадзiлася на прапанову — усе мы хацелi мець матулю i тату. Пасля экзаменаў за 8-ы клас яе завезлi ў Ананьеў, а я паехала да сваiх родных. Так нашы жыццёвыя сцежкi разышлiся. Мы некаторы час перапiсвалiся. З лiстоў я даведалася, што Галя паступiла ў тэхнiкум бухгалтарскага ўлiку ў Ананьеве. Там яна выйшла замуж. Потым перапiска абарвалася. Галя нарадзiлася 4 красавiка, а я — 22 красавiка. Мы заўсёды вiншавалi адна адну з днём нараджэння. Сёлета нам па 50. Калi знайду сваю сяброўку — гэта будзе самы дарагi падарунак на дзень нараджэння. Яшчэ з маiх дзiцячых успамiнаў: жанчына, якая ўдачарыла Галю, быццам бы працавала касiрам у тэатры, а яе муж быў звязаны з марскiм флотам. Хай Галiна адгукнецца. Я столькi гадоў шукаю яе. Можа, каму вядома, дзе яна зараз, паведамiце. Настасся Уладзiмiраўна Шыкула (Побат), Брэсцкая вобласць”. 
“З 1982 па 1984 год я служыў у вайсковай часцi 78749-Е, на камандным пункце 219-Н, паштовае аддзяленне Балбасава, што пад Оршай. Быў у мяне сябар Мiкалай МIРОНАЎ, сяржант i камандзiр аддзялення. Пасля службы мы перапiсвалiся, але потым у яго памёр сын, i перапiска спынiлася. Я разумею чаму, аднак хочацца сустрэцца з Мiкалаем. Камандзiрам у нас быў маёр Расада. З намi служылi таксама i дзяўчаты. Буду вельмi рады, калi хто з маiх саслужыўцаў адгукнецца. Сяргей Вiтальевiч Казлоў (Сямёнаў)”.
У ВЁСЦЫ АГАРОДНIКI
Соф’я Антонаўна Лобан з Капыльскага раёна пачула, як па радыё нашы калегi зачытвалi прозвiшчы загiнуўшых i пахаваных у вёсцы Агароднiкi (тая вёска ў Польшчы). “У нас таксама была вёска Агароднiкi, якую спалiлi немцы з 3 на 4 лiпеня 1944 года. А 6 лiпеня была масавая мабiлiзацыя. Шмат чырвонаармейцаў-пехацiнцаў сабралася ў садзе, раптам наляцелi фашысцкiя самалёты. Многа нашых мужчын загiнула, iх пахавалi ў вёсцы Агароднiкi, а параненых адвезлi ў шпiталь у Слуцк. Дзесьцi ў 50-х гадах загiнуўшых перапахавалi ў вёсцы Цiмкавiчы, на брацкай магiле пагранiчнiкаў 117-га пагранатрада. На мемарыяльнай плiце высечаны iх iмёны. Мне ўжо 81 год, цяжка дабрацца да Цiмкавiчаў, каб перапiсаць пазначаныя на дошцы iмёны. Я патэлефанавала ў мясцовую школу, i мне абяцалi дапамагчы: хутка прынясуць усе даныя, якiя я вам паведамлю. А калi хто сам цiкавiцца iмёнамi загiнуўшых, прыязджайце ў Цiмкавiчы”.
Паважаная Соф’я Антонаўна, мы ўдзячны вам за дапамогу. I спадзяёмся, што гэта iнфармацыя дапаможа радыёслухачам i чытачам “НГ”.
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
“Наша мацi Марыя Арцёмаўна Чарняўская (Бебчык) шукае старэйшага брата Рыгора Арцёмавiча БЕБЧЫКА, ураджэнца вёскi Белiн Драгiчынскага раёна. Дакладная дата нараджэння невядома. Падчас Вялiкай Айчыннай мацi страцiла сваiх бацькоў i жыла ў родных. Яна мала што памятае з тых часоў, бо ёй было ўсяго сем гадоў. Аднак назаўсёды захаваўся ў памяцi момант, калi брата разам з аднавяскоўцамi забiралi ў Германiю. Куды ён трапiў, нiхто не ведае. Ёсць надзея, што Рыгор застаўся жыць, можа, дзе за мяжой. Калi хто ўзгадае яго, паведамiце. Сям’я Чарняўскiх-Бебчык, горад Мiнск”.
Валянцiна Iванаўна Гаравая (Садоўнiкава) з Магiлёва адшуквае сваiх братоў: Мiхаiла Iванавiча ГАРАВОГА, 1920 года нараджэння, i Рыгора Iванавiча ГАРАВОГА, 1923 года нараджэння. “Мiхаiл прызываўся ў армiю ў 1940 годзе, служыў у Слонiме. Нам казалi знаёмыя, што быццам бачылi яго ў Сталiнградзе, у яго быў нават ордэн Чырвонай Зоркi. Аднак дадому Мiхаiл не пiсаў, i пасля вайны пра яго нiякiх звестак не было. Як i пра малодшага брата Рыгора. Ён прызываўся ў армiю 10 чэрвеня 1941 года, а праз 12 дзён пачалася вайна. Даслаў па дарозе на фронт дзве паштоўкi з Кiева i Ковеля без зваротных адрасоў. Вось i ўсё, што я ведаю пра сваiх братоў. Можа, дзе-небудзь захавалiся звесткi пра iх, можа, вядома, дзе яны загiнулi i пахаваны. Праверце ў спiсах загiнуўшых савецкiх салдат у нямецкiх лагерах “Цайтхайн” i “Хамельбург”.
На жаль, прозвiшчаў братоў Валянцiны Iванаўны ў спiсах няма. Правяраюцца iншыя дакументы. Калi што-небудзь стане вядома, мы абавязкова паведамiм.
Алена Iванаўна Ганчарова з Мазыра шукае звесткi пра бацьку Iвана Антонавiча СУКАЧА, 1902 года нараджэння. “Ён пайшоў на фронт з першых дзён вайны. Дадому пiсьмаў не пiсаў. Сябры бацькi казалi, што ён ваяваў пад Сталiнградам. Што з iм здарылася, цi застаўся жывы — невядома. Пасля вайны мацi атрымлiвала за бацьку пенсiю. Можа, дзе ёсць пра яго звесткi?”
“Хачу выканаць апошнюю просьбу бацькi — адшукаць iнфармацыю пра яго брата Аляксея Лявонцьевiча КОЛБА, ураджэнца вёскi Шаломiчы Плiскага раёна Брэсцкай вобласцi. Ён прапаў без вестак у гады Вялiкай Айчыннай вайны. Спадзяюся, што вы дапаможаце ў пошуку. Можа, дзе на брацкай магiле ёсць яго iмя? Марыя Антонаўна Федарашка, Брэсцкая вобласць”.
“Шукаю звесткi пра бацьку Фёдара Iгнацьевiча СКУМСА, 1906 года нараджэння, ураджэнца вёскi Лiпавец Халопенiцкага раёна Мiнскай вобласцi. Да Вялiкай Айчыннай бацька працаваў завучам у школе населенага пункта Абчуга Вiцебскай вобласцi. На фронт пайшоў у першыя днi вайны. Ваяваў у другой роце батальёна абслугоўвання станцыi забеспячэння 20-й армii Заходняга фронту — гэта ўсё, што вядома з пiсьмаў сяброў бацькi. Дзе i пры якiх абставiнах ён прапаў без вестак? Гэта пытанне хвалюе нас на працягу 60 гадоў. Аднойчы мы бачылi перадачу, у якой паказвалi матэрыялы нямецкай кiнафотахронiкi, у тым лiку з фотаальбома франтавога рэпарцёра Георга Гундлаха. На адным з кадраў мы заўважылi мужчыну, вельмi падобнага на нашага бацьку. А можа, нам гэта здалося. Калi хто ведае, дзе можна знайсцi фотаальбомы Гундлаха, паведамiце. Валянцiн Фёдаравiч Скумс, горад Мiнск”.
Мая Iванаўна Ерафеева шукае звесткi пра бацьку Iвана (iмя па бацьку пазначана неразборлiва) ЕРАФЕЕВА, 1902 года нараджэння, якi прапаў без вестак у гады Вялiкай Айчыннай. Ён быў начальнiкам абознарэчавага забеспячэння 4-га танкавага палка 2-й танкавай дывiзii. Пачынаў служыць у Лiтве.
З ЛАТВII З ДАПАМОГАЙ
Перадачу “Помнi iмя сваё” Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё слухаюць не толькi ў Беларусi, але i за яе межамi. I вельмi прыемна, што людзi не застаюцца абыякавымi да нашай справы. Яны таксама спрабуюць дапамагчы ў пошуку.
Нядаўна прыйшоў лiст з Латвii ад Мiкалая Сойкiна, у якiм ён паведамляе: яшчэ летам у адной з перадач пачуў, што родныя шукаюць месца пахавання воiна-вызвалiцеля Малахава (iмя i iмя па бацьку ён не запомнiў). У Юрмале на брацкiх могiлках ля санаторыя “Беларусь” сярод iншых пахаваны нехта Малахаў С.I. Мiкалай Сойкiн спадзяецца, што гэта той чалавек, якога шукаюць. Ён нават даслаў фотаздымкi мемарыяльнай плiты з надпiсам.
Вялiкi дзякуй вам, Мiкалай, за дапамогу. Аднак мы шукаем радавога Мiхаiла Андрэевiча Малахава. З пiсьма яго старэйшага брата Iвана вядома, што Мiхаiл Андрэевiч быў у Латвii, вызваляў горад Спарытэс. Магчыма, гэта супадзенне, а можа, i не. Колькi людзей з аднолькавымi прозвiшчамi ваявалi разам. Мы абавязкова паведамiм Iвану Андрэевiчу Малахаву, што на брацкiх могiлках у Юрмале ёсць плiта з прозвiшчам Малахаў. Толькi вось iмёны i iмёны па бацьку не супадаюць. Пошукi месца пахавання М.А.Малахава не спыняюцца. А мы звяртаемся да тых, хто страцiў у гады вайны свайго роднага чалавека па прозвiшчы Малахаў з iнiцыяламi С.I. Ён загiнуў на латвiйскай зямлi i пахаваны на брацкiх могiлках ля санаторыя “Беларусь” у Юрмале.
ДЗЯКУЙ... ПАЛIЦАЮ
“Гiсторыi, якую я хачу расказаць, больш за 60 гадоў. Гэта здарылася на пачатку лiпеня 1943 года ў Лагойскiм раёне ля вёскi Гаiшча. Партызаны трапiлi на засаду немцаў. Стралялi цэлую ноч. Ранiцай я, яшчэ дзяўчо, пабегла паглядзець, дзе так стралялi напярэдаднi. У канцы вёскі, праз дарогу ў капе сена ляжаў паранены партызан (з перабiтай нагой). Ён убачыў мяне i папрасiў пiць. Я адразу ж кiнулася да мацi, i мы разам пайшлi да таго месца, хоць ведалi, не дай Божа, хто заўважыць — нам не жыць, прададуць “добразычлiўцы” палiцаям. Аднак часу для разважання не было. Пакуль мацi аказвала партызану першую дапамогу, я пабегла ў вёску Загор’е, дзе знаходзiлiся сувязныя партызанскай брыгады “Смерць фашызму” i ўсё расказала Афанасiю Бялкову. Ён даў дваiх салдат, i мы паехалi назад да параненага. Я вярнулася дадому, а што стала з тым чалавекам — не ведаю. Калi праз некалькi дзён да нашага дома пад’ехалi палiцаi, я адразу ж зразумела, чаму. Дзякуй Богу, што на той момант я была не ў хаце. Усё бачыла праз некалькi дамоў. Спужалася, што ж будзе з маiмi роднымi, i хацела ўжо бегчы куды вочы глядзяць. Раптам з-за вугла суседняга хлеўчыка з’явiўся палiцай. Я так спалохалася, што нiчога сказаць не магла. А ён спытаў, цi я — Валя? Я адказала. Ён сказаў, каб я бегла ў жыта, бо па мяне прыехалi карнiкi. Я так i зрабiла. Праз некалькi хвiлiн пачула стрэлы, думала, што забiлi маiх родных. Пасля таго, як палiцаi з’ехалi, я вярнулася дадому. Усе засталiся жывыя. Гэта iх так пужалi, каб сказалi, дзе я. Цi выжыў той паранены партызан, не ведаю. Праз столькi гадоў хачу знайсцi “палiцая”, чалавека, якi мяне выратаваў. Я не ведаю нi яго iмя, нi адкуль ён. Хачу нiзка пакланiцца гэтаму чалавеку i падзякаваць за тое, што засталася жывая. Магчыма, ён выратаваў не адну мяне. Можа, засталiся яго дзецi або ўнукi цi адгукнуцца людзi, каму знаёма гэта гiсторыя. Валянцiна Нiкiфараўна Жалабковiч (Рэуцкая)”.
ЗАСТАЛАСЯ СПАДЧЫНА
Мiкалай Андрэевiч Багушэвiч шукае звесткi пра дзядзьку Майсея Iванавiча БАГУШЭВIЧА, ураджэнца вёскi Заўшыцы Салiгорскага раёна. “У 1914 годзе ён паехаў у Аргенцiну, дзе быў землеўлада-льнiкам. У пасляваенны час прыйшло паведамленне, што бацькаў брат памёр i пакiнуў спадчыну свайму брату (майму бацьку Андрэю Iванавiчу Багушэвiчу), i запрашэнне ў Аргенцiну. Бацька паведамленне знiшчыў, бо баяўся за сваю сям’ю. У 1939 годзе яго меншага брата арыштавалi па несапраўдным абвiнавачваннi, а вызвалiлi ў 1941-м. Бацька баяўся, што i на яго могуць пачапiць ярлык “ворага народа”. Перад сваёй смерцю тата прасiў знайсцi родных у Аргенцiне i разабрацца са спадчынай”.
Падобныя пiсьмы прыходзяць да нас часта. На жаль, у iх пазначаецца мала iнфармацыi пра родных, якiя жывуць цi жылi за мяжой i пакiнулi спадчыну. Самастойна справiцца з такой задачай цяжка. Увогуле справамi спадчыны за мяжой прафесiйна займаецца ў нашай краiне Спецыялiзаваная Беларуская калегiя адвакатаў (Белiнюркалегiя), якая знаходзiцца ў Мiнску на вулiцы Багдановiча, 70.

ЯНА I ЁН
“Дапамажыце адшукаць сябра, з якiм мы згубiлiся ў 1958 годзе. Яго звалi Валодзя (прозвiшча не памятаю), служыў на аэрадроме ў горадзе Астрове Пскоўскай вобласцi. Дзе ён зараз, не ведаю. Мiнула шмат часу i ўсё забылася, толькi тыя першыя пачуццi абуджаюць успамiн. Можа, Валодзя пазнае мяне, Карыну Аляксееўну Лебедзеву, па фотаздымку тых часоў, хай напiша”.

Белiнюркалегiя адшуквае родных памерлых
за мяжой:
КВЯТКОЎСКАГА Уладзiслава Вiтольда, нарадзiўся на пачатку 20-га стагоддзя, прозвiшча яго мацi Цiхаход;
ГРОДЗЕНСКАЙ Мэры, нарадзiлася  ў канцы 19-га стагоддзя, яе бацьку звалi Крэмер Абрахам;
РЭЧЫЛ Лорэйн, нарадзiлася ў першай палове 20-га стагоддзя, яе бацькi Рымовiч Вацлаў i Янчэўска Людвiка;
КУЛЕВIЧ Алены, нарадзiлася ў першай палове 20-га стагоддзя;
СIМАНЧУКА Iвана, нарадзiўся ў першай палове 20-га стагоддзя;
МАЦВIШЫН Марыi (Мар’яны), нарадзiлася ў першай палове 20-га стагоддзя, яе муж быў Аляксандр Мацвiшын;
ЛУПО Уладзiславы, нарадзiлася ў пачатку 20-га стагоддзя, яе бацьку звалi Мiхаiл Солтыс (Солтэс), прозвiшча мацi Гржых (Гжых);
КЛЕЙТАНА Самуiла, нарадзiўся ў канцы 19-га стагоддзя;
ШЭЛА Якаба, нарадзiўся ў канцы 19-га стагоддзя. Прозвiшча яго мацi Махнацкая, магчыма, былi iншыя родныя, iх прозвiшчы Сахачатойнiк, Сахахатойнiк, Сухатойнiк, Сучатойнiк (гэтыя прозвiшчы маглi пачынацца з лiтар З, Ж,Ш);
КАЛАСIНСКАЙ Зофii Барбары, нарадзiлася ў пачатку 20-га стагоддзя. Прозвiшча яе бацькi Паўлоўскi;
САЛАТА Селii (Цэлii), нарадзiлася ў пачатку 20-га стагоддзя. Прозвiшча яе мацi Сужэльскi, Сушэльскi (цi Зужэльскi);
ПАЖОГI Аляксандры i Джыны, iх мацi звалi Марыя Ус;
ГАЦВЕРДЗЕ Марыi, нарадзiлася ў 1914 годзе, прозвiшча яе было Вараб’ёва, яе ўдачарылi Мiхаiл i Леакадзiя Вараб’ёвы, дзявочае прозвiшча мацi Марчук.
Калi каму што-небудзь вядома пра родных i блiзкiх гэтых людзей, пра iх лёс, звяртайцеся ў Белiнюркалегiю.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека
на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей,
хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,  землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”:
220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11;e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё:
220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,
перадача “Помнi iмя сваё...”;e-mail:poisk@radio.tvr.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter