"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

БЕРАЖЫЦЕ ДРУЖБУ Слушна кажуць: не май сто рублёў, а май сто сяброў. Яны падтрымаюць у горы i парадуюцца за цябе, iм можна даверыць маленькi сакрэт i вялiкую тайну. Нездарма праз гады i дзесяцiгоддзi радыёслухачы i чытачы “НГ” шукаюць сваiх сяброў дзяцiнства, юнацтва i сталых гадоў. I сумесны праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i “Народнай газеты” “Помнi iмя сваё...” рады аказаць дапамогу ў гэтых пошуках.

ДАРАГIЯ СЯБРЫ
“Дапамажыце знайсцi сябра Бранiслава БРЫТВIНА, 1935 года нараджэння, якi напачатку сямiдзесятых гадоў служыў у Бабруйску, вайсковая часць “Кiсялевiчы”. Шукае яго камандзiр палка Уладзiмiр Iльiч Папоў. Мне вядома, што Бранiслаў служыў потым у горадзе Кiславодску начальнiкам ваеннага санаторыя. Хочацца даведацца пра яго лёс i справы, сустрэцца, пагаварыць, успомнiць гады нашай сумеснай службы”.
“Шукаю былую аднакурснiцу Ганну Iльiнiчну ВАБIШЧЭВIЧ, прыкладна 1932—1933 года нараджэння, з якой я вучылася ў Гродзенскiм кааператыўным тэхнiкуме. Па размеркаваннi яна была накiравана ў горад Ружаны Брэсцкай вобласцi. Працавала бухгалтарам раённага унiвермага. Наша сувязь, на жаль, абарвалася. Я старалася знайсцi яе, але безвынiкова. Валянцiна Савельеўна Бяляева (Кашпар), горад Чашнiкi”.
“Хачу знайсцi сяброў па сумеснай працы ў маладыя гады ў Котласкiм раёне Архангельскай вобласцi. Завуць iх Павел i Янiна БЫСТРОВЫ. Прыкладна ў 1970 годзе мы раз’ехалiся ў розныя бакi ў Беларусi. Быстровы ўладкавалiся дзесьцi ў Гродзенскай вобласцi, але гэта было даўно. Дзе яны цяпер, не ведаю. Янiна (дзявочае прозвiшча яе, здаецца, Струй) была родам з Глыбоцкага раёна, яе вёска цяпер называецца Бортнiкi. Яўген Лявонцьевiч Малахоўскi, горад Полацк”.
АДНАКЛАСНIЦЫ, АДНАКЛАСНIКI...
“Шукаем былых вучняў Маларыцкай школы Брэсцкай вобласцi 1957 года выпуску: Фёдара Iванавiча ВАРАНЧУКА, 1939 года нараджэння, якi жыў у вёсцы Збураж Маларыцкага раёна, Пятра Паўлавiча СIНЧУКА, 1940 года нараджэння, з вёскi Хацiслаў гэтага ж раёна, Святлану Раманаўну ТРАШКО, 1940 года нараджэння, Марыю Гаўрылаўну i Анатоля Гаўрылавiча ЧУЯШОВЫХ, якiя нарадзiлiся ў вёсцы Стаўбун на Гомельшчыне, а таксама Веру Дзям’янаўну СТРУНЕЦ (па мужу Папко), 1939 года нараджэння, якая ў дзяцiнстве жыла ў вёсцы Збураж. Вядома, што Вера Дзям’янаўна з мужам i дачкой жыла потым у Хабараўску, але на пiсьмо i тэлеграму адказу не дала. Дарафей Максiмавiч Пракапук, Мiхаiл Рыгоравiч Белякоў i Соф’я Андрэеўна Барысюк (Мiранюк) з iнiцыятыўнай групы па пошуку былых аднакласнiкаў”.
“Была я ў дзiцячым доме ў Косаве, што ў Iвацэвiцкiм раёне. Хачу знайсцi сваiх аднакласнiкаў, якiя ў далёкiя шасцiдзесятыя гады раз’ехалiся па розных мясцiнах. Цяпер таго нашага дзiцячага дома не iснуе. Памяць тым не менш засталася. Адгукнiцеся Васiль ПАНФIЛАЎ, Фёдар РАГАЛЬСКI, Сцяпан ЛАЎРЫСЮК, Соф’я КОЗЕЛ, Галiна КАСПЯРОВIЧ, Уладзiмiр ХУДАРАЖАЎ, Юлiян ЛАХМАН, Валянцiна МОНЦIК. Многiх я ўжо знайшла i ведаю iх адрасы. Вырашыла арганiзаваць сустрэчу аднакласнiкаў у Мiнску. Марыя Уладзiмiраўна Дудко (Волкава), горад Полацк”.
ЗНАЙШЛIСЯ!
Людмiла Фамiнiчна Шэвялёва з Вiцебскай вобласцi шукала месца пахавання брата Дзмiтрыя Фамiча Барка, якi 26 красавiка 1945 года загiнуў у Германii. Бацькi ўзгадвалi горад Браслаў, або Рослаў, дзе быццам бы загiнуў Дзмiтрый. Адгукнуўся Мiкалай Пятровiч Гардзейка з Зэльвы. Ён служыў у складзе групы савецкiх войскаў на тэрыторыi ГДР, i там ля ракi Эльба ёсць горад Рослаў. Якраз у гэтым горадзе i размяшчалася яго вайсковая часць. Мiкалай Пятровiч таксама паведамiў, што там было пахаванне савецкiх салдат, якiя загiнулi ў гады Вялiкай Айчыннай вайны. “Спадзяюся, тыя магiлы засталiся на месцы i зараз iх даглядаюць жыхары горада Рослаў. Можа, мая iнфармацыя дапаможа Людмiле Фамiнiчне”. Адрас Мiкалая Пятровiча Гардзейкi высланы жанчыне. Раiм ёй таксама звярнуцца ў Беларускi Чырвоны Крыж, якi якраз i займаецца пытаннямi воiнскiх пахаванняў.
Мiнчанка Зiнаiда Сцяпанаўна скардзiлася на адзiноцтва i марыла знайсцi сяброў, такiх жа адзiнокiх людзей пры жывых дзецях. Можа, разам будзе лягчэй перажыць, звыкнуцца з такой доляй. На гэта пiсьмо пачалi прыходзiць водгукi ад жанчын. Спадзяёмся, што яны дапамогуць адна адной. Можна нават арганiзаваць своеасаблiвы клуб, каб падзялiцца горам i радасцю, параiцца.
Веранiка Францаўна Салавей з Баранавiч прасiла дапамагчы адшукаць зводную сястру Iрыну Iванаўну Макараву, 1957 года нараджэння. Апошнi раз яны бачылiся ў 1982 годзе. Калегi знайшлi сястру i размаўлялi з ёй па тэлефоне. Праўда, дакладны яе хатнi адрас яны не могуць паведамiць, бо Iрына Iванаўна Макарава не дала на гэта сваёй згоды.
ПОМНIК РАЗБУРАЕЦЦА
З Латвii звярнулася за дапамогай Нiна Паўлаўна Пракоф’ева (Марозава). “Пяцьдзесят гадоў я пражыла ў горадзе Рызе. Радзiма мая — Беларусь. Там пахаваны мой бацька Павел Яфiмавiч Марозаў, Мароз, як часта яго называлi. У гады вайны ён быў памочнiкам камандзiра разведкi партызанскага атрада iмя Молатава. За вызваленне горада Расоны ў 1942 годзе ўзнагароджаны ордэнам баявога Чырвонага Сцяга. Бацька загiнуў. 21 кастрычнiка 1943 года партызаны пахавалi яго на могiлках вёскi Балбечына Расонскага раёна ў прысутнасцi мамы, суседкi i мяне. Напачатку вайны бацька зашыў у маё палiто пасведчанне аб маiм нараджэннi. Дакумент захаваўся да гэтага часу. Мы цудам засталiся жывымi. Хварэлi на тыф, малярыю, вынеслi шмат гора, пакут. У 1980 годзе я паставiла помнiк на бацькаву магiлу. Раней не магла прыехаць сюды, бо на маiх руках была цяжка хворая мацi. Яна памерла, пахавана ў Латвii. 24 мая 2006 года прыязджала ў Беларусь на магiлу бацькi. Помнiк на ёй разбураецца, як i на многiх iншых, дзе пахаваны ахвяры вайны. Пра гiсторыю, як мне падалося, нiхто не думае”.
Мяркуем, што факты, пра якiя напiсала Нiна Паўлаўна, заслугоўваюць увагi кiраўнiцтва Расонскага раёна.
ГIСТОРЫЯ АДНОЙ СЯМ’I
“Хочам знайсцi радню, з якой не маем стасункаў ужо вельмi даўно. Дзесьцi ў трыццатыя гады, калi пачыналася калектывiзацыя i сталi высяляць так званых кулакоў, гэты лёс не абмiнуў i нашых родных. Тады быў высланы родны брат маёй бабулi Марцiн Мiхайлавiч АНДРОСIК. Год яго нараджэння не ведаем, бо з усiх сведак засталася толькi адна цётка, якая нарадзiлася ў 1929 годзе i, як яна кажа, у той час была малая i амаль нiчога не памятае. Тата мой памёр ужо, а мама ў гэту сям’ю прыйшла нявесткай i ведае толькi тое, што расказвала свякроў. Калi высялялi родных, яны траiх сваiх дзяцей пакiнулi тут, каб не загiнулi ў дарозе. Двое, Мiша i Коля, жылi ў маёй бабулi. Iм яна была роднай цёткай. А трэцяму хлопчыку, Аляксандру, дала прытулак другая цётка. Пасля таго як высланыя ўладкавалiся на новым месцы, яны забралi дзяцей да сябе. Толькi нiхто не памятае, цi па iх хто прыязджаў, цi яны паехалi самi. Дзесьцi ў канцы шасцiдзесятых гадоў ад iх прыйшло пiсьмо. Яно было з Амурскай вобласцi, узгадваўся горад Зея цi, можа, Зейскi раён. Тая перапiска, на жаль, хутка спынiлася. Прайшло шмат гадоў. Дзецям, якiх тады высялялi, мабыць, ужо за восемдзесят. Можа, iх нават няма сярод жывых. Але ж, напэўна, засталiся iх дзецi, i калi яны хоць што-небудзь ведаюць пра сваю гiстарычную радзiму, краiну Беларусь, то для iх могуць быць знаёмыя прозвiшчы Абакунчык i Фiневiч. Гэта прозвiшчы цётак, у якiх заставалiся дзецi нашых  выселеных родных. Нiна Фёдараўна Абакунчык (Рабчык)”.
ЯК У ВАДУ ЎМЫЎСЯ
“Звяртаюся па просьбе сваёй прыяцелькi Яўгенii Антонаўны Журавiцкай з Гродна. Можа, вы зможаце дапамагчы яе гору. У 1949 годзе прапаў яе брат Вiктар Антонавiч ЖУРАВIЦКI, 1929 года нараджэння, якi жыў у вёсцы Гарны Гродзенскага раёна. Працаваў праваднiком поезда “Гродна—Ленiнград”. Яму прыйшла павестка: 29 снежня 1949 года з’явiцца ў ваенкамат i iсцi служыць у армiю. Дадому  брат павiнен быў прыехаць 25 снежня, але не з’явiўся. Казалi, што бачылi яго на танцах у вёсцы Коматава, гэта паўтара кiламетра ад дому, але за Нёманам. У той год Нёман доўга не замярзаў. З таго часу пра Вiктара мы нiчога не ведаем. Нiхто пра яго нiколi не пытаўся, у тым лiку i ваенкамат. Праўда, некалькi разоў мацi выклiкалi паглядзець тапельцаў, але брата сярод iх не было. Даўно памерла мацi, так нiчога i не даведаўшыся пра сына, а мы, чатыры сястры i тры браты, усё яшчэ не губляем надзеi пра яго дазнацца”.
РОДНЫЯ ЛЮДЗI
“Дапамажыце знайсцi сына Васiля Васiльевiча ЦIХАНАВА, 1951 года нараджэння. Апошнi раз ён быў дома на пахаваннi бацькi, у лiстападзе 1986 года. Прыязджаў з Пагранiчнага раёна Прыморскага краю. У яго ёсць жонка Ларыса Васiльеўна Цiханава, сын Андрэй i дачка Iрына. У Татарстане жыве  цешча. Але куды я нi звярталася, адказу не атрымала. Сын мой вайсковец, меў высокае званне. Ён добра выхаваны. Не можа быць, каб забыў пра старую, хворую мацi. Напэўна, нешта з iм здарылася. Валянцiна Iванаўна Цiханава, горад Мядзел”.
Сына Георгiя Iванавiча ГОМАНА, 1952 года нараджэння, якi ў вераснi 2002 года паехаў у Маскву i не вярнуўся, шукае бацька Iван Гоман з Асiповiцкага раёна (сваё iмя па бацьку ён не напiсаў).
Пра сваё гора паведамiла i Iрына Аляксееўна Месячнiк з Ваўкавыска. “У жнiўнi 2005 года мой сын Iгар Вiктаравiч МЕСЯЧНIК, 1966 года нараджэння, паехаў у Санкт-Пецярбург на заробкi. I да гэтага часу пра яго нiчога не ведаем. Хлопцы, з якiмi ён туды адправiўся, зiмой прыязджалi дамоў i зноў паехалi. Пра яго сказалi: “Нiчога не ведаем”. Сэрца маё плача ўдзень i ўначы. Ён у мяне адзiн сын. Быў жанаты, але з жонкай даўно скасаваў шлюб, трое дзяцей засталося. Паспачувайце майму гору i дапамажыце мне”.
“Пiша вам Еўдакiя Мiхайлаўна Яначкiна з Мiнска. У мяне 29 кастрычнiка 2002 года прапала дачка з унукам. Дачка мая Таццяна Мiхайлаўна ТАКАЕЎСКАЯ-ЯНАЧКIНА — iнвалiд з дзяцiнства. Унук Кiрыл зусiм маленькi. Можа, хто бачыў iх цi чуў што-небудзь, няхай адгукнуцца”.
Ганна Уладзiмiраўна Лiхадзi-еўская з Капыльскага раёна шукае стрыечнага брата Васiля Мiкалаевiча ЧАРКАСА. “Нарадзiўся ён пасля вайны, здаецца, у 1946 годзе, цi крыху пазней у вёсцы Чанавiчы, за пяць кiламетраў ад Нясвiжа. Пасля смерцi мацi бацька Мiкалай Андрэевiч Чаркас аддаў сына ў Баранавiцкi сiрочы дом на выхаванне, бо сам быў хворы. Васiлю тады было два з паловай—тры гады”.     
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
Вера Яфiмаўна Глебава прыйшла ў рэдакцыю з просьбай.
— Шукаю свайго брата Мiхаiла Яфiмавiча ГЛЕБАВА. Нарадзiўся ў 1921 годзе ў вёсцы Гарбатаўшчына Прачысценскага раёна Смаленскай вобласцi. Быў трактарыстам, прыцэпшчыкам. Памятаю, як я насiла яму есцi ў другую вёску. Яшчэ памятаю, што ў яго была вялiкая нага. Пашыюць боты, а яны не лезуць. У лапцях хадзiў. У маi 1941 года брата прызвалi ў армiю. На вечары, калi яго адпраўлялi, дзядзька Сяргей, бацькаў брат, спяваў песню “К двору коляска подкатилась, готовьте сына своего...” Мы атрымалi адно пiсьмо, што ён служыць у Беластоку. Не прайшло i месяца, як пачалася Вялiкая Айчынная вайна. Калi яна закончылася, мы падавалi ў вышук. I ўвесь час адказвалi, што брат прапаў без вестак. Апошнi раз паведамiлi, што ён загiнуў на Трэцiм Беларускiм фронце. Хочацца даведацца, дзе брат пахаваны, каб з’ездзiць на яго магiлачку, зямелькi б адсюль завезлi, кветкi паклалi.
“Звяртаюся з просьбай да немалой чытацкай аўдыторыi “Народнай газеты”, да сведкаў ваеннага лiхалецця, якiя памятаюць пачатак вайны i, магчыма, могуць успомнiць майго бацьку Аляксея Цiмафеевiча ЦЭДРЫКА. Ведаю толькi, што бацька нарадзiўся прыкладна ў 1913—1916 гадах ў вёсцы Iглiца Кiраўскага сельсавета Бялынiцкага раёна. Тут ён прыкладна да 1935 года жыў са сваёй мацi Варварай Гаўрылаўнай Цэдрык. З 1936-га да пачатку вайны жыў у вёсцы Клубча Капланецкага сельсавета Бярэзiнскага раёна Мiнскай вобласцi. У гэты перыяд з’яўляўся работнiкам Белiчанскага сельсавета гэтага раёна. На фронт прызваўся ў першыя днi Вялiкай Айчыннай з прызыўнога ўчастка г.Беразiно. Згодна з паведамленнем Бялынiцкага райваенкамата Магiлёўскай вобласцi ад 22 красавiка 1947 года N 1974 Цэдрык Аляксей Цiмафеевiч у баi ў жнiўнi 1944 года прапаў без вестак. Аляксей Аляксеевiч Цэдрык, горад Мiнск”.
“Шукаю свайго роднага брата Iллю Мiхайлавiча КУДАЕВА, 1917 года нараджэння, ураджэнца вёскi Кiсялькi Чавускага (цяпер Магiлёўскага) раёна. Быў прызваны ў армiю 22 чэрвеня 1941 года Чавускiм райваенкаматам. З часцю дайшоў да горада Ельня Смаленскай вобласцi. Часць разбiлi, трапiў у палон, збег i вярнуўся дадому. У 1943 годзе пайшоў у партызаны, ваяваў у партызанскiм палку “Трынаццаць”. З архiўнай даведкi, атрыманай з горада Смаленска, вядома, што 20 кастрычнiка 1943 года быў пакiнуты для злучэння з часцямi Чырвонай Армii. Аднак дзесьцi ў лiстападзе 1943-га брат вярнуўся дадому i расказаў, што атрад блакiравалi, камандаванне загадала выходзiць з акружэння хто як зможа i затым сабрацца ва ўмоўленым месцы. У гэты час брата выдаў карнiкам стараста нашай вёскi. Ноччу яго забралi немцы i завезлi ў суседнюю вёску Сафiйск. Прабыўшы там каля трох дзён, немцы ўсе дзесьцi з’ехалi. I брата майго не стала таксама. Мясцовыя жыхары расказвалi, што вечарам брата выводзiлi ў прыбiральню i больш яго не бачылi. А ў жнiўнi цi восенню 1944 года ад яго з фронту прыходзiла пiсьмо. Нашы ж пiсьмы, якiя мы яму пасылалi, вярнулiся назад з паметкай, што недакладна ўказаны нумар палявой пошты (на яго пiсьме ён быў 185). З таго часу пра брата нiякiх звестак не было. Праўда, дзесьцi ў 1950 годзе ў Свярдлоўск выехалi на пастаяннае месца жыхарства нашы аднавяскоўцы. Яны прыслалi нам пiсьмо i паведамiлi, што бачылi Iллю на вулiцы, але пагутарыць не змаглi, бо знаходзiлiся на яе розных баках. Можа, хто застаўся жывым з партызанскага палка “Трынаццаць” i паведамiць што-кольвечы пра майго брата? Анастасiя Мiхайлаўна Чэканава, горад Магiлёў”.
“Мой бацька Марк Сямёнавiч КРАЎЦОЎ нарадзiўся ў 1903 годзе i жыў разам з намi ў вёсцы Хамянкi Чавускага раёна. У самым пачатку Вялiкай Айчыннай разам з iншымi аднавяскоўцамi быў мабiлiзаваны ў рады Чырвонай Армii. Пасля гэтага ад яго не было нiводнага пiсьма. Толькi прыйшло паведамленне, што бацька прапаў без вестак. Нас у сям’i было сямёра дзяцей, i мацi нiяк не хацела паверыць, што яе каханы чалавек недзе прапаў. Яна чакала бацьку да самых апошнiх дзён свайго жыцця. Мне таксама хочацца ведаць хоць што-небудзь пра свайго бацьку.
I яшчэ. Як пачалася вайна, неўзабаве нашу вёску занялi нямецкiя войскi. Яны ганарлiва, па-гаспадарску шпацыравалi па вулiцы. Прайшло некалькi дзён, i за вёскай з боку рачулкi Брода раздалiся аўтаматныя стрэлы. Некаторыя вяскоўцы i мы, басаногая мелюзга (мне iшоў пяты год), пабеглi туды. Па дарозе сустрэлiся два нямецкiя матацыклы, на якiх ехалi фашысты з аўтаматамi на грудзях i ў касках. Калi я падышоў да людзей, убачыў, што на схiле, метраў з дзесяць ад дарогi, перад мастом ляжалi два нерухомыя маладыя мужчыны або хлопцы. Добра памятаю, як старэйшыя людзi гаварылi, што гэта былi разведчыкi з партызанскага атрада, якi размяшчаўся ў блiжэйшай вялiкай Пушчы. Праз некаторы час наш сусед дзед Аўсей прыйшоў з рыдлёўкай i разам з iншымi жыхарамi пахаваў забiтых разведчыкаў у адной магiле. Можа, хто з таго партызанскага атрада яшчэ жывы i можна будзе ўстанавiць прозвiшчы загiнуўшых, а затым паведамiць родным i блiзкiм, дзе яны пахаваны? Аляксей Маркавiч Краўцоў, горад Мiнск”.
“Дапамажыце знайсцi звесткi або магiлу майго бацькi Уладзiмiра Iванавiча ПРАВАЛЁНКА, ураджэнца вёскi Калiнiна Ляжынскага сельсавета Бярэзiнскага раёна. Да вайны служыў у вёсцы Лясiны Полацкага раёна, быў у званнi сяржанта звыштэрмiновай службы: на пятлiцы чатыры трохкутнiкi. Жанiўся на Ганне Канстанцiнаўне Стрэльчанка, 1917 года нараджэння. Нарадзiлася двое дзяцей: сын i дачка. Потым яго перавялi служыць у мястэчка Сапоцкiн Гродзенскай вобласцi. Там нас i застала вайна. Немцы захапiлi мястэчка ў першыя днi вайны, спалiлi воiнскую часць, згарэлi ўсе дакументы. Была ваенная трывога, пасля ночы бацька прыйшоў дамоў, узяў змену бялiзны i пайшоў. Праз тыдзень ён з’явiўся, пабачыўся з намi i потым прапаў назаўжды. Пахавальную мацi не атрымлiвала, падавала ў вышук, атрымала тры адказы ад самога Варашылава, што прапаў без вестак. Дапамогу на нас мацi атрымлiвала, як за радавога. Мы жылi ў Сапоцкiне да 1949 года, потым пераехалi на бацькаву радзiму. Пасля заканчэння 10 класаў я паехала жыць i працаваць у Полацк, цяпер жыву ў Наваполацку. Брат i мацi засталiся жыць у Мiнскай вобласцi. Мацi памерла ў 1973 годзе. Марыя Уладзiмiраўна Правалёнак”.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека
на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей,
хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”:
220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё:
220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4, перадача “Помнi iмя сваё...”; e-mail:poisk@radio.tvr.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter