"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

Амаль у кожнай перадачы нашы калегi з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё зачытваюць, а мы друкуем пiсьмы, у якiх аўтары просяць адшукаць сваiх былых аднакласнiкаў. I многiм мы дапамаглi сустрэцца праз дзесяцiгоддзi пасля школьнага балю. Добрым словам, спадзяёмся, успамiналi “Помнi iмя сваё...” на многiх вечарах сустрэч з выпускнiкамi, што прайшлi ў мiнулую суботу. А мы працягваем дапамагаць ладзiць новыя сустрэчы.
ПЛАЧУЦЬ БАЦЬКI, ЧАКАЮЦЬ ДЗЕЦI

“Больш за два гады спрабую знайсцi свайго пляменнiка Руслана Сцяпанавiча МIТРЫШЫНА, 1966 года нараджэння. 16 чэрвеня 2003 года ён паехаў на заробкi ў Санкт-Пецярбург. Павiнен быў уладкавацца на лакафарбавы завод “Тэкс”. Мы некалькi разоў тэлефанавалi яму. Усё, здаецца, было добра. Аднойчы ён пазванiў i сказаў, што звольнiўся з работы i хутка прыедзе (было гэта 13 жнiўня 2004 года). I гэта апошняя вестка ад пляменнiка. З таго часу пра Руслана нiчога невядома. Ён нават не прыехаў на пахаванне сваёй мацi, маёй роднай сястры. Я вельмi хвалююся за пляменнiка. Жыццё ў яго было не салодкае, адно тое, што ён прайшоў Афганiстан, гаворыць пра многае. У Руслана засталося двое дзяцей, яны чакаюць бацьку. Валянцiна Васiльеўна Сарокiна, горад Вiцебск”.
“Я ўжо звярталася да вас, аднак тады не пазначыла, каго менавiта шукаю, бо вельмi расхвалявалася i ад гора нiчога не памятала. Справа ў тым, што 26 кастрычнiка 2004 года з дому пайшоў мой сын Сяргей Мiкалаевiч КОРЧЫК, 1968 года нараджэння, i да гэтага часу нiчога пра яго невядома. Буду ўдзячная за любую iнфармацыю, якая дапаможа ў пошуку сына. Яўгенiя Iосiфаўна Корчык, Гродзенская вобласць”.
“10 чэрвеня 2006 года прапала мая дачка Таццяна Вiктараўна АРЦЁМЧЫК. Яна пайшла з дачы, што на вулiцы Калгаснай у вёсцы Цялуша-2 Бабруйскага раёна. Два днi (10 i 11 чэрвеня) яе бачылi ў Цялушы, а потым увечары ў вёсцы Ступенi. Магчыма, у яе нешта здарылася з памяццю, бо не ведала, як прайсцi дадому. Дачка нарадзiлася ў 1964 годзе, жыве ў Бабруйску. З мужам развялася, адна выхоўвала двух сыноў. У той дзень яна была апранута ў спартыўныя штаны блакiтнага колеру, шэрую кофту з кароткiм рукавом, чорныя туфлi. Я звярталася ў мiлiцыю — безвынiкова. У мяне, акрамя Таццяны i ўнукаў, няма нiкога на гэтым свеце. Можа, хто бачыў жанчыну ў такой вопратцы 10 чэрвеня мiнулага года цi пазней, вельмi прашу, паведамiце. Алена Анатольеўна Баравiкова, горад Бабруйск”.

ПРАЗ ДЗЕСЯЦIГОДДЗI

“Хачу знайсцi аднакласнiка Вiктара КУПРЭЕНКУ. Нарадзiўся ў 1933 годзе ў Церахоўскiм (зараз Добрушскiм) раёне Гомельскай вобласцi. Некаторы час жыў у Санкт-Пецярбургу. Цiкава, як склаўся яго лёс. Ганна Якаўлеўна Шчарбакова”.
“Я былая вучанiца Шклоў-скай спецшколы для сляпых i з аслабленым зрокам дзяцей. Шукаю сваю сяброўку, былую вучанiцу той жа школы Вольгу ФАНДАРЭНКА. Ведаю толькi, што яна жыла ў Крычаве, яе выхоўвала бабуля. Вольга пайшла ад нас у трэцiм класе. Людмiла Мазур, горад Ма-гiлёў”.
“Сёлета спаўняецца сорак гадоў, як мы закончылi фельчарска-акушэрскае аддзяленне Мазырскага медвучылiшча, — паведамляе Надзея Уладзiмiраўна Краў-чэня. — Сустрэча адбудзецца 3 сакавiка ў Мазыры. Выпускнiкi 1967 года, адгукнi-цеся!”

РОДНЫЯ ЛЮДЗI

“Дапамажыце ў пошуку сясцёр: Любовi Уладзiмiраўны ЕЛIСЕЕВАЙ, 1946 года нараджэння, i Валянцiны Уладзi-мiраўны ГРАЧЫШНIКАВАЙ, 1948 года нараджэння. Люба жыла ў Растове-на-Доне, у яе быў сын Сяргей. Валя з дачкой Кацяй i сынам Алегам жыла ў пасёлку Манычбуд (так у пiсьме) Растоўскай вобласцi. Сувязь з iмi абарвалася ў 2000 годзе. Мы пiсалi шмат пiсьмаў, аднак адказу не было. Сям’я Пракапенка, горад Вiцебск”.
“У Рызе жыве мой брат Яўген Фёдаравiч ХАРКОЎ, 1932 года нараджэння. Я неаднаразова пiсала яму на вядомы мне адрас. Пiсьмы не вярталiся, i адказу не было. Праз знаёмых даведалася, быццам бы брат пераехаў у iншы раён. На гэтым пошукi спынiла: не ведала, куды кiнуцца. Адна надзея на вас. Пра брата нiчога не ведаю больш за 10 гадоў. Вельмi хачу сустрэцца з адзiным родным чалавекам. Лiлiя Фёдараўна Людчык, горад Лiда”.
Яе даўно не сустракаюць бацькi на парозе роднай хаты, iх няма ўжо сярод жывых. Але Валянцiна Мiкалаеўна Снiтко (Цэдзiк) па-ранейшаму любiць ездзiць на сваю малую радзiму, у вёску ў Бабруйскiм раёне, у якой яна нарадзiлася, дзе прайшло дзяцiнства, школьныя гады. Там яна хоча сустрэцца са стрыечнымi сястрой i братам Кацярынай Мiкалаеўнай i Леанiдам Мiкалаевiчам ЦIКАВЫМI. “Мы сябравалi з дзяцiнства, а потым я паехала ў Мiнск, а яны засталiся ў Бабруйску. Бацькi памерлi, а iм, вiдаць, давялося паехаць куды-сьцi, стварылi свае сем’i. I нашы шляхi разышлiся. Суседка, калi я была ў вёсцы, казала, што Кацярына прыязджала, але адраса не пакiнула, а жыве яна ў Рызе. Вельмi хочацца пабачыцца. А таксама адшукаць сваю аднакласнiцу Зiнаiду Мiхайлаўну ПАРХIМЕНКА, 1945 года нараджэння (вёска Кавалi Бабруйскага раёна).

НIХТО НЕ ЗАБЫТЫ

Мы працягваем супрацоўнiцтва з ветэранам Вялiкай Айчыннай вайны, нашым добраахвотным памочнiкам Мiкалаем Васiльевiчам Дуброўскiм. Ён спрабуе адшукаць звесткi пра ўдзельнiкаў Вялiкай Айчыннай, каб увекавечыць iмёны нашых вызвалiцеляў.  Мы яшчэ многае не ведаем пра подзвiгi гэтых людзей. Данесцi праўду маладому пакаленню — мэта жыцця ветэрана.
— У гады Вялiкай Айчыннай вайны ў Беларусi быў актыўна развiты партызанскi рух. Асаблiвы размах ён атрымаў, калi пачалося наступленне Чырвонай Армii i разгарэлася рэйкавая вайна. На тэрыторыi краiны былi арганiзаваны дзесяткi брыгад, сотнi партызанскiх атрадаў. Для каардынацыi iх дзеянняў у Маскву былi выклiканы Дзмiтрый Iльiч КЕЙМАХ, Аляксей Мiхайлавiч ЗАХАРАЎ, Васiль Цiмафеевiч ВАРАНЯНСКI  i  РЫБАКОЎ (iмя i iмя па бацьку ўстанавiць не ўдалося), — расказвае Мiкалай Васiльевiч. — Яны ляцелi ў Маскву з аэрадрома пад Бягомлем. Гэта было ў ноч з 13 на 14 верасня 1943 года. Дзесьцi ў раёне Вялiкiх Лук самалёт знiк з радараў. Магчыма, яго збiлi варожыя зенiткi. Можа, жыхары Расii i iншых краiн, ветэраны вайны, немцы — сведкi тых падзей дапамогуць разабрацца, што здарылася.

ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК

“У гады Вялiкай Айчыннай без вестак прапаў мой бацька Тарас Цярэнцьевiч СЫЦЬКО, 1907 года нараджэння. Перад вайной бацька сядзеў у турме ў Магiлёве (а жыў у вёсцы Дабрынка Старадарожскага раёна). Як толькi абвясцiлi, што пачалася вайна, зняволеных выпусцiлi. Бацька мой быў асуджаны не за цяжкае злачынства. I як толькi адчынiлi дзверы, аднавясковец (якi таксама там быў) прапанаваў яму вярнуцца дадому. Але той у адказ сказаў, што пойдзе змагацца з ворагам. У лiстападзе 1941 года з суседняй вёскi перадалi нашай сям’i, што бацька знаходзiцца ў палоне ў Баранавiчах. Мацi ездзiла туды за паўтары сотнi кiламетраў. Перакладчык сказаў ёй: калi б у прыгаворы было пазначана, што Тарас Цярэнцьевiч Сыцько — камунiст, ён пашукаў бы, а так — не будзе. Мацi вярнулася нi з чым. Нават не ведаем, цi жывы быў бацька тады. А можа, ён i не быў у палоне? Калi засталiся палонныя лагера, што знаходзiўся ў Баранавiчах, якiя сустракалi там бацьку, паведамiце. Мiхаiл Тарасавiч Сыцько, Мiнск”.
“Дапамажыце знайсцi месца пахавання майго дзядзькi Аляксандра Сiдаравiча КЛIШЭВIЧА, якi нарадзiўся ў вёсцы Краснадворцы Старобiнскага (цяпер Салiгорскага) раёна. У 1939 або ў 1940 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армiю. Служыў у Баку. Пазней быў пераведзены ў акружаны Ленiнград. Служыў на аэрадроме, па-мойму, быў авiямеханiкам, рыхтаваў самалёты да бою. 27 лютага 1945 года ён загiнуў пад Кёнiгсбергам. Пасля вайны бабуля атрымала пiсьмо, дзе гаварылася, што яго пахавалi на аэрадроме. Пазней быў перазахаваны ў брацкай магiле. Думаю, што гэта на тэрыторыi цяперашняй Калiнiнградскай вобласцi. Марыя Жудрык, горад Мiнск”.
“Шукаю звесткi пра дзядзьку Фёдара Фенагентавiча ЗАЦЕЕВА, ураджэнца Татарстана. Перад вайной ён з жонкай i сынам паехаў у Польшчу, дзе праходзiлi вучэннi. Ваенная акруга была ў Беластоку. Часць размяшчалася ля вёскi Велiка Русь (так у лiсце), нумар яе цi 284, цi 248. Раiса Яўгенаўна Зацеева, горад Пiнск”.
Людмiла Iванаўна Чарнова (Гулецкая) шмат гадоў адшуквае свайго брата Сяргея Iванавiча ЧАРНОВА, 1924 года нараджэння, ураджэнца Налайскага раёна Хабараўскага краю. “У 1942-м Сярожу прызвалi ў армiю. На вайне быў разведчыкам, меў узнагароды. Прыкладна ў 1944 годзе прапаў без вестак. Запыты ў архiвы станоўчых вынiкаў не далi”.
Аляксандра Макараўна Мiцкевiч шукае месца пахавання брата Андрэя Макаравiча МАТРОСКIНА, якi нарадзiўся ў 1923 годзе ў вёсцы Сiмакi Рудакоўскага сельсавета Вiцебскай вобласцi. “Службу пачынаў у Польшчы. Дадому даслаў некалькi пiсьмаў. Быў паранены i шпiталiзаваны, куды — невядома. Магчыма, ён загiнуў на польскай зямлi, там i пахаваны”.
“Мой бацька Iван Гепяравiч (цi Геляравiч) БАБАРЫКА нарадзiўся ў 1911 годзе ў вёсцы Жалезнякi Аршанскага раёна. Скончыў у Дзяржынску афiцэрскае вучылiшча (у 1938—1939 гадах). Служыў пад Беластокам у мястэчку Снядава, быў камандзiрам узвода (14-ы асобны кулямётны батальён, 66-я рота). Там i напаткала нашу сям’ю вайна. Мне тады быў толькi год, брату Адольфу — чатыры. Ноччу бацьку пабудзiў пасыльны, i ён паехаў тэрмiнова ў сваю часць. Больш мы яго не бачылi. Мацi баялася заставацца на тэрыторыi Польшчы, забрала нас, дзяцей, i мы адправiлiся на Вiцебшчыну да бабулi. Дабiралiся два месяцы. Хутка атрымалi паведамленне, што бацька прапаў без вестак. Пасля вайны спрабавалi даведацца, што адбылося з iм — беспаспяхова. Мацi i брата зараз няма сярод жывых. У памяць пра iх хачу даведацца праўду пра бацьку. Роза Iванаўна Лапцiнская, Вiцебская вобласць”.
Тамара Мiкалаеўна Звязава з Заслаўя шукае месца пахавання дзеда Фёдара Лявонцьевiча ГЕРАСIМЧЫКА. “Ён быў партызанам брыгады “Непераможны”. З-за гэтага расстралялi яго мацi, а жонку (маю бабулю) адправiлi ў лагер “Трасцянец”. Фёдара Лявонцьевiча з баявымi таварышамi i дачкой Ганнай па заданнi накiравалi ў Саратаў. Там Ганна засталася працаваць у шпiталi. А дзед з таварышамi вырашыў вярнуцца назад, у атрад. Па дарозе (прыкладна ў Слонiмскiм раёне) быў паранены. Больш нiчога пра яго невядома. Сям’i сказалi, што ён памёр i пахаваны ля вёскi Паўлава. Ёсць яшчэ даныя, што ён пахаваны ў мястэчку Лабазаўка. А мая мацi Зiнаiда Фёдараўна Герасiмчык (Каласоўская) сцвярджала, што яе бацька загiнуў 10 снежня 1943 года. Пра гэта яна даведалася ў партызанскiм атрадзе, дзе знаходзiлася падчас вайны са мной. Калi яна была жывая, мы звярталiся ў архiвы ў Маскву. Нам адказвалi, што быццам бы Фёдар Лявонцьевiч Герасiмчык ваяваў у Чапаеўскай дывiзii, iншых даных не было”.
Глафiра Iванаўна Конанава шукае звесткi пра брата Анатоля Мiхайлавiча КОНАНАВА, 1915 года нараджэння. Ён скончыў у Ленiнградзе марское вучылiшча, ажанiўся, жонку звалi Марыя Мiхайлаўна Конанава. “У пачатку 1941 года паведамiў, што яго пераводзяць у Эстонiю. А потым мы атрымалi пiсьмо ад яго жонкi, якая паведамляла, што Толя загiнуў 21 жнiўня 1941 года на востраве Ругiн цi Ройгiн. А на наш запыт у архiвы прыйшоў адказ, што ён прапаў без вестак. Анатоль служыў у Талiне ў в/ч 70160, МБП 2911. А з Цэнтральнага ваенна-марскога архiва паведамiлi, што брат праходзiў службу на будаўнiцтве Чырванасцяжнага Балтыйскага флоту, а ў жнiўнi 1941 года прапаў без вестак. Можа, хто з яго знаёмых застаўся жывы. Хай паведамяць, што ж здарылася з братам”.

ДВА IВАНЫ

Настаўнiца пачатковых класаў Хатаўнянскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна Ларыса Мiкалаеўна Купрыянчук напiсала ад iмя мясцовай жыхаркi Ульяны Iванаўны Зурковай. Яна адшуквае месца пахавання бацькi Iвана Самуiлавiча ЗУРКОВА, 1913 года нараджэння, ураджэнца вёскi Хатоўня Журавiцкага раёна Гомельскай вобласцi. “25 сакавiка 1941 года ён быў прызваны ў армiю. Разам з iм прызываўся i аднавясковец Iван Яфiмавiч Пахомаў. Служылi ў Беластоку. Бацька пiсаў пiсьмы, наказваў, каб без яго не хрысцiлi сына. А ў апошнiм лiсце паведамiў, што, магчыма, затрымаецца на службе i прыедзе пазней. I тут вайна. Пiсьмаў больш не было. У 1942 годзе нейкiя людзi паведамiлi сям’i, што былi ў палоне i быццам бы бачылi Iвана Самуiлавiча Зуркова i Iвана Яфiмавiча Пахомава. Iх можна было выкупiць у немцаў за сала, тады гэта рабiлi многiя. У сям’i Зурковых самiм не было чаго есцi, а Пахомавы забiлi парася i праз гэтых людзей прасiлi, каб вызвалiлi iх Iвана. А праз некаторы час стала вядома, што абодвух Iванаў няма ў гэтым палоне. Усялякiя людзi тады былi. I толькi ў 1944-м Пахомавым прыйшоў лiст, у якiм паведамлялася, што ў сакавiку 1942 года Iван Пахомаў i Iван Зуркоў уцяклi з лагера. Пайшлi ў партызаны. 10 сакавiка 1944 года Iван Зуркоў быў адпраўлены на Вялiкую Зямлю пасля ранення. I сувязь з iм абарвалася. Не вярнуўся i Iван Пахомаў. Пасля вайны прыйшло паведамленне, што Iван Самуiлавiч Зуркоў прапаў без вестак у кастрычнiку 1944 года. Значыць, з сакавiка па кастрычнiк ён быў жывы, i пра яго павiнны быць нейкiя звесткi. А ў красавiку 1946 года сям’я атрымала яшчэ адно паведамленне, пасля якога была пералiчана дапамога па страце кармiльца. Магчыма, засталася дзе-небудзь iнфармацыя пра яго. Ульяна Iванаўна 1936 года нараджэння i хвалюецца, што можа не дачакацца звестак пра свайго бацьку”.

ЧЫЙ МЕДАЛЬ?

“Да вас звяртаецца кiраўнiк музея баявой i працоўнай славы Вусценскай СШ Аршанскага раёна Аляксандра Мяфодзьеўна Мяжуева. Па расказах жыхароў вёскi Бранцава Аршанскага раёна, у час Вялiкай Айчыннай вайны недалёка ад iх вёскi немцы збiлi савецкi самалёт. У вёсцы былi фашысты. Адзiн з пiлотаў загiнуў, а другi пайшоў у бок горада Барань. Жыхары Бранцава ўначы пахавалi за-гiнуўшага лётчыка каля рэчкi. А другi таксама загiнуў, у Баранi, там ён i пахаваны. У 60-я гады, калi чысцiлi раку, знайшлi астанкi воiна. Пры iм знаходзiўся круглы медаль з надпiсам “СССР. За баявыя заслугi”. На зваротным баку N 18720. Воiн перазахаваны ў брацкай магiле вёскi Бяляева Аршанскага раёна. Цi можна даведацца яго iмя па нумары медаля? Медаль захоўваецца ў школьным музеi”.

Каханне першае маё

“Хачу адшукаць вельмi добрага чалавека (цi яго родных). Гiсторыя гэта здарылася адразу пасля вызвалення Беларусi. Майго бацьку Васiля Васiльевiча Стукалава, святара, адправiлi служыць у вёску Бытча Барысаўскага раёна. Сям’я наша жыла ў Барысаве на кватэры ў сясцёр Салаўёвых. Летам 1944 года я пазнаёмiлася з капiтанам Уладзiмiрам Антонавiчам МАШКОЎСКIМ, 1918—1919 года нараджэння. Часць, дзе ён служыў, нейкi час дыслацыравалася ў Нова-Барысаве. Недалёка быў наш дом. Мы абмянялiся адрасамi i некаторы час перапiсвалiся. Уладзiмiр вельмi радаваўся, што я вучылася ў Белдзяржунiверсiтэце ў Мiнску, пiсаў, што хутка нашы даб’юць фашыстаў i наступiць Дзень перамогi. Апошнi лiст ад яго я атрымала 4 верасня 1944 года з лiтоўскага Каўнаса. Як склаўся лёс Уладзiмiра далей, не ведаю. Можа, ён загiнуў ад варожай кулi? Я некалькi гадоў чакала ад яго пiсьма. Пасля вучобы выйшла замуж, а першае каханне не забывалася. Уладзiмiр быў вельмi цiкавым, адукаваным чалавекам. А якiя ён пiсьмы пiсаў! Адгукнiцеся, калi хто ведаў яго. Вольга Васiльеўна Канаплёва, Магiлёў”.
Марыя Iванаўна Гаўрылькова (Кузняцова) хоча даведацца пра Паўла Фёдаравiча ВАРАБ’ЁВА, прыкладна 1926 года нараджэння. Пасля вайны ён служыў у Чавусах (дзесьцi ў 1946—1948 гадах). У гэтым горадзе Марыя Iванаўна працавала швачкай, а жыла ў вёсцы Забалацце (зараз яна далучылася да горада). Яны вельмi кахалi адзiн аднаго. Аднак жыццёвыя сцежкi разышлiся: Марыя паехала ў Магiлёў, а як склаўся лёс каханага чалавека, не ведае.

НIНА ПАЕХАЛА Ў КОБРЫН

Таццяна Аляксандраўна Шэйка (цi Шэйко) з Клецкага раёна хоча даведацца, што здарылася з яе знаёмай Нiнай ТАРАСЮК. “Яна некаторы час дапамагала мне рамантаваць дом. Яе муж Дзмiтрый памёр, дзяцей не было. Жыла Нiна ў старым бараку. Адзiнокая (па расказах Нiны) была i яе сястра Насця. У кастрычнiку 2005 года Насця (прозвiшча яе не ведаю) памерла, i Нiна паехала на пахаванне ў Кобрын. Адраса сястры яна не ведала, але, як кажуць, “язык да Кiева давядзе”, i Нiна спадзявалася на добрых людзей. Што здарылася з ёй, чаму яна не вярнулася? На Сiняўскае аддзяленне паштовай сувязi прыходзiла яе пенсiя, але нiхто па яе не прыязджаў. З мясцовых нiхто не ведае, дзе Нiна. Можа, пачуюць цi прачытаюць гэты лiст у Кобрыне i, калi ведаюць, што здарылася з Нiнай Тарасюк, хай паведамяць”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter