"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

Чытачы і радыёслухачы пастаянна дзеляцца з намі сваімі праблемамі, горам і радасцю. Мы з калегамі з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, разам з якімі вя-дзём пошукі ў рамках сумеснага праекта “Помні імя сваё”, спрабуем зрабіць усё, каб лістоў з радаснымі весткамі прыходзіла ў рэдакцыю ўсё больш. Але пошукавая справа нялёгкая, ускладняюць яе і недакладныя звесткі пра людзей, якіх шукаюць. Таму нагадваем: пазначайце ўсю вядомую інфармацыю, пішыце разборліва імёны, прозвішчы і назвы. З лістамі-ананімамі мы не працуем. Таму, калі жадаеце даведацца пра сваіх родных і блізкіх, пра тых, з кім разлучыў лёс, мы чакаем вашых пісьмаў і зробім усё магчымае, каб хутка адбылася сустрэча. Але гэта ў многім залежыць ад вас саміх.
БлІзкІЯ людзІ

Тамара Паўлаўна Гурына (Ракава) хоча знайсці сваіх родных братоў і сястру па бацьку РАКАВЫХ, якіх яна ніколі не бачыла.
— У мамінай вёсцы Васілінка стаялі ваенныя. Маме ў той час было 18 гадоў. Яна пазнаёмілася з лейтэнантам Паўлам Васіль-евічам Ракавым. У першы дзень пазнаёміліся, у другі ён прыйшоў у сваты, на трэці распісаліся, — расказвае Тамара Паўлаўна. — Затым пачалася вайна. Ён пайшоў на фронт, а маці пераехала ў Картуз-Бярозу, дзе я і нарадзілася. Маці расказвала, што вестак ад мужа не было. Тады яна паехала да яго маці, у Талачынскі раён. Дабралася. А свякроў перадае, што ён пытаў, хто прыехаў: Валя або Зоя? Як пачула маці гэта, вечарам вярнулася дамоў, бо стала крыўдна. Усё ж яна законная жонка і дзіця мае. Напісала камандзіру часці. Аказалася, што яе муж у арміі ўчыніў растрату па гаспадарчай часці і яму далі 8 гадоў. Бацька паведаміў маці, што ў гаспадыні была дачка, з якой ён жыў. І мама не стала яго чакаць. Выйшла замуж, пайшла на траіх дзяцей. Так і прайшло жыццё. Яна і цяпер жыве. І ўвесь час пытае: “Тамара, чаму ты не знойдзеш бацьку?” Я некалькі разоў спрабавала гэта зрабіць, але безвынікова. Адна жанчына дапамагала мне, шукала ў Талачыне, у архіве. Высветліла, што нібыта ў яго трое дзяцей: Віця, Валя і Саша. Мне далі наступны адрас: Талачынскі раён, вёска Азярцы, вуліца Лугавая. Там павінен жыць мой брат Аляксандр Паўлавіч Ракаў. А сястра Валянціна быццам бы жыве ў вёсцы Міхайлаўшчына, напэўна, таксама Талачынскага раёна. Віктар, кажуць, патануў. І пра бацьку звестак ў архіве не знайшлося.
Праз даведачную службу Белтэлекама нашы калегі спрабавалі звязацца з вёскай Азярцы Талачынскага раёна. Аднак на Аляксандра Паў-лавіча Ракава тэлефон у гэтай вёсцы не зарэгістраваны. Адпаведны запыт пасланы ў вобласць. Таксама спадзяёмся, што адгукнуцца аднавяскоўцы ці знаёмыя Аляксандра, Віктара і Валянціны Ракавых.
Родныя адшукваюць Алу Мікалаеўну ДАРАГАБЕД. “Ала жыла ў Днепрапятроўску на вуліцы Яраслаўскага. Апошні раз мы бачыліся ў 1989 годзе. Яна гаварыла, што збіраецца купляць новы дом. На гэтым сувязь абарвалася”.
“Мы шукаем свайго брата Мар’яна Эдуардавіча АНДРУКОВІЧА. Спачатку ён жыў у вёсцы Семянкі Смаргонскага раёна са сваёй сям’ёй: жонка Зульфія Мікалаеўна Андруковіч і двое сыноў Антон і Андрэй. Потым яны пераехалі на радзіму жонкі ў Расію, у горад Ахтубінск Астраханскай вобласці. Мы пісалі туды, аднак адказу не атрымалі. Потым Мар’ян паведаміў, што жонка падала на развод, а ён хутка вернецца ў Беларусь. Але дадому пакуль не прыязджаў. Куды мы толькі ні звярталіся (у міліцыю, на праграму “Жди меня”) — безвынікова. Магчыма, фотаздымак дапаможа ў пошуку. Мар’ян тут у ваеннай форме, малады, 20 гадоў, а зараз яму 38”.
Валянціна і Васіль Шубко шукаюць брата Уладзіміра Фёдаравіча ШУБКО. Ён нарадзіўся ў 1950 годзе ў вёсцы Дварэц Любанскага раёна. У 1970 гадах паехаў працаваць у Тальяці. Там пазнаёміўся з дзяўчынай Любай з Арэнбургскай вобласці, ажаніўся і пераехаў на радзіму жонкі. Прыкладна ў 1974 або ў 1976 годзе ў іх нарадзіўся сын Канстанцін. Дадому брат не прыязджаў, толькі іншым разам дасылаў пісьмы. У 1986 годзе памерла маці, і ён прыехаў на пахаванне, але не паспеў. Валянціна Фёдараўна бачылася з братам нядоўга, пагаварылі мала. Пасля гэтага ніводнай вестачкі ад брата не было. Васіль пісаў у Расію, шукаў брата, але безвынікова.
Мы зробім запыт у Арэнбургскую вобласць, але гэта патрабуе шмат часу, таму давядзецца пачакаць.
“Мы шукаем сястру Настассю Кузьмінічну ШЭКАВУ ці ШЭПАВУ (пазначана неразборліва), 1921 года нараджэння. У 1941 годзе яна скончыла медвучылішча і пайшла на фронт, працавала ў шпіталі ў Малдове. Там засталася і пасля вайны. Выйшла замуж. Прозвішча па мужу Жураўлёва, па дакументах яна Настасся, а ўсе завуць Надзя. Пасля 1990-х гадоў сувязь з сястрой страцілася. Застаўся яе стары адрас: Малдова, Рыбніцкі раён, населены пункт Каменка. Аднак ніхто на пісьмы не адказвае”.

МаладыЯ гады

“У маладосці я вельмі моцна кахала Івана Гаўрылавіча ЗЯНЬКОВІЧА, 1929 года нараджэння, ураджэнца Крычаўскага раёна. Але ўзаконіць гэтыя адносіны не атрымалася. У 1954 годзе пасля арміі ён паехаў вучыцца ў Днепрапятроўск. Я тады вучылася ў Горацкай сельгасакадэміі. Выйшла замуж. Па размеркаванні разам з мужам прыехала на працу ў Пінск, дзе і жыву зараз. Маем трое дзяцей, ёсць унукі, праўнучка. Да гэтага часу я захоўваю фотаздымак Івана. Успамінаю пра яго і хачу даведацца, як склаўся лёс, а калі б пашчасціла сустрэцца — гэта быў бы самы найлепшы падарунак. Раіса Раманаўна Хахлова (Раманава), Пінск”.

ДарагІЯ сЯбры

“Да 1994 года я жыла ў Карагандзе, працавала ў мясцовым педагагічным інстытуце. Разам са мной працаваў Дзмітрый Фі-ліпавіч МАТУШЧАК, прыкладна 1927 года нараджэння. Ён скончыў Алмаацінскі інстытут фізічнага выхавання, потым працаваў у медінстытуце, а пасля яго перавялі ў фізвыхаванне. У сярэдзіне 1980-х гадоў Дзмітрый Філіпавіч разам з Анатолем Барысавічам Акімавым пераехалі ў Днепрапятроўск, уладкаваліся ў адну з тэхнічных ВНУ. Атрымалі там кватэру (на вуліцы Набярэжнай ці Перамогі). Ёсць звесткі, што Акімаў пераехаў у горад Курск, жыў на вуліцы Ульшанскай. Я спрабавала пісаць па ўсіх гэтых адрасах — безвынікова. У Дзмітрыя Філі-павіча Матушчака былі дзеці — Ірына і Сяргей, магчыма, яны пераехалі разам з бацькам. Яшчэ я хацела даведацца, як склаўся лёс Уладзіміра ДОЛБЫШАВА, прыкладна 1940 года нараджэння. Ён працаваў у фізтэхнікуме ля Днепрапятроўска. Надзея Іванаўна Грудзеева”.
“Хачу даведацца, як склаўся лёс Мікалая МУРАЎЁВА і Міхаіла КІРЫЛАВА. Коля і Міша скончылі курсы лейтэнантаў войск сувязі ў Мінску пры в/ч 68473 109-га палка (прыкладна ў 1949—1950 годзе). Марыя Дарашкевіч (Філон)”.
“Па просьбе майго знаёмага звяртаюся да вас, каб дапамаглі адшукаць Ірыну КАХНО. Раней яна жыла ў Светлагорску. А шукае яе сябар дзяцінства, які зараз жыве ў Аўстрыі і завуць яго Лютфі. У 1987—1989 гадах ён жыў у Светлагорску і Жлобіне, дзе і пазнаёміўся з Ірынай. Ён вельмі спадзяецца на вашу дапамогу”.
“Служылі мы разам не адзін год. І вось былы наш камандзір па акадэміі падпалкоўнік у адстаўцы, які цяпер жыве ў горадзе Уладзіміры (РФ) і з якім я перапісваюся, прыслаў мне заданне-загад: знайсці нашага саслужыўца беларуса А.І.АНТАНО-ВІЧА. Ён, вядома, даўно на пенсіі (і, магчыма, “Во славу Родины” ўжо не выпісвае), таму прашу “Народную газету” змясціць нашу агульную просьбу: Сашка (так, здаецца, яго звалі), адгукніся! Уладзімір Голуб, падпалкоўнік у адстаўцы, Мінск”.
Ганна Аляксандраўна Дактарова шукае блізкіх і дарагіх для яе людзей, сувязь з якімі абарвалася. Засталіся толькі старыя адрасы: Н.Н.МЕНШЫКАВА жыла ў сяле Навасёлаўка Сімферопальскага краю Крымскай вобласці, а Е.С.ДЗМІТРЫЕВА — у Анжэра-Суджанску Кемераўскай вобласці.
Спадзяёмся, што яны адгукнуцца. А яшчэ гэты ліст мы накіруем нашым калегам з перадачы “Жди меня” і будзем весці пошукі разам з імі.

ПрапалІ без вестак

“Мой бацька Іван Сямёнавіч МАЛЧАНАЎ нарадзіўся ў 1905 годзе пад Смаленскам. Перад вайной служыў на мяжы з Польшчай. З ім разам была наша маці з двума дзецьмі і цяжарная мной. Калі пачалася вайна, сем’і ваеннаслужачых эвакуіравалі. Машыну, у якой ехала маці, абстралялі, яе з дзецьмі забралі ў Германію (там я і нарадзілася). Матуля працавала на гаспадара чатыры гады. Як скончылася вайна, немец нават прасіў яе застацца, але маці вырашыла вярнуцца на радзіму. Пра бацьку мы да гэтага часу нічога не ведаем: як склаўся яго лёс, дзе ваяваў, дзе загінуў, магчыма, застаўся жывым і ў яго новая сям’я... Яшчэ мы шукаем звесткі пра дзядзьку Мікалая Сцяпанавіча РАСОХУ (брат нашай маці). Ён быў лётчыкам, да вайны не ажаніўся. Прапаў у гады вайны. Антаніна Іванаўна Малчанава (Статкевіч)”.
“Шукаю дакладнае месца пахавання бацькі Яўмена Сямёнавіча ШПАКОЎСКАГА, 1905 года нараджэння. Ёсць звесткі, што ён пахаваны ля Кёнігсберга, вёска Шуя. Бацька даслаў некалькі пісьмаў з фронту, а потым сувязь абарвалася. Еўдакія Яўменаўна Лобан”.
“Дапамажыце знайсці звесткі пра брата Івана Яўменавіча ВОЙТКУ, 1922 года нараджэння, ураджэнца вёскі Рыбцы Пухавіцкага раёна. У 1942-м ён быў у партызанскім атрадзе імя Чапаева 2-й мінскай брыгады. Потым пайшоў на фронт, быў паранены. Да перамогі знаходзіўся на тэрыторыі Польшчы. Пісаў дадому пісьмы са шпіталя, паведамляў, што павінны перавесці ў другую бальніцу. Больш пра брата нічога невядома. Магчыма, ён памёр ад ран, тады дзе пахаваны? Марыя Яўменаўна Войтка”.
 “Наш бацька Павел Яўсеевіч БУЛАЎКІН, 1915 года нараджэння, ураджэнец вёскі Хімы Аршанскага раёна, прапаў без вестак у 1944-м ва Усходняй Прусіі. Пасля вайны куды мы толькі не звярталіся — безвынікова. Па словах таварышаў па службе, бацька быў паранены ў вока, шпіталізаваны.  Што з ім здарылася потым — не ведаем. Уладзімір Паўлавіч Булаўкін”.
Родныя адшукваюць месца пахавання Аляксандра Самуілавіча МАГЕРА, 1912 года нараджэння. Ён прапаў без вестак у 1945-м.
“У Беларусь мы з мужам-ваеннаслужачым пераехалі з Расіі ў 1979 годзе. Так і засталіся тут жыць. Кажуць, радзіма там, дзе нарадзіліся дзеці, унукі, дзе ўтульна адчуваеш сябе. Мы жывём у роднай Беларусі. Але яшчэ з Расіі ў мяне засталася справа, якую ніяк не магу выканаць. У гады Вялікай Айчыннай вайны прапаў без вестак мой дзед Аляксандр Васільевіч ВЕСЯЛОЎ, 1904 года нараджэння, ураджэнец вёскі Льгова Панькоўскага сельсавета Кадыйскага раёна Кастрамской вобласці. Прызываўся Кадыйскім райваенкаматам. Апошні адрас: палявая пошта в/ч 43927. Апошні франтавы ліст ад яго прыйшоў з Беларусі ў 1944 годзе. Магчыма, гэта лёсам нам наканавана вярнуцца туды, дзе за свабоду змагаўся наш родны чалавек, на тую зямлю, дзе ён знайшоў апошні спачын. Апошняе пісьмо ад яго мы доўгі час захоўвалі, аднак падчас пераездаў яно згубілася. Але змест яго мы памятаем і пераказваем сваім дзецям, унукам. Спадзяёмся, у Беларусі яшчэ засталіся аднапалчане дзеда”.
“Дзесяткі гадоў адшукваю месца пахавання бацькі Яўгенія Міхайлавіча ВАСІЛЕЎСКАГА, 1901 года нараджэння. Ён прапаў без вестак у жніўні 1944-га. Магчыма, захаваліся звесткі пра бацьку? Мікалай Яўгенавіч Васілеўскі, Віцебская вобласць”.
“Хачу даведацца, як склаўся лёс дзеда Васіля Андрэевіча КНОЦЬКІ, 1903 года нараджэння. Дзеда і яго сябра, якога звалі Фёдар Міхеевіч Кноцька (прозвішчы ў іх аднолькавыя), арыштавалі ў сакавіку 1942 года. Да арышту яны жылі ў вёсцы Сакаловічы Крупскага раёна. Дзед быў старшынёй калгаса, умеў чытаць і пісаць. Магчыма, яго арыштавалі за сувязь з партызанамі, за тое, што адмаўляўся супрацоўнічаць з фашыстамі. Сведкі казалі, што ўсіх арыштаваных быццам бы павезлі ў Барысаў. Што з гэтымі людзьмі здарылася на самай справе, невядома. Можа, ёсць якія-небудзь спісы арыштаваных, ці значыцца прозвішча дзеда ў спісах загінуўшых? Васіль Мікалаевіч Кноцька”.
“Я шукаю звесткі пра свайго дзядзьку (роднага брата маці) Мікалая Аляксандравіча ШЧОЛАКА, прыкладна 1913—1914 года нараджэння, ураджэнца вёскі Ражкі (Беласточчына). Да 1936 года жыў у Ніжнім Тагіле. Апошні ліст ад дзядзькі сям’я атрымала ў 1938 годзе. На фотаздымку дзядзька сядзіць у фуфайцы, побач яшчэ адзін мужчына стаіць. Можа, хто пазнае гэтых людзей, адгукніцеся. Уладзімір Аляксандравіч Шчолак, Мінск”.
“Дапамажыце адшукаць звесткі пра Паўла Сямёнавіча РАЗАНОВІЧА, 1911 года нараджэння, ураджэнца вёскі Сямігосцічы Столінскага раёна. У 1941 годзе ён быў прызваны ў армію Давыд-Гарадоцкім райваенкаматам. У 1944-м прапаў без вестак. Анастасія Ігараўна Хадакоўская, Мінск”.
“Шукаю звесткі пра бацьку Георгія Паўлавіча ВАРАБ’ЁВА, 1908—1909 года нараджэння, ураджэнца вёскі Чурылава Аршанскага раёна. Вучыўся ў Аршанскім педагагічным інстытуце. У 1937—1938 годзе праходзіў ваенныя зборы, быў сувязістам. Пасля таго як пайшоў на фронт, пра яго нічога невядома. Валянціна Ягораўна Кашталёва (Вараб’ёва), Мінск”.
“Адшукваю звесткі, а па магчымасці і месца пахавання свайго дзяцькі Міхаіла Іванавіча РУДОВІЧА, 1917 года нараджэння, ураджэнца вёскі Перажыр Пухавіцкага (Рудзенскага) раёна. Быў прызваны ў армію ў 1939—1940 гадах. Пасля вайны сям’я атрымала паведамленне, што ён прапаў без вестак. Таццяна Міхайлаўна Новік, Дзяржынск”.

У памЯцІ народнай

Мы працягваем друкаваць спісы савецкіх салдат, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пахаваны на могілках у польскім горадзе Кшывульце.
Рэдчанка Ілля Рыгоравіч, 1923 года нараджэння, радавы, загінуў у 1944 годзе, пахаваны ў магіле № 11;
Богдан Аляксандр Войцехавіч, 1894(5) года нараджэння, радавы, загінуў у 1944 годзе, пахаваны ў магіле № 7;
Буйневіч Дзмітрый Максі-мавіч, 1919 года нараджэння, радавы, загінуў у 1944 годзе, пахаваны ў магіле № 7;
Сталбоў Іван Ягоравіч, 1900 года нараджэння, радавы, загінуў у 1944 годзе, пахаваны ў магіле № 7;
Шкурган Іван Дзмітрыевіч, 1914 года нараджэння, радавы, памёр ад ран у 1944 годзе, пахаваны ў магіле № 7;
Ігнатовіч Іван Захар’евіч, 1895 года нараджэння, радавы, памёр ад ран, пахаваны ў магіле № 8;
Колчын Юрый Іванавіч, 1924 года нараджэння, малодшы лейтэнант, загінуў у 1944 годзе, пахаваны ў магіле № 2;
Плішкін Аляксей Мікалаевіч, 1915 года нараджэння, загінуў у 1944 годзе, пахаваны ў магіле № 10;
Бараўнік Іван Кандрацьевіч, 1914 года нараджэння, загінуў у 1944 годзе, пахаваны ў магіле № 10;
Гучок Іван Адамавіч, 1902 года нараджэння, загінуў у 1944 годзе, пахаваны ў магіле № 10;
Сіпараў Міхаіл Сцяпанавіч, радавы, памёр ад ран у 1944 го-дзе, пахаваны ў магіле № 11;
Імас Давід Рафаілавіч, 1921 года нараджэння, радавы, загінуў у 1944 годзе, пахаваны ў магіле № 18;
Аранюк Афанасій Афанасьевіч, 1914 года нараджэння, радавы, загінуў у 1944 годзе, пахаваны ў магіле № 18;
Дарафееў Іван Міхайлавіч, 1911 года нараджэння, радавы, загінуў у 1944 годзе, пахаваны ў магіле № 9;
Трыска Васіль Канстанцінавіч, 1913 года нараджэння, радавы, загінуў у 1945 годзе, пахаваны ў магіле № 17.
Калі сярод гэтых про-звішчаў вы ўбачылі знаёмыя, напішыце нам.

Не адкладвайце пошукі

Марыя Пятроўна Ісаенка (Дашкоўская) шукала сваю сяброўку Паліну Пятроўну Іотчанку (Тагай). Яны разам вучыліся ў Рэчыцкім
зааветтэхнікуме ў 1969—1973 гадах. У рэдакцыю звярнулася сваячка П.П.Іотчанкі. Яна паведаміла, што Паліны Пятроўны, на жаль, ужо няма. Пра гэта даведалася і Марыя Пятроўна Ісаенка, якая збіраецца праз некаторы час сустрэцца з роднымі сваёй сяброўкі, каб даведацца пра яе лёс.

 

Радыёпраграма “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў нядзелю ў 18.00 і ў сераду ў 21 гадзіну.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter