“Помні імя сваё...”

Сябры і сяброўкі маладосці, як і сама маладосць, ніколі не забываюцца, што б там ні было, ні здаралася на жыццёвым шляху. Разлукі, расстанні, здаецца, часовыя. І як бы не складваўся лёс, трэба, пэўна, заўсёды ісці адно аднаму насустрач, працягваць руку дапамогі, жыць у міры, згодзе. Гэта тычыцца і сяброў, і родных, і ўсіх людзей наогул. Няхай шчасціць усім, хто піша на адрас сумеснага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё”, звяртаецца з просьбай аб дапамозе. Будзем спадзявацца, што вырашацца ўсе пытанні і ўсе абавязкова знойдуць тых, каго шукаюць.
Дарагія сябры

“Адшукваю сяброўку Еўдакію Паўлаўну НАВАСЕЛЬЦАВУ (дзявочае прозвішча Жукава). Зараз ёй прыкладна 75 гадоў. Родам са Смаленскай вобласці. У 50-я гады яна працавала ў Кармянскім раёне аграномам, жыла на кватэры ў нашай вёсцы Старая Зяньковіна. Лепшай сяброўкі, чым Еўдакія, у мяне не было. .Яна выйшла замуж і паехала на новае месца жыхарства ў Літву, у горад Панявежыс. Мужа яе завуць Павел, сыноў — Ігар і Аляксандр. Мы пісалі адна адной лісты, а потым страцілі сувязь. Ніна Арцёмаўна Цімашэнка (Бандарэнка), Кармянскі раён”.
“Хачу знайсці былога таварыша па службе, чулага, добрага чалавека Івана ШЫРВЕЛЯ, з якім разам у 1969 годзе быў у арміі ў горадзе Рыга, вайсковая часць 01588. З таго часу мы не бачыліся. Хочацца даведацца, як склаўся лёс Івана, сустрэцца з ім.
“Шукаю таварыша па службе ў войску Мікалая Фёдаравіча ДУДЗІЧА, 1936 года нараджэння, з Жыткавіцкага раёна. Я родам з Краснадарскага краю. З ліпеня 1956-га па верасень 1959 года мы з Мікалаем служылі на Паўночным флоце. Ён быў электрыкам на караблі, я — матарыстам. 25 верасня 1959 года тэрмін службы закончыўся, і мы рассталіся на чыгуначным вакзале ў Мурманску. Ён паехаў на Ленінград, а я — на Маскву. З таго часу нічога адзін пра аднаго не ведаем. З 1971 года я жыву ў Мінску. Неаднойчы шукаў Мікалая, звяртаўся ў райваенкамат горада Жыткавічы, але безвынікова. Сэрца мне падказвае, што вы можаце дапамагчы знайсці яго ці блізкіх сваякоў сябра. Шмат гадоў  разлукі, але ёсць такая ўпэўненасць, што маракі жывуць доўга і памятаюць сяброў. Мікалай Іванавіч Мартыненка”.
“Дапамажыце даведацца пра лёс маёй знаёмай Ганны Іванаўны МАЛЕЦКАЙ (Anna Malecka), 1916 або 1917 года нараджэння. З 1966 года яна жыла ў Польшчы, у горадзе Піла. Апошні ліст ад яе я атрымала ў 2001-м. Мае лісты вярталіся з надпісам, што адрасат не прымае. Лія Фёдараўна Стахоўская, Шаркоўшчынскі раён”.

ЗгубІлІсЯ Ў вайну

“У пачатку Вялікай Айчыннай вайны наша сям’я: я, тады пяцігадовы хлопчык, сястра Берта ЛЯМПЕРТ, ёй было два з паловай гады, адзінаццацігадовы брат Леў і бабуля Фаня эвакуіраваліся з Мінска ў напрамку Магілёва. Бацькі нашы былі занятыя  на службе. 23—24 чэрвеня 1941 года мы начавалі ў лесе паміж Смілавічамі і Чэрвенем. Раптам у ім з’явіліся нямецкія дыверсанты. Бабуля сабрала нас, і мы пайшлі да дарогі Мінск—Магілёў. Там праязджаў грузавік, у якім былі людзі і сярод іх знаёмая нашай сям’і Надзя Кулінковіч. Машына спынілася, і мой старэйшы брат Лёва пасадзіў у яе сястрычку Берту. Хацеў пасадзіць мяне, але ў гэты момант праляцеў фашысцкі самалёт, вадзіцель “рвануў” машыну і паехаў. Мы крычалі, каб аддалі дзяўчынку, пачулі толькі, як у адказ хтосьці крыкнуў: “Мы яе маме аддадзім!”Толькі праз два гады, у 1943-м, мы сустрэліся з мамай у Саратаўскай вобласці. Дачушку ёй ніхто не перадаў. І вось ужо 66 гадоў мы нічога не ведаем пра яе лёс, хаця ўвесь гэты час шукалі. У сястрычкі на плячы была радзімая плямка. Яшчэ я высветліў, што ў перыяд вайны і пасля яе з цяперашняга дзіцячага дома №3, што ў Мінску (ён існаваў і ў гады вайны) некалькі сем’яў удачарылі дзяўчынак, па ўзросту такіх, як наша Берта. Прашу іх адгукнуцца. Хачу, каб як мага больш людзей пачулі і прачыталі гэту гісторыю, даведаліся пра трагедыю нашай сям’і. Можа, знойдуцца людзі, якія дапамогуць нам. Дзяўчынка ў два з паловай гадочкі магла спужацца і не назваць ні свайго імя, ні прозвішча. Вельмі хочацца спадзявацца, што яна жывая і здаровая. Яўген Яфімавіч Лямперт, Мінск”.
“Наша вялікая сям’я да вайны жыла ў вёсцы Сліжы Шклоўскага раёна. Калі пачалася вайна, як маглі, дапамагалі партызанам. У 1942 годзе народныя мсціўцы трыццаць пятай брыгады нашу сям’ю, а таксама іншых вяскоўцаў забралі ў лес. Бацька наш ваяваў на фронце. У маці нас было шасцёра: сыны Мікалай, Уладзімір, Леанід і дочкі Вера, Ніна і Ганна. Два гады мы жылі ў лесе. У 1944-м пры адступленні фашысты акружылі наш прыстанак, і нам трэба было нейкім чынам выходзіць адтуль. Старэйшая сястра Ніна ўзяла за руку маленькую сястру Ганну, ёй тады было 7 гадоў, і спрабавала выйсці з ёй з акружэння. Але пачаўся моцны бой, і ў гэты час Ганна згубілася. Мы доўга шукалі яе, аднак не знайшлі ні жывую, ні мёртвую. Можа, наша сястрычка жывая? Можа, хто ведае пра яе лёс? Ганначка, адгукніся! З нашай вялікай сям’і нас засталося двое. Уладзімір Фёдаравіч Анісімаў і Вера Фёдараўна Лявонава, брат і сястра, Шклоў”.

Пакуль жыве надзеЯ

Мінула 62 гады, як скончылася Вялікая Айчынная вайна, а людзі ўсё шукаюць сваіх родных, якія прапалі без вестак. І не дарэмна, бо праз столькі часу весткі пра іх знаходзяцца. Вось і сёння іх атрымаюць Эмілія Браніславаўна Каваленка з Пінска,  Еўдакія Сямёнаўна Гуцэва з Добрушскага раёна, Ульяна Еўсцігнееўна Абжыгайлава з Браслаўскага раёна, Раіса Мі-калаеўна Хоціна з Мінска, Ва-сіль Сцяпанавіч Маркоўскі з Круглянскага раёна, Сцяпан Браніслававіч Гараўскі са Сма-лявіч, Аляксандр Іосіфавіч Асташкевіч з Мінска і Іван Кузь-міч Сівохін з Краснаполля.

Праз усё жыццё

“Мой папярэдні ліст быў агучаны і надрукаваны. Разумею, што па тых звестках, якія раней давала, знайсці чалавека цяжка, таму дасылаю дадатковыя. Я прасіла знайсці Мікалая МАТКОЎСКАГА з Рэспублікі Малдова. Год яго нараджэння назваць не магла. Буду разважаць лагічна: калі ён дэмабілізаваўся ў маі 1950 года, а ў той час служылі ў войску тры гады, значыць, у армію быў прызваны ў 1947-м. Прызыўны ўзрост быў 18 гадоў, то нарадзіўся ён у 1928—1929-м. Паколькі жыў у Кішынёўскім раёне, то і ў армію быў прызваны мясцовым райваенкаматам. Служыў у г.п. Жалудок Гродзенскай вобласці, у лётным батальёне. Дэмабілізаваўся ў званні сяржанта і паехаў дамоў, на сваю радзіму. Там працаваў старшынёй сельскага Савета. Цікава, як склаўся далейшы лёс дарагога чалавека. Мне ад яго нічога не патрэбна. Хачу толькі, каб ведаў, што памяць пра яго я пранесла праз усё сваё жыццё і што для мяне ён застаўся назаўсёды маладым і прывабным. Не асуджайце мяне за тое, што адкрыла вам сваю душу, свае пачуцці. Лідзія Ціханаўна Карусёва, Магілёў”.
“Хачу знайсці сябра маладосці Анатоля ГАЕВА (імя па бацьку дакладна не памятаю). Гэта было ў 1956 годзе. Я тады жыла ў Буда-Кашалёўскім раёне. Мы з Анатолем сябравалі. Ён мне вельмі падабаўся. Сэрцам адчувала, што і я яму таксама. Відаць, не суджана быць разам. Шляхі нашы разышліся, як кажуць, у розныя бакі, але я ніколі не забывала пра Анатоля. Калі нарадзіўся ў мяне сын,  дала яго імя. Вельмі хачу даведацца, як склаўся лёс Анатоля, хачу ўбачыць яго, пачуць голас. Анатоль, адгукніся! Напішы мне ці патэлефануй. А можа, твае браты пачуюць ці прачытаюць, няхай паведамяць табе, што шукаю. Лідзія Піліпаўна Васючэнка, Гомель”.

ПрапалІ без вестак

“Мой бацька Кірыл Сямёнавіч БАРЫСАЎ, 1907 года нараджэння, жыў у вёсцы Лука Асіповіцкага раёна (раней Старадарожскі раён Бабруйскай вобласці). У канцы сакавіка 1941 года яго ўзялі на трохмесячныя ваенныя зборы. Тэрмін збораў заканчваўся, як раптам пачалася вайна. Пісем ад бацькі не было. Толькі пасля вайны паведамілі, што ён прапаў без вестак у 1943 годзе. Хачу даведацца, што здарылася з бацькам. Таццяна Кірылаўна Барысава, Асіповічы”.
“Майго брата Станіслава Станіслававіча ГРЫШКЕВІЧА ў ліпені 1944 года разам з бацькам прызвалі на фронт змагацца з фашыстамі. Брат быў у 5-й дывізіі, 15-м палку трэцяга батальёна 8-й роты. Бацька Станіслаў Казіміравіч Грышкевіч знаходзіўся непадалёку ад сына, у 17-м палку. Яны часта бачыліся. Пісалі дамоў лісты. У адным з іх брат паведаміў, што бацьку накіравалі ў іншае месца, сумняваўся, што ўбачыць яго. Такі здарылася. У 1945 годзе мы атрымалі паведамленне, што брат прапаў без вестак ля ракі Шпрэя. Калі закончылася вайна, салдаты ішлі дамоў радасныя, а наш бацька стаяў на скрыжаванні дарог, чакаў сына, ды так і не дачакаўся. Потым ён паехаў у Варшаву. Там яму паказалі кнігу, у якой залатымі літарамі было напісана, што сяржант, намеснік камандзіра роты Станіслаў Станіслававіч Грышкевіч прапаў без вестак. Я думаю, што мой брат загінуў. Дапамажыце знайсці яго магілу, хачу пакласці на яе кветкі. Элеанора Станіславаўна Будзько, пасёлак Крывічы Мядзельскага раёна”.
“Шукаю месца пахавання брата сяржанта Мікалая Аляксеевіча ПРАТАСАВА, 1921 года нараджэння, які не вярнуўся з вайны. Атрымалі паведамленне, што 16 лютага 1944 года загінуў і пахаваны ў пасёлку Скіндзераўка Віцебскай вобласці .Але гэты пасёлак мы не знайшлі. Магчыма, у яго зараз іншая назва. Хочацца таксама ведаць, якія баявыя ўзнагароды былі ў брата. Вера Аляксееўна Гамзянкова, Гомель”.
“Мая цётка Галіна Рыгораўна Несцерава ўсё жыццё шукае брата. Зараз яна вельмі сталага ўзросту, у яе кепскае здароўе, таму пошук вырашыла прадоўжыць я. Многія лічаць, што ў мяне лёгкая рука. А раптам і сапраўды пашанцуе! Віктар Рыгоравіч СЕРГІЕНЯ, 1919 года нараджэння, жыў у вёсцы Быстрыца Капыльскага раёна (тады Бабруйскай вобласці). У 1938-м Капыльскім райваенкаматам быў прызваны на службу ў Чырвоную армію. Служыў у Пензенскай вобласці. Увосень 1941-га павінен быў вярнуцца дамоў. Перад вайной прыслаў пісьмо з новым адрасам, напісаў, што служыць у горадзе Наваград-Валынску. Сваякі парадаваліся, што гэта бліжэй да родных мясцін. Але больш вестак ад Віктара не было. Хутчэй за ўсё ён быў сярод тых, хто першы прыняў на сябе бой і загінуў. Сям’я нават пахавальную не атрымала. Куды мы толькі ні звярталіся, але так і не змаглі знайсці весткі пра дарагога чалавека. Ала Анатольеўна Шымчак, Слонім”.
“Мой дзядзька Іван Трафімавіч СЛАВУЦІЧ у час вайны пайшоў на фронт і дамоў не вярнуўся, застаўся жыць у Польшчы. Стасункаў з ім не было. Бацьку яго за сувязь з партызанамі расстралялі фашысты, а браты памерлі. Дапамажыце знайсці дзядзьку ці яго сям’ю. Хачу ведаць, як склаўся іх лёс, калі будзе магчымасць, сустрэцца.Таццяна Аляксееўна Бойка, Жабінкаўскі раён”.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Міхайлавіч Маладзецкі з Брэста інвалід 2-й групы па зроку і свой ліст надрукаваў па памяці на машынцы. “Хачу знайсці свайго баявога сябра. Пасля шпіталя мяне прызначылі камандзірам гарматы ў 14-ю супрацьтанкавую брыгаду. Наводчыкам у мяне быў ШУБАРЫН (імя і імя па бацьку не памятаю). Родам ён быў з Валагодскай вобласці. Мы трымалі абарону ў Шарамецеўскім парку на Пулкаўскіх вышынях. Зімой 1942 года я трапіў у батальён лыжнікаў, потым на франтавыя курсы, і мы з ім рассталіся. У 1944-м выпадкова сустрэліся на  Нарвскім плацдарме. Сябар сказаў, што брыгаду нашу расфарміравалі і ён трапіў у маршавую роту. Шубарын быў выдатным наводчыкам, і я хацеў пакінуць яго ля гарматы, але не атрымалася. Праз два дні пачаліся моцныя баі, фашысты хацелі скінуць нас з плацдарма, ім гэта не ўдалося. Як склаўся далейшы лёс Шубарына, не ведаю. Калі ён жывы, няхай успомніць, як у хвіліны зацішша на фронце хваліў пірагі, што пяклі на яго радзіме, і як мы спрабавалі курыць самасад, які яго жонка аднойчы прыслала ў канверце. Яшчэ ў мяне быў франтавы сябар Ігар СЕРАБРАНСКІ. У свой час нам разам прысвоілі афіцэрскія званні, і мы раз’ехаліся. У 1947 годзе выпадкова ў Ленінградзе сустрэў яго. Ігар працаваў у Ленінградскім індустрыяльным інстытуце на ваеннай кафедры. Я ўжо служыў у Брэсце. Перапіска наша, на жаль, не адбылася. Ігарок, адгукніся”.

У памяці народнай

Мы пачынаем друкаваць спісы савецкіх салдат, якія загінулі і пахаваны на могілках у польскім горадзе Кшывульце.
Беланоўскі Уладзімір Фёдаравіч, радавы, загінуў у 1944 годзе, пахаваны ў магіле №9;
Шылаў Міхаіл Пятровіч, 1912 года нараджэння, радавы, загінуў у 1944 годзе, пахаваны ў магіле №9;
Бедрнікаў Рыгор Іванавіч, 1904 года нараджэння, малодшы сяржант, загінуў у 1944 годзе, пахаваны ў магіле №9;
Васіліскава Марыя Рыгораўна, 1923 года нараджэння, сяржант, памерла ад ран у 1944 годзе, пахавана ў магіле №6;
Кулікоў Іван Фёдаравіч, 1910 года нараджэння, радавы, загінуў у 1944 годзе, пахаваны ў магіле №62;
Гергель Васіль Якаўлевіч, 1910 года нараджэння, радавы, памёр ад ран у 1944 годзе, пахаваны ў магіле №62;
Гусак Сямён Васільевіч, 1899 года нараджэння, радавы, загінуў у 1944 годзе, пахаваны ў магіле №62;
Былінскі Андрэй Мікалаевіч, радавы, памёр ад ран у 1944 годзе, пахаваны ў магіле №62;
Шыманскі Мікалай Філіпавіч, 1908 года нараджэння, радавы, загінуў у 1944 годзе, пахаваны ў магіле №62;
Сідар Іван Фёдаравіч, 1921 года нараджэння, радавы, загінуў у 1944 годзе, пахаваны ў магіле №4;
Нікор Іван Дзям’янавіч, 1926 года нараджэння, ваеннапалонны, загінуў у 1944 годзе, пахаваны ў магіле №1;
Цітарчук Трафім Юльянавіч, радавы, загінуў у 1944 годзе, пахаваны ў магіле №9;
Ляшчанка Іван Усцінавіч, 1914 года нараджэння, радавы, загінуў у 1944 годзе, пахаваны ў магіле №7;
Міронаў Пётр Аляксандравіч, 1923 года нараджэння, радавы, загінуў у 1944 годзе, пахаваны ў магіле №8;
Казлоў Мікалай Рыгоравіч, радавы, загінуў у 1945 годзе, пахаваны ў магіле №2.
Калі сярод гэтых проз-вішчаў вы ўбачылі знаёмае, напішыце.

А на вачах слёзы

“У час Вялікай Айчыннай вайны ў горадзе Горкі Магілёўскай вобласці ў дашчатым кінатэатры пад адкрытым небам фашысты трымалі савецкіх ваеннапалонных. Умовы знаходжання ў няволі былі невыносныя, многія паміралі. Ахвяр закопвалі ў гаі, які быў непадалёку ад сельгасакадэміі. Фашысты расстралялі двух братоў майго бацькі і закапалі ў ямах, у якіх знішчалі партызан і яўрэяў. Мне тады было 15 гадоў, і я ўсё памятаю. Пішу гэты ліст, і на вачах слёзы. Дапамажыце ўвекавечыць памяць пра гэтых пакутнікаў. Яўгенія Рыгораўна Кіскіна, Гродна”.

БлІзкІЯ людзІ

“Дапамажыце знайсці стрыечнага брата Івана Васільевіча ЛАЎРЫНЕНКУ, 1937 года нараджэння. Раней ён жыў у горадзе Дзіўнагорску Краснаярскага краю. Але вось ужо больш як 30 гадоў мы адзін пра аднаго нічога не ведаем. Іван! Вельмі прашу, адгукніся. Леанід Іванавіч Ляхаў, Магілёў”.

Знайшліся!

Нашы калегі зачытвалі, а мы друкавалі ліст Тамары Пятроўны Пунінскай з горада Магілёва, якая прасіла дапамагчы ёй знайсці сваячку Марыю Міхайлаўну Пунінскую, сувязь з якой даўно страчана.
 Марыя Міхайлаўна адгукнулася. Узгадала маладосць і сваячку, якую таксама ў свой час хацела знайсці, але перашкодзілі клопаты і справы.
— Мы з Тамарай аднагодкі. У далёкай маладосці сустракаліся ў нашых агульных родных у Магілёве, — расказвае яна. — Нам тады было гадоў па 16—17. Сустракаліся, перапісваліся. Потым я паступіла ў сельгасакадэмію, і перапіска спынілася. Мы з мужам закончылі акадэмію, размеркаваліся ў Добрушскі раён. Я працавала бухгалтарам, муж — інжынерам. І да сённяшняга дня тут жывём, на адным месцы. Маем двух дарослых дачок, адна педагог, другая заканчвае медінстытут. Я на пенсіі. Тамарачка, я цябе вельмі чакаю да сябе ў госці. Хачу сустрэцца, даведацца, як тваё здароўе, як жыццё.

Гора мацІ

“Прапаў мой сын Юрый Хаджыевіч МАШАРЫПАЎ, 1968 года нараджэння. Жыў ён у горадзе Тальяці Самарскай вобласці ў бацькі нашай нявесткі Наталлі Альбертаўны Шалінай. Шлюб свой яны з нашым сынам не рэгістравалі, хаця ў іх двое дзяцей. З 1998 года ў нас няма ніякай сувязі з сям’ёй сына. Толькі ведаем, што ўнукі нашы ў сястры Наташы — Галіны Альбертаўны Шалінай, якая жыве ў Нарыльску. Пыталіся ў яе: “Дзе Юра?” Сястра адказала: “Дзе Юра, не ведаю, а Наташу шукаць не трэба”. Звярталіся ў міліцыю горада Тальяці, але безвынікова, бо Юра там жыў без прапіскі. Пісалі на перадачу “Жди меня”, нам не змаглі дапамагчы. Зінаіда Міхайлаўна Іваньковіч, Полацк”.

Радыёпраграма “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў нядзелю
ў 18.00 і ў сераду ў 21 гадзіну. Знаходзьце дарагіх сэрцу людзей разам з “Народнай газетай”! Заставайцеся з намі і ў наступным годзе!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter