"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

Мы з калегамі з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, з якімі разам вядзём пошук людзей у рамках праекта “Помні імя сваё”, удзячны ўсім чытачам і радыёслухачам за тое, што яны не застаюцца абыякавымі да лёсаў знаёмых і нават незнаёмых людзей. Яны пішуць, тэлефануюць, высвятляюць, чым могуць дапамагчы. Будзем рады, калі ў нас яшчэ з’явяцца добраахвотнікі. Разам мы зможам значна больш, бо паток пісьмаў увесь час павялічваецца.
БлІзкІЯ людзІ

“Нас у сям’і было шасцёра дзяцей, я — самая меншая. Ёсць яшчэ сястра Ганна, з якой мы апошні раз бачыліся ў 1990 годзе на пахаванні матулі. Пасля некалькі гадоў перапісваліся, потым перапіска абарвалася. Ганна жыла ў вёсцы Нова-Краснаўка Асінаўскага сельсавета Куйбышаўскага раёна Новасібірскай вобласці. У сястры ёсць тры дачкі, і ўсе яны некаторы час жылі ў Новасібірску. Захаваўся адрас пляменніцы Алены ў Новасібірску. Магчыма, яна і зараз там жыве, аднак я не магу дазваніцца да яе і адказу на пісьмы няма. З дапамогай “Помні імя сваё...” знаходзяцца людзі і ў Расіі. Спадзяюся, што і я хутка атрымаю адказ ад маёй сястры і пляменніц, бо яны адны засталіся ў мяне родныя людзі. Настасся Іосіфаўна Каральчук (прозвішча пазначана неразборліва), Пінскі раён”.

Арыштаваны І сасланы

“Хачу даведацца пра лёс стрыечных братоў Аляксандра, Вячаслава і сястры Сусанны, а таксама іх родных. Іх бацька, мой дзядзька Іван Восіпавіч КРУГЛІКАЎ, ураджэнец Горацкага раёна, жыў да 1937 года ў Маскве. Быў арыштаваны за антысавецкую агітацыю і прапаганду і сасланы ў Кустанай. Вызвалены, па некаторых даных, у жніўні 1948 года, пераехаў быццам бы ў Нарыльск. Мая маці пасля Вялікай Айчыннай атрымала ліст ад дзядзькавай жонкі Ганны Дзмітрыеўны. Яна паведамляла, што нічога не ведае пра Івана, і нават адмаўлялася сустрэцца з нашай сям’ёй. Больш нічога пра сям’ю дзядзькі мы не ведаем. Тамара Іванаўна Ананьева”.

ПошукІ І знаходкІ

“Я пачула, што шукаюць майго стрыечнага брата Сямёна Трафімавіча Лагуціна. Тамара Якаўлеўна Яснова цікавілася, як склаўся лёс Сямёна. Пасля заканчэння аўтатэхнікума яго накіравалі ў горад Молатаў (Расія), у Падмаскоўі ў яго была дзяўчына, з якой потым пажаніліся. Затым ён пайшоў у армію, адслужыў, вярнуўся. У іх двое дзяцей, чацвёра ўнукаў, праўнучка. Мы з ім бачыліся, я расказала ўсё, што пачула. Сямён здзівіўся, дзякаваў Тамары Якаўлеўне за пошукі. Вольга Сцяпанаўна Жураўлёва, Мінск”.  

Паважаная Вольга Сцяпанаўна, дзякуй, што адгукнуліся. Мы абавязкова перададзім Тамары Якаўлеўне ўсё, што вядома пра Сямёна Трафімавіча Лагуціна.

МаладыЯ гады

“У маладосці я жыла ў Лідзе. Мы жылі на кватэры ў прыватным доме: Шура, я і Дана — у адным канцы, а Коля, Пеця і Міша — у другім. Міша, Міхаіл Платонавіч МІРУК, прыкладна 1940—1942 года нараджэння, родам, відаць, з Барысава ці з Барысаўскага раёна. Ён вучыўся ў вучылішчы геадэзіі і картаграфіі. Мы разам бавілі час, хадзілі на танцы. Міша быў добры, прыгожа маляваў. У маі 1962 года ён закончыў вучылішча і быў накіраваны на працу ў Кустанай. Прысылаў пісьмы, якія я захоўваю. Падарыў таксама фотаздымак на памяць. Цяпер я жыву ў Мінску, на пенсіі. Сяброўка Шура жыве ў Лідзе, мы з ёй сустракаемся. Пра Пецю і Колю не ведаю, але больш за іншых цікавіць Міша. Хочацца даведацца пра яго лёс. Валянціна Іванаўна Гаркавая”.
“Я жыла ў вёсцы Раслаўе Смаленскай вобласці. Вучылася ў медыцынскім вучылішчы (1959—1962 гг.). Вясной 1960 года пазнаёмілася з Яўгенам СМІРНОВЫМ, які вучыўся ў ФЗН. Нарадзіўся ён прыкладна ў 1944 годзе ў Ціхарэцку. З 1962-га я жыву ў Мінску, Беларусь — мая другая радзіма. Але я часта ўспамінаю сваё юнацтва, сябра Жэню. Спадзяюся, ён адгукнецца. Святлана Іванаўна Дзмітрыева (прозвішча дзявочае)”.

ДарагІЯ сЯбры

“Сваю сяброўку Антаніну ФАДЗЕЕВУ (прозвішча дзявочае) я не бачыла шмат гадоў. Жылі мы ў вёсцы Партызан Калінінградскай вобласці. Потым я пераехала, мы часта перапісваліся. Ведаю, што Тоня выйшла замуж у Гомельскую вобласць. Наша перапіска абарвалася. Хачу даведацца, як склаўся лёс Антаніны. Тоня, адгукніся. Валянціна Пруднікава”.
“У 1954—1955 гадах мы разам з Яўгеніяй КОНАН (про-звішча дзявочае) вучыліся ў Гродзенскай школе гандлю, якая размяшчалася на вуліцы Замкавай. Здымалі кватэры, я з яшчэ адной сяброўкай Соняй жыла на вуліцы 11 верасня, Жэня — на вуліцы М.Горкага. Мяне тады ўсе называлі Стэня. Нарадзілася я ў вёсцы Няхведы Смаргонскага раёна, а Жэня — у Мастах (прыкладна ў 1935—1936 гг.). Пасля школы гандлю я паехала працаваць у Маладзечна, а Жэня Конан засталася ў Гродне. Некаторы час мы падтрымлівалі сувязь. У адным з апошніх лістоў Жэня паведаміла, што выйшла замуж за ваеннага і пераязджае ва Украіну. Было гэта прыкладна ў 1958 годзе. Хатні адрас яе не захаваўся, толькі фотаздымак (на імя, Соня і Жэнька). Цяжкі быў час, калі мы вучыліся, пасляваенны. Не хапала хлеба, аднак мы перажывалі ўсё разам, заўсёды стараліся ўсміхацца, узнімалі адна адной настрой. Для нас гэта быў самы незабыўны час. На жаль, наша сяброўка Соня вельмі рана загінула. Засталося нас толькі дзве. Магчыма, Жэня вярнулася з Украіны дадому, у Беларусь. А можа, тут засталіся яе родныя і яны ведаюць, як звязацца з ёй. Стэфаніда Міхайлаўна Міжыгурская (Зянкевіч)”.
“У 2000 годзе мы разам з сяброўкай Вольгай ШАХ (прозвішча дзявочае) вучыліся ў Беларускім тэхнікуме прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. Муж Вольгі Аляксей Буракевіч жыў у нашым інтэрнаце, там яны і пазнаёміліся. Яны жывуць у Шуміліне, пад Віцебскам. Мы тэлефанавалі адна адной, а потым нумар яе мабільнага тэлефона змяніўся, і сувязь абарвалася. Я часта ўспамінаю Вольгу. Мне не хапае яе сяброўскай падтрымкі. Буду чакаць яе званка ці пісьма, а лепш, каб яна прыехала ў госці. Алена Бабко (Мацюх)”.
Вера Іванаўна Камінская (Сыч) і Тамара Рыгораўна Залеская (Якімава) просяць адгукнуцца аднакласнікаў 10”Б” класа Светлагорскай школы-інтэрната, 1968 года выпуску. Яны хочуць ведаць, як склаўся лёс сяброў.
“Хачу знайсці сваю аднакласніцу Галіну Пятроўну АРЛОЎСКУЮ (прозвішча дзявочае), 1936 года нараджэння. Яна жыве ў Мінску, але ні адраса, ні тэлефона я не ведаю. Некалі яе пляменнік Вячаслаў Пятровіч Шацко ў вёсцы Стаі Ушацкага раёна даў мне нумар яе тэлефона, але я яго згубіла. Слава расказаў, што цётка Галя жыве адна, сумуе. Вельмі хачу з ёй пагутарыць. Надзея Іванаўна Лях (Ярашэвіч), Жодзіна”.
“Дапамажыце адшукаць нашых аднакурснікаў з 6-й фельчарскай групы Маладзечанскага медыцынскага вучылішча, якое мы закончылі ў 1969 годзе. Некаторым мы пасылалі пісьмы на адрасы іх бацькоў, але ўсё безвынікова. Вось звесткі пра гэтых людзей на момант іх паступлення ў вучылішча (1965 г.). Яўгенія Іосіфаўна ГРАБЯНЁК, вёска Забар’е Ільянскага сельсавета Вілейскага раёна; Ганна Васільеўна ЗЯЛЁНКА, вёска Зорка Бабруйскага раёна; Міхаіл Іосіфавіч ШЫШКО, вёска Малевічы Хаценчыцкага сельсавета Вілейскага раёна; Ганна Аляксандраўна ЛЯХ, вёска Астравы Кузьміцкага сельсавета Вілейскага раёна; Ірына Уладзіміраўна МОЙСКАЯ, вёска Сервач Касцяневіцкага сельсавета Вілейскага раёна; Валянціна Іванаўна ПРУДНІК, вёска Грэск Слуцкага раёна (прозвішчы ў жанчын дзявочыя). Надзея Рыгораўна Гарановіч, Соф’я Уладзіміраўна Карэнька, Мінск”.
“З Марыяй КАЗЛОВАЙ мы разам вучыліся на курсах у Горацкай сельгасакадэміі ў 1952 годзе. А нарадзілася яна ў г.п.Стрэшын Жлобін-скага раёна і жыла там, калі працавала аграномам. Затым сяброўка пераехала ў Мінск, дзе працавала — не ведаю. Заязджала па дарозе з санаторыя да нас у Добруш у 1967 годзе. З таго часу я нічога пра яе не ведаю. Вельмі хачу з ёй сустрэцца. Цяпер я жыву ў Мінску ў дачкі. Марыя, адгукніся! Валянціна Андрэеўна Караткевіч”.

ПрапалІ без вестак

“У гады вайны згубілася мая сястра Вольга Фёдараўна ЦАРЭНКА, 1925 года нараджэння, ураджэнка вёскі Шарыкі Лёзненскага раёна. У 1943-м яна забрала малодшага брата, якому было ўсяго два гады, і пайшла да бабулі Настассі Князевай у вёску Друкава Віцебскага раёна. Праз некаторы час немцам нехта перадаў, што ў бабулі жыве маладая дзяўчына, і яе забралі, некуды павезлі, магчыма, на працу ў Германію. З таго часу больш пра сястрычку Вольгу нічога невядома. Можа, засталіся людзі, якія разам былі ў Германіі ці іншай краіне з Вольгай, памятаюць яе, паведаміце. Ніна Фёдараўна Цымбарава (Царэнка), Лёзна”.
“Шукаю звесткі пра свайго брата Аляксея Уладзіміравіча ПУЦІНЦАВА, 23 сакавіка 1925 года нараджэння. У лістападзе 1943-га прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак. А ў 1946 годзе прыйшоў ліст ад Васіля Дзямідава, у якім гэты чалавек паведамляў, што пазнаёміўся з братам у вагоне, у якім ехалі зняволеныя з “Чорнага лагера” (Францыя). Васіль ехаў на шахты, а мой брат — невядома куды. Па словах Васіля, брат назваўся Мікалаем, магчыма, баяўся нечага. На жаль, брат не вярнуўся дадому, пісьмаў не пісаў. Можа, ён таксама паехаў на работы ў шахты? Калі хто ўспомніць  Аляксея, паведаміце. Анатоль Уладзіміравіч Пуцінцаў, Орша”.
“Мая малодшая сястра Валянціна Сяргееўна ІВАШКЕВІЧ (прозвішча пазначана неразборліва) нарадзілася прыкладна ў 1935—1936 годзе. Да вайны мы жылі ў Дубровенскім раёне, бацькі рана памерлі, мы засталіся адны — пяцёра дзяцей. Брата Сашу (9 гадоў) і сястру Валю (4 гады) аддалі ў дзіцячы дом у Віцебску. У вайну дзетдом эвакуіравалі. Брат потым вярнуўся дадому, а Валя прапала. Магчыма, яе ўдачарылі добрыя людзі. Яна была яшчэ малая, таму магла не помніць сваю сям’ю. Ёсць надзея, што Валя вярнулася ў Беларусь з астатнімі дзецьмі пасля эвакуацыі. Можа, хто памятае дзяўчыну Валю, прыкладна 1935—1936 года нараджэння? Антаніна Сяргееўна Асіпкова, Орша”.
“Мой бацька Уладзімір Васільевіч ХАРТАНОВІЧ, 1907 года нараджэння, ураджэнец вёскі Бабры Лідскага раёна, прызываўся на зборы ў маі 1941 года. За некалькі дзён да пачатку вайны напісаў дадому пісьмо, абяцаў хутка прыехаць. У 1944 годзе прыйшло паведамленне, што бацька прапаў без вестак. Куды я толькі ні звяртаўся — безвынікова. Сцяпан Уладзіміравіч Хартановіч”.
“Да вайны наша сям’я жыла ў вёсцы Дзеднава Бабруйскага раёна. Пасля бою ля Бярэзіны майго бацьку Рыгора Андрэевіча АТРОХАВА, 1909 года нараджэння, ураджэнца вёскі Азарычы Рагачоўскага раёна, захапілі ў палон. А потым яго, як і іншых людзей, павезлі ў канцлагер, у які дакладна — не ведаю. Хочацца даведацца, дзе знайшоў апошні прытулак родны чалавек. Тамара Рыгораўна Тамаровіч. На фота бацька справа. Можа, яго ўспомняць сведкі тых падзей”.
“Шукаем звесткі пра сваіх братоў. Мікалай Мікалаевіч ЛАБОЎКА (Лабаўко), 1920 года нараджэння, ураджэнец вёскі Гарбулі Віцебскай вобласці, перад вайной служыў у Івана-Франкоўску. Прапаў без вестак у Арлоўскай вобласці. Васіль Мікалаевіч ЛАБОЎКА (Лабаўко) ў гады Вялікай Айчыннай быў у палоне. Дадому не вярнуўся. Афанас (Апанас) Емяльянавіч, прыкладна 1913 года нараджэння, ураджэнец вёскі Чарнаўшчына Віцебскай вобласці, працаваў да вайны трактарыстам. Яго жонку і дачку немцы забралі ў лагер. Дзе ваяваў Афанас — невядома. Міхаіл Мікалаевіч і Вера Емяльянаўна Лабоўка (Лабаўко)”.
“Мой бацька Рыгор Антонавіч БАРЭЙКА пасля ранення некаторы час быў дома, лячыўся, потым вярнуўся на фронт. Магчыма, загінуў на тэрыторыі Польшчы. Я рана засталася сіратой, тату не памятаю, толькі захаваўся вобраз па расказах маці. Можа, у кнігах памяці загінуўшых воінаў на тэрыторыі Польшчы ёсць звесткі пра майго бацьку? Галіна Рыгораўна Гілевіч (Барэйка)”.

ЦІ даехала да ПольшЧы?

“Я шукаю родных Ядвігі Іосіфаўны СЯНЦІЦКАЙ. Гэта жанчына некаторы час жыла ў маёй бабулі ў Віцебску, працавала на чыгунцы. Дапамагала мяне выхоўваць. Я добра памятаю яе першыя ўрокі жыцця. Як пачалася вайна, бабулін дом згарэў, мяне бацькі забралі ў вёску Бешанковіцкага раёна, дзе мы жылі ўсю вайну. Ядвіга Іосіфаўна, па чутках, паехала да сваіх братоў у Польшчу. Ці даехала яна туды? Магчыма, у Польшчы засталіся яе пляменнікі, няхай адгукнуцца. Аляксандр Іванавіч Варапаеў, Лунінец”.

АдгукнІцесЯ!

“Пішу па просьбе сваёй цёткі Уладзіславы Сцяпанаўны Сакалоўскай, 1928 года нараджэння. Цётка шукае знаёмую Соф’ю Аляксандраўну КАЗЛОВУ (Суднікевіч), 1936 года нараджэння. Да вайны яна з бацькамі пераехала на будаўніцтва ваеннага аб’екта, які знаходзіўся ля вёскі Вяршок. Як пачалася вайна, бацька Соні пайшоў на фронт. Яна з маці засталася на кватэры ва Уладзіславы Сцяпанаўны. У 1943 годзе Соніну маці за сувязь з партызанамі расстралялі, бацька загінуў на фронце. Соню глядзела Уладзі-слава Сцяпанаўна з яе сястрой. Пасля школы Соня скончыла курсы прадаўцоў у Баранавічах. У яе ў Мінскай вобласці жыла бабуля Міхаліна Паўлаўна Бубліс. Нейкі час Соня пісала Уладзіславе Сцяпанаўне. У 1960-х гадах яна выйшла замуж за ваеннаслужачага і жыла па адрасе: Гомель, п/а Зябраўка. Магчыма, яна і зараз жыве ў Гомельскай вобласці. Хай адгукнецца. Уладзіслава Сцяпанаўна вельмі хоча яе ўбачыць. Ірына, горад Баранавічы”.

За акІЯнам

“Ужо некалькі гадоў я спрабую знайсці звесткі пра сваіх родных, якія жылі ў ЗША. Родны брат майго дзеда Уладзіміра — Іван Мікалаевіч Гамшэй, прыкладна 1895 года нараджэння, ураджэнец Пружанскага раёна, у 1939 годзе паехаў у ЗША. Там у яго нарадзілася дачка Сафія. Вядома, што яна выйшла замуж (прозвішча па мужу не ведаю). У яе нарадзіліся дзве дачкі Алена і Барбара. Яны мне сёстры, як кажуць, у трэцяй сустрэчы. Спадзяюся, мае родныя па прозвішчы ГАМШЭЙ адгукнуцца. Віктар Сцяпанавіч Марыневіч, Брэст”.

Радыёпраграма “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё
 ў нядзелю ў 18.00 і сераду ў 21 гадзіну.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter