"помні імя сваё..."

Чаго толькі не бывае ў жыцці. Здараецца так, што родныя людзі становяцца чужымі, не хочуць знацца, ведаць адно пра другога. А тут паміж зусім чужымі жанчынамі, знаёмымі толькі па непрацяглай перапісцы, працягнулася душэўная трапяткая нітачка. Яна, мы ўпэўнены, будзе ўмацоўвацца з кожным лістом, а дасць Бог, і з сустрэчамі. А мы разам з калегамі будзем працягваць пошукі родных Аляксандры Сяргееўны Шарэстанавай, а таксама паспрабуем даведацца пра лёс Лідзіі Андрэеўны Дрозд. І старацца ладзіць душэўную сувязь паміж людзьмі.
Родныя душой

Жыхарка Расіі шукала ў Беларусі родных па крыві, а знайшла родную душу
Магчыма, яны і сустракаліся ў даваенным Мінску, бо жылі непадалёк: Саша на вуліцы Энгельса, сям’я Зоі — на Свярдлова. Можа, былі знаёмыя і іх бацькі, якія маглі “перасякацца” ў Доме ўрада. Хто ведае, як склалася б іх жыццё, калі б не вайна. У выніку абедзве асірацелі. Адна ў час ліхалецця страціла беларускую радню і “асела “ ў Расіі, другая да цяперашняга часу шукае сястру. Пошукі, а дакладней сумесны праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё”, і пазнаёмілі гэтых жанчын. Пакуль завочна. Хоць у выніку перапіскі яны і высветлілі, што не родныя па крыві, але адчулі роднасць душ.

Падобная да Пушкіна

Аляксандра Сяргееўна Шарэстанава жыве ў Екацярынбургу. На Урал яна патрапіла ў час Вялікай Айчыннай. Здарылася гэта так. У пачатку вайны Сашы, якая нарадзілася і жыла ў Мінску, было каля чатырох гадоў. Улетку іх дзіцячы садок вывезлі ў Ждановічы. Тут і застала іх вайна. Дзяцей эвакуіравалі на Урал.
— На жаль, лёс абышоўся са мной жорстка. Я так і не знайшла бацькоў, хоць многіх забіралі, — скрозь слёзы сцісла распавядае Аляксандра Сяргееўна. — Потым прыехала камісія з Алапаеўска. У каго не было метрык, аднаўлялі. Хоць я і казала, што родам з Мінска, запісалі, што нарадзілася ў Алапаеўску, па нацыянальнасці руская. Бацьку і маці я амаль не памятала. Была падобная на Пушкіна, таму імя па бацьку далі Сяргееўна. Працавала, вучылася. Выйшла замуж за хлопца з нашага дзетдома. Ён рана памёр. Дачка атрымала вышэйшую адукацыю, выдала яе замуж, маю ўнукаў.
Гісторыя прагучала па радыё і была надрукавана на старонках “Народнай газеты”. Мы таксама змясцілі фотаздымак маленькай Шурачкі. неўзабаве раздаўся тэлефонны званок.
— Мае цёткі сказалі, што на фотаздымку яна вельмі падобная на Лідачку, якая згубілася ў час вайны. Калі гэта так, то яшчэ жыве яе родная сястра, з якой яны могуць нарэшце ўбачыцца, — усхвалявана мінчанка Алена Пятроўна Нікіценка.
І ў Екацярынбург паляцела пісьмо з Карэліч. Зоя Андрэеўна Кульша, якая не страчвае надзею знайсці малодшую сястрычку, напісала ўсё, што памятала і ведала пра сваю сям’ю і Лідачку. Чатыры лісты, прасякнутыя болем і надзеяй, горам і радасцю, неўзабаве дайшлі да Аляксандры Сяргееўны. А затым у Беларусь прыйшоў адказ з Расіі...

Аляксандра — не Лідзія

Гэтага ліста з нецярпеннем чакала і Зоя Андрэеўна, і яе стрыечная сястра Соф’я Іванаўна Марцючэнка. Менавіта Соф’я Іванаўна, якая выпісвае “Народную газету”, убачыла зварот Аляксандры Сяргееўны Шарэстанавай і падняла на ногі ўсю радню. Чаканне было нялёгкім. Лічылі не дні, а гадзіны, хвіліны.
— Вечар, змрок ахутвае наваколле, святло ўключаць не хочацца. Сяджу так — і ўсё жыццё перад вачыма, — расказвае пра той час чакання і надзеі Зоя Андрэеўна.
Сям’я Дрозд сербанула гора столькі, што на некалькі б хапіла па цяперашнім часе. Але тады ішла вайна, і ніхто не ведаў, што будзе заўтра і ці прыйдзе для цябе тое заўтра наогул. Яшчэ перад вайной памерла маці, і дзяцей (а іх было трое) даглядала бабуля.
— Тата наш закончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт, выкладаў у палітэхнікуме, — успамінае Зоя Андрэеўна. — Я была самай старэйшай, перад вайной хадзіла ў падрыхтоўчы клас. Затым ішоў брат, а Лідачка нарадзілася ў 1939 годзе. Калі пачалася вайна, мы з братам былі ў піянерскім лагеры ў Тальцы. Бацька прыехаў і сказаў, што нас, відаць, эвакуіруюць, а ён затым нас знойдзе. Так і здарылася. Бацька пайшоў на фронт, а нас завезлі ў Пензу, а затым размеркавалі па гарадах Пензенскай вобласці. Мы апынуліся ў дзіцячым доме ў Кузнецку. Наша прозвішча было Дрозд, а ў Расіі сталі Драздовы. Тым, хто не памятаў свайго прозвішча, запісвалі як Бесфамільных ці Бяспамятных. Мы хадзілі ў школу і чакалі. Бацька сапраўды нас знайшоў, мы перапісваліся, а затым ён загінуў пад Харкавам. Нас з братам забралі родныя пасля вайны, мы выхоўваліся ў іх сем’ях. Брат быў лётчыкам, загінуў гадоў пяць таму. Я закончыла Гродзенскі універсітэт, 40 гадоў выкладала рускую мову і літаратуру.
А малодшая сястрычка згубілася на ваенных шляхах-дарогах. Яе доўга шукалі. Высветлілі, што была эвакуіравана. На запыты прыйшоў адказ, што Лідзія Драздова (імя па бацьку невядома) знаходзіцца ў Калязіне. Адтуль жа паведамілі, што была такая, але пераведзена ў Яраслаўскую вобласць. І ўсё, больш ніякіх звестак. Родныя думалі, што, магчыма, дзяўчынку ўдачарылі. Звярталіся на праграму “Жди меня”. І тут праз столькі гадоў фотаздымак у нашай газеце і падобная гісторыя.
— Я думала: можа, Аляксандра Сяргееўна Шарэстанава і ёсць наша Ліда, — працягвае Зоя Андрэеўна.
Пакуль у Беларусі чакалі адказу, Аляксандра Сяргееўна ў Екацярынбургу перачытвала пісьмо і плакала. Плакала над чужой сіроцкай доляй, над тымі фактамі, якія пацвярджалі, што яна зусім не тая Лідачка, якую спадзяюцца знайсці беларускія родзічы. Раз-пораз выцірала слёзы і пісала адказ, у якім дзялілася набалелым. Спісала дзесяць аркушаў, уклала свой фотаздымак ужо ў дарослым выглядзе, каб яшчэ раз угледзеліся, абмеркавалі. А раптам...
І вось пісьмо дабралася да Беларусі. 12 дзён ішло, падлічыла Зоя Андрэеўна. Яна чытала адказ, хвалюючыся, перачытваючы асобныя моманты, звяртаючы ўвагу на несупадзенні. І ўзрост не той, і на розных вуліцах жылі ў Мінску, маці Сашы іграла на піяніна, да таго ж яна была адна ў бацькоў у адрозненне ад маці Зоі, у Сашынага бацькі быў другі шлюб, а працаваў ён у Доме ўрада, куды, казалі, заходзіў па справах і бацька Зоі Андрэеўны... Яна разумела, што не знайшла сястру. Але адчувала, што набыла роднага чалавека, блізкага душой, з падобным лёсам, якая адкрыта, як з сястрой, падзялілася ўсім, што хвалюе, адкрыта і шчыра расказала пра сваё жыццё.

Зямлячка, суседка

— Малайчына, Соня, што звярнула ўвагу на публікацыю,— задаволена стрыечнай сястрой Зоя Андрэеўна. — Няхай Аляксандра Сяргееўна і не сястра, але яна наш чалавек: суседка па Мінску, зямлячка, якая сумуе па сваёй радзіме, хоча даведацца пра родных. Дарэчы, у свой час яе хацела ўдачарыць сяброўка маці, але яна не згадзілася. Гэтая ж сяброўка расказала дзяўчыне пра яе сям’ю. Пра гэта Аляксандра Сяргееўна паведаміла мне ў пісьме. Яна запрасіла прыехаць у госці, каб бліжэй пазнаёміцца, пагутарыць пра ўсё. Абяцала прыслаць фотаздымак усёй сям’і. Я ёй паслала адказ і выразку з “Народнай газеты” пра пошукі яе родных. Цяпер чакаю пісьмо з Екацярынбурга. Мабыць, яно прыйдзе пазней, бо яе дачка якраз у кастрычніку павінна нарадзіць. А затым, спадзяюся, праз некаторы час Аляксандра Сяргееўна прыедзе ў госці. Сама я не змагу паехаць, здароўе не дазваляе. А ўбачыцца хочацца.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter