“Помні імя сваё...”

Маці — святое слова для кожнага чалавека. Яно заўсёды з намі, дзе б мы ні былі, куды б ні закінуў лёс. Але многія прымушаюць сваіх матуль хвалявацца, перажываць, бо рэдка пішуць і тэлефануюць ім. Некаторыя шмат гадоў не бачылі маці, не наведвалі іх, не прысылалі ім вестачку, а матулі плачуць, пішуць на радыё і ў наша выданне, просяць знайсці дачку альбо сына. Між тым і лёсы мацярынскія бываюць розныя. Аб гэтым сведчаць пісьмы, якія прыходзяць на адрас сумеснага пошукавага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё...”
Сябры

“Хачу знайсці свайго аднапалчаніна і сябра Уру (Юрыя, як я яго называў) Віктаравіча УРЫНА, 1926 года нараджэння, ураджэнца Шклоўскага раёна. З ім у час вайны забяспечваў сувязь батарэі 120-міліметровых мінамётаў 241-га палка, затым службу працягвалі ў Германіі. 1 мая 1950 года мяне адправілі ў водпуск, і варочацца ўжо не трэба было. Ура Віктаравіч, адгукніся, каб мы сустрэліся. Міхаіл Канстанцінавіч Федарынчык, Уздзенскі раён”.

Шукаю

“7 гадоў я шукаю свайго сына. У 1999 годзе мяне пазбавілі бацькоўскіх правоў. Дзяцей крыху пазней забралі ў дзіцячы дом. Сын Саша, 1984 года нараджэння, Алег нарадзіўся ў 1986-м. Я была на 6 месяцаў пазбаўлена волі. Калі вярнулася, паехала ў дзіцячы дом. Сашы там не было. Мне сказалі, што ён збег і ніхто не ведае, дзе ён. І я паехала ні з чым. Дапамажыце знайсці яго. Алег да мяне прыязджае, і я яго наведваю. Таццяна Сідарава, Мінская вобласць”.

дАТА нараджэннЯ

“Па дакументах, якія складзены паводле слоў сведак, мой муж Вікенцій Вікенцьевіч КАВАЛЬЧУК нарадзіўся 19 студзеня 1932 года ў вёсцы Вішава Казлоўшчынскага (зараз Слонімскага) раёна. У вёсцы яго звалі Вінцусь, а мы завём Віктар. Так атрымалася, што яго маці Ганна Антонаўна і бацька Вікенцій Антонавіч Кавальчукі рана памерлі і ён застаўся сіратой з маленства. Пасведчання аб нараджэнні не было, сваё дзяцінства муж не памятае. Нядаўна я даведалася, што хрысцілі яго ў касцёле ў вёсцы Высоцк, што непадалёку ад Вішава. З касцёла кнігі запісаў народжаных і ахрышчаных былі перададзены ў архіў, у які, не ведаем: можа, у Слонім, Навагрудак альбо ў Гродна. Мы вельмі хочам даведацца сапраўднае імя і год нараджэння самага дарагога для нас чалавека — мужа, бацькі, дзядулі. Валянціна Іванаўна Кавальчук, Баранавічы”.

“Жди меня”

Гэтыя запыты нам перадалі калегі з расійскай перадачы “Жди меня”.
Алег Усеваладавіч Кустоўскі шукае звесткі пра бацьку Усевалада Мікалаевіча КУСТОЎСКАГА, 1910—1916 года нараджэння, ураджэнца Гомеля. “Падчас вайны пры эвакуацыі мяне з мамай вывезлі з Беластока, а бацька застаўся там, бо быў камандзірам танкавай часці. З таго часу нічога пра яго і яго родных не ведаем. Можа, у Гомелі і зараз жывуць сваякі з прозвішчам Кустоўскія?”. На фотаздымку Усевалад Мікалаевіч, яго жонка і маленькі Алег.
Варвара Мікалаеўна Глушко шукае стрыечнага брата Сямёна Давыдавіча СУХАПАРАВА. Да Вялікай Айчыннай жыў у вёсцы Уросава Саргітскага раёна Омскай вобласці. Пасля вайны Варвара Мікалаеўна бачыла брата адзін раз. Пазней даведалася, што Сямён паехаў у Беларусь.
Марына Валяр’янаўна Сакалова шукае Алега Аляксандравіча МАНАНКОВА, 1984 года нараджэння. З ім у 1993—1995 гадах вучылася ў школе ў Архангельскай вобласці. Прыкладна ў 1995 годзе ў Алега нарадзіўся малодшы брат Саша. Праз некалькі месяцаў бацькі паехалі з ім у невядомым накірунку. Можа, яны накіраваліся ў Беларусь?
Валянціна Міхайлаўна Рыбні-кава (Дземчанка) шукае Мікалая МАРОЗАВА, 1938 года нараджэння, ураджэнца горада Мінска. “Мікалай служыў у марфлоце ў Крыме. Мы хацелі стварыць сям’ю, але па маёй віне гэтага не адбылося і пра гэта я шкадую ўсё жыццё”.
Рузана Самвелаўна Саакян шукае брата Эдзіка Самвелавіча СААКЯНА, 1951 года нараджэння, ураджэнца Арменіі. Апошні раз ён тэлефанаваў у 2003 годзе з Магілёва, паведаміў, што едзе ў Брэст, а адтуль у Арменію. Але дадому так і не прыехаў.
Ганна Львоўна Камарова шукае Аляксандра Генадзьевіча МАЛАШКОВА, 1982 года нараджэння, ураджэнца Беларусі. Ганна пазнаёмілася з ім у цягніку. Пачаліся сяброўскія адносіны, праўда, нядоўгія. Ганна і Аляксандр рассталіся ў красавіку 2006 года. Дзяўчына згубіла нумар тэлефона свайго сябра.
Б.Д.Кудраўцава шукае Анатоля Францавіча КУНЦЭВІЧА, 1956 года нараджэння. “З Анатолем я пазнаёмілася ў 1987 годзе. Ён тады працаваў старшым памочнікам капітана на БМРТ, Карсакаўскай базе акіяніч-нага рыбалоўства Сахалінскай вобласці. Яго судна базіравалася летам 1987 года ў Петрапаўлаўску-Камчатскім. Да Сахалі-на Анатоль працаваў і жыў у Рызе. Зараз, магчыма, жыве ў заходняй частцы Расіі, Беларусі або Літвы”.
Галіна Васільеўна Вавілава шукае пляменніка Аляксандра Васільевіча ІЎКІНА, 1971 года нараджэння. У Беларусь ён пераехаў з Казахстана з жонкай Таццянай Пятроўнай Іўкінай (Валодзькінай) і дзіцем. Апошні ліст ад яго родныя атрымалі з п/а Бабінічы Аршанскага раёна. І больш пра яго нічога невядома.
Мы зробім усё магчымае, каб дапамагчы ў пошуках. Спадзяёмся і на дапамогу радыёслухачоў і чытачоў “НГ”. Калі вам што-небудзь вядома пра людзей, якіх шукаюць іх родныя, блізкія і знаёмыя, абавязкова паведаміце.

Цяжкі груз віны

“Гэта цудоўна, што вы дапамагаеце знайсці адно аднаго тым, хто шмат гадоў жыў у разлуцы. Магчыма, дапаможаце і мне. У маладосці я вельмі пакрыўдзіла аднаго чалавека, вельмі добрага хлопца, і ўсё жыццё нясу ў сваім сэрцы цяжкі груз віны. Вельмі хачу папрасіць у яго прабачэння. Справа вось у чым. У далёкім 1958 годзе нас, студэнтаў, паслалі ў Казахстан на ўборку ўраджаю. Пасля сямі сутак паездкі ў вагонах таварных цягнікоў мы, нарэшце, дабраліся да цэнтральнай сядзібы зернесаўгаса “Прывольны” Рудаеўскага раёна Какчатаўскай вобласці. Пакуль даспяваў ураджай, мы жылі тут. У канцы жніўня нас пачалі размяркоўваць па брыгадах. Наша група з сямі чалавек трапіла ў самую аддаленую брыгаду. Але маладым, як кажуць, мора па калена: мы гэта ўспрынялі з радасцю. І вось тут пачалася мая гісторыя. Прывезлі нас да вялікага поля пшаніцы, пасярэдзіне якога стаяла вялікая палатка, і аб’явілі, што гэта наша брыгада. Я сядзела на машыне-палутарцы, а з палаткі выйшаў прыгожы хлопец: вялікія шэрыя вочы, на шчацэ радзімы знак, загаварыў з намі з крыху ўкраінскім акцэнтам. Я глянула на яго і як быццам абамлела. Ён таксама ўважліва паглядзеў на мяне. Мы пасяліліся, пачалі прывыкаць да новых умоў жыцця, знаёміцца з мясцовай моладдзю. Я стала сябраваць з тым хлопцам, і ён прапанаваў нават выйсці за яго замуж. Але не падумала добра і аддала перавагу свайму аднакурсніку. Саша МАРЧУК, так звалі хлопца-цалінніка, хадзіў за мной па пятах і ўздыхаў. Асабліва цяжкім для яго і для мяне было расставанне, калі мы ад’язджалі з цаліны дамоў. Саша падышоў да мяне і папрасіў адрас. Я адмовіла яму, сказала, што ў мяне ёсць хлопец. Пасля гэтых слоў Саша ва ўсіх на вачах моцна схапіў мяне ў абдымкі. Я палічыла такія дзеянні занадта смелымі і адштурхнула Сашу. Калі ўбачыла на яго вачах слёзы, сэрца маё ўстрапянулася. Я хацела даць яму адрас, але машына, якая везла нас на вакзал, кранулася з месца, я ўскочыла на яе, і мы паехалі. У мяне было шмат хлопцаў, але вобраз Сашы, наша развітанне і пачуццё віны перад ім я пранесла праз усё жыццё. Вельмі хачу, каб ён быў жывы, здаровы і шчаслівы. Няхай даруе мне, легкадумнай. Яўгенія Ігнатаўна Сінкевіч, Мінск”.

Не забываецца

“Я была студэнткай Магі-лёўскага педагагічнага інстытута і шчыра сябравала з хлопцам, які вучыўся ў Омскім ваенным вучылішчы. Ён прапанаваў мне выйсці за яго замуж, а я не адважылася, бо трэба было яшчэ год вучыцца. Так нашы шляхі і разышліся. У мяне была сям’я. Дзеці мае ўжо дарослыя, муж год назад пайшоў з зямнога жыцця. Але мяне ніколі не пакідала тое маё першае, трапяткое пачуццё. Неаднойчы бралася за пяро, але напісаць яму першая, як і тады, у маладосці, не адважваюся. Нялёгка адкрыцца ў сваіх пачуццях, а яны ёсць у маім, ужо хворым сэрцы. Да таго ж недакладна ведаю адрас Мікалая Давыдавіча ЗНОСАКА, забыць якога ніяк не магу. Зінаіда Васільеўна”.

  Крык душы

“Дапамажыце знайсці бацьку маёй дачкі Валянціна Васілье-віча ЯРШОВА. Нарадзіўся ён у 1930 годзе, здаецца, у Новарасійску. У пачатку 90-х сувязь з ім абарвалася. Я паслала пісьмо ў горад Новакубанск, дзе ён жыў, але яно вярнулася з паведамленнем, што адрасата не знайшлі. Думаю, што ён жыве недзе ў іншым месцы. Да пачатку 90-х гадоў быў на Сахаліне, але па просьбе састарэлай маці прыехаў ў Новакубанск, адкуль я і атрымала ад яго некалькі пісьмаў. З кім ён жыў апошнія гады, не ведаю. Я інвалід 2-й групы па зроку, самастойна яго шукаць не магу. Лідзія Сямёнаўна Салаўёва, Новалукомль”.

Блізкія людзі

“Мая стрыечная сястра Ларыса Міхайлаўна ВІШАЛКОВА жыла на Кіеўскім праспекце ў горадзе Данецку, працавала сакратаром у гарадскім аддзеле ўнутраных спраў. Аднойчы яна патэлефанавала нам, сказала, што моцна хворая і, калі што здарыцца, нам паведаміць сын Мікалай Уладзіміравіч Вішалкоў. Вось ужо дзесяць гадоў ад іх няма ніякіх звестак. Мікалай! Паведамі, што здарылася з маці. Мы вельмі хвалюемся. Тамара Сяргееўна Шашко, Орша”.
“Хачу знайсці брата Рыгора Ісакавіча МІРАНКОВА, 1918 года нараджэння, які жыў у сяле Малая Данілаўка Дзергачоўскага раёна Харкаўскай вобласці. Не ведаю, што з ім здарылася. Ужо 18 гадоў не піша мне і на мае лісты не адказвае. У брата два сыны Генадзь Рыгоравіч і Валянцін Рыгоравіч Міранковы. Адзін з іх жыў непадалёку ад бацькі, другі ў Харкаве. Дачка не ведаю дзе. Вельмі хачу, каб дзеці брата адгукнуліся і паведамілі пра бацьку. Ніна Ісакаўна Ратабельская, Крычаўскі раён”.
“Піша вам удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, інвалід 2-й групы Марыя Лявонаўна Мельнікава з Гомеля. Спадзяюся даведацца, што здарылася з маім братам. Апошняе пісьмо ад яго атрымала 12 ліпеня 2001 года. Мой брат Васіль Лявонавіч ШАМОНІН, 1935 года нараджэння, жыў у пасёлку Алмазны Растоўскай вобласці. Жонка яго Надзея Шамоніна і сын Валерый Шамонін. Чакаю ад іх вестачку”.

  “Сыны кулака”

“Жыхарка Браслава Люцыя Зінкевіч неяк прасіла вас дапамагчы знайсці месца, дзе пахаваны яе свёкар Канстанцін Пятровіч Зінкевіч. Ён быў арыштаваны ў 1941 годзе і знаходзіўся ў турме ў горадзе Глыбокае. Па просьбе стрыечнай сястры Вольгі Аркадзьеўны Мяшкелы, якая жыве ў горадзе Гданьску ў Польшчы, хачу даведацца, дзе пахаваны яе бацька Аркадзь Пятровіч ЗІНКЕВІЧ, 1895 года нараджэння. У ліпені 1940-га ён быў арыштаваны і знаходзіўся ў турме ў горадзе Глыбокае, у Беразвеччы, так называлі гэта месца. Быў там сем месяцаў, потым яго адправілі ў Маскву, дзе судзілі і накіравалі адбываць пакаранне ў горад Котлас Архангельскай вобласці. Родныя атрымалі адно пісьмо, у якім Аркадзь Пятровіч Зінкевіч паведамляў, што яму вельмі холадна, ён хворы і ляжыць у шпіталі. Пісьмаў больш не было. Аркадзь Пятровіч Зінкевіч быў родным братам Канстанціна Пятровіча Зінкевіча. Абодва яны жылі на хутары Выторкі Шаркоўшчынскага раёна. У той час іх называлі сынамі кулака. Ангеліна Бенядзіктаўна Дзяруга, Маладзечна”.

Выратаваў ад смерці

“У 1954—1955 гадах я працаваў на лесасплаве ў Карэліі, і са мной здарыўся няшчасны выпадак. Рызыкуючы сваім жыццём, на дапамогу мне кінуўся Віктар ПЛАВУНОЎ (па бацьку, здаецца, Навумавіч). Родам ён быў з Быхаўскага раёна. Віктар любіў расказваць пра родную вёску на беразе Дняпра. Вельмі хачу даведацца, як склаўся лёс майго выратавальніка, і яшчэ раз падзякаваць яму за добры ўчынак. Аркадзь Канстанцінавіч Арановіч, Бабруйск”.

ПрапалІ без вестак

“Нарадзілася я ў снежні 1941 года ў сям’і ваеннаслужачага. А ў чэрвені 1942-га маму і мяне фашысты везлі ў няволю ў Германію. Мама скакала з вагона на хаду поезда, а потым чатыры гады мы з ёй бадзяліся па акупіраванай ворагамі Літве. У 1945 годзе вярнуліся ў Беларусь і атрымалі паведамленне, што ў снежні 1941-га прапаў без вестак мой бацька Іван Андрэевіч ГАРДЗІЕНКА. Ён быў 1920 года нараджэння, з Чарнігаўскай вобласці. У 1937-м закончыў Ульянаўскае танкавае вучылішча. Служыў у Барысаве, на фронт пайшоў з літоўскага горада Алітус. Быў намеснікам камандзіра роты 9-га танкавага палка. У жніўні—верасні 1941 года, па словах сваякоў, знаходзіўся ў раёне Хоцімска. Пра далейшы лёс дарагога чалавека нічога не ведаем. Таццяна Іванаўна Пекулеўская, Асіповічы”.
“Мой бацька Мікалай Ільіч МЕЛЬНІКОВІЧ загінуў у час вайны на фронце. Быў ён 1911 года нараджэння, з вёскі Фядоры Столінскага раёна. Пра бацьку мне расказваў стрыечны брат. Яны разам ваявалі, былі параненыя і ляжалі ў шпіталі. Аднойчы ў шпіталь прыйшлі ваенныя і спыталі: “Хто пойдзе ў цесляры?” Мой бацька сказаў: “Я пайду! “Праз некаторы час маёй маці прыйшла пахавальная, што яе муж памёр ад ран і пахаваны на латвійскай зямлі”. Але аднойчы прыехаў да нас яго сябар, прачытаў гэта паведамленне і сказаў, што тут, мабыць, нейкая памылка, бо ён бачыў майго бацьку з трэцяга паверха дома пасля таго, як была адпраўлена пахавальная. Сябар клікаў яго, але мой бацька, відаць, не пачуў і не адгукнуўся. Марыя Мікалаеўна Гапончык”.
“Мой брат Станіслаў Мікалаевіч СКВАРЦОЎ, 1918 года нараджэння, да вайны жыў у Бабруйску, працаваў непадалёку, у Кісялевічах. Там рамантавалі трактары, танкі. 28 ці 29 чэрвеня 1941 года з двума хлопцамі забег дамоў пераапрануцца. Толькі выйшлі на вуліцу, ускочылі на трактар і паехалі. Калі брат пераапранаўся, тыя двое гаварылі: “Будзем ісці колькі зможам, потым звернем у лес, а там адшукаем партызан”. З таго часу пра брата нічога не ведаем. Леанід Мікалаевіч Скварцоў, Бабруйск”.
“Зараз я знаходжуся ў Беларусі, а наогул з 1961 года жыву ў Крыме. На беларускай зямлі жыве мая маці Кацярына Ягораўна Мініна, якой 85 гадоў. Таму мне і даводзіцца ездзіць туды-сюды, каб даглядаць яе. Ехаць да мяне яна не хоча, бо прывыкла тут, і ў такім узросце, напэўна, цяжка пакідаць родныя мясціны. Вось і жыве матуля ў сваёй вёсцы Валожынка Чавускага раёна. У час вайны яе бацькоў фашысты адправілі ў канцлагер “Азарычы”, дзе яны цяжка захварэлі. Пасля вызвалення іх адвезлі ў бальніцу ў Клімавічы. Там Ягор Захаравіч і Вольга Іосіфаўна МІНІНЫ памерлі, а дзе пахаваныя, невядома. Мой дзядзька Мікіта Сцяпанавіч БУЛЬБЯНКА, прыкладна 1918—1920 года нараджэння, быў прызваны ў войска. Хутка пачалася вайна. Бабулі прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак. Маці мая звярталася ў ваенны архіў у Падольск. Прыйшло паведамленне, што дакументаў там на яго няма. Вельмі хачу даведацца пра дарагіх мне людзей. Ніна Васільеўна Кірава, Чавускі раён”.

За мяжой

“У мяне ёсць стрыечны брат па бацькавай лініі. Жыве ён у Англіі. Вельмі хачу знайсці брата і пазнаёміцца з яго сям’ёй. Гады, як кажуць, бягуць, мне хутка 50. Маю вялікую сям’ю, а гэта значыць, што ў яго тут шмат сваякоў. Родны дзядзька яго жывы і вельмі хоча ўбачыць пляменніка. Пісьмы ў Англію слала цётка Марыя, але яе ўжо няма сярод жывых. Распытаць пра ўсё падрабязна няма ў каго. Мой бацька быў самы малодшы ў сям’і і мала што памятае. Ведае толькі, што брата звалі Франак і пасля вайны ён апынуўся ў Англіі. Дакладнага адраса яго ў нас няма. Рэгіна Станіславаўна Шацко, Смаргонь”.
Рэгіна Станіславаўна, відаць, вельмі хвалявалася, калі пісала ліст, таму не паведаміла прозвішча брата з Англіі. Затое прыслала фотаздымак яго сям’і, які мы змяшчаем. Спадзяёмся, што гэта дапаможа ў пошуку.
“Хачу знайсці родных, якія жывуць у Амерыцы. Родны брат маёй бабулі Максім Якаўлевіч СЕРАВОКІ паехаў туды яшчэ да рэвалюцыі. Ажаніўся на францужанцы. У іх нарадзіліся чацвёра дзяцей: сыны Жан, Аляксандр, як завуць трэцяга, не ведаю, і дачка Ніна. Да 1967 года яны дасылалі пісьмы маёй бабулі. Потым сувязь страцілася. Мой бацька расказваў, што Жан служыў у марскім флоце, быў перакладчыкам на караблі. Аляксандр, здаецца, служыў у царкве. Пра іншых членаў сям’і нічога не ведаем. Людміла Мікалаеўна Галаватая, Салігорск”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter