"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

Школьныя гады — незабыўны час. Цікава, што нават у сны яны наведваюцца часцей, чым студэнцкая ці больш позняя пара. Школа застаецца назаўжды ў душы кожнага. Любімыя настаўнікі, першае каханне, развітальны выпускны баль, школьныя сябры вельмі часта ўспамінаюцца нават праз многія гады. А сустрэчы са сваім юнацтвам, якія цяпер часта ладзяцца з дапамогай сумеснага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё...”, жаданыя і радасныя.
Праз гады

“Да вас звяртаюцца Любоў Рыгораўна Захарава, Ягор Іванавіч Сідарэнка і Вольга Уладзіміраўна Кулікова. Мы ўсе разам у 1957 годзе закончылі горацкую вячэрнюю школу № 1 Магілёўскай вобласці. І праз столькі гадоў вырашылі сустрэцца са сваімі былымі аднакласнікамі. Імёны ўсіх іх у нашай памяці. Вельмі хочацца сабрацца разам на вуліцы Бруцэра-Ярафееўскай і ўспомніць школьныя гады, маладосць і любімых настаўнікаў. Спадзяёмся, што школьныя сябры адгукнуцца і наша сустрэча адбудзецца.”
Спадзяецца сустрэцца са сваімі аднакласнікамі Уладзімір Антонавіч Корзан з гарпасёлка Шаркаўшчына. “У 1967 годзе я закончыў Бачэйкаўскую школу-інтэрнат Бешанковіцкага раёна. Са мной разам тут апынуліся Віктар ІВАНОЎ, Аляксандр ЯНВАРСКІ і Марыя КРУПСКАЯ. Хачу даведацца і пра лёс аднакурснікаў па Мсціслаўскім будаўнічым вучылішчы № 92, з 17-й групы: Пятра КАПЛУНОВА і іншых. Чакаю таксама вестак ад дачок Ірыны Канстанцінаўны ПЯЦЬКО (Пецька), жыхаркі вёскі Варанчукі Шаркаўшчынскага раёна, 1906 года нараджэння. Яны паехалі з родных мясцін, а іх маці памерла. Ведаю, што адна дачка жыве ў Магілёве, другая, Тоня, у Віцебску. Адгукніцеся. Буду чакаць.”
“У 1953 годзе мы закончылі Наваельнінскую сярэднюю школу Краснапольскага раёна. Многа прайшло часу. Яшчэ і Чарнобыль накрыў сваім крылом многія гарады і вёскі. Адной з іх была і вёска Радзілева. Пасля гэтага людзі раз’ехаліся па розных кутках свету. А многіх ужо няма сярод жывых. Але я добра памятаю імёны школьных сяброў: Анатоль Максімавіч КЛІ-МЯНКОЎ, Васіль Якаўлевіч ГЕРАШЧАНКА, Анатоль Сцяпанавіч МЯДЗВЕДЗЕЎ, Мікалай Сяргеевіч ЕМЯЛЬЯНЕНКА, Аляксандр ПАПЛЫКА, Дзмітрый ДЗЕГЦЯРОЎ, Васіль КУЗЬМІЦКІ, Мікалай БОНДАРАЎ і іншыя. Мы, канешне, сустрэцца не зможам з-за ўзросту. Але, можа, хто хоча напісаць мне ці патэлефанаваць, каб падзяліцца сваімі поспехамі ў жыцці. Магчыма, яшчэ жывая былая наша класны кіраўнік, настаўніца рускай і беларускай мовы і літаратуры Раіса Яфрэмаўна КАЧАН? Анатоль Іванавіч Манько, Бешанковічы”.

 

З дапамогай расІйскай мІлІцыІ

Клаўдзія Адамаўна Казакова з вёскі Парычы Светлагорскага раёна з дапамогай праекта “Помні імя сваё...” шукала брата Рыгора Адамавіча Захаранку, 1963 года нараджэння, з вёскі Яланы Светлагорскага раёна. Ён служыў у арміі ў горадзе Камсамольску-на-Амуры Хабараўскага краю. Пасля службы там і застаўся жыць. Ажаніўся. Увесь час яна брату званіла. А ў апошні раз ён не прыйшоў на перагаворны пункт. Не бачыліся родныя з 1985 года. Дапамогу ў пошуку аказаў начальнік міліцыі Камсамольска-на-Амуры: адтуль паведамілі дакладны адрас Рыгора Адамавіча. Сувязь родных аднавілася. Цяпер сястра тэлефануе брату па мабільным, і яны абменьваюцца навінамі.

РодныЯ людзІ

“Шукаю звесткі пра брата Івана Іосіфавіча ДАМАШЭВІЧА, 1923 года нараджэння, з вескі Красынічы Ганцавіцкага раёна. Яго ў 1943 годзе забралі падчас першага набору моладзі для адпраўкі ў Германію. Ведаю, што ён быў у канцлагеры “Вэдэль”, потым працаваў у гаспадара каля горада Гамбурга. З той пары пра яго нічога невядома. Шукаў Івана праз Чырвоны Крыж, міжнародную службу пошуку. Пісаў і на праграму “Жди меня”. Апошняя надзея на вас. Фелікс Іосіфавіч Дамашэвіч, Мінск”.
“Сяргей Іванавіч КАНДРАЦІК нарадзіўся прыкладна ў 1957 годзе ў вёсцы Тумашы Мастоўскага раёна. Скончыў восем класаў Азёркаўскай школы. У 1974 годзе паступіў у Калінінградскае марское вучылішча. З таго часу я пра яго нічога не ведаю. Дарагі брат Сяргей! Адгукніся. Аляксандр Іванавіч Кандрацік, Зэльвенскі раён”.
Пётр Якаўлевіч Сушчэня з вёскі Васілінкі Слуцкага раёна шукае дзядзьку Арцёма Якаўлевіча СУШЧЭНЮ, прыкладна 1926 года нараджэння. Па словах пляменніка, ён быў глуханямы.
“Хочацца даведацца пра лёс майго бацькі Міхаіла Іванавіча НАЙДЗЕНКІ, 1903 года нараджэння, з вёскі Веляцін Хойніцкага раёна. Ён быў арыштаваны летам 1937 года. З таго часу мы пра яго нічога не ведаем. Толькі памятаю, што пасля вайны да нас прыходзіў мужчына з суседняй вёскі. Яго арыштавалі ў адзін дзень з маім бацькам. Іх разам везлі некуды на караблі, куды — ён не ведаў. Майго бацьку ўкалыхала, і яго забралі ў санчасць. Больш яго гэты мужчына не бачыў. І да гэтага часу я нічога не ведаю пра свайго бацьку. Можа, каму вядома пра яго, паведаміце. Вера Міхайлаўна Сакоўская, Мінск”.
“Дапамажыце знайсці стрыечную сястру Галіну Аляксандраўну МАЛЫШАВУ (прозвішча дзявочае), 1939 года нараджэння, з горада Тайга Кемераўскай вобласці. У 1960 годзе муж сястры служыў у Ваенна-паветраных сілах у горадзе Барысаве, а яна працавала ў ваеннай часці. У яе ёсць сястра Люда і брат Мікалай. Галіна Мікалаеўна Малышава, Пінск”.
“Мае стрыечныя сёстры жывуць у Эстоніі, у горадзе Таліне. Адну завуць Марыя СМІРНОВА, а другую — Тамара КЛІШЭНКА. Ужо пятнаццаць гадоў няма ніводной вестачкі ад іх. Я ім пішу, але лісты не вяртаюцца і адказу няма. Тамара Паўлаўна Клімковіч, Барысаў”.
“Шукаю стрыечнага брата ЖАНДЗІНСКАГА (імя не пазначана), 1941 года нараджэння. Яго бацька Іосіф Жандзінскі быў ваенным, маці Анастасія Сцяпанаўна, 1910 года нараджэння. У іх было двое дзяцей — Лёдзік, 1932 года нараджэння, і брат, 1941 года нараджэння. Дачка ва ўзросце пяці гадоў памерла. У 1941-м немцы напалі на Брэст, сабралі жонак ваенных, выкапалі яму і расстралялі. А Лёдзіка не было дома, ён пайшоў па малако. Калі вярнуўся, то даведаўся, што маці забілі. Тады Лёдзік пайшоў і выліў малако на магілу загінуўшых. А малодшага брата, які быў яшчэ ў пялёнках, маці перад смерцю аддала суседцы, каб хоць ён застаўся жывы. З таго часу прайшло шмат гадоў. У 1989 годзе Лёдзік ездзіў у Брэст шукаць брата, але суседка не прызналася, што яго ўсынавіла. Іншыя суседзі сказалі яму пра гэта. Лёдзік памёр, так і не даведаўшыся пра свайго брата. А мой дзядзька Іосіф Жандзінскі, калі вярнуўся з вайны, шукаў сваю сям’ю. Яму сказалі, што яго жонку расстралялі, а пра дзяцей ніхто нічога не паведаміў. Тады дзядзька паехаў у Маскву, ажаніўся з масквічкай з дзіцем. Зараз яго няма сярод жывых. Я буду вельмі рада сваякам па дзядзьку Іосіфу. Хачу таксама даведацца, дзе магіла майго бацькі Івана Прохаравіча ДОЎЖЫКА, 1908 года нараджэння. Валянціна Іванаўна Касачова (Доўжык), Барань”.
“Мой стрыечны брат Мікалай Іванавіч БАГАЦЕНКА, 1937 ці 1938 года нараджэння, разам са сваімі бацькамі жыў у Магілёве. Бацька яго Іван Яфімавіч працаваў да вайны ў Магілёўскім педагагічным інстытуце. Падчас вайны загінуў на фронце. Маці Е.А.Багаценка (дзявочае прозвішча Барысевіч) працавала разам з бацькам. Пасля вайны мы з ёю перапісваліся да 1952 года, але потым перапіска спынілася. І не ведаю, што здарылася з імі. Пісала ім лісты, аднак адказу няма. Кацярына Васільеўна Пляскач (Старахатняя), Брагінскі раён”.
“Наш сын Андрэй Мікалаевіч САСНОЎСКІ, 1974 года нараджэння, праходзіў службу ў вёсцы Лапічы Магілёўскай вобласці. 22 ліпеня 1994 года, калі яму заставалася чатыры месяцы да канца службы, ён прапаў. Пасля таго нам нічога пра яго невядома. Дзе ж ён? Загадка. А мы з бацькам усё чакаем, плачам і верым, што ён вернецца. Звярталіся на праграму “Жди меня”, але безвынікова, праводзілі меншага сыночка ў армію, думалі, у старасці дапамога будзе, а тут — адны слёзы. Рэгіна Антонаўна Сасноўская, Маладзечанскі раён”.

УспамІны пра маладосць

“Кожны дзень успамінаю маладосць. У дзяцінстве мы з братам Аляксандрам жылі ў пасёлку Круглае Магілёўскай вобласці. Былі сіротамі. Вучыліся ў Круглянскай сярэдняй школе. З 1933 года жылі ў свайго дзядзькі Уладзіміра Аляксандравіча Аўсіенкі. Ён працаваў у райваенкамаце. У 1941 годзе мой дзядзька мяне і маю цётачку эвакуіраваў у горад Гразі Варонежскай вобласці. Разам з намі быў эвакуіраваны і сын сакратара раённага камітэта Мікалай Сцяпанавіч МЕЛЬЯНЦОЎ. Мой дзядзька памёр у сталінградскім шпіталі ў канцы 1943 года. Брат Аляксандр Сцяпанавіч ДЗЮБА пасля заканчэння Гомельскага кулямётна-стралковага вучылішча пайшоў на фронт. Пасля вайны я шукала яго, з архіва паведамілі, што ён прапаў без вестак. Апошні ліст ён даслаў нам з горада Жодзіна. Можа, брат жыве ў Беларусі ці каля гэтага горада знаходзіцца яго магіла? Пасля вяртання з эвакуацыі я жыла ў бацькавай сястры, працавала медыцынскай сястрой. Перапісвалася ўвесь час з Мікалаем Мельянцовым, які ў той час праходзіў тэрміновую службу ў горадзе Поці ў Грузіі. Я не дачакалася яго вяртання і выйшла замуж. Сувязь з ім пасля гэтага абарвалася. Вельмі хочацца даведацца, як склаўся яго далейшы лёс. Няхай адгукнецца. Родныя Мікалая былі эвакуіраваны з Магілёўскай вобласці і жылі ў Саратаўскай. Бацька яго загінуў на фронце. Больш пра гэтага хлопца нічога не ведаю. А нарадзілася я ў вёсцы Елча Рэчыцкага раёна. У 1938 годзе памерла мая сястра Ніна Сцяпанаўна Франкова. Яна пакінула дачку Ніну васьмі месяцаў. А муж сястры пасля яе смерці ажаніўся з жанчынай па імені Лізавета, якая мела дзіця. Я буду рада сустрэчы з пляменніцай Нінай Паўлаўнай ФРАНКОВАЙ і дзецьмі свайго былога швагра Паўла Франкова. Надзея Сцяпанаўна Куля, Мінск”.
Не забываецца
Лідзія Кабушка з вёскі Святая Воля Івацэвіцкага раёна хоча знайсці свайго знаёмага. У юнацтве Лідзія сябравала з Віктарам ДУБОЎСКІМ. З той пары яны не бачыліся. На жаль, іх жыццёвыя пуцявіны разышліся з-за неразумення адно аднаго. А жыццё такое кароткае, і вельмі хочацца, каб такіх момантаў было менш.
“У 1961—1963 гадах непадалёку ад нашай вёскі ў лесе стаяла вайсковая часць. А мы былі маладыя, добра спявалі. Аднойчы наш калектыў паехаў з канцэртам у часць. Там я пазнаёмілася з Віктарам Іванавічам НОВІКАВЫМ. Мы з ім сябравалі тры гады. У 1963-м ён дэмабілізаваўся. Аднойчы Віктар прыехаў да мяне, калі я была на працы. Прыйшоў туды, але яму адказалі, што я не хачу яго бачыць. А мне пра гэта не паведамілі. Мабыць, ён на мяне пакрыўдзіўся. Я толькі ведаю, што Віктар быў з Масквы. А больш ніякіх звестак пра яго не маю. Так хочацца сустрэцца, пагаварыць і ўспомніць маладосць. Фядора Мікалаеўна Касянюк, Маларыцкі раён”.

ПрапалІ без вестак

“У нашай сям’і было сямёра дзяцей: пяць братоў, сястра і я. Два браты памерлі ў дзяцінстве. У Магілёве пасля вайны жылі мае браты Аляксей, Міхаіл і сястра Ганна. Міхаіл у час вайны быў партызанам і яго параніла ў нагу. У выніку яе давялося ампутаваць. З вайны не вярнуўся мой трэці брат Пётр Іванавіч ЗАЙЦАЎ, які нарадзіўся ў 1921 годзе ў вёсцы Лічынка Навасельскага сельсавета Бялыніцкага раёна. Ён служыў у цяжкай мінамётнай артылерыі. У армію пайшоў з Мінскага райваенкамата. Калі былі жывыя нашы бацькі, яны яго шукалі. Але безвынікова. Прыйшоў толькі адказ, што ў спісах забітых, памерлых і прапаўшых без вестак ён не лічыцца. Я так нічога і не ведаю пра свайго браціка Пецечку. Пеця, калі ты жывы, адгукніся. А можа, дзе жыве твая сям’я. Хай напішуць ці прыедуць да мяне. Я буду рада сустрэчы з імі. Марыя Іванаўна Плюскевіч (Зайцава), Магілёў”.
“Мой бацька Аляксандр Арцёмавіч ЕРУШЭВІЧ, 1906 года нараджэння, жыхар вёскі Багатава Дубровенскага раёна, быў прызваны ў армію ў 1941 годзе райваенкаматам. Пасля гэтага пра яго лёс невядома. Толькі ў 1973-м я атрымала даведку ў Дубровенскім райваенкамаце, што мой бацька, радавы 171-га стралковага палка, памёр у нямецкім палоне 29 жніўня 1941 года. Дзе дакладна памёр і дзе пахаваны, невядома. Вельмі хацелася б нам, дзецям і ўнукам, даведацца месца пахавання бацькі і наведаць яго магілу. В.А.Ерушэвіч, Віцебск”.
“Шукаю звесткі пра бацьку Браніслава Каятанавіча ЛІЦВІНА, 1914 года нараджэння, які пайшоў на фронт і не вярнуўся. Апошні ліст ён даслаў 17 лістапада 1944 года. На канверце быў пазначаны такі адрас: Палявая пошта №73645. А праз некалькі дзён прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак ці загінуў. Мне б даведацца, дзе ён знайшоў свой апошні спачын, прыйсці на магілу, пакласці кветкі і пакланіцца. А раптам адгукнуцца таварышы па службе, якія цудам засталіся жывыя. Ванда Браніславаўна Іода, Докшыцкі раён”.
“Да гэтага часу не ведаю, дзе знаходзіцца магіла майго бацькі Фёдара Назаравіча МАКАРАНКІ, 1903 года нараджэння, з вёскі Вароўка Нараўлянскага раёна. Ён пайшоў на фронт у першыя дні вайны. Апошні раз у 1945-м прыслаў грошы і напісаў, што жывы. А праз тры дні прыйшло паведамленне з горада Піскова (так у лісце), што ён памёр. Вольга Фёдараўна Макаранка, Жлобінскі раён”.
“Мой бацька Марк Якімавіч ІГНАЦЕНКА, 1904 года нараджэння, ураджэнец вёскі Студзянец Клімавіцкага раёна, у 1941-м пайшоў на фронт чырвонаармейцам-стралком з Клімавіцкага райваенкамата. 22 студзеня 1944 года мы атрымалі ад яго першы ліст, пісаў, што жывы і здаровы, б’е фашыстаў не на жыццё, а на смерць. Паведамляў, што знаходзіцца разам у адным падраздзяленні з Іванам Архіпавічам Тарасенкам, і прасіў напісаць адрасы яго братоў, якія былі на вайне, і сына. 17 сакавіка 1944 года таксама даслаў ліст. Пісаў, што яго паранілі ў левую руку і знаходзіцца ў палявым шпіталі. На канверце стаяў нумар вайсковай часці: 6434-Г. Больш пісем ад яго мы не атрымлівалі. І толькі 6 студзеня 1945 года на імя маёй маці прыйшоў ліст ад камандзіра часці, нумар якой быў пазначаны на канверце. Падпалкоўнік Сачылін паведамляў, што 7 сакавіка 1944 года падчас баёў Марк Якімавіч Ігнаценка быў паранены і накіраваны ў шпіталь. За доблесць і мужнасць мой бацька ўзнагароджаны медалём “За адвагу”. Камандзір прасіў паведаміць пра яго дакладнае месцазнаходжанне або паштовы адрас для ўручэння ўзнагароды. А мы, на жаль, яго не ведалі. Іван Архіпавіч Тарасенка, з якім бацька сустракаўся на фронце, вярнуўся з вайны. Расказваў, што яны былі разам на Проні. Там ішлі баі. І ўсё, больш ніякіх звестак пра бацьку няма. Мой брат шукаў яго адразу пасля вайны, але безвынікова. Жыву з надзеяй, што, можа, пашчасціць даведацца пра бацьку. Марыя Маркаўна Іванова (Ігнаценка), Клімавічы”.
“Шукаем звесткі пра роднага брата Мікалая Аляксеевіча ВЕНСКАГА, які нарадзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы Леснікі Голдаўскага сельсавета (зараз Лід-скі раён). У 1943 годзе пайшоў на  вайну. Слаў пасылкі з Германіі (тканіну). Апошняя была ў 1944-м. Пісаў: “Размяшчаюся не ў абозе, таму пасылкі часцей дасылаць не магу”. Аднавясковец, які служыў разам з братам, сказаў, што Мікалая паслалі ў разведку і ён не вярнуўся. Ефрасіння Аляксееўна Чайко (Венская), Лідскі раён, і Уладзімір Аляксеевіч Венскі, Ліда”.


ДарагІЯ сЯбры

“Мы разам з Галінай Мітрафанаўнай НЕПАГОДЗІНАЙ, 1927 ці 1928 года нараджэння, закончылі Харкаўскі педагагічны інстытут у 1954 годзе. Паехалі па размеркаванні ў розныя месцы. Увесь час перапісваліся. Але ў 1995 годзе са мной здарылася бяда, у выніку якой давялося перанесці тры аперацыі. Доўгі час я была ў бальніцы, і сувязь паміж намі абарвалася. Некалькі гадоў я не атрымлівала ад яе лісты. Потым сама пісала, але адказу ад сяброўкі не было. Яна тады жыла ва Украіне, у Севастопалі. А бацькі яе — у горадзе Валуйкі Курскай вобласці. Можа, мая сябровачка адгукнецца. Вельмі хочацца сустрэцца з ёй. Валянціна Мікалаеўна Вайтовіч, Пінск”.
“Дапамажыце знайсці майго знаёмага Пятра Уладзімі-равіча СТАРУШЭНКУ з горада Клінцы Бранскай вобласці. Ён падчас вайны быў афіцэрам 169-й Рагачоўскай дывізіі. Хачу даведацца пра яго лёс і сустрэцца з ім. М.А.Лапіцкая (Аў-чыннікава), Рагачоў”.
Радыёпраграма “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў нядзелю ў 18.00
і ў сераду ў 21 гадзіну.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter