"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

У кожнага з нас, відаць, бываюць хвіліны, калі хочацца паглядзець на сябе і навокал асабліва ўважлівым, прыдзірлівым позіркам. І тут пачынаеш разумець, што побач не хапае блізкіх, дарагіх твайму сэрцу людзей, якіх растраціў на жыццёвых пуцявінах, што многія з іх далёка, а некаторых, можа так здарыцца, ужо і наогул няма. Хтосьці пакрыўдзіў вас, камусьці не даравалі крыўды вы, у спешцы, жыццёвай мітусні згубілі адрасы ці, апраўдваючыся сваёй занятасцю, не пазванілі, не напісалі дарагому чалавеку... Хіба мала прычын, абставін, якія разлучаюць людзей, робяць іх чужымі. Але ў кожнага з нас, відаць, заўсёды ёсць шанц выправіць памылкі. Нягледзячы ні на што — шукайце, шукайце і знаходзьце сваіх родных, блізкіх, дарагіх.
Прапалі без вестак

“Хачу даведацца, дзе пахаваны мой бацька Аляксей Кірылавіч БАГДАНАЎ, прыкладна 1909—1910 года нараджэння. У першыя дні Вялікай Айчыннай ён быў прызваны на фронт. Дамоў не вярнуўся. Прыйшло паведамленне, што 13 верасня 1944 года загінуў. Роза Аляксееўна Патапава, Сенненскі раён”.
“Мой дзядзька Васіль Міхайлавіч БУТРАМЕЕЎ, 1922 года нараджэння, жыў у пасёлку Усходняя  Зара Церахоўскага (зараз Добрушскага) раёна. У 1940-м вучыўся ў Мінскім пяхотным вучылішчы, якое скончыў перад вайной. У вайну змагаўся, быў паранены, затым зноў вучыўся, і ў званні старшага лейтэнанта яго накіравалі палітруком у партызанскі атрад. З ім меў сувязь брат, які жыў у Ленінградзе. Лісты дасылаў на адрас: Віцебская вобласць, палявая пошта № 114, часць 137, Стулаву, брыгада Райцава, для Бутрамеева Васіля Міхайлавіча. У ліпені 1943 года сувязь была страчана. Пасля вайны мы стараліся знайсці дарагога чалавека. Нам паведамілі, што прапаў без вестак. Такі адказ нас не задавальняе. Вельмі спадзяёмся, што даведаемся пра ваенны лёс дзядзькі. Пётр Пятровіч Бутрамееў, Гомель”.
“У Вялікую Айчынную вайну змагаліся з ворагам чатыры мае браты. Два з іх дамоў не вярнуліся. Старэйшы брат Павел, ведаем, трапіў у фашысцкі палон пад Магілёвам, памёр у канцлагеры ў Германіі 27 сакавіка 1942 года. Шукаю другога свайго брата Мікалая Міхайлавіча КАТКОЎСКАГА, 1919 года нараджэння. З 1936 года наша сям’я жыла ў Оршы. У 1940-м Мікалай скончыў Аршанскі аэраклуб і паступіў у Кіраваградскае ваеннае лётнае вучылішча. У чэрвені 1941 года ён прыслаў пісьмо, белы трохкутнік. Больш ніякіх звестак мы не атрымлівалі. Пасля вайны шукалі роднага чалавека. Звярталіся ў архіў у горадзе Падольску, адтуль паведамілі, што ён прапаў без вестак у верасні 1944-га. Я магла б паверыць, калі б гэта здарылася ў 1941 годзе. Тады была неразбярыха. З даведкі ж вядома, што пасля трох гадоў ваеннага ліхалецця з вайсковай часці на брата ў архіў не паступала ніводнай звесткі. Хачу ведаць, дзе і калі не вярнуўся з бою мой брат. Варвара Міхайлаўна Леенсон, Орша”.
“Шукаю свайго бацьку Сямёна Аляксеевіча АРЭШКУ, 1912 года нараджэння, жыў у вёсцы Узнога Бабруйскага раёна, пайшоў на фронт, з якога не вярнуўся. Мы, родныя, дагэтуль нічога не ведаем пра яго ваенны лёс. Спадзяёмся на вашу дапамогу. Алена Сямёнаўна Калеснікава (Арэшка), Бабруйскі раён”.
“Хачу знайсці тых, з кім разам была ў няволі ў фашысцкай Германіі: Вольгу (імя па бацьку не памятаю) СТАРЫКАВУ, а таксама яе дачок. Нэлі ў той час было 12 гадоў, Ірыне — 8, Але — каля 5. Наша сям’я: маці, бацька, я і малодшая сястра Ганна жылі з імі на адной кватэры, працавалі на пана Дрэгера. Яны расказвалі, што бацька на фронце, а іх вёску спалілі ворагі. Яшчэ ведаю, што ў Вольгі былі тры сястры, усе — жонкі ваеннаслужачых. У маі 1945-га нас вызвалілі. Сям’я Вольгі адразу паехала дамоў, а нас затрымалі да восені. Калі мы вярнуліся, жыць не было дзе, прытулак далі сваякі. У хуткім часе нарадзіўся наш брат Міхаіл. Мы з ім цяпер пенсіянеры, жывём у адным доме. Маці Соф’я Міхайлаўна і бацька Васіль Якаўлевіч Кульбеды памерлі, сястра Ганна ў Саратаўскай вобласці. Магчыма, няма ўжо сярод жывых і Вольгі Старыкавай, але яе дочкі, хоць адна з іх, спадзяюся, адгукнуцца. Яны для мяне — родныя, дарагія людзі. Марыя Васільеўна Кульбеда, Іванаўскі раён”.

Сустрэча даўжынёй у жыццё

Гэтая сустрэча адбылася праз 68 гадоў пасля расстанння. Антаніна Яфрэмаўна Гапеева (Мельнікава) з Магілёва прасіла дапамагчы знайсці Браніславу Станіславаўну Бабіцкую, з якой звёў нялёгкі лёс у трыццатыя гады мінулага стагоддзя. Было гэта далёка ад роднай Беларусі, у мясцінах, куды былі сасланыя іх бацькі. Пра той час доўга забаранялі гаварыць, але людзі ўсё памяталі. Перад вачыма Антаніны Яфрэмаўны часта паўставалі малюнкі яе дзяцінства, вобраз дзяўчынкі Броні, якая засталася адна, без бацькоў. Спачатку яе выхоўвалі суседзі, а потым забралі ў дзіцячы дом. Антаніна Яфрэмаўна не можа ўспамінаць пра гэта без слёз. Яна часта думала, як знайсці Броню. Калі з’явілася магчымасць, пачала пошук і даслала ліст на праект “Помні імя сваё”. І Браніслава Станіславаўна Бабіцкая знайшлася. Праз некаторы час патэлефанавала Антаніна Яфрэмаўна і вось што расказала:
— Я нарадзілася ў Пермскай вобласці. Вось што мне запомнілася, хоць у той час яшчэ малой была. Бацька Броні, які быў будаўніком, разам з маім татам пабудавалі прыгожы пасёлак. Потым я пачула, што ён нешта не тое сказаў, яго забралі, а маці праз два гады памерла. Я памятаю яе ў труне, мяне падымалі і паказвалі, што там Броніна мама. Столькі народу ў хаце сабралася, у асноўным жанчыны. Памятаю, як горка плакала Броня. Калі я падрасла, пыталася, чаму яна так плакала, што гэта за дзяўчынка. Маці патлумачыла, што гэта нашы, беларусы. Броню забралі ў дзіцячы дом. І потым, напэўна, перад вайной бачыла ў акне, як па вуліцы прайшла жанчына і крычала маёй маме праз агарод, што Броню на Кубань адправілі.
Цяпер мне захацелася яе знайсці, і я напісала вам. І тут яе дачка мне патэлефанавала. Я ажно расплакалася. Яна расказала, што і Броня, як пачула, што яе шукаюць, плача і плача. І вельмі хоча сустрэцца. Але дачка папрасіла пачакаць, пакуль яна падрыхтуе маці да гэтай сустрэчы. Я і чакаю. Думаю, можа, прыеду да іх у Мінск, бо ў мяне ў сталіцы ёсць родныя, яны таксама былі на Урале з намі, разам гаравалі.

Пошукі і знаходкі

Калегі зачытвалі, а мы друкавалі ліст Таісіі Юльянаўны Тумаш (прозвішча дзявочае) са Смаргонскага раёна. Яна шукала сябровак: Ірыну Станіславаўну Гайдзіс, Святлану Вацлаваўну Худзіцкую і Валянціну Леанідаўну Рыбалт, з якімі 35 гадоў таму скончыла тэхнікум. Адгукнулася Ірына Станіславаўна Гайдзіс:
— Навіна мяне парадавала, — сказала Ірына Станіславаўна. — Разам з Таісай мы вучыліся ў Навагрудскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Я прыехала ў свой раён. Спачатку працавала ў саўгасе “Воранаўскі” каля Воранава, а ў 1984 годзе пайшла ў падатковую інспекцыю. Я шчаслівы чалавек. У мяне добры муж, добрыя дзеці. Муж працуе ветурачом, дзеці ўжо дарослыя. Сын працуе галоўным аграномам. Жанаты, двое дзяцей у яго. Сярэдняя дачка манахіня, яна так рашыла. Самая меншая скончыла Брэсцкі педінстытут і ў той жа вёсцы, дзе і сын, працуе настаўніцай. Выйшла замуж. Што датычыць Таісы, мы з ёй вельмі сябравалі, вялі доўгую перапіску, а потым разышліся нашы дарогі. Таіса! Дзякуй табе, што ты мяне знайшла. Я вельмі рада, хачу сустрэцца, пра ўсё пагутарыць, успомніць былое. Хочацца даведацца, як склаўся твой лёс, як жывеш. Памятаю і Святлану Худзіцкую, і Валянціну Рыбалт, і Нілу Ліс. Можа, яны адгукнуцца.
Адрас сваёй сяброўкі Таісія Юльянаўна атрымае па пошце.
Леанід Мікалаевіч Тунчык з Брэста хацеў даведацца пра лёс братоў: роднага Івана Мікалаевіча Тунчыка і траюраднага Паўла Паўлавіча Тунчыка. Абодва 1927 года нараджэння, родам з вёскі Малы Рудзец Кобрынскага раёна. Леанід Мікалаевіч паведаміў, што ў сярэдзіне сакавіка 1944 года фашысты зрабілі аблаву на партызан, якія дзейнічалі ў іх мясцовасці. Падчас яе былі схоплены многія жыхары навакольных вёсак, у тым ліку і яго браты. Вядома, што спачатку іх адвезлі ў турму ў Кобрыне, адкуль пасылалі на працу. Потым некаторых жанчын і дзяцей адпусцілі, а пра лёс братоў ён не ведае дагэтуль. Разам з братамі дамоў тады не вярнуліся Ганна Ячнік з дачкой Ганнай, Ульяна Брашко з дзецьмі, Таццяна Кулік і іншыя.
Нам патэлефанаваў жыхар Жабінкі Сцяпан Андрэевіч Салей. Ён у час вайны быў у партызанах, хоць самому было 15 гадоў. Чытач “НГ” даслаў ксеракопію асобных лістоў кнігі “Памяць” Кобрынскага раёна. У ёй надрукаваны спіс людзей, расстраляных ў жніўні 1943 года у г.Кобрыне каля Пінскага моста за сувязь з партызанамі. У гэтым спісе Іван Мікалаевіч Тунчык, Павел Паўлавіч Тунчык, Ульяна Мацвееўна Брашко (разам з якой загінулі і два маленькія хлопчыкі), Таццяна Міхайлаўна Кулік, Ганна Львоўна Ячнік і Марыя Емяльянаўна Ячнік, а таксама Емяльян Сцяпанавіч Фірысюк і Пелагея Арцёмаўна Фірысюк.
Шчыра дзякуем Сцяпану Андрэевічу за дапамогу. Спадзяёмся, што жыхары Кобрына паведамяць, ці ёсць пералічаныя прозвішчы на помніку ахвярам Вялікай Айчыннай вайны і дзе дакладна знаходзіцца гэты помнік.

Гадзіннік ад каханага
“Нашу сям’ю ў час вайны вывезлі ў Германію. Вызваліла нас з няволі Чырвоная армія ў 1945 годзе. Бацькоў адправілі дамоў, на радзіму, а моладзь папрасілі застацца. Мяне прызначылі на салдацкую кухню, дзе я і пазнаёмілася з маладым салдатам Валерам АТАНАВЫМ. Калі быў мой дзень нараджэння, ён падарыў мне гадзіннік на руку, а яшчэ я купіла на сукенку белай тканіны ў бліскучыя кветачкі. Тады мы з Валерам сядзелі і гаварылі ўвесь вечар. Назаўтра салдат адпраўлялі дамоў. Валера падышоў да мяне і папрасіў мой адрас. Праз тыдзень і мы паехалі на радзіму. Хутка Валера прыслаў мне пісьмо. Я так разгубілася, не ведала, што адказваць яму. Жылі мы ў вёсцы, вярнуліся на спустошаную зямлю, не было чаго ні есці, ні абуць, ні апрануць, як казалі. А сям’я наша была вялікая — 7 чалавек. І я напісала Валеру, што ад цяжкага жыцця захварэла. Дагэтуль шкадую, што зрабіла гэта не падумаўшы. Больш за 60 гадоў мінула, але Валеру Атанава не магу забыць, ён заўсёды ў маёй душы, у маёй памяці. Валера! Калі помніш мяне, адгукніся. Я буду вельмі рада. Ты — маё першае каханне. Феня Валяр’янаўна Станкевіч, Паставы”.

Праз гады

“Дапамажыце знайсці сяброўку Ніну Пятроўну СТАНКЕВІЧ. З 1963 па 1965 год мы з ёй працавалі на Мінскім маторным заводзе: Ніна была кантралёрам на канвееры па зборцы матораў, а я — аператарам пульта кіравання гэтага канвеера. Атрымалася так, што я выйшла замуж і паехала з Мінска. Спачатку мы з Нінай пісалі адна адной, а потым страцілі сувязь. І вось праз шмат гадоў я вырашыла знайсці сяброўку. Ведаю, што Ніна Пятроўна нарадзілася ў пасёлку Альбярцін Слонімскага раёна. Зараз у яе, напэўна, іншае прозвішча. У Мінску яна жыла на кватэры па вуліцы Стаханаўскай, нумар дома не памятаю. Хачу даведацца, як склаўся лёс сяброўкі. Мы ўжо ў тых гадах, калі мінулае ўспамінаецца асабліва часта, тым больш маладосць. Соф’я Фёдараўна Шашко, Гродна”.
“Хачу знайсці маю сяброўку Ганну Уладзіміраўну ПШОНКУ. У 1962/63 навучальным годзе мы разам працавалі ў Масцянскай школе Смаргонскага раёна. Хачу даведацца і пра Леаніда Іванавіча ЗАСЛАЎСКАГА, 1941 года нараджэння, з якім былі знаёмыя ў маладосці. Ганна Пятроўна Волкава (Кунчэўская)”.
“У 50-я гады я працавала настаўніцай у Мядзельскім раёне. У мяне там было шмат цудоўных сяброў. З многімі, на жаль, страціла сувязь. Дваццаць гадоў таму, напрыклад, яшчэ сустракаліся і вялі перапіску з Сяргеем Фёдаравічам БЕРНЯКОВІЧАМ і яго сястрой Рэгінай Фёдараўнай КАТКОВІЧ. Але аднойчы паслала ім ліст, а адказу не атрымала. Зараз і адрас ужо не ведаю. А так хочацца аднавіць сувязь! Сябры, адгукніцеся. Раіса Ігнатаўна Валкавец, Барысаўскі раён”.
“У верасні 1948 года я паступіў вучыцца ў 15-е вучылішча горада Брэста. Разам са мной вучыўся і жыў у адным пакоі Фёдар МАШКАНАЎ (імя па бацьку не памятаю), прыкладна 1930—1932 года нараджэння, з-пад Віцебска. Пасля вучобы, у ліпені 1950 года нас накіравалі на працу ў Маскву, у трэст “Мастэлефонбуд”. Жылі мы ў інтэрнаце ў пасёлку Вішнякі Нагінскага раёна Маскоўскай вобласці. У сакавіку 1951-га накіравалі нас на працу ў Беларусь. Фёдара Машканава, здаецца, у Іўеўскі раён, а я паехаў на Віцебшчыну. Розныя жыццёвыя абставіны не далі нам сустрэцца і падтрымліваць сувязь. Мінула ўжо больш за 50 гадоў, але я вельмі хачу знайсці Фёдара, даведацца, як склаўся яго лёс, і, калі будзе магчыма, сустрэцца з ім. Мікалай Мікалаевіч Аўчыннікаў, Акцябрскі”.

 Блізкія людзі

“У мяне чатыры браты. Брат Павел Антонавіч Шваб паехаў у Казахстан, працаваў там на шахтах. Жонку яго завуць Валянціна. У іх было трое дзяцей: дочкі Галя і Тамара і сын Леанід. Тамара памерла, калі ёй было шэсць гадоў. Яны прыязджалі да нас у госці, нават дзяўчынак тут хрысцілі. Мы да іх таксама ездзілі, хаця і вельмі далёка. А потым мой брат загінуў, і сувязь з яго сям’ёй была страчана. Вельмі хачу знайсці пляменніцу Галіну Паўлаўну ШВАБ. Яна была замужам і нарадзіла сына Славіка. Мужа яе забілі. Пляменніца выйшла другі раз замуж. У гэтым шлюбе ў яе з’явіўся сын Паўлік. Працавала Галя ў сталовай. Хачу ведаць, як яна жыве. У нас, у Беларусі, шмат яе родных. І ўсе будуць рады Галіне. Акуліна Антонаўна Туравец, Калінкавіцкі раён”.
“Буду Бога прасіць, каб знайшлі майго брата. Любая вестачка пра яго мяне суцешыць, бо пра роднага чалавека ўжо даўно нічога не ведаю. Завуць брата Віктар Уладзіміравіч КОЗІЧ. Ён 1950 года нараджэння, з Іўеўскага раёна. Жыў у Латвіі. Апошняе пісьмо прыслаў маці дзесяць гадоў таму. Матуля пайшла з зямнога жыцця, не даведаўшыся, што здарылася з сынам, чаму ён не піша. Я — яго сястра, інвалід па зроку, хачу ведаць, што з ім. Брат часта дакараў сябе за маю слепату. А я яго вельмі любіла і буду любіць заўсёды. Марыя Уладзіміраўна Цягака, Мінск”.

Аднакурснікі

“Спадзяюся, што ажыццяўлю сваю мару: знайду і наладжу сустрэчу з людзьмі, з якімі разлучыў лёс надоўга, верыць Алена Фёдараўна Ігнатовіч (Цануніна) з Барысаўскага раёна. Хачу знайсці сваіх аднакурснікаў — выпускнікоў 1948 года выпуску Крычаўскага педагагічнага вучылішча. Гэта быў першы пасляваенны выпуск. Пасля вучобы нас размеркавалі на працу па ўсёй Беларусі. Мяне і яшчэ некалькі дзяўчат — настаўнікаў пачатковых класаў накіравалі ў Бягомльскі раён на Міншчыну (цяпер Докшыцкі раён Віцебскай вобласці).Тут многія з нашай групы засталіся на ўсё жыццё. Мінула шмат часу, а так хочацца пабачыцца, пагаварыць з тымі, з кім разам праходзілі студэнцкія гады. Яны былі галодныя, халодныя, але шчаслівыя, і тым незабыўныя. Дарагія выпускнікі 1948 года! Адгукніцеся на мой, дакладней, на наш пошук-просьбу. Нагадваю, 2008-ы будзе юбілейны — 60 гадоў, як мы скончылі вучылішча. Шкада, няма агульнай фатаграфіі нашага выпуску. Помню Ліду КАПІТОНАВУ, Любу ШЧАРБАКОВУ, Тоню САЛДАЦЕНКА, Вольгу НЕСЦЯРЭНКА, Ніну ЛЕБЕДЗЕВУ, Зою РАМАНЕНКА, Марыю ПЯТРУЛІНУ, Фросю МАРЧАНКА і іншых дзяўчат. А хлопцаў у нас было няшмат: Коля ТАРАСЕНКА, Вадзім СІВАДЗЕДАЎ, Уладзімір ГАЙДУЛЬКІН, Лёня МУДРАЧЭНКА, Валодзя ЛАМІНСКІ... Вас шукаюць Алена Цануніна, Таццяна Нахаба, Тамара Бяззубенка, Марыя Гвоздзева. Адгукніцеся, і мы дамовімся пра месца і час сустрэчы”.

Радыёпраграма “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў нядзелю ў 18.00
і ў сераду ў 21 гадзіну.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter