"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

Пэўна, восень выклікае ў людзей асабліва вострую патрэбу азірнуцца на вясну свайго жыцця, акунуцца ў тыя “зялёныя” пачуцці, якія здаюцца цяпер асабліва шчырымі, пяшчотнымі, непаўторнымі. Таму і шматлікія пісьмы, якія прыходзяць на адрас сумеснага пошукавага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё...”, прасякнуты чысцінёй і замілаванасцю, жаданнем даведацца пра таго, хто некалі быў ( а для некаторых і застаўся) самым лепшым. Дай Бог, каб так яно і было і нікога не напаткала расчараванне пры сустрэчах. А яны, на шчасце, пры нашай дапамозе адбываюцца і будуць ладзіцца надалей.
Разышліся  сцежкідарожкі

“Пасля заканчэння вучылішча дашкольнага выхавання па накіраванні я паехала працаваць у дзіцячы дом, які знаходзіўся ў Брэсцкай вобласці (гэта было ў 1950-я гады). Туды часта прыязджалі ваеннаслужачыя адной з воінскіх часцей, многія служылі ў Германіі, прывозілі адтуль дзецям цацкі. Некаторыя настаўніцы выходзілі замуж за ваенных і ездзілі за імі па ўсім свеце. Пазнаёмілася і я з маладым прыгожым хлопцам, якога звалі Барыс Якаўлевіч ХАМЯНКОЎ. Нарадзіўся ён у 1928 годзе, жыў у Валгаградзе. Служыў у лётнай часці ў Германіі (1950—1952 гады). Аднак па волі лёсу Барыс не стаў маім мужам, за што я да гэтага часу не магу сабе дараваць. Разышліся нашы сцежкі-дарожкі. Маё асабістае жыццё так і не склалася, адна радасць у дзецях і ўнуках. Даведацца б, як склаўся лёс Барыса. Зінаіда Мітрафанаўна Аб’езчыкава, Ваўкавыск”.

Праз гады І адлегласць

Людміла Пятроўна Усовіч з пасёлка Падсвілле Глыбоцкага раёна шукае сваіх знаёмых, якія жылі ў Алтайскім краі, — Уладзіміра Пятровіча СЯНЬ-КОВА (прыкладна 1934 года нараджэння) і яго сястру Марыю. “У 1955 годзе ён служыў у Ленінградзе ў марскім флоце. Увосень яны прыязджалі сюды грузіць бульбу. Так і пазнаёміліся. А з сястрой яго пазнаёміліся праз пісьмы. Ён пісаў мне, што сястра прыедзе да яго ў Ленінград на дзень нараджэння. Запрашаў і мяне. Аднак у нас не прынята было так ездзіць, і я не ездзіла. Мы перапісваліся, а потым я выйшла замуж і ўсё. Цікава, як ён, як сястра”.

  ДарагІЯ сЯбры

“Мне вельмі важна знайсці сяброўку Валянціну Міхайлаўну МІЦКЕВІЧ (Мурашка), якая нарадзілася 12 красавіка 1965 года ў вёсцы Гродна Чэрвеньскага раёна. Мы разам вучыліся ў 1980—1984 гадах у Магілёўскім педагагічным вучылішчы. Па размеркаванні Валянціна паехала працаваць у Мінскую вобласць, а я засталася ў Магілёве. Мы нейкі час перапісваліся. У 1985 годзе Валя выйшла замуж за свайго аднавяскоўца Сяргея Мурашку. Здаецца, ён вучыўся ў Мінску ў Вышэйшай школе міліцыі. Потым яго накіравалі працаваць ў Беразіно. Ніна Яўгенаўна Перапечына (Сівалобцава)”.
“45 гадоў таму я скончыла Новалукомскі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці бухгалтар-планавік. Шмат гадоў нічога не ведаю пра сваіх сяброў-аднакурснікаў: Алёшу КОЎГАНАВА з Магілёўскай вобласці, Марыю САЛА-МЕВІЧ са Слонімскага раёна. Асабліва хочацца сустрэцца з лепшай сяброўкай Зінаідай Уладзіміраўнай ПРЫКО, 1942 года нараджэння. Яна жыла ў вёсцы Заельня Клецкага раёна. Пасля заканчэння тэхнікума працавала ў вёсцы Грыцэвічы ў калгасе планавіком. Магчыма, хтосьці памятае Зінаіду, паведаміце, дзе яна. У Зіны быў брат Уладзімір і стрыечны брат Мікалай Губчык, які жыў у вёсцы Капланавічы. Адгукніцеся! Валянціна Міхайлаўна Герасімовіч (Міскевіч), Брэсцкая вобласць”.
“Калі быў у нас калгас імя Чапаева, трактарны завод быў нашым шэфам (1970-я гады). Дзяўчаты Ганна і Ніна прыязджалі ў калгас на працу. Жылі ў нас на кватэры. Я вучыўся ў Смілавіцкім тэхнікуме, дзяўчаты прыязджалі да мяне ў госці. Ніна жыла тады ў Мінску, а Ганна, здаецца, у Заслаўі. Вельмі хочацца сустрэцца з імі. Спадзяюся, што дзяўчаты ўбачаць фотаздымак (злева направа Ганна, Ніна, мая сястра Ганна і маленькі брат Яначка) і напішуць мне. Уладзімір Тарговіч”.
Любоў Васільеўна Шаханава (Шаханова) прыехала ў Мінск з Армавіра Краснадарскага краю на вяселле ўнука. І звярнулася да нас па дапамогу.
— Перад ад’ездам да мяне ў госці прыехалі сябры з Растова-на-Доне Аляксандр Казачэнка і яго жонка Ірына. Аляксандр служыў у Каўнасе, пасля дэмабілізацыі атрымаў кватэру ў Растове. Ён хоча знайсці сябра Аляксандра ЦАРОВА, прыкладна 1947 года нараджэння. Аляксандр жыў у Мінску, быў ваеннаслужачым. У мяне таксама быў знаёмы з Беларусі Уладзімір ПРУДНІКАЎ (прозвішча дакладна не памятаю), прыкладна 1940—1942 года нараджэння. У маёй сястры быў дзень нараджэння, які мы адзначалі ў летнім рэстаране парку ў Армавіры. Побач сядзелі ваенныя. Адзін лётчык запрасіў мяне на танец, так мы пазнаёміліся. Потым ён званіў мне, калі служыў у Баку. Прыслаў тэлеграму, павіншаваў з днём нараджэння. А затым знік. Цікава было б даведацца, як склаўся яго лёс.

  Бацькоўскае гора

“Мая дачка Святлана Міхайлаўна МАРКОВІЧ, 1975 года нараджэння, у чэрвені 2005-га паехала ў Маскву з сужыцелем Аладарам Аладаравічам Балогам (яго яшчэ звалі Алегам), 1968 года нараджэння. З сабой дачка забрала сына ад першага шлюбу Андрэя Аляксандравіча Вілейта, 1993 года нараджэння. Восенню 2005-га Алег патэлефанаваў мне. Сказаў, быццам бы яны са Светай пераехалі жыць у Яраслаўскую вобласць, горад Растоў Вялікі. Потым да мяне дайшлі чуткі, што Алег са Светай разышліся, і, магчыма, ён паехаў на радзіму ў горад Ужгарад. Я спрабавала напісаць пісьмо Свеце ў Растоў Вялікі, але адказу не прыйшло. Мне ўжо 70 гадоў, часта хварэю, а тут яшчэ і гора з дачкой, якую я не бачыла ўжо два гады, як і ўнука Андрэйку. Як там яны? Магчыма, ім патрэбна дапамога. Хай толькі паведамяць, я ўсё зраблю, каб выратаваць іх, каб яны вярнуліся на радзіму. Ніна Ніканораўна Лаўрыненка, Ві-цебская вобласць”.

  БлІзкІЯ людзІ

“З сястрой мы не бачыліся гадоў 20. Валянціна Мікалаеўна ПЯРАЗЕВА нарадзілася ў 1963 годзе ў саўгасе “Перамога” Захараўскага раёна Разанскай вобласці. Вядома, што Валянціна выйшла замуж і пераехала ў Беларусь. Прозвішча яе зараз Балычова ці Балычава, і яе муж быццам бы са Шклоўскага раёна. Дапамажыце сустрэцца з сястрычкай і яе сям’ёй. Браты Анатоль і Уладзімір Пяразевы, горад Горкі”.
“Дзе мае родныя, ураджэнцы вёскі Урэчча Вілейскага раёна: Ганна Пятроўна УЦАНЕ, Вера Пятроўна КАНАШЭЎСКАЯ і Анатоль Пятровіч АХРЭМА? Яны жылі ў Латвіі, у Рызе. Калі яшчэ быў СССР, я часта ездзіла да іх у госці, потым сувязь абарвалася. Спрабавала пісаць і тэлефанаваць, аднак адказу не атрымала. Тамара Рыгораўна Бяроза, Мінская вобласць”.
“Шукаю Казіміра Іванавіча МАЛІНОЎСКАГА, 1944 года нараджэння. Казімір з 1955 па 1961 год выхоўваўся ў Пліскім дзіцячым доме (населены пункт Падсвілле Глыбоцкага раёна). Потым з групай дзяцей пераехаў у Казахстан. Ёсць звесткі, што падчас перавозкі ў Казахстане машына з выхаванцамі перакулілася. Двое дзяцей загінулі, а Казімір быццам бы толькі зламаў руку. Вядома таксама, што ён служыў у арміі ў Казахстане. Даныя могуць быць недакладнымі. Леанарда Юльянаўна Маліноўская”.

ПрапалI без вестак

“Нас з сястрой Матронай Мікалаеўнай (Панфілаўнай) СЕЛІ-ВЕСТРАВАЙ, 1923 года нараджэння (ураджэнка вёскі Бацвінава Магілёўскай вобласці), разлучыла вайна ў 1943-м. Сястра ўзводзіла абарончыя збудаванні ў раёне “Цёмны лес” Магілёўскай вобласці. Пра яе з таго часу я нічога не чула, толькі ў 1953 годзе прыязджаў да нас участковы і паведаміў, што Матрона жывая, толькі змяніла імя па бацьку (Мікалаеўну на Панфілаўну) і жыла ў Клічаўскім ці Крычаўскім раёне. Ён абяцаў, што сястра нам напіша. Але пісьма мы так і не дачакаліся. Што здарылася з Матронай, не ведаем. Надзея Мікалаеўна Аўраменка (Селівестрава), Магі-лёўская вобласць”.
“Мой бацька Пётр Герасімавіч МАЦВЕЕНКАЎ нарадзіўся ў 1914 годзе ў вёсцы Верхнія Храпуны Смаленскай вобласці. Напачатку вайны пайшоў у партызаны, быў паранены. Пасля шпіталя прыехаў на некалькі дзён у вёску. Суседзі сказалі яму, што сям’ю немцы расстралялі, а маці з намі, дзецьмі, адправілі ў Аўстрыю. Бацька доўга плакаў і на развітанне сказаў, што пойдзе помсціць за сям’ю. Прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак у снежні 1944 года. Я вярнулася з Вены ў 1945-м. Маці і дзве сястры памерлі, я засталася адна. Хачу даведацца, дзе загінуў бацька. А можа, ён тады застаўся жывы? Валянціна Пятроўна Дарафяйчук, Брэсцкая вобласць”.
“У 1953 годзе я скончыла Бабруйскую школу санітарных фельчараў. У гады вучобы сустракалася з маладым чалавекам Сямёнам Трафімавічам ЛАГУЦІНЫМ. Ён нарадзіўся прыкладна ў 1934—1936 годзе ў вёсцы Кіцін Парыцкага раёна. Бацька яго загінуў, засталіся трое сыноў. Калі мы пазнаёміліся, Сямён вучыўся ў аўтатэхнікуме. Цікава, як склаўся яго лёс? Хачу знайсці таксама сваю школьную сяброўку Ганну Паўлаўну ЛАБІКОВУ (ЛАБІКАВУ). І яшчэ. Наша сям’я ўжо шмат гадоў шукае звесткі пра дзядзьку Рыгора Ільіча КАПУСЦІНА. Дзядзька Грыша нарадзіўся ў 1921 годзе ў вёсцы Старая Рудня Жлобінскага раёна. У 1940-м Жлобінскім райваенкаматам прызваўся ў армію. Спачатку служыў у Кобрыне. Дадому не пісаў. А пасля вызвалення Беларусі сям’я атрымала паведамленне, што ён прапаў без вестак. Аднак пасля вайны родныя сустрэліся з аднапалчанінам дзядзькі. Ён паведаміў, што дзядзьку, як і многіх салдат часці, узялі немцы ў палон і павезлі ў эшалоне ў невядомым кірунку. Па дарозе дзядзьку і яшчэ некалькім чалавекам удалося збегчы. Па іх адкрылі агонь. Невядома, ці засталіся ўсе ўцекачы жывыя, цягнік не спыняўся. Таму ёсць надзея, што дзядзька застаўся жывы, магчыма, ён быў паранены. А можа, пасля вайны ў яго была сям’я? Тамара Якаўлеўна Ясонава (Крупянёва), Гродзенская вобласць”.

  Была Ў АфганІстане

“Марыя Панцялееўна ГАРАДАВАЯ была ў Афганістане медсястрой, даглядала майго брата, які, на жаль, памёр ад ран. Мы доўгі час з ёй перапісваліся, я нават прыязджала да яе ў госці са сваёй дачкой. Потым перапіска абарвалася. Я праз адну жанчыну перадавала ёй паштоўку, яна адказала, больш ніякіх звестак ад яе не было. Марыя Панцялееўна жыла ў Стаўрапалі. Нарадзілася яна, калі не памыляюся, у Стаўрапольскім краі: Зелянчукскі раён, станцыя Іспраўная. Спадзяюся, што адгукнуцца людзі, якім вядома пра гэтую жанчыну. Марыя Фёдараўна Мастыка, Белаазёрск”.

З першага погляду

“Я нарадзіўся ў Расіі, а служыў у арміі ў Беларусі, у Брэсцкай вобласці. У 1966 годзе па распараджэнні камандавання наш узвод накіравалі на падрыхтоўку піянерскага лагера для прыёму дзяцей афіцэрскага складу дывізіі. У лесе, дзе размяшчаўся лагер, працавала група дзяўчат на зборы жывіцы. Сярод іх была Вера. Гэта было каханне з першага погляду. Сустрэчы, танцы, размовы пра жыццё пад яркім месяцам. Але гэты рай хутка скончыўся, завяршыліся работы брыгады ў лесе. Нас таксама адазвалі ў часць. На развітанне мы абмяняліся фотаздымкамі і абяцалі пісаць адно аднаму. Па некаторых абставінах перапіска абарвалася. Я ажаніўся і паехаў у Расію, а потым зноў вярнуўся ў Беларусь. Прайшло ўжо некалькі дзесяткаў гадоў з таго першага кахання, а я часта ўспамінаю пра яго. Такія светлыя пачуцці былі. На жаль, з часам забыўся прозвішча Веры. Хачу даведацца, дзе яна жыве, як склаўся яе лёс. Калі Вера ўспомніць нашу дружбу, каханне, яе знаёмага Уладзіміра, хай паведаміць пра сябе. Буду чакаць”.
“З Міхаілам САКАЛОВЫМ мы пазнаёміліся на хлебазаводзе, ён прыехаў па хлеб, а я там працавала. Гэта было ў 1955—1957 гадах. Міхаіл служыў у арміі ля Оршы (здаецца, у Балабасаве) шафёрам. Родам быў з Куйбышава. Тую першую сустрэчу я памятаю быццам гэта было сёння. Я тады была зусім дзяўчо — крыху больш за 16 гадоў. Гэта былі першыя пачуцці. Ён чакаў мяне, хацеў, каб я паехала з ім на радзіму ў Куйбышаў. Але я не згадзілася. Цяжка ўспамінаць хвіліны развітання, вядома, тады гэта для мяне была сапраўдная трагедыя. Але час пакрысе залячыў усе раны. У кожнага, мабыць, была свая сям’я. Аднак каханне было ўжо іншае. Той юнацкасці, гарэзлівасці і пачуцця свабоды і кахання, здаецца, не было. Цяжка перадаць усё словамі. Хачу даведацца, як зараз жыццё-быццё Міхаіла Сакалова. Ці памятае ён мяне, Зінаіду Мурашку?”

Радыёпраграма “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў нядзелю ў 18.00 і ў сераду ў 21 гадзіну.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter