"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

Па радыё часта гучаць, а мы друкуем лісты дзяцей вайны, тых, хто згубіўся ў гады акупацыі. Яны шукаюць сваіх родных. Ёсць таксама пісьмы з просьбамі дапамагчы знайсці лю-дзей, з якімі разлучыла вайна. Дзіцячыя садкі, школы, інтэрнаты ў гады Вялікай Айчыннай эвакуіравалі з Беларусі ў Расію, Казахстан і іншыя рэспублікі. Таму лёс многіх дзяцей вайны дасюль невядомы. Мы разам з калегамі з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё спрабуем дапамагчы слухачам і чытачам у пошуках, але гэта складана, бо звестак пра тых, хто згубіўся, вельмі мала. Многіх пасля вайны ўсынаўлялі, давалі іншыя імёны, прозвішчы. І ў іх пачыналася новае жыццё. Некаторым толькі праз дзесяткі гадоў становіцца вядома, што дзесьці ёсць родныя і блізкія, якія, магчыма, увесь гэты час іх шукаюць.
НІ весЯлосцІ, нІ песень

“Шукаю свайго сына Рамана Валер’евіча РЭКУНОВА, 1977 года нараджэння. Нарадзіўся ў Растове-на-Доне. У 1985 годзе мы пераехалі ў Беларусь, я сама ўраджэнка Беларусі. Сын паехаў у Маскву працаваць. Ведаю, што працаваў у раёне Гальянава на мыйцы машын № 7. З лютага—красавіка 2003 года ад яго няма ніякіх вестак. Ведаю, што жыў па вуліцы Камчацкай, 7, кв.150. Тэлефанавала некалькі разоў, але мне адказвалі, што ён пайшоў і больш не прыходзіў. Паехаў сын з сябрамі, але ніхто з іх нічога не ведае. Я пісала на перадачу “Жди меня”, але да цяперашняга часу няма адказу. У Растове жыве бабуля Рамана, туды я езджу два разы на год, і там пісала заяўку па Інтэрнэце. У міліцыю пісала заяву, судом сына прызналі прапаўшым без вестак. Ездзіла і варажыць. Жыву толькі надзеяй. Душа, як у той песні, баліць і плача. Страціла і весялосць, і песні не спяваюцца, а я ж вельмі люблю песні, пела і ў хоры, і ў ансамблі. Цяпер нешта ў мяне абарвалася. Сына чакаю не толькі я, але і яго брат Юрый, пляменнік Улад. Мы яго ўсе вельмі любім. У Рамана ёсць у Мінску сябар Віктар ШЫНКАРЭНКА (на фота вышэйшы), яны разам служылі, можа, яны падтрымлівалі сувязь? Хай адгукнецца, бо я не ведаю дакладны адрас. Надзея Цімафееўна Рэкунова, Ганцавічы”.

  ДзецІ вайны

Дзіна Міхайлаўна Студзентава пачула па радыё чарговую гісторыю пра дзяцей вайны. Жанчына расказвала, як у вайну згубіла сваіх бацькоў, дзіцячы садок вывезлі за Мінск, а бацькі не ведалі — куды дакладна. З таго часу яна больш нічога пра сваіх родных не чула. Аналагічную гісторыю Дзіна Міхайлаўна чула некалі ад сваёй знаёмай, з якой разам працавала. “У 1964—1965 гадах мы працавалі ў сталовай № 103 Белдзяржуніверсітэта, яна адносілася да Заводскага трэста сталовых. Сустрэла я кладаўшчыцу. Яна паглядае на мяне, потым падыходзіць заплаканая такая і кажа: “У мяне дачка такога ўзросту павінна быць, але я яе згубіла ў час вайны”. Аказалася, што дзіцячы садок вывезлі пад Мінск і пачалася вайна. Пакуль яна туды дабралася, дзяцей эвакуіравалі. Яна доўга пісала, шукала, але нідзе дачушку не знайшла. Жанчыну звалі Ліза (магчыма, Лія) МАРГОЛІНА. Яна расказала мне гэтую гісторыю, і тут хлопчык прыбягае, падлетак. Аказалася, што яна ў другі раз выйшла замуж і ёсць двое дзяцей: хлопчык і дзяўчынка. Дзяўчынцы, напэўна, гадоў шэсць было. Жанчына плакала і некалькі разоў да мяне падыходзіла. Як звалі дзяўчынку, якая згубілася, не магу сказаць. Потым мяне накіравалі на вучобу, мы адна адну згубілі, і ўсё. Магчыма, хтосьці дапаможа, падкажа пра дачку Лізы.
Дзіна Міхайлаўна адшуквае таксама месца пахавання свайго дзядзькі Аляксея Міхайлавіча БЯРЭЗІНА, ураджэнца Бабруйска, які прапаў без вестак у вайну ў Эстоніі. Яе бацька з фронту не вярнуўся і другі дзядзька замяніў ёй, а таксама сёстрам Галіне і Зоі, тату. Гэта быў высакародны ўчынак. У іх з’явіліся два браты Мікалай і Уладзімір. Яны — вельмі шчаслівая сям’я. Разам у горы і радасці. Хай у іх будзе ўсё добра.

ПрыгожаЯ пара

“З Анатолем ГАЕВЫМ мы пазнаёміліся прыкладна ў 1956 годзе. Я тады жыла ў вёсцы Галы Буда-Кашалёўскага раёна. Анатоль прыходзіў да нас на вечарыну з суседняй вёскі Шарыбаўка. Мы пасябравалі. У нас былі светлыя, чыстыя пачуцці. Слова “каханне” мы нават і не гаварылі, сорамна было. Нам вельмі зайздросцілі маладыя людзі, бо пара, казалі, была вельмі прыгожая, адно ў адно, як родныя. Мы на гэта не звярталі ўвагі. Раптам праз некаторы час Анатоль перастаў прыходзіць да нас у госці. Што здарылася, я так і не ведаю да гэтага часу. Усякае людзі гаварылі... Можа, лёс такі быў. Я на злосць ўзяла ды і выйшла замуж. Праўда, спачатку думала, што за добрага чалавека іду, адукаванага. А на самай справе — п’яніца быў, дрэнны гаспадар і бацька. Не было жыцця мне з ім, ды не давалі спакою думкі пра сваё першае каханне, Анатоля. Чым я так угнявіла бога, што даў такую долю? Думала, што выйду замуж, забудуся пра юнацкае жыццё, а тут, наадварот, яшчэ больш сэрца разбалелася. Прайшло ўжо столькі гадоў, а тыя вечарыны добра памятаю. І вобраз Анатоля назаўсёды ў памяці. Магчыма, ён пачуе ці прачытае гэты ліст, хай адгукнецца. Лідзія, Гомель”.

  Праз гады

“Адшукваю роднага мне чалавека не па крыві, а па душы. Яна была для маёй сям’і вельмі блізкім сябрам. Нам пашчасціла быць суседзямі. Жылі мы ў Новасібірску, нашы мужчыны разам служылі, абаранялі радзіму. Завуць маю сяброўку Любоў Канстанцінаўна УНЦІЛАВА, прыкладна 1950 года нараджэння, ураджэнка горада Луганска ці Данбаса. У цяжкую хвіліну мы падтрымлівалі адна адну, дзяліліся апошнім. Сябравалі і нашы дзеці. Раз’ехаліся мы ў 80-я гады, мужчын накіравалі на розныя месцы службы, так і рассталіся мы з сяброўкай. Ведаю, што яны павінны былі паехаць у ваенны гарадок “Чорная рэчка” ў Падмаскоўе. Вельмі спадзяюся, што Любоў Унцілава ці яе родныя адгукнуцца. Ганна Іванаўна Гарадзецкіх, Мінск”.
Тамара Пятроўна Касмачова (Малецкая) хоча даведацца, як склаўся лёс стрыечнай сястры Тамары Аляксееўны КАС-МАЧОВАЙ, прыкладна 1925 года нараджэння. “У Тамары быў брат Ігар, а маці іх звалі Марыя, па бацьку, здаецца, Архіпаўна. Да вайны яны жылі ў Смаленску. А пасля вайны Тамара даслала мне ліст з Мінска, я тады вучылася ў Лужаснянскім тэхнікуме на агранома. Я адказала на той ліст, але больш Тамара мне не пісала. Магчыма, яны пераехалі сям’ёй у Мінск. Спадзяюся, што я знайду сваіх родных. Дапамажыце таксама ў пошуку маёй сяброўкі Ніны Мікалаеўны ПАЎЛАВАЙ. Мы разам вучыліся ў Лужаснянскім тэхнікуме, сядзелі за адной партай, яшчэ з намі была Ларыса ПАЛЯКОВА (ці Палянава). Ніна і Ларыса з Віцебскай вобласці. Спадзяюся, што яны ці іх родныя адгукнуцца”.
Галіна Адамаўна Насадовіч (Скадор) з 1968 па 1972 год працавала ў Мінску на заводзе “Транзістар”, у 1972-м выйшла замуж і пераехала ў Маладзечна. Яна хоча знайсці сваю сяброўку Жанну, з якой разам працавалі на заводзе. Жанна была замужам і жыла ў Жодзіне, дом іх быў недалёка ад камбіната, дзе рабілі штучныя кветкі. “Мы вельмі сябравалі, а як выйшла я замуж, не было магчымасці нават і перапісвацца. Я часта ўспамінаю, як мы разам з сяброўкай хадзілі ў кіно. Зараз я на пенсіі, часу вольнага шмат, таму і вырашыла знайсці Жанну. Можа, яна ўспомніць мяне. Жыву, як і раней, у Маладзечне”.
“У 1964—1968 гадах я жыла ў Баранавічах, першы перавулак Дзімітрава. Шукаю сяброўку юнацтва Вольгу Іосіфаўну ТАБОЛУ, прыкладна 1945—1947 года нараджэння. Валянціна Лявонцьеўна Дуброўская (Бязносік)”.

Не забываецца

“Хачу сустрэцца са сваім першым каханнем. Я ўжо немаладая, 60 гадоў, а тыя пачуцці памятаю, як быццам гэта было ўчора. Аднойчы я, у той час студэнтка Гомельскага дзяржаўнага універсітэта (1967—1968 гады), вярталася дадому на цягніку, здаецца, Мінск—Гомель. Пазнаёмілася з маладым чалавекам, якога звалі Віктар ШКУРЫНАЎ. Ён тады быў курсантам ваеннага вучылішча (горад Ульянаўск). Мы пачалі перапісвацца. Пасля заканчэння ВНУ мяне размеркавалі на працу ў вёску Парэчча Акцябрскага раёна. Віктар прыязджаў да мяне ў госці. Прапаноўваў выйсці замуж, тым больш што ў гэтай вёсцы можна было зарэгістраваць шлюб. Аднак я папрасіла крыху пачакаць і згуляць вяселле ў маіх бацькоў, мы тады жылі ў пасёлку Кісялевічы, што адносіцца да Бабруйска. Віктар і туды прыязджаў у госці, пазнаёміўся з маімі бацькамі. Наша апошняя сустрэча была вельмі загадкавая, нешта мы не маглі адно аднаму сказаць, была нейкая паўза. Я яго правяла праз мост, мы развіталіся. Віктар абяцаў пісаць. І больш я яго не бачыла, і нічога не чула пра гэтага чалавека. Магчыма, яго, як афіцэра, накіравалі на службу за мяжу. Гэта было прыкладна ў 1970 годзе. Бацькі Віктара жылі ці ў горадзе Чачэрску ці ў сяле, якое знаходзілася ля гэтага горада. Прайшло ўжо столькі гадоў, а я памятаю яго лісты, прыгожыя паштоўкі з ружамі, на якіх ён заўсёды пісаў: “Пока розы на бумаге, потом будут на яву”. На жаль, фотаздымкаў яго не захавалася, хоць я вельмі іх берагла. Спадзяюся, што Віктар зараз жыве ў Беларусі, а, магчыма, і ў Гомельскай вобласці. Я вельмі хачу ведаць, як склаўся яго лёс. Маё дзявочае прозвішча Астудзінава, завуць Кацярына. Жыву зараз у Бабруйску”.

  БлІзкІЯ людзІ

“Мой стрыечны брат Аляксей Адкадзьевіч ЧЫРТА (родныя завуць яго Алік) раней жыў у горадзе Ківерцы Валынскай вобласці, што ва Украіне. Пасля разводу з жонкай ён пераехаў у іншы горад, куды, не ведаю. Спрабавала на-пісаць на стары адрас, безвынікова. Спадзяюся, што ў Беларусі жывуць людзі, якія ведаюць, дзе зараз Аляксей (Алік) Аркадзьевіч Чырта. Лідзія Мікалаеўна Шчэрбацэвіч, Баранавічы”.
 “Шукаю свайго стрыечнага брата, якога я ніколі не бачыла. Хіба калі была малая, ён прыязджаў да нас — не памятаю. Мая маці Марыя Васільеўна Радзівонава нарадзілася ў 1941 годзе ў вёсцы Міхедавічы Петрыкаўскага раёна. У яе быў родны брат Міхаіл Васільевіч РАДЗІВОНАЎ. Ён жыў у Цюменскай вобласці. У канцы 80-х прыйшло пісьмо ад яго жонкі Ніны, у якім яна паведамляла, што дзядзька Міша памёр. Яна яшчэ прыслала нам фотакартку сына Славы, ён, здаецца, вучыўся ў ваенным вучылішчы. Гэта фотакартка ўсё, што засталося нам ад дзядзькі. Я памятаю такі адрас: Цюменская вобласць, Нефцеюганскі раён, сяло Мамантава. Магчыма, там жыла сям’я дзядзькі Мішы. Галіна Антонаўна Бондар, Мазыр”.

ПрапалІ без вестак

“Хачу знайсці месца пахавання майго таты Цімафея Карпавіча ШАРПІЛЫ, прыкладна 1898 года нараджэння, ураджэнца Краснадарскага краю, станіца Старадзеравянкаўская. Падчас калектывізацыі яго накіравалі ў Беларусь, так і застаўся тут жыць. У вайну дапамагаў партызанам, а ў 1944 годзе трапіў на фронт. Добраахвотна пайшоў змагацца з ворагам. Жыла сям’я тады ў вёсцы Заўшычы Краснаслабодскага (зараз Салігорскі) раёна. Дадому напісаў некалькі пісьмаў, яны, на жаль, не захаваліся. Быў цяжка паранены, лячыўся ў шпіталі. Як склаўся яго лёс потым, не ведаю. Прыйшло паведамленне, што загінуў, дакладнага месца пахавання наша маці не памятала. Нешта ўзгадвалася пра Брэсцкую вобласць. Зараз я жыву ў Пінску, магчыма, на гэтай зямлі рабіў апошнія крокі мой бацька, можа, ён пахаваны дзесьці блізка? Марыя Цімафееўна Жуковіч”.
“З Вялікай Айчыннай не вярнуліся мой бацька і два браты, нават невядома, дзе яны пахаваны. Бацька Аляксандр Захаравіч ВОЛКАЎ, 1899 года нараджэння, ураджэнец вёскі Дуброўка Магілёўскага раёна. Ёсць звесткі, што яго захапілі паліцаі ў вёсцы Вятрэнка Магілёўскай вобласці. Магчыма, яго пакаралі. Брат Аркадзь Аляксандравіч ВОЛКАЎ, 1923 года нараджэння. У 1941-м пайшоў добраахвотнікам на фронт. Як склаўся яго лёс далей, невядома. Другі брат Уладзімір Аляксандравіч ВОЛКАЎ, 1927 года нараджэння, у 1942-м пайшоў у партызаны на тэрыторыю Вятрэнскіх лясоў, камандзірам у атрадзе быў Дзямідаў. У 1943 годзе брат трапіў у акружэнне, магчыма, яго ўзялі ў палон. Жанна Аляксандраўна Пясецкая, Магілёў”.
Лідзія Дзмітрыеўна Лосік адшуквае месца гібелі брата Івана Дзмітрыевіча КАНДРАЦЕНКІ. “Ён нарадзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы Залессе Бельскага сельсавета Крычаўскага раёна. Пайшоў на фронт у пачатку вайны. 10 чэрвеня 1944 года сям’я атрымала паведамленне: старшы сяржант Кандраценка Д.І. прапаў без вестак 11 чэрвеня 1943 года. Шмат гадоў шукалі дадатковую інфармацыю пра месца гібелі брата — безвынікова. Магчыма, захаваліся архіўныя даныя?”
 “Мой брат Дзмітрый Дзмі-трыевіч ХРАМЯНКОЎ, 1921 года нараджэння, напярэдадні вайны скончыў Аршанскае ваеннае лётнае вучылішча, яго накіравалі лётчыкам-выпрабавальнікам у горад Мары. Так здзейснілася яго мара дзяцінства — стаць лётчыкам. Неба заўсёды цягнула брата. У 1945-м прыйшло паведамленне, што ён трагічна загінуў, выпрабоўваў новую тэхніку, пахаваны як герой. На жаль, ніякага дакладнага месца пахавання не было пазначана. Вядома, што загінуў ён у горадзе Мары. Калі вядома каму, дзе знаходзяцца могілкі ваенных лётчыкаў у гэтай мясцовасці, паведаміце. Нам бы хоць жменьку зямлі ўзяць ды прывезці на радзіму, каб ведаць, дзе пахаваны брат, аддаць даніну памяці. Алена Дзмітрыеўна Храмянкова, Горкі”.

  РодныЯ  Ў АргенцІне

Сваіх родных шукае Анастасія Васільеўна Грышкевіч. “У 1934 годзе старэйшы брат майго бацькі Уладзімір Лаўрэнцьевіч КАРПІНЧЫК, які жыў у вёсцы Елянова Бярозаўскага раёна, паехаў на заробкі ў Аргенціну. А яго сям’я і тры браты Іван, Андрэй і Васіль (мой бацька) засталіся на радзіме. У вайну і складаны пасляваенны час не было магчымасці падтрымліваць сувязь з дзядзькам Вовам. Толькі ў 1954 годзе прыйшоў ліст з Аргенціны. Што ён пісаў, не ведаю. На радзіме засталася дзядзькава жонка Настасся з двума сынамі: Васілём і Сцяпанам. Васіль прапаў без вестак у гады Вялікай Айчыннай, а цётка Настасся з другім сынам Сцяпанам памерлі ўжо, так і не дачакаўшыся хоць якой-небудзь вестачкі з-за мяжы. Магчыма, у дзядзькі ў Аргенціне была другая сям’я. Можа, засталіся яго дзеці, унукі ці праўнукі. Хай адгукнуцца”.

Партызаны, партызаны
“У лютым 1944 года фашысты перавозілі ўсё нарабаванае на Захад, забіралі і нашых людзей на працу. Мне тады было гадоў 15 і я паступіў з акупіраванай зоны ў 4-ы партызанскі атрад Лёзненскай партызанскай брыгады імя Кірылава. Атрад тады размяшчаўся ў вёсцы Ульянавічы Сенненскага раёна. Камандзірам быў Зайкоў М. Атрад быў інтэрнацыянальны, каля 120 чалавек, у тым ліку дзяўчаты. У чэрвені 1944 года атрад акружылі фашысты ля возера Палік, побач з вёскай Брод Мінскай вобласці. Я трапіў у палон, а потым мяне забралі ў Германію. У лютым 1945-га нас вызвалілі савецкія воіны, і я вярнуўся дадому. Хачу знайсці людзей, з якімі разам быў у партызанскім атрадзе. Калі засталіся сведкі тых падзей, адгукніцеся. Мікалай Філіпавіч Навіцкі, Віцебск”.

ПошукІ І знаходкІ

Праўду кажуць, першае каханне не ржавее. Не забываюцца тыя хвіліны шчасця, толькі не беражом мы іх. Часта здараецца, нейкая дробязь разбівае жыццё на “да” і “пасля”. А потым шкадуем, ды толькі вярнуць былое немагчыма. Сорамна праз гады-дзесяцігоддзі ўспамінаць і прызнаваць свае памылкі. Такія лісты прыходзяць на адрас нашага пошукавага праекта амаль штодзень. І, ведаеце, з нашай дапамогай сустракаюцца людзі са сваім каханнем, вяртаюцца хоць ва ўспамінах у бесклапотнае шчаслівае юнацтва.
У пачатку жніўня ў эфіры гучаў, а мы затым друкавалі ліст Людмілы Асташэвіч, якая шукала свайго сябра Анатоля Новікава. Апошні раз яны бачыліся дзесьці ў пачатку 1980-х гадоў, а можа, і раней. Нешта там у іх здарылася, і разышліся іх сцежкі-дарожкі. Людміла зараз жыве ў Расіі, прыязджае ў Беларусь раз на год-два. І вось перад ад’ездам зайшла да калег на радыё, каб пакінуць сваю просьбу, з надзеяй знайсці Анатоля Новікава. Яе просьба выканана. На жаль, Людміла была ўжо ў Расіі. Як толькі сябар адшукаўся, калегі адразу патэлефанавалі Людміле. Але іх апярэдзіў Анатоль Канстанцінавіч, ён сам пазваніў Людміле. Яна была вельмі ўсхваляваная, не чакала такога сюрпрызу.
— Я, канешне, яго пазнала адразу. Кажу, гэта Толік. Ён сказаў, што ўсё памятае, што яму прыемна. Ён не толькі адразу патэлефанаваў, але і паабяцаў прыехаць. Сустрэча будзе хутка. Ён цяпер на пенсіі. Як я і думала, быў ваеннаслужачым. У яго сям’я, двое дзяцей. Сказаў, што ўсё нармальна. 31 год — гэта такі вялікі тэрмін, але сустрэча будзе, што вельмі прыемна. Ён быў рэдкі, неардынарны чалавек, таму я яго і памятаю.
Людміла шкадавала, што толькі перад ад’ездам прыйшла ў рэдакцыю. Можа, яны маглі б сустрэцца, калі яна была яшчэ ў Мінску. Яна абяцала напісаць, а калі прыедзе ў Мінск, абавязкова завітаць. І калегі, і мы заўжды рады такім гасцям.


Дзе даЧка?

“Шукаю сваю дачку Зою Пятроўну ФЕАФАНАВУ, 13 кастрычніка 1952 года нараджэння. Па апошніх даных, яна жыла ў Санкт-Пецярбургу. А.Ф.Кісялёва”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter