"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

Чалавеку ўласціва памятаць. Памятаць свае карані, родных, блізкіх, дарагіх, людзей, з якімі аднойчы звёў лёс. Як бы ні складваліся абставіны, колькі б гадоў ні мінула, гэта менавіта так. І сведчаннем таму шматлікія лісты, якія прыходзяць на адрас сумеснага пошукавага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё...”
ПрапалІ без вестак

“Мой бацька Андрэй Гур’евіч КУЦЭНКА, 1922 года нараджэння, прапаў без вестак у час вайны. У армію быў прызваны Белапольскім раённым ваенным камісарыятам Сумскай вобласці, з Украіны, дзе да вайны жыў з сям’ёй. Сэрца маё адчувае, што бацька загінуў. Хачу даведацца, дзе яго магіла, наведаць яе, пакласці кветкі, пакланіцца нізка зямельцы, у якой знаходзіцца прах дарагога чалавека. Кацярына Андрэеўна Бойка, Верхнядзвінск”.
“Не ведаю, дзе пахаваны мае браты: родны Іван Мікалаевіч ТУНЧЫК і траюрадны Павел Паўлавіч ТУНЧЫК, абодва 1927 года нараджэння, родам з вёскі Малы Рудзец Кобрынскага раёна. У сярэдзіне сакавіка 1944 года фашысты зрабілі аблаву на партызан, якія дзейнічалі ў нашай мясцовасці. Падчас яе былі схоплены многія жыхары навакольных вёсак, у тым ліку і мае браты. Вядома, што спачатку іх адвезлі ў турму ў Кобрыне, адкуль пасылалі на працу. Потым некаторых жанчын і дзяцей адпусцілі, а пра лёс братоў не ведаю дагэтуль. Магчыма, пра іх ёсць звесткі ў архівах, у Чырвоным Крыжы. Разам з братамі дамоў тады не вярнуліся Ганна Ячнік з дачкой Ганнай, Ульяна Брашко з дзецьмі, Таццяна Кулік і іншыя. Дапамажыце даведацца пра іх лёс. Леанід Мікалаевіч Тунчык, Брэст”.
“Адшукваю магілу брата Васіля Парфёнавіча ДРАЗДО-ВА. Ён быў родам з вёскі Рудня Бурыцкая Лоеўскага раёна. У час Вялікай Айчыннай змагаўся з фашыстамі. У пахавальнай паведамлялася, што брат загінуў у Вінніцкай вобласці, а дзе канкрэтна, невядома. У сям’і нас было пяцёра: брат і чатыры сястры. Тры сястры разам з маці знаходзіліся на прымусовых работах у Германіі. Я з бацькам заставалася ў вёсцы. Калі вёску спалілі фашысты, пайшлі ў лес, былі ў партызанскім атрадзе “За Радзіму”. Зараз з нашай сям’і засталося трое. Тамара Парфёнаўна Шамела-Драздова, Лоеў”.

  МІласэрнасць

“Да вас звяртаецца старшыня Фрунзенскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” горада Мінска Валянціна Рыгораўна Сачык. Мы не можам знайсці добрую жанчыну Валянціну Іванаўну ЖАРКЕВІЧ. Яе дапамогі чакае член нашай арганізацыі, састарэлая адзінокая бабуля, інвалід па зроку Еўдакія Мікалаеўна, якая нядаўна страціла адзінага сына. Валянціна Іванаўна аказала бабулі вялікую духоўную падтрымку, абяцала не пакідаць яе ў цяжкі час, дала свой нумар тэлефона і прасіла тэлефанаваць. На жаль, Еўдакія Мікалаеўна згубіла нумар тэлефона, а адрас яе не ведае. Вядома толькі, што яна працуе ці працавала ў адным з атэлье, дзе шыюць вопратку для служачых праваслаўнай царквы. Добры, спагадлівы чалавек Валянціна Іванаўна Жаркевіч, адгукніцеся”.

ГІсторыЯ адной сЯм’І

Антаніна Яфрэмаўна Гапеева з Магілёва шукае Браніславу Станіславаўну БАБІЦКУЮ. “Бацькі Браніславы Станіслаў і Аршуля Бабіцкія ў 1930 годзе былі высланы ў Пермскую вобласць, Нырабскі раён, пасёлак называўся Шанежная. Адправілі іх туды з Клічаўскага раёна, з вёскі, якую на дзве паловы раздзяляла чыгунка, па ёй і ўдзень і ўначы хадзілі цягнікі. Пакаралі за тое, што брат Станіслава Бабіцкага служыў у царскім войску, быў, як тады казалі, белым. Калі сям’ю вывозілі, Броні споўнілася 2 гады. Яшчэ ў іх быў маленькі хлопчык. Броню бацькі забралі з сабой, а Ваню аддалі стрыечнай сястры, у якой сваіх дзяцей не было. У 1937 годзе Станіслава Бабіцкага забрала НКУС, маці Бронечкі памерла, дзяўчынку, хутчэй за ўсё, забралі ў дзіцячы дом, магчыма, змянілі ёй імя і прозвішча. Маці, перад тым як памерла, пакінула дачушцы 25 рублёў і дзве падушкі. Вельмі перажывала за яе лёс. Дзяцей-сірот тады часта бралі ў нянькі. Можа, і Броню ўзялі? У 1945 годзе жыхароў пасёлка Шанежная, якія засталіся жывымі, перасялялі ў іншыя месцы. У той час гэта рабілі тайна, куды каго накіроўвалі — было невядома. Спадзяюся, што і зараз у Магілёўскім раёне жыве жанчына, якая пасля смерці маці прытуліла Броню. Гэта Марыя Віктараўна Севярынцава, якая з месца свайго высялення, з Урала, уцякала дамоў, у Беларусь. Немалую адлегласць за 3 месяцы пешшу пераадолела гэта жанчына і дабралася да родных мясцін. Нядаўна Марыі Віктараўне споўнілася 94 гады. Дай Бог, каб яна была жывая і здаровая. Магчыма, і ў Клічаўскім раёне ёсць людзі, якія ведаюць гісторыю сям’і Бабіцкіх. Вельмі прашу: адгукніцеся, дарагія”.

  БлІзкІЯ людзІ

“Шукаю брата Мікалая Мікалаевіча СЛЕП-ЧАНКУ, якога няма з намі ўжо 22 гады. Апошняе пісьмо ад яго прыйшло з Ленскага раёна Архангельскай вобласці. Я напісала яму таксама і паслала ліст, але звестак ад брата больш не было. Няма і дагэтуль. Мікалаю сёлета спаўняецца 60 гадоў, ён 1947 года нараджэння. Тамара Андрэеўна Кісялёва, Брэсцкі раён”.
“Хачу даведацца пра жонку і сына майго брата Аляксандра Галакціёнавіча Кулінковіча. Брат памёр. Яго жонка Тамара Трафімаўна КУЛІНКОВІЧ (у дзявоцтве Шпак), 1938 года нараджэння, пасля смерці мужа выходзіла замуж і мяняла прозві-шча на Журахоўскую. Сын брата Аляксандр Аляксандравіч КУЛІНКО-ВІЧ, 1959—1960 года нараджэння, жонку завуць Ніна, у іх дзве дачкі Таня і Іра. Жылі яны ў горадзе Новашахцінску-5 Растоўскай вобласці, але наша сувязь ужо некалькі гадоў як страчана. Вера Галакціёнаўна Мардовіч, Мінск”.
“Мы з бацькамі да 1946 года жылі ў Хойніках. Затым пераехалі ў вёску Клін Пінскага раёна. У 1947-м мой брат Леанід Мікалаевіч ШЫНКАРЭНКА, 1934 года нараджэння, паехаў з дому, і дагэтуль пра яго лёс нічога не ведаем. Звярталіся ў розныя месцы, шукалі роднага чалавека, але безвынікова. Бацька мой Мікалай Фёдаравіч і маці Зінаіда Сямёнаўна Шынкарэнкі даўно памерлі. Браты Анатоль і Рыгор і яшчэ дзве сястры таксама пайшлі з зямнога жыцця. Сярод жывых засталіся малодшая сястра Святлана і я. Можа, нас пачуюць ці прачытаюць людзі, якія ведалі яго. Магчыма, у брата былі жонка, дзеці. Дарагія, адгукніцеся. Мікалай Мікалаевіч Шынкарэнка, Пінскі раён”.
“Шукаю сястру Ніну Аляксееўну АЎДЗЕЕНКУ (у дзявоцтве Весялко), 1938 года нараджэння. У 1958 годзе мы з ёй працавалі на абутковай фабрыцы ў горадзе Макееўка Данецкай вобласці. Я ў рантавым цэху, а Ніна ў мадэльным. Затым я звольніўся і паехаў у вёску, дзе жыву і зараз. Жонка мая памерла. Сувязь з сястрой страчана. Спадзяюся, што мне пашанцуе знайсці яе. Мікалай Аляксеевіч Весялко, Крычаўскі раён”.
“Адшукваю сваяка Мікалая Сцяпанавіча ШАШКОВА, 1935 года нараджэння, які жыве ў горадзе Запарожжа. Мы перапісваліся, але вось ужо 10—12 гадоў няма ад яго вестачкі. Любоў Іванаўна Бачура, Светлагорскі раён”.
“Мая стрыечная сястра Надзея Іванаўна ХАМКО (про-звішча дзявочае) раней жыла ў Маскве на вуліцы Цюрупы. Мы з ёй не бачыліся з дзяцінства. Ведаю, што ў Надзеі Іванаўны ёсць сын і працуе яна ўрачом. Ёй зараз каля 50 гадоў. Тамара Міхайлаўна Хамко, Мінск”.
“Шукаю стрыечную сястру Таццяну КАЗАКЕВІЧ (прозвішча дзявочае). Бацьку звалі Косця, а маці Зіна. Нарадзілася Таня прыкладна ў 1948 годзе. Яны жылі ў Светлагорску. Потым сястра пісала мне з Ленінграда. Пасля таго, як яна выйшла замуж, перапіска спынілася. Новае прозвішча Таццяны не ведаю. Танечка! Прашу цябе, адгукніся і напішы мне пісьмо. Гелена Станіславаўна Машко (Казакевіч), Валожынскі раён”.
Многія шляхі нашага пошуку вядуць у Расію. Таму, відаць, зноў давядзецца клікаць на дапамогу калег з праграмы “Жди меня”, з якімі наладжаны добрыя стасункі, і мы дапамагаем адно аднаму ў важнай справе.

  Не забываецца

“Хачу знайсці сябра маладосці. Пра яго думаю заўсёды і гэтым жыву. Завуць яго Канстанцін ЖГІЛІНСКІ, 1948 года нараджэння, з Віцебскай вобласці. Працаваў у Мінску электрыкам, жыў у інтэрнаце на вуліцы Казінца, у 12-м пакоі. Яўгенія Сцяпанаўна Машлякевіч, Мінск”.
“Сябар маёй далёкай маладосці Мікалай Васільевіч ЦУРКАНАЎ, 1935 года нараджэння, жыў у Ташкенце. Пазнаёміліся мы ў Беларусі. Тут Мікалай служыў у войску. Пасля службы паехаў у Ташкент. У 1958 годзе паведаміў мне, што паступіў вучыцца ва універсітэт. Дзесяць гадоў мы пісалі адзін аднаму лісты, а потым сустрэліся. Мікалай прыязджаў да нас у Полацк. Але лёс склаўся так, што мы зноў рассталіся.
З таго часу мінула 38 гадоў, дзесяць — як я ўдава. Дагэтуль бачу адзін і той жа сон, як Мікалай прыязджае да нас і ідзе побач са мной. Я яго не забыла. Беражліва захоўваю яго фота-здымак. Хачу даведацца,
як склаўся яго лёс. Аліна Дзмітрыеўна Аляксеева, Наваполацк”.

КаханнЯ светлыЯ хвІлІны

“Прыкладна ў 1953—1954 годзе я жыла разам са сваёй сястрой у ваенным гарадку ў Мачулішчах пад Мінскам. Там пазнаёмілася з хлопцам, які служыў у войску. Гэта было першае ў маім жыцці каханне. У яго, як ён казаў, таксама. Мы былі вельмі шчаслівыя. У лісце маёй маці ён пісаў, што моцна кахае мяне і, як закончыцца тэрмін службы, хоча забраць з сабой дамоў, на Украіну. Але аднойчы ўсё раптам абарвалася. Мой каханы не прыйшоў у прызначаны час на спатканне, і я адна, без яго, пайшла на танцы. Танцавала з незнаёмым хлопцам, як раптам ён з’явіўся і злосна сказаў: “Што? Танцуеш? Можаш танцаваць і далей”. Мне гэтыя словы былі як куля ў сэрца. А ён вымавіў іх і збег. Так мы і рассталіся. Ён потым усім гаварыў, што такога ад мяне не чакаў. Расказаў маёй начальніцы, напісаў маці. І больш да мяне не падышоў. Я таксама не стала апраўдвацца, вырашыла нічога не высвятляць, хаця і было балюча. А нядаўна ўбачыла яго ў сне. Адна знаёмая жанчына разгадала сон і сказала, што з ім, мабыць, нешта здарылася, яму зараз кепска. Гэта так усхвалявала мяне, мая душа не ведае спакою. Дапамажыце даведацца, як склаўся лёс майго былога каханага Мікалая Паўлавіча ЧАПІЛКІ. Яму зараз прыкладна 70 гадоў, жыве, хутчэй за ўсё, ва Украіне. Аляксандра Канстанцінаўна Драгун, Аршанскі раён”.

  БалюЧа паранІЎ

“З Васілём мы пазнаёміліся пры вельмі цікавых абставінах. Пісала я ліст аднаму хлопцу, трэба было вырашыць нейкія пытанні. Яго адрас мне далі дзяўчаты той мясцовасці, дзе ён жыў, але пераблыталі прозвішча. Маё пісьмо не згубілася, знайшло адрасата. Потым мы сустрэліся. Вася мне вельмі спадабаўся. Я яму, здаецца, таксама. На той час Вася жыў у Мінску, а я ў Баранавічах. Ён да мяне прыязджаў. Мы рассталіся, але я памятаю яго ўсё жыццё. Спрабавала забыць, ды не атрымліваецца. Зберагла стос яго пісьмаў і чытала іх кожны дзень, пакуль яны не ператварыліся ў шматкі паперы. Не ведаю, што падштурхнула майго Базылька (я яго тады так называла) напісаць мне такі ліст: “Кацюша! Даруй за ўсё, але я перадумаў. Я пакінуў за сабой адзін адказ. Бывай”. Але не мінуў і месяц, як мой Базылёк прысылае мне падарунак да дня нараджэння і просіць прабачэння. Я прамаўчала. Вельмі балюча ён параніў мяне, не магла дараваць за свае гарачыя слёзы. Толькі з цягам часу зразумела, што ад сябе нікуды не ўцячэш, падмануць сябе нельга. Вельмі шкадавала потым, што не даравала яму, але было позна. Хутка выйшла замуж, на злосць Васю. Але, мабыць, ён і не ведаў пра гэта. Жыла з адным, думала пра другога. Калі б не тое пісьмо ад Васі, было б, мабыць, усё інакш. Цяпер я віню не яго, а сябе. Але нічога не зробіш, такая доля. Ужо дзевяць гадоў, як я ўдава. Замуж другі раз не выходзіла, хаця сваты былі, але ніхто не любы. Цікава, як склаўся лёс Васіля Лявонцьевіча ЮРЭВІЧА. Хочацца сустрэцца, а калі гэта немагчыма, дык хаця б ведаць: ці шчаслівы ён? Кацярына Сяргееўна Аскірка, Мастоўскі раён”.

  За райскІм жыццЁм

“Хачу даведацца пра лёс дзядзькі, брата маёй маці Юльяна Аляксандравіча ГАМОЛКІ, 1913 года нараджэння. Ён жыў у вёсцы Ярмолічы Вязынскай воласці Вілейскага павета. Паслухаўшы агітатараў пра райскае жыццё ў СССР, дзядзька і яшчэ некалькі хлопцаў з навакольных вёсак вырашылі адправіцца туды, але пры пераходзе мяжы 25 жніўня 1932 года іх затрымала Пасадзецкая застава Крайскай камендатуры. Больш пра дзядзьку і хлопцаў, што былі з ім, нічога не ведаем. Цікава, які іх лёс? Ілля Ільіч Ракоўскі, Ліда”.

Гора мацІ

“Мой сын Аляксандр Юр’евіч ПАСТУХОЎ, 1957 года нараджэння, жыў з сям’ёй у горадзе Перм. І я там жыла. У 1984-м прыехала ў Беларусь даглядаць хворую маці. Яна памерла, а я так і засталася на малой, як кажуць, радзіме. У свой час тут служыў у войску мой муж. Аднойчы зайшоў ён у наш дом вады папіць, мы з ім пазнаёміліся. Пасля службы пажаніліся, і павёз ён мяне на Урал. Нядоўга былі шчаслівыя. Муж хутка знайшоў сабе новую сяброўку, і мне давялося пераехаць у іншае месца. Адна выхоўвала сына. Ён служыў у войску, вучыўся ў будаўнічым тэхнікуме, ажаніўся, мае сям’ю. Прыязджалі ўсе да мяне. І вось 12 гадоў мінула, як няма ад іх ніякай вестачкі. Свацця піша мне лісты, але пра майго сына не ўспамінае. Піў ён, з жонкай скасавалі шлюб, выселілі з кватэры — гэта мне сястра паведаміла, якая жыве там, непадалёку. У мяне вельмі цяжка на душы, начамі не сплю, думаю-разважаю, дзе мой сын. Мне 73 гады, ужо немаладая. Можа, пасля смерці маці трэба было вярнуцца ў Перм? Прыгледзела б за сынам, і нічога тады, мабыць, не здарылася б? Увесь час мучае, не дае спакою гэта думка. Лёс мой з маленства няпросты, голад перажылі, бацька з вайны не вярнуўся. Сябра пісаў, што загінуў пад Вязьмай, а дзе пахаваны, не ведаем. Нас, чацвярых дзяцей, маці адна выхоўвала. Здавалася, усё гора ў мінулым. А вось зараз зноў яно прыйшло да мяне: не ведаю, дзе мой сын. Дапамажыце яго знайсці. Валянціна Паўлаўна Пастухова, Слонімскі раён”.

  Сэрца — не камень

Жыхарка Мінска Марыя Трафімаўна (дзявочае прозвішча Амельчанка) вельмі хоча даведацца пра лёс сябра сваёй маладосці Генадзя Паўлавіча СВЯТЛОВА. Вось што яна расказала:
— Хачу адшукаць свайго самага дарагога сябра, сваё першае каханне. Яно мне не дае спакою, хоць я выходзіла замуж, жыццё пражыла, дзяцей маю, але яго з душы сваёй ніяк не магу выкінуць. Пасля вайны прывезлі нас у Мінск убіраць цэглу. І вось пазнаёмілася я з хлопцам. Ён сам з Пецярбурга, служыў у арміі. Сябравалі. Ён даведаўся, што я круглая сірата. Калі яго хацелі з Мінска накіраваць у камандзіроўку, сказаў: “Ты паедзеш да маіх бацькоў, мая маці ў час блакады ўсіх дзяцей ратавала, дапаможа ўладкаваць цябе вучыцца”. Я не адмаўлялася, маўчала. Сама думаю: як жа я паеду туды. На фотаздымку: маці яго такая прадстаўнічая, і кватэра ў іх, і ўсё. А я, здаецца, ужо ніколі і дамоў не бачыла, прамучылася за ваенны час. Ён мне дае пісьмо і фотаздымак. А я яму вельмі дрэннае слова сказала. Хацела, каб ён не хадзіў да мяне і не трывожыў. Нікуды не хацела ехаць. Ён пастаяў, паглядзеў, выхапіў фотаздымак, пісьмо і пайшоў. Назаўсёды. Такі добры, разумны быў. Я бачыла сон, што мы ішлі па мосце, ён убаку ішоў і зваліўся з гэтага моста. Мне падалося, што з ім штосьці здарылася. Хачу адшукаць, даведацца, як у яго жыццё склалася. Начамі не сплю, усё думаю і думаю. Усё ад сораму, ад таго, што саромелася і глупства натварыла. Генадзь, калі ты памятаеш Марыйку, даруй мне, калі можна. Я буду Бога маліць за цябе, за тое, што ты ёсць, што ты быў у мяне. Напішы, паведамі, як жывеш.

ПошукІ І знаходкІ

Ніна Пятроўна Колас з Паста-ваў шукала сям’ю Сцяпана Данілавіча Навумчыка. Гісторыя пачалася ў 1954 годзе, калі іх сем’і выселілі ў Казахстан. Маці Ніны Пятроўны вельмі хварэла, мела чацвёра дзяцей, старэйшай сястры было 16 гадоў, Ніне — 14, малодшым братам — 7 і 5. Бацькі не было. Цяжка было ў Казахстане, але знайшліся добрыя людзі, якія дапамагалі чым маглі. Сярод іх і сям’я Сцяпана Данілавіча Навумчыка. У 1961 годзе быў атрыманы дазвол вярнуцца на радзіму. І з таго часу сувязь была страчана. Ніна Пятроўна хацела даведацца, як склаўся лёс гэтых людзей, падзякаваць ім за ўсё,  што яны зрабілі для іх. І гэта можна зрабіць зараз, бо Сцяпан Данілавіч Навумчык знайшоўся. Яго дакладны хатні адрас і тэлефон прыйдзе па пошце.
Нашы калегі зачытвалі па радыё, а мы друкавалі пошукавую заяўку з праграмы “Жди меня”. Наталля Аляксееўна Навіцкая прасіла адшукаць брата Юрыя Аляксеевіча Навіцкага, 1944 года нараджэння. Жанчына паведамляла, што Юра закончыў сярэднюю школу ў Небіт-Дагу (Туркменістан). Адтуль пайшоў у армію. У 1968-м ажаніўся. Працаваў у горадзе Ташауз, Мар. У 1987 годзе працаваў у Нар’ян-Мары ў вышка-мантажнай канторы намеснікам галоўнага інжынера. Была ў яго кааператыўная кватэра ў Гродне.
Брат Наталлі Аляксееўны знайшоўся, а дакладны яго адрас накіраваны калегам з праграмы “Жди меня”, якія перашлюць яго жанчыне.
За дапамогу ў пошуку выказваем падзяку супрацоўнікам Гродзенскага, Віцебскага, Брэсцкага адрасных сталоў, а таксама тэлефаністкам унітарнага прадпрыемства “Белтэлекам” Вользе Юрчак, Людміле Гулезавай, Таццяне Шарандзе і Людміле Чычкам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter