"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

Кожнае пісьмо, якое мы з калегамі з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, атрымліваем на адрас пошукавага праекта “Помні імя сваё...”, адметнае. Ці напісанае часам неразборліва старэчай рукой, ці набранае на камп’ютэры, яно прасякнута просьбай, надзеяй, жаданнем паведаміць пра сваё жыццё, падзяліцца набалелым. У кожнага свая гісторыя, пра якую хочацца расказаць падрабязна. Але часам месца не хапае ці чарга не падыходзіць (даруйце, але лістоў шмат, даводзіцца агучваць і друкаваць іх па чарзе), і тады, праз некаторы час, мы разам з аўтарамі вяртаемся да асобных дэталей, адшукваем фотаздымкі. І гэта дапамагае пошукам і падтрымлівае тых, хто звяртаецца да нас.
Блізкія людзі

“Шукаю свайго дзядзьку па бацькавай лініі Сцяпана Пятровіча САЦУТУ, які нарадзіўся ў 1929 годзе, жыў у вёсцы ў Іванаўскім раёне. Пайшоў у армію, служыў на Балтыйскім флоце. Пасля службы застаўся жыць у Таліне, ажаніўся. Часта прыязджаў з сям’ёй на радзіму. Пасля развалу Савецкага Саюза прыязджаў толькі раз. З таго часу мы пра яго нічога не ведаем. Я яму некалі высылала паштоўку пад Новы год, аднак адказу не атрымала. Паліна Мікалаеўна Галякевіч”.
“Падчас вайны майго стрыечнага брата Фёдара Міхайлавіча ПЛЫТНІКА забралі на працу ў Германію. Дадому не пісаў. Магчыма, ён застаўся жыць у Германіі. На жаль, я не памятаю год нараджэння Фёдара. Калі яго забіралі, мне было гадоў 10. Ён жыў у вёсцы Пацэвічы Самойлаўскага сельсавета Мастоўскага раёна. У Фёдара з родных засталася толькі я. Вельмі чакаю сустрэчы з роднымі. Ніна Андрэеўна Сяргуніна (Варановіч).”

Першае каханне
З першым каханнем лёс разлучыў яе ў мірны час. Усё пачыналася вельмі прыгожа, скончылася ж... Магчыма, гэта быў юнацкі максімалізм. Людміла Асташэвіч зараз жыве ў Энгельсе Саратаўскай вобласці, але часта прыязджае ў Беларусь. Яна даўно хацела знайсці таго, пра каго памятае столькі гадоў, даведацца, як склаўся яго лёс.
— Я нарадзілася ў Беларусі, у Плешчаніцах Лагойскага раёна. Потым закончыла ў Мінску радыётэхнічны тэхнікум і тры курсы інстытута, выйшла замуж і паехала ў Саратаўскую вобласць, у Энгельс. І там з 1984 года жыву. Адшукваю Анатоля НОВІКАВА, 1953 года нараджэння. Ён нарадзіўся і жыў да 1986 года ў Мачулішчах. Я не бачыла яго 31 год. Гэта было першае каханне. Вельмі добрыя, чыстыя адносіны былі. Ён быў такі неардынарны хлопец. Па-першае, вельмі прыгожы. А яго ўсмешка! Столькі я бачыла людзей, а такой усмешкі не сустракала. Ён працаваў у нейкай ваеннай арганізацыі, дакладна не ведаю якой. Тэлефанаваў мне з усіх гарадоў Савецкага Саюза. Але ў нас затым непрыемнасць атрымалася, ён ведае, якая. Ён прасіў дачакацца яго, але я вельмі моцна пакрыўдзілася. Ён потым прыходзіў, прасіў прабачэння, але я не змагла дараваць. І на злосць яму выйшла замуж. Некаторы час жыла ў Мінску, пакуль муж вучыўся, а потым мы сталі “катацца” па краіне. Зноў вярталася ў Мінск. За гэты час я яго ні разу не бачыла. Ніколі не забудуся, калі я ішла з сяброўкай у ЦУМ выбіраць люстру ў маю кватэру на Валгаградскай. У кватэры пуста, мы пачыналі абсталяванне з інтэр’ера. Ён нас сустрэў. Узрадаваўся. А да гэтага мы сустракаліся дзесьці год. Былі такія адносіны: ён мог з’яўляцца, ад’язджаць, прыязджаць, работа была такая. Люстра мне спадабалася, і ён мне яе купіў, хоць я не хацела. З гэтай люстрай я ездзіла па краіне гадоў 25. Яна і цяпер у мяне ляжыць. Калі мы рассталіся, я яго не бачыла. Праз два гады пасля таго, як я выйшла замуж, ён убачыў маю сяброўку Таццяну і сказаў, што пакрыўдзіўся на мяне і што такую жанчыну ён больш не сустрэне. Канешне, у кожнага цяпер свая сям’я. Я не ведаю, як склаўся яго лёс, а так хочацца дазнацца. Я яго заўжды ўспамінала, бо такіх арыгінальных людзей не сустракала. Ён быў вельмі адкрыты. З часам усе непрыемнасці забыліся, засталіся толькі добрыя ўспаміны пра першае каханне. У яго была сястра, тады яна вучылася ў шостым класе. Можа, яна адгукнецца ці хтосьці з яго родных?

Паўстагоддзя таму

Праз 50 гадоў сустрэліся выпускнікі Крычаўскага педагагічнага вучылішча. Нашы калегі і мы сачылі, як развіваліся падзеі. Знайшліся былыя выпускнікі за мяжой — у Ізраілі, Францыі. І вось адбыўся вечар сустрэчы. Пра яго расказала ініцыятар пошуку сваіх аднакурснікаў Тамара Мітрафанаўна Ляліхава (Карпушкіна):
— Перад тым як сабраць сваіх аднакурснікаў, я была ў санаторыі ў Ждановічах. Пачула жаночую размову. А тэмбр голасу такі блізкі, родны. Я павярнулася і пытаю, ці не ведаюць яны Эмілію Іосіфаўну Камароўскую. Гэта аказалася яе сястра. Яна дала мне адрас маёй сяброўкі, з якой мы не бачыліся шмат гадоў. Мы сустрэліся з Эміліяй. І плакалі, і радаваліся, успаміналі тыя гады. І вырашылі ўдзвюх з ёй, што арганізуем сустрэчу аднакурснікаў Крычаўскага педагагічнага вучылішча 1957 года выпуску. Такая сустрэча ніколі не забудзецца. Успомнім час вучобы. Тады мы былі зусім дзецьмі, паступалі ж пасля 7 класаў. Жылі адной сям’ёй, час складаны, матэрыяльна было вельмі цяжка. Але мы дзяліліся апошнім кавалачкам хлеба. І вось мы сустрэліся. Перад намі людзі сталага ўзросту, салідныя. Пётр Цімафеевіч Люсікаў, дырэктар школы, практычна не змяніўся. Адразу яго ўсе пазналі. А вось многіх і не пазналі. Час змяніў людзей. Гэта было свята душы. Пайшлі ў педвучылішча, зайшлі ў клас, пасядзелі на сваіх месцах. Успаміналі, як адказвалі, падказвалі. Двое хлопцаў у нас было — Барыс Рыўкін і Пётр Люсікаў. Барыса мы выбралі рэдактарам газеты. Ён своечасова не спраўляўся, дык я пайшла і напісала: “Раве газета з гора, што рэдактар Бора”. Усе смяяліся. Успаміналі яшчэ, як дабіраліся дадому. Грошай не было, дзяўчаты ехалі на прыступках поезда, а хлопцы на даху. А потым 18 кіламетраў у 11 гадзін ночы праз лес. Назаўтра назад з рукзаком бульбы і сушаных дзікіх груш, каб падсілкавацца. Але мы ў той цяжкі час выстаялі, практычна ўсе атрымалі вышэйшую адукацыю і дасягнулі многага ў жыцці. На жаль, не ўсе сабраліся. Многія пайшлі ўжо з жыцця. Але мы знайшлі нават Мусю (Марыю) Радман у Ізраілі і Лідзію Панцюхову (Баброву) у Францыі. Я вельмі б хацела яшчэ сустрэцца са сваёй любімай сяброўкай Валянцінай ХРАМЯНКОВАЙ, з Барысам РЫЎКІНЫМ (Казанцавым), Валянцінай СТАРАВЫБАРНАЙ, Соф’яй ЮРЧАНКА, з усімі з гэтага выпуску. Дзякуй за тое, што дапамаглі нам сустрэцца. Мы атрымалі вялікі зарад энергіі. Зрабілі шмат фотаздымкаў, абмяняліся адрасамі, тэлефонамі. У госці адзін аднаго запрашаем і абавязкова будзем сустракацца. І шукаць астатніх абавязкова будзем.
Тамара Мітрафанаўна пакінула нам фотаздымак свайго выпускнога курса. Магчыма, адгукнецца хтосьці яшчэ з аднакурснікаў ці іх родныя.


Разам ехалі з Масквы
“Дапамажыце знайсці жанчыну, з якой я ехаў з Масквы 13 чэрвеня гэтага года. Поезд № 25 “Масква — Мінск”, вагон № 2, у мяне 13, у яе 15 месца. Яна ехала да Оршы, а я да Мінска. Як высветлілася, у канцы красавіка яна ад’язджала на Урал, у горад Перм у госці да брата. На жаль, я не ведаю ні адраса, ні назвы вёскі, ні прозвішча і нават імя жанчыны. Яна называла, але я забыўся: у вагоне было шмат дзяцей і тлуму. Ведаю, што жыве ў сельскай мясцовасці, на ўскрайку вёскі, пенсіянерка, як і я. Яшчэ нешта казала пра Баранаўку і Сянно. Я спытаў, ці далёка ад Оршы, яна сказала, што 30 кіламетраў. Спадзяюся на дапамогу паштальёнаў. Калі была ў гасцях паўтара месяца, нехта ж за яе атрымліваў пенсію. І яшчэ яна казала, што жыве ў сына. Пераехала, калі пахавала мужа і адной стала сумна. Я таксама жыву адзін і хацеў бы знайсці яе адрас і пісаць пісьмы. Я жыву ў вёсцы ў Вілейскім раёне, у 8 кіламетрах ад райцэнтра. Анатоль Піліпавіч”.

Прапалі без вестак

“Майго старэйшага брата Яўстрата Яфрэмавіча ГАЛАВАЧЭНКУ расстралялі ў Парычах Гомельскай вобласці падчас вайны. Брат быў падпольшчыкам. Я пасля вайны доўга шукала месца пахавання Яўстрата, аднак не знайшла. Калі я была ў вёсцы, дзе мы нарадзіліся і выраслі, пачула такую гісторыю, быццам бы ў тых мясцінах (у Чавусах) пахаваны тры чалавекі: дзве жанчыны і мужчына. Гэта мог быць мой брат, а таксама Аксіння Сінкевіч і Ганна Верас. Спадзяюся, што ў Чавускім раёне яшчэ захаваліся звесткі пра партызан-падпольшчыкаў. Ці ёсць у іх інфармацыя пра майго брата? Кацярына Яфрэмаўна Зялёная”.
Месца пахавання Еўдакіма Уладзіміравіча ХРЭНОЎСКАГА, 1904 года нараджэння, ураджэнца вёскі Чарняўцы Чавускага раёна, шукае ўнучка Тамара Адамаўна Гарбаценка. “Дзед ваяваў у партызанах (назва пазначана неразборліва). У 1943 годзе яго забралі ў палон разам з іншымі. Іх дапытвалі ў вёсцы Каменка, многіх партызан тады забілі і пахавалі ля Чавусаў. Частку палонных павезлі ў Польшчу, у лагер Хелм (так у пісьме). Пра лёс дзеда нічога невядома. У паведамленні, якое прыйшло пасля вайны, пазначаецца, што родны чалавек прапаў без вестак у верасні 1944 года. Магчыма, засталіся сведкі, тыя, хто быў у палоне, якіх накіроўвалі з вёскі Каменка ці з Чавусаў у Польшчу, адгукніцеся. Можа, вы памятаеце майго дзеда?”
“Дапамажыце адшукаць звесткі пра маіх родных. Мой бацька Пётр Тарасавіч ТАРЭЛКІН нарадзіўся ў Клічаўскім раёне ў 1890 ці 1891 годзе. Калі пачалася вайна, наша сям’я жыла ў Бабруйску.
30 чэрвеня 1941 года немцы захапілі горад. Мой бацька ў гэты дзень пайшоў да таварыша па службе. А да нас у хату прыйшлі немцы і пачалі яго шукаць. Праз некаторы час нам паведаміў знаёмы, што ён бачыў, як двое немцаў праверылі ў бацькі дакументы, а потым застрэлілі на Мінскай вуліцы. Даведаўшыся пра гэта, мы з мамай адразу пабеглі дахаты, каб узяць што-небудзь і прынесці цела таты. У хату пастукалі немцы і загадалі ісці з імі, але мы ўцяклі праз гарышча. А калі праз некалькі дзён сястра бацькі пайшла на месца, дзе яго застрэлілі, то цела ўжо не было. Мы з маці вярнуліся ў Бабруйск толькі ў 1944 годзе. На месцы нашай хаты было папялішча, а на Мінскай вуліцы — руіны. Так і не ведаем, хто і дзе пахаваў нашага роднага чалавека. Можа, хто-небудзь ведае месца, дзе ляжыць мой бацька? Мой брат Канстанцін Пятровіч ТАРЭЛКІН, 1922 года нараджэння, быў прызваны ў армію восенню 1940 года Бабруйскім ваенкаматам. Служыў у Літве, горад Марыямпаль. Пасля таго, як пачалася вайна, ніякіх звестак ні пра яго, ні ад яго мы не атрымалі. Ад свайго стрыечнага брата, які служыў разам з Косцем, даведаліся, што ў горадзе стаялі два палкі 92 ГАП і 82 полк сувязі. Размяшчаліся яны каля чыгункі. Калі брат шукаў Косцю, то яму паведамілі, што тых салдат павялі на граніцу. Што з ім здарылася? Можа, хто-небудзь з хлопцаў, якія служылі з ім разам, жывыя і ведаюць нешта пра майго брата? Галіна Пятроўна Мішчанка, Гродна”.

Дарагія сябры
“Вясной у Мінскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна адбылося закрыццё выставы таленавітай сталічнай мастачкі Галіны Здановіч. На яго яна запрасіла ўсіх сваіх аднакурснікаў, з якімі вучылася ў Мінскім педагагічным інстытуце на бібліятэчным факультэце ў 1967—1971 гадах. Сёлета спаўняецца 40 гадоў, як мы пазнаёміліся. І многія да гэтага моманту не ведаюць, што гэтыя цудоўныя пейзажы і кветкі намалявала наша Галіна Сямашка (прозвішча дзявочае) з 4-й групы. Наогул, наш курс падараваў свету многа знакамітых людзей. Напрыклад, кожную раніцу нас будзіць па радыё прыемны голас нашай Святланы Шушаковай (Болдзісавай). Доўгі час міністрам культуры быў наш Л.П.Гуляка. На нашым курсе вучылася будучая таленавітая журналістка А.С.Цялятка (Латушкіна), якая працуе ў “Народнай газеце”. Некалькі чалавек зараз выкладаюць ва універсітэце культуры: У.А.Акуліч, С.П.Паўлава (Навасад), Н.Клімянкова. Дзве нашы выпускніцы ўзначальваюць буйнейшыя бібліятэкі горада Мінска: Н.С.Чуева (Скуратовіч) — Мінскую абласную бібліятэку імя Пушкіна, А.А.Шамелава — Рэспубліканскую навукова-педагагічную бібліятэку. Я расказала толькі пра тых, з кім сустракаюся. А хацелася б сустрэцца і з тымі, каго з дня заканчэння ВНУ не бачылі, напрыклад, з Аняй КАРАЛЬКОВАЙ, Нінай ЛОЙКА, Валяй КАШЭЛЬ. Яшчэ я шукаю сваіх аднакласнікаў, якія ў 1967 годзе закончылі Любанскую сярэднюю школу Вілейскага раёна. Калі хто з былых аднакурснікаў ці аднакласнікаў адгукнецца, буду рада. Людміла Анатольеўна Касяк, Мінск”.

Гісторыя адной сям’і

Ніна Цімафееўна Варанцова (дзявочае прозвішча Ханяк) з Бабруйска чакае: а раптам хто-небудзь будзе шукаць яе. Тым больш што ёсць на свеце два родныя чалавекі, з якімі яе разлучыла Вялікая Айчынная вайна, — сястра Раіса Цімафееўна ХАНЯК (магчыма, ёй далі іншае імя), нарадзілася восенню 1938 года, і брат Іван Цімафеевіч ХАНЯК, нарадзіўся ў кастрычніку 1942-га.
— Гэта адбывалася ў сакавіку 1944 года. Жылі мы ў Кіраўскім раёне. Немцы нас пагрузілі на машыны і вывезлі ў канцлагер “Азарычы”. Калі мы ішлі па дарозе, там была конаўка з вадой. Мачыха мяне за руку перавяла, а сястрычку пакінула на тым баку. А потым руку адпусціла і пайшла. Я засталася адна сярод людзей. І давай назад вяртацца. Ішла і плакала. Жанчына з нашай вёскі спытала, куды я іду. Я і кажу, што там мая сястра. А тут і Рая ідзе. Хто маю сястрычку перавёў ці сама перайшла, не ведаю. Я ўзяла яе за ручку, і мы пайшлі па дарозе. Дайшлі да дроту. Я бачыла, як за дрот зайшла бабуля — маці майго бацькі. Калі мы дайшлі да паўдарогі, немцы білі шампаламі хлопчыкаў гадоў 13—15. Мы, уздрыгнуўшы, ціхенька прайшлі побач. Я не бачыла, куды пайшла бабуля — управа ці ўлева. Але знайшліся. І бабуля нас узяла за рукі і вяла. Так мы ўвайшлі ў балота — канцлагер “Азарычы”. З намі былі бабуля, яе муж (татаў айчым), бацькава сястра, нямы брат і яго жонка і дзве дзяўчынкі — бабуліны дочкі 12 і 10 гадоў ад бацькавага айчыма. Спалі пад сасной. Нехта сказаў мачысе, што я з бабуляй. Мачыха сказала, што мяне возьме (я ўсё ж была старэйшай, каля 8 гадоў), а сястрычку пакінула з бабуляй. Бабуля была хворая: яна напярэдадні звалілася з гарышча, моцна пабілася і кульгала. На каранціне я, мачыха і брат былі ў вёсцы Каравацічы. Дзе была бабуля з маёй сястрычкай, не ведаю. Потым нашы салдаты падбіралі дзяцей, якія былі без бацькоў. А мы хварэлі на тыф. Прапанавалі бабулі аддаць дзяўчынку. Яна аддала, але спытала, куды яе забіраюць. Салдаты далі ёй нейкі адрас. А калі мы ехалі да Клімавіч, у поездзе здарылася аварыя. Бабуля і яе 12-гадовая дачка сядзелі пад нарамі. Нары абваліліся, і іх прыдушыла. А той адрас якраз быў у кішэні пацярпелай бабулінай дачкі. Што зрабілі з бабуляй і дзяўчынкай, не ведаю. У Клімавічах мачыха прывяла нас з братам у прыёмны пакой нейкай установы. А сама пайшла нібыта нам за малаком. І знікла. Я 4 дні там была. Нас даглядала вельмі прыгожая светлавалосая кучарая дзяўчына Зіна. Потым павезлі ў бальніцу, дзе лячылі і хворых на тыф салдат. Мы ляжалі з імі ў адной палаце. Мяне прынеслі ў спецыяльны дом для тыфозных хворых, а брат застаўся ў палаце. Потым мяне і хлопчыка Эдзіка пагрузілі на машыну і павезлі ў школьны дзетдом. Там аказалася і 10-гадовая бацькава сястра па айчыму Вольга. Яна паведаміла пра мяне ў вёску. Калі мачыха ў 1984 годзе памерла, суседка сказала, што было пісьмо ад майго брата Вані. Мачыха была непісьменная, панесла іншым, пачыталі і далі адказ. Які — невядома. Наш бацька вярнуўся з вайны ў 1946 годзе. Ён ведаў, што я ў дзіцячым доме з Вольгай. Прыехаў і забраў мяне. Я пражыла з мачыхай 41 год. І вельмі шкадую, што не спытала ў яе, чаму яна кінула дзяцей перад смерцю. Яна ўвесь час лічыла, што я нічога не памятаю. І ўсім гаварыла, што Ванька і Райка памерлі. Як яна магла так казаць! Я іх нават ніколі ў царкве не памінаю, бо не бачыла іх смерці. А раптам яны жывыя...

Маладыя гады                                                                                       
  “З 1957 па 1960 год пасля медвучылішча я працаваў фельчарам у Пустынскім дзіцячым доме Мсціслаўскага раёна. Жыў пры гэтай установе. Гэта быў вельмі цікавы час майго жыцця і працы. Мы так дружна жылі, настаўнікі і дзеці. Асабліва мне запомніліся два хлопчыкі Аркадзь ЛАБКОЎСКІ і Віктар РАГОЎСКІ. Яны часта забягалі да мяне, расказвалі розныя дзіўныя гісторыі, дзяліліся ўражаннямі ад кожнага новага дня. Усё ім было цікава. Піянерважатай у дзіцячым доме была Ніна КУКАНКОВА. Чаго яна толькі не прыдумвала, каб зацікавіць дзяцей да вучобы, да грамадскага жыцця!.. З дзіцячага дома я паехаў паступаць у медінстытут. Паступіў. Але тыя гады працы ніколі не забываю. Ведаю, што Аркадзь Лабкоўскі скончыў у Ленінградзе ваеннае вучылішча, служыў у Манголіі. Віця Рагоўскі вучыўся ў прафтэхвучылішчы ў Магілёве. Як склаўся лёс Ніны Куканковай, дакладна не ведаю. Хацелася б сустрэцца з гэтымі людзьмі, хай абавязкова патэлефануюць. Міхаіл Аўрамавіч Банькоў, Мінск”.

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter