"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

Кожнае пісьмо на адрас сумеснага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё...” — гэта часцінка душы, глыбіні памяці, кароткі, але важны радок, звіты з лёсаноснай біяграфіяй сваёй краіны. Краіны, слаўнай і моцнай людзьмі, для якіх словы роднасць, карані, сумленне, сяброўства — не пусты гук. Таму яны шукаюць родных, блізкіх, сяброў, каханых. І знаходзяць.

Фотаздымак з ветэранам
Дзяўчынка падарыла ветэрану кветкі на Дзень перамогі. Яны вырашылі разам сфатаграфавацца. Ветэран Кузьма Савельевіч Машканцаў паабяцаў Каці, так завуць дзяўчынку, падарыць адзін фотаздымак ёй. Прайшло ўжо даволі шмат часу, а яны ніяк не могуць сустрэцца. “Яна, напэўна, згубіла мой нумар тэлефона.Каця! Адгукніся!”

   Паўстагоддзя таму

“Сваю родную сястру я ніколі не бачыў. Было гэта ў пачатку 1952 года. Пасля цяжкіх родаў памерла мая маці, пакінула чацвёра дзяцей. Я старэйшы, мне было 5 гадоў, адной сястры 3 гадкі, другой — гадок і маленькая Марыя, якой было ўсяго некалькі дзён. Аднаму бацьку было цяжка спраўляцца з намі, і яму параілі самую маленькую аддаць у дзіцячы дом у горад Кобрын. Праз некаторы час сваякі прыехалі адведаць яе, а ім сказалі, што дзяўчынку ўдачарыла сям’я ваеннаслужачых і павезла яе ў Брэст. У кнізе запісаў у сельскім Савеце было запісана: “Марыя, 2.03.1952 год, жаночы пол, Брэст, дзеддом”. Так і не ведаю, што было на самай справе: удачарылі Марыю ці аддалі ў дзіцячы дом у Брэсце. Я шмат куды звяртаўся з гэтым пытаннем, але безвынікова. Нарадзілася Марыя ў вёсцы Плоскае Хідрынскага сельсавета Кобрынскага раёна. Прозвішча яе было Андрасюк. Бацьку звалі Іван Іосіфавіч Андрасюк, маці — Марыя Андрэеўна Андрасюк. А можа, хто ведае, дзе зараз Марыя? Людзі добрыя, дапамажыце знайсці яе. Сястра Марыя, спадзяюся, што знайду цябе. Вельмі прашу, адгукніся. Мікалай Іванавіч Андрасюк, вёска Навасёлкі Кобрынскага раёна”.

Дружба не забываецца
“Шукаю сяброўку Галіну Сцяпанаўну МАРОЗАВУ (прозвішча дзявочае), 1937—1938 года нараджэння. У 1957—1958 годзе мы з ёй заканчвалі вучылішча ў Бераставіцкім раёне, вучыліся на трактарыстак. Пасля вучобы сяброўка, яе маці і брат Сцяпан паехалі ў горад Паўладар. Галіна там вучылася на медсястру, затым працавала ў бальніцы. Больш звестак у мяне пра яе няма. Валянціна Аляксандраўна Асіповіч-Нікіцік, Бераставіца”.
“У 1956 годзе я прыехала ў Маладзечна і працавала мулярам на будоўлі. Разам са мной у інтэрнацкім пакоі жылі дзве Веры: адна СІТКОВІЧ, прозвішча другой добра не памятаю, здаецца, ЧАРНЯЎСКАЯ, была яна з вёскі Чарэмшачы, што на Мядзельшчыне. У 26-м пакоі жылі Аня КАРПІЦКАЯ і Марыя, якая таксама працавала мулярам. Франя і Чэся, прозвішчы не памятаю, будавалі школу-інтэрнат у Валожыне і Пяршаях. Дзяўчаты, зараз, мяркую, бабулі, адгукніцеся, каб зноў сустрэцца. Я ў 1960 годзе паехала з Маладзечна і зараз жыву ў Віцебску. Галіна Мікалаеўна Селяўко”.
“Раней мая былая аднакурсніца жыла ў Іванаўскім раёне, затым пераехала ў райцэнтр Іванава. Людміла Васільеўна КАРОГВІЧ (прозвішча дзявочае), 1952 года нараджэння, з вёскі Стрэльна, што на Брэстчыне. З ёй мы вучыліся ў Гродзенскім культурна-асветным вучылішчы, якое закончылі ў 1972—1973 годзе, атрымалі дыпломы і рассталіся. Хачу даведацца, як здароўе Людмілы, як склаўся яе лёс. Мы дружна жылі з ёй у інтэрнаце, дзяліліся ўсім, чым маглі. Людміла Барысаўна Лазар (Шапель), Слонім”.

Па прозвішчы Шотт
“Шукаю сваю стрыечную сястру (дачку брата маёй маці) Ларысу Уладзіміраўну ШОТТ (прозвішча дзявочае). Яна 1946—1947 года нараджэння, ураджэнка Дзяржынска (ст.Койданава). У 1961 годзе пасля смерці бацькі я разам з маці паехала ў Казахстан. І з таго часу нічога не ведаю пра сястру. Кажуць, што яна жыве ў Віцебску. А можа, у Мінску, бо яе маці Шотт Ганна (так мяркую, бо звалі Нюся) родам са сталіцы, жыла ў прыватным сектары ці то на вуліцы Някрасава, ці то дзявочае прозвішча яе Някрасава. І яшчэ. Мой дзядуля з боку маці Андрэй ШОТТ нарадзіўся дзесьці гадоў 100 назад. Ніхто пра яго нічога не ведаў і не гаварыў. Але ж не можа жыць чалавек на зямлі без роду. Раскажу, што ведаю. Кажуць, што ён — паволжскі немец, іх туды выселілі. Як апынуўся ў Беларусі, не ведаю. Ажаніўся з маёй бабуляй Аляксандрай Грыневіч (у дакладнасці прозвішча не ўпэўненая). Родам бабуля была са Станькава Дзяржынскага раёна. Жылі ў Дзяржынску ва ўласным доме. Нарадзілі трое дзяцей. Дзядуля прапаў перад вайной. Старэйшы яго сын Васіль у вайну загінуў у Ленінградзе, ад другога сына Уладзіміра засталася дачка, мая стрыечная сястра, якую я хачу адшукаць. Трэцім дзіцем была мая маці. Такім чынам, працягу прозвішча Шотт не адбылося. Ванда Уладзіміраўна Курловіч (Шаблоўская), пасёлак Гатава Мінскага раёна”.

   Жыццё працягваецца

“Завуць мяне Валерый Сцяпанавіч Сакалоў. Нарадзіўся ў горадзе Віцебску і выхоўваўся потым у дзіцячых дамах. Пра сваю маці крышачку ведаю. Звалі яе Марыя Сцяпанаўна Сакалова. У 1992 годзе яна памерла. Пра бацьку нічога не ведаю, а вельмі хочацца даведацца пра яго, а таксама пра сваякоў, блізкіх бацькі і маці. А яшчэ пра лёсы тых, з кім разам выхоўваўся ў Віцебскім дзіцячым доме № 15, у дзіцячым доме ў вёсцы Аўласы Шаркоўшчынскага раёна і вучыўся ў школе ў Лучэсе. Адгукніцеся, сябры!
Некалькі слоў пра сябе. Пасля заканчэння школы вучыўся на трактарыста, служыў у войску. Зараз жыву ў Брэсце. У мяне ёсць сям’я: жонка Святлана, сын Андрэй — вучань 3-га класа. Жыццё працягваецца”.

Былых супрацоўнікаў і выхаванцаў
Да нас прыйшоў ліст з Бабруйска з выхаваўчай калоніі № 2 УДВП МУС Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці. “2 мая 2009 года выхаваўчай калоніі № 2 (у 1939—1941 гадах — працоўная калонія для непаўналетніх, у 1944—1979 гадах — дзіцячая працоўная калонія) спаўняецца 70 гадоў. Савет музея просіць адгукнуцца былых супрацоўнікаў і іх родных, а таксама выхаванцаў установы. Нам цікава даведацца, як склалася ваша жыццё пасля таго, як вы пакінулі нашу ўстанову. Мы будзем удзячны за любыя матэрыялы, звязаныя з гісторыяй калоніі: фотаздымкі, дакументы, успаміны. Арыгіналы фотаздымкаў мы вернем. Савет музея адшуквае былых супрацоўнікаў або іх родных: Венідзікта Сцяпанавіча КУЛЯШОВА, 1912 года нараджэння, вёска Бярозкі Добрушскага раёна; Георгія Аляксандравіча КАРУКОВА (Корюкова), 1905 года нараджэння, горад Малмыж Кіраўскай вобласці; Сяргея Іванавіча ПЯТРОВА (часова выконваў абавязкі начальніка калоніі з 5.1.1946 па 15.6.1946 года); Віктара Іванавіча НАВАЛОЦКАГА, 1920 года нараджэння; Аляксандра Рыгоравіча КВІТКЕВІЧА (намесніка начальніка калоніі па вучэбна-выхаваўчай рабоце ў 1952—1955 гадах, у жніўні 1955 года выбраны старшынёй калгаса “Новае жыццё” Клімавіцкага раёна); Віктара Якаўлевіча ЦАРЫКА (дырэктар прадпрыемства — намеснік начальніка калоніі ў 1974—1979 гадах); Аляксандра Фёдаравіча МУЗЫЧЭНКУ (старшы выхавацель у 1946—1950 гадах); Веру Міхайлаўну ДЗЕСЯТАВУ-РАЗАНАВУ, 1919 года нараджэння, горад Саратаў (у 1955 годзе працавала зубным урачом у Магілёўскай абласной бальніцы)”.

Бацьку не бачыла
Ала Сцяпанаўна Сурымт з Маладзечна хоча знайсці свайго бацьку. “Ён разам з маёй мамай Нінай Фёдараўнай Машко ў 1951 годзе працаваў на трактарным заводзе. Маці працавала штампоўшчыцай. Яны пасябравалі, разам жылі недалёка ад завода, у бараку. Мая мама была цяжарная мной, захварэла на сухоты. Ёй прапанавалі перайсці на лёгкую працу, але яна адмовілася і звольнілася. Паехала да сясцёр у Прыбалтыку. Праз нейкі час вырашыла вярнуцца ў Беларусь. У аўтобусе ёй стала дрэнна. У Рызе маму падабрала “хуткая дапамога”. Яна аказалася ў бальніцы. Нарадзіла мяне, і я была пры ёй 8 месяцаў. Там яна памерла, і яе пахавалі. А мяне вырашылі накіраваць у дзіцячы дом. Перад смерцю маці сказала, каб далі тэлеграму ў Беларусь маёй цётцы. Цётка мяне забрала і выхавала. Я яе звала мамай. Я вырасла, выйшла замуж. Па словах цёткі, майго бацьку звалі Ягор, прозвішча не ведаю, пасля працы
на трактарным заводзе пайшоў у армію. Яны з мамай перапісваліся. Калі мама памерла, перапіска спынілася. Хочацца сустрэцца з бацькам, паглядзець на яго, пагутарыць. Можа, хто працаваў разам з маёй мамай і з бацькам, адгукніцеся”.

   Прапалі без вестак

“Мой бацька Іван Ігнатавіч СЯМЁНАЎ, 1909 года нараджэння, на фронт пайшоў адным з першых. Тады з нашай вёскі Вялікі Трасцянец Барысаўскага раёна на вайну забралі шмат мужчын. Больш бацьку мы не бачылі. Хтосьці расказваў потым маці, што сустракаў яго ў канцлагеры ў Беразіно, але дзе ён пасля гэтага падзеўся, невядома. Сям’я атрымала паведамленне, што бацька прапаў без вестак у 1944 годзе. Маці выхавала нас, пяцярых дзяцей, адна. Ніна Іванаўна Бяганская, Жодзіна”.
“Я нарадзілася ў жніўні 1941 года, калі бацька быў на фронце. Маці гадавала нас, чацвярых. Цяпер засталіся я і сястра, якую ў 10-гадовым узросце цяжка скалечыла вайна. Мы хочам ведаць, дзе магіла нашага бацькі Дзмітрыя Яфімавіча ЕВІЛІНА, 1902 года нараджэння. Пасля вайны маці паведамілі, што яе муж прапаў без вестак у сакавіку 1944 года. Лёс яго малодшага брата Пятра Яфімавіча Евіліна таксама невядомы. Неяк паказвалі ў Эстоніі помнік, і мне кінулася ў вочы прозвішча Evilin. Калі мне гэта падалося, прашу прабачэння. Ганна Дзмітрыеўна Канаш (Евіліна) Калінкавічы”.
“Мой бацька Ягор Іванавіч ЛАБАЧЭНКА (на здымку), 1908 года нараджэння, да вайны жыў у вёсцы Койтава Віцебскага раёна, працаваў трактарыстам у МТС. Калі пачалася Вялікая Айчынная, быў прызваны на фронт падчас першай мабілізацыі. Звестак ад яго не было, ды мы, напэўна, і не маглі іх атрымліваць: 10 ліпеня 1941 года Віцебск захапілі фашысты. Затым наша сям’я за сувязь з партызанамі была адпраўлена ў канцлагер Асвенцым. З вайны бацька не вярнуўся. Я доўга шукаў яго. У час пошуку знайшоў Яфіма Ягоравіча Наценку, з якім бацька ў свой час быў прызваны на службу ў войска. Але пра франтавы лёс бацькі ён нічога не ведаў. Яшчэ ў 1984 годзе ў вёсцы Чырвоны Бор нашага раёна я знайшоў двух жыхароў, якіх разам з бацькам забіралі на вайну, потым іх шляхі таксама разышліся. Сваякі пачалі шукаць нашага бацьку адразу пасля вайны, у 1945 годзе. Адны гаварылі ім, што ён загінуў падчас бамбёжкі ў ваенным лагеры ў Мазурына, у Віцебску, другія паведамлялі, што яго быццам бы накіравалі ў Полацк, трэція — што бачылі пад Смаленскам. Засталася надзея на радыёперадачу і “Народную газету”. А раптам адгукнуцца таварышы па службе бацькі. Калі пашанцуе даведацца нумар яго вайсковай часці, то можна будзе прадоўжыць пошук. Леанід Ягоравіч Лабачэнка, Мінск”.
“Даўно і беспаспяхова шукаю месца, дзе пахаваны мой дзядуля Андрэй Мацвеевіч БУХТА. З дакументаў, якія я сабраў, даведаўся, што ён быў прызваны на фронт 27 ліпеня 1944 года. Чырвонаармеец-стралок вайсковай часці 19291 у снежні 1944 года прапаў без вестак. Адзін чалавек, з якім дзядуля быў разам прызваны на вайну, расказваў маёй маці: усе, хто загінуў у тым баі, падчас якога дзядуля прапаў без вестак, пахаваныя на могілках у Польшчы. Дапамажыце знайсці магілу дзядулі, каб мая маці і я змаглі пакланіцца яму. Анатоль Мікалаевіч Сакалоўскі, Белаазёрск”.
Ганна Васільеўна Міткевіч з Радашковіч Маладзечанскага раёна хоча даведацца пра лёс брата Канстанціна Васільевіча ДУШКЕВІЧА, 1923 года нараджэння. “Апошні ліст ад брата атрымалі 9 красавіка 1945 года. Канстанцін паведамляў, што ідуць апошнія кровапралітныя баі, і доўга пісаць няма часу. Ліст быў кароткі. Як потым высветлілася, мы атрымалі яго, калі Канстанціна ўжо не было сярод жывых. Дакументы з архіва сведчаць, што ён загінуў 3 красавіка 1945 года, дзе пахаваны — невядома. Спадзяюся, што з дапамогай добрых людзей знайду яго магілу”.
“Шукаю магілу брата Аляксандра Цімафеевіча ВАСІЛЕЎСКАГА, 1923 года нараджэння. З архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі прыйшоў адказ, што аўтаматчык 3-й гвардзейскай танкавай брыгады, радавы Васілеўскі Аляксандр Цімафеевіч прапаў без вестак 11 кастрычніка 1944 года ў раёне населенага пункта Дзінветэн, у васьмі кіламетрах паўночна-ўсходняга напрамку ад Клайпеды, у Літве. Што ж здарылася з маім братам? Людміла Цімафееўна Гурыновіч, Смалявіцкі раён”.
“Мой брат Цімафей Ягоравіч ЦЕРАХАЎ нарадзіўся ў 1916 годзе ў Расонскім раёне. У 1940-м быў прызваны ў войска. Служыў пад Вільняй, а ў 1941-м разам з многімі іншымі ваеннаслужачымі трапіў у фашысцкі палон. Ён трапіў, як нам сказалі, у лагер ваеннапалонных пад Себежам. Я старалася знайсці яго, хадзіла пешшу за шмат вёрст у той лагер, але спазнілася: брата і іншых ваеннапалонных перавезлі ў іншае месца. Не магу дараваць сабе, што не змагла знайсці брата, даведацца пра яго лёс як мага больш. Ён быў на тры гады маладзейшы за мяне і вельмі прыгожы. Любіла я яго вельмі, люблю і памятаю дагэтуль. Марыя Ягораўна Марчанка, Расонскі раён”.
“Шукаю звесткі пра брата Аляксандра Іванавіча ОСІПАВА, 1924 года нараджэння. З 1939-га ён жыў у вёсцы Саракі Віцебскага раёна. У 1942 годзе фашысты забралі моладзь і павезлі кудысьці на прымусовую працу. Не ўбярог лёс і нашага брата, ён таксама быў там. У 1944-м, пасля вызвалення Віцебска, бацькі атрымалі ад Аляксандра тры лісты. Ён паведамляў, што быў вывезены на Гомельшчыну, працаваў там разам з іншымі зняволенымі на лесапільным заводзе. Затым яны падарвалі завод і ўцяклі да партызан, пазней злучыліся з часцямі Чырвонай Арміі і знішчалі фашыстаў. Гэта ўсё, што мы ведаем пра ваенны лёс брата, больш пісьмаў ад яго не атрымлівалі, з фронту дамоў не вярнуўся. Бацькі і сястра доўга шукалі яго, але безвынікова. Яны памерлі, а я вырашыла прадоўжыць пошук. Дзе ж ішлі баі ў сакавіку—пачатку красавіка 1944 года, у якіх удзельнічалі 137-я стралковая дывізія, 771-ы стралковы полк? Там, як паведамілі з архіва, быў і мой брат. Як сведчаць дакументы, яго ў час вайны ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “За адвагу”. Можа, хто ваяваў разам з ім і застаўся жывым, адгукніцеся. Зінаіда Іванаўна Осіпава, Браслаў”.

Пошукі і знаходкі
Сваіх сябровак і сяброў шукала Марыя Купрыянаўна Ясінская з Брэста. Пасля заканчэння ГПТВ-53 жанчына засталася ў Мінску. Разам з ёй у адным пакоі ў інтэрнаце на вуліцы Варвашэні жылі дзяўчаты: Алена Антонаўна Богуш, Кацярына Іосіфаўна Крэмез, Валянціна Баніфацыеўна Міцкевіч. У госці да дзяўчат прыходзілі хлопцы з суседняга інтэрната. Гэта Сяргей Кузьміч Якімовіч, а таксама Мікалай Уладзіміравіч Скабялка, які вучыўся ў Баранавічах, а ў Мінск прыехаў на працу па размеркаванні. З дапамогай Раісы Сяргееўны Снарскай (Аскіркі), былой старасты 23-й групы ГПТВ-53, знайшлася Кацярына Іосіфаўна Крэмез. Аказалася, што яна таксама часта ўспамінае інтэрнат, свой пакой, сябровак. Тады, у маладосці, было цікава і весела. “Я шчаслівая. У мяне дзве дачкі і дзве ўнучкі. Марыі вялікае прывітанне, буду рада яе бачыць”. І яшчэ адзін падарунак для Марыі Купрыянаўны. Патэлефанаваў Сяргей Кузьміч Якімовіч, які быў прыемна здзіўлены, што яна яго шукае. Ён пакінуў свой хатні адрас, які будзе дасланы па пошце.

Родам    з дзяцінства
Лёля Нікандраўна Лагунёнак з Полацка адшуквае трох сябровак. “Першую завуць Тэрэза Віктараўна ШАТЫБЕЛКА, 1 студзеня 1951 года нараджэння. Першы і другі яе мужы загінулі. Ад першага шлюбу два сыны засталіся і ад другога два прыёмныя. Хачу з імі сустрэцца і пагаварыць. Можа, суседзі падкажуць, што Тэрэзу шукае былая школьная сяброўка і суседка. Мы разам раслі, хадзілі ў школу, сустракалі сваё юнацтва. Гэта было ў Шаркоўшчынскім раёне, вёска Іванскія. Другая мая сяброўка Марыся Віктараўна ШАТЫБЕЛКА (сястра Тэрэзы Віктараўны), 2 студзеня 1953 года нараджэння. Жыве яна ў Мінску. Мае чацвёра дзяцей. Трэцяя сяброўка Лёня (імя па бацьку забылася) ЛАСКОВА, 1951 года нараджэння, прозвішча таксама дзявочае. З ёй мы разам вучыліся ў першым класе, але потым яна крыху адстала”.
“Дапамажыце знайсці маю сяброўку дзяцінства Людмілу Віктараўну ЛОЙКА (прозвішча дзявочае). Ведаю, што ў Мінску жывуць яе сёстры: Жанна Віктараўна і Святлана Віктараўна Лойка (прозвішча дзявочае). Мы ўсе разам хадзілі ў школу ў вёску Люцін Клічаўскага раёна. Торфзавод Новы Мост называлася наша маленькая вёска. Наталля Браніславаўна Мычко (Валковіч), Асіповіцкі раён”.

 


 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter