"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ...

Не забывайце пра сваіх бацькоў: тэлефануйце, пішыце, часцей наведвайце. Бо ніхто не будзе любіць вас так, як яны. Ніхто не будзе так хвалявацца нават за сталых дзяцей, у якіх, як кажуць, свая галава на плячах ёсць. Таму пісьмы ад матуль, чые сыны з’ехалі на заробкі або па нейкай іншай прычыне і не адзываюцца, самыя шчымлівыя і трывожныя. Іх мы з калегамі з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, з якімі разам вядзём пошукі людзей у рамках праекта “Помні імя сваё...”, агучваем і друкуем у першую чаргу. А таксама імкнёмся хутчэй дапамагчы.

КРЫК ДУШЫ
“Дапамажыце адшукаць майго сына Мікалая Дзмітрыевіча ЦІШКЕВІЧА. Мінула ўжо чатыры гады, як ён пайшоў з дому, і я пра яго нічога не ведаю. Дарагі Колечка! Адгукніся. Я цябе люблю і з нецярплівасцю чакаю твайго вяртання дадому. Ганна Захараўна Фуфаева, Рэчыца”.
Валянціна Адамаўна Пралюдава звяртаецца да радыёслухачоў і чытачоў “НГ” з просьбай дапамагчы ў пошуку пляменніка Мікалая Уладзіміравіча ЧАЙКО, 7 лютага 1960 года нараджэння. “Ён жыў у Смаргоні. Трэці год, як паехаў на заробкі ў Цюмень. Спачатку быў у пасёлку Удачным Цюменскай вобласці. Затым, хоць сябры адгаворвалі, паехаў у пасёлак Светлае. 8 сакавіка 2006 года размаўляў са сваёй маці, маёй сястрой. Сказаў, каб туды не тэлефанавала, яго на гэтай кватэры не будзе. І ўсё, больш пра яго нічога невядома. Адзін з сяброў прыехаў, неяк вырваўся. Казаў, нібыта ім так не плацяць, не даюць грошай на дарогу — як у рабства трапілі. Пляменнік развёўся з жонкай, яна паехала ў Грэцыю, сын Віталь быццам бы працуе ў Мінску. Бацька памёр, засталася маці ў вёсцы, якая ўсё плача па сыночку”.
Мы перададзім гэту просьбу нашым калегам з расійскай праграмы “Жди меня”.

СЯБРЫ
“У 1954 годзе мы з Верай Якаўлеўнай СЫЧОВАЙ разам вучыліся на курсах па падрыхтоўцы бухгалтараў у Беларускім вучэбным камбінаце ў Брэсце. Мая сяброўка жыла разам з сястрой Валянцінай і яе мужам Лукой на вуліцы Савецкай. Пазней я даведалася, што Вера выйшла замуж і жыла на вуліцы Гогаля. Хочацца сустрэцца са сваёй дарагой сяброўкай і ўспомніць маладосць. Любоў Сямёнаўна Фаміна (Салей), Мінск”
“Шукаю сваю сяброўку Ніну Ільінічну КУБРЫЦКУЮ, 1951 года нараджэння, якая жыла ў маім Гарадку. Мы вучыліся ў адным класе, сядзелі за адной партай. Яна прыйшла ў дзевяты клас з вясковай школы. Пасля школы Ніна закончыла Гарадоцкі сельгастэхнікум і была накіравана на працу пад Мінск. Жыла ў інтэрнаце на ст.Міханавічы. Было гэта прыблізна ў 1972—1973 гадах. Там яна выйшла замуж і змяніла прозвішча на ШУЛЬГАТ. Ніна жыве дзесьці пад Мінскам, але ўжо не ў інтэрнаце. У нас у раёне родзічаў яе не засталося. Спадзяюся на вашу дапамогу. Любоў Аляксандраўна Мяцеліца, Гарадок”.

У ПОШУКАХ КАРАНЁЎ

Гэты запыт пераслаў наш добраахвотны памочнік Юрый Матусевіч з Мінска.
“Хочацца высветліць, ці доўга мая сям’я жыла ў мястэчку Дзятлава ў Беларусі і адкуль яна прыбыла сюды. Ці жывуць прадстаўнікі гэтага роду ў гэтых месцах зараз і ці шмат іх? Майго прапрапрадзеда звалі Зев Вольф Халеві ЭПШТЭЙН (Zev Wolg Halevi Epstein), прыкладна 1820 года нараджэння. Прапрадзеда звалі Аўраам Эліазар Эпштэйн (Avraham Eliezer Epstein), ён нарадзіўся ў 1840—1850 гадах. Прадзед быў Мотус Эпштэйн (Motus Epstein), нарадзіўся прыблізна ў 1875 і з’ехаў у Амерыку ў 1907-м. Да яго прыехала і мая бабуля Чая або Хая (Chaja) з двума сынамі Ёселем (Josel) і Велветам (Velvet) — маім бацькам. Маецца яшчэ трое імёнаў, але я не магу гарантаваць, што яны адносяцца да таго ж роду: Мейрым Эпштэйн (Mairim Epstein, магчыма, дзед Зева Вольфа), Хаім Эпштэйн (Chaim Epstein, магчыма, бацька Зева Вольфа) і Мейрым Халеві Эпштэйн (Mairim Halevi Epstein, магчыма, брат Зева Вольфа). Ведаю яшчэ імёны шасцярых дзяцей Аўраама Эліазара. Мяне цікавіць таксама інфармацыя пра майго прадзеда Яўсея ДАЙБОГА (Ovsie Dajbog). Мой дзед быў занесены ў спісы тых, хто ўхіляецца ад прызыву, у 1880 годзе як Шмуль Бер Дайбог (Schmuel Ber Dajbog), сын Яўсея (Ovsie) з Высока-Літоўска, і пазней у 1890-х як Шмуль, сын Яўсея, іншым разам, як сын Шыа (Shia) у розных дакументах у тым жа самым месцы. Высока-Літоўск цяпер называецца Высокае (Брэсцкі ўезд Гродзенскай губерні — так у пісьме). Папярэднія даследаванні, праведзеныя ў архівах Мінска і Гродна па пошуку імені Яўсей або Шыа ў запісах па Высокаму, вынікаў не далі. Яго не знайшлі таксама і ў спісах 1850 года, хоць быў ужо ў сталым узросце і меў хаця б одно дзіця (майго прадзеда, які нарадзіўся каля 1860-га). Мне сустракалася прозвішча Дайбог або Daiboch/ Deibach у спісах яўрэйскай абшчыны ў Польшчы і на сайце JewishGen, але я не ўпэўнены, што яны з’яўляюцца родзічамі. Мой дзед памёр у ЗША. У яго пасведчанні аб смерці запісана імя яго маці Рахель Грынберг (Rachel Greenberg). Таму я б хацеў знайсці інфармацыю пра шлюб Яўсея (Шыа) Дайбог і Рахель Грынберг (або з падобным імем) і звесткі, што датычаць яго нараджэння, нараджэння дзяцей гэтай сямейнай пары, а таксама даты і месца іх смерці (зыходзячы з інфармацыі пра іх унукаў, я думаю, што яны памерлі дзесьці да 1886—1887 года). Дапамажыце ў пошуках каранёў. Н.Моцак. Міжнародная генеалагічная асацыяцыя, г. Белгарад, Расія”.


АРМЕЙСКАЯ СЛУЖБА
“Армейскае жыццё не забываецца, хоць нам ужо за семдзесят. Хачу знайсці свайго камандзіра аддзялення, сяржанта інжынерных войскаў Івана Рыгоравіча САБЧУКА, з якім разам служылі ў Ленінградскай вобласці, в/ч 01375, 1954—1957 гады. Гэта быў вельмі добры камандзір, яго паважалі ўсе таварышы па службе. Звольніліся мы 17 снежня 1957 года. На развітанне абмяняліся фотаздымкамі, а вось пра адрасы забыліся. Ведаю, што ён нарадзіўся ў 1935 годзе ў Хмяльніцкай вобласці. У наш раён пераехалі людзі адтуль, неяк я ў іх запытаў, ці чулі яны прозвішча Сабчук. Яны адказалі, што шмат людзей з такім прозвішчам жывуць у Лукір’еўскім раёне Хмяльніцкай вобласці (так у лісце). Дзмітрый Андрэевіч Неўмяржыцкі, Ельск”.

БЛІЗКІЯ ЛЮДЗІ

“Дапамажыце адшукаць родную цётку ці яе дзяцей, унукаў. Раскажу ўсё, што памятаю са слоў майго бацькі Уладзіміра Сямёнавіча Ілюшчэні, 1936 года нараджэння. Яго і яго сястру Марыю Сямёнаўну ІЛЮШЧЭНЮ, прыкладна 1939 года нараджэння, пасля смерці бацькоў накіравалі ў розныя дзіцячыя дамы. Бацька трапіў у Бабруйскі. У 1960 годзе Марыя выйшла замуж і ў 1961-м паехала на радзіму мужа, у горад Ашхабад. Там у іх нарадзілася дачка Арміда. Да 9 снежня 1961 года бацька з сястрой перапісваліся, а потым сувязь раптоўна абарвалася. На жаль, прозвішча цёткі па мужу невядома. Прайшло ўжо больш за 45 гадоў, а пра родных з Ашхабада няма ніякіх звестак. Магчыма, яны памянялі месца жыхарства, цётка не раз у пісьмах паведамляла, што вельмі хоча вярнуцца на радзіму, але там, у Ашхабадзе, засталіся родныя яе мужа. Цяжка зараз даведацца, што здарылася з цёткай і яе дачкой Армідай. Высылаю фотаздымак цёткі і фота цётчынай дачкі (маёй стрыечнай сястры), на якім ёй усяго 10 месяцаў. Людміла Уладзіміраўна Ждановіч, Асіповіцкі раён”.
“Шукаю пляменніцу Вольгу Лазараўну МЫСЬКОВУ, прыкладна 1933—1934 года нараджэння. У 1938-м мая сястра Пелагея Васільеўна Жукоўская, 1912 года нараджэння, прыехала да сваёй маці Сафіі Васільеўны Жукоўскай у Віцебскую вобласць, забрала сваю дачку Волечку і павезла яе ў Данбас. Адрас дакладна не ведаю, здаецца, нешта яна перад ад’ездам узгадвала пятую ці шостую шахту, недалёка ад Кемерава. Мне ўжо 85 гадоў, таму я магу забыцца пра некаторыя звесткі. Памятаю, што мужа Пелагеі Лазара забіла маланка. Яна выйшла замуж другі раз і прыехала за сваёй дачкой. Даслала дадому адзін ліст, у якім паведамляла, што захварэла на малярыю і ляжыць у бальніцы, нарадзіла ў 1939 годзе сына Рыгора. Пелагея прасіла, каб хто прыехаў і забраў Волечку, бо яна зараз адна дома, ходзіць па хатах, жабруе. Пісала, што вельмі дрэнна сябе адчувае і, магчыма, хутка памрэ. Але ніхто з родных тады паехаць за маленькай Волечкай не мог. Больш пра Пелагею і яе дзяцей нічога невядома. Магчыма, Вольгу і Рыгора накіравалі ў дзіцячы дом. Можа, яны адгукнуцца, у Беларусі жывуць іх родныя. Марыя Васільеўна Жукоўская”.
“Прайшло ўжо дваццаць гадоў, як я нічога не ведаю пра свайго брата і яго сям’ю. Мой брат Міхаіл Мікалаевіч СКАРАГОД нарадзіўся ў 1943 годзе ў вёсцы Агарэвічы Ганцавіцкага раёна. У 1967-м ён паехаў на будоўлю ў Ташкент. Там ажаніўся з Лідзіяй Паўлаўнай Сіньковай, якая мела дзіця, і памяняў прозвішча на СІНЬКОЎ. Лідзія Паўлаўна пасля заканчэння ташкенцкага тэхнікума атрымала накіраванне на працу ў Кыргызстан па спецыяльнасці метэаролаг. Яны жылі па адрасе:Кульская вобласць, Агузскі раён, сяло Пакроўка. У 1973-м у іх нарадзілася дачка Наталля. Да 1983 года мы перапісваліся, а ў 1985-м мой ліст вярнуўся з надпісам на канверце: “Адрасат выехаў”. Можа, яны вярнуліся на радзіму Лідзіі ў Казахстан? Валянціна Мікалаеўна Ярных, Жлобін”.


СУСТРЭЛІСЯ Ў ЦЯГНІКУ

“Мая знаёмая Валянціна СКАБЛУНОВА ў 1959 годзе жыла ў Невельскім раёне Пскоўскай вобласці. Я сустрэўся з ёй у цягніку “Брэст—Масква”. Сышлі разам на станцыі Орша. Абмяняліся адрасамі і раз’ехаліся: я на службу ў Тбілісі, яна — у Невель. Перапісваліся да чэрвеня 1960 года, а потым сувязь абарвалася. Хочацца даведацца пра яе далейшы лёс. Няхай адгукнецца. Яўген Паўлавіч Самусік, Івацэвіцкі раён”.

Знайшлася!

Анастасія Міхайлаўна Сянчук (Бурак) шукала Нілу Рыгораўну Семяновіч. Жанчына шмат год таму страціла сувязь з ёй, але не згубіла надзеі. І недарэмна. Ніла Рыгораўна знайшлася. Яна адразу ўспомніла русавалосую, заўсёды ўсмешлівую, вясёлую піянерважатую Таську са школы ў Клецкім раёне, з якой вельмі сябравалі, арганізоўвалі мастацкую самадзейнасць, паходы. І спадзяецца на сустрэчу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter