"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

Нельга застацца раўнадушным да лістоў, якія прыходзяць на адрас пошукавага праекта “Помні імя сваё...”. У нас з калегамі з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё часта шчымяць сэрцы і на вачах выступаюць слёзы. А яшчэ мы ганарымся тымі, якія самі “робяць сябе”, ідуць наперад насуперак усім неспрыяльным акалічнасцям, нават застаўшыся без родных і блізкіх. З імі побач нярэдка аказваюцца добрыя людзі, гатовыя падтрымаць словам і справай, як гэта здарылася з Аленай Будай, чыё пісьмо кранае да глыбіні душы.
Сябры

“З 1982 па 1984 год я служыў у вайсковай часці 78749-Е, на камандным пункце 219-Н, паштовае аддзяленне Балбасава пад Оршай. Быў у мяне сябар Мікалай Міронаў, сяржант і камандзір аддзялення. Пасля службы мы перапісваліся з ім, але пасля смерці сына Мікалая перапіска абарвалася. Служылі з намі і маладыя дзяўчаты з Оршы. Камандзірам быў маёр Расада. Буду рады, калі адклікнуцца аднапалчане: маёр РАСАДА, дзяўчаты і мой першы камандзір Мікалай МІРОНАЎ. Сяргей Вітальевіч Сямёнаў, Мінск”.
Абрамчук (Шэндрыкава), імя і імя па бацьку не ўказана, шукае Марыю Іванаўну ЯЎМЕНІНКА. Яна павінна пражываць на тэрыторыі Украіны ў Данецкай вобласці, станцыя Нікітаўка, шахты 4—5.
М.В.Кобрын з Баранавіч просіць адгукнуцца Ларысу, 1977 года нараджэння. Ларыса ў 1998 годзе закончыла Віцебскую ветэрынарную акадэмію, працавала ветурачом у гарадскім пасёлку Любча.
Мінчанка Валянціна Паўлаўна Царкоўская шукае былога сябра Рыгора Міхайлавіча РАМАНЕНКУ, 1921 года нараджэння, які ў час Вялікай Айчыннай вайны быў у партызанскім атрадзе “Мсцівец” брыгады “Народныя мсціўцы” імя Варанянскага. Шмат добрых слоў расказала яна пра чалавека, якога не можа забыць дагэтуль.
Таццяна Абрамаўна Карабейнікава просіць адгукнуцца тых, хто ў 1962—1963 гадах працаваў ў магазіне “Дываны”, які ў той час быў на Ленінскім праспекце, у доме нумар 91 у Мінску. “Прозвішчы гэтых людзей дакладна не памятаю, але калектыў быў сапраўды цудоўны, дружны”.

Успамін пра казку

“Гэта гісторыя пра чалавека, сябра, члена маёй сям’і, якой у мяне ніколі не было. Сама я родам з горада Смаргоні. Бацькі ад мяне адмовіліся яшчэ ў радзільным доме. Некаторы час я знаходзілася менавіта там, затым была ў дзіцячай установе ў Гродне, і ў тры ці чатыры гады мяне перавялі ў дзіцячы дом у Лідзе. Там я ўпершыню пазнаёмілася з Бэці. Памятаю, як яна да мяне дакраналася, усміхалася мне, абдымала, размаўляла са мной на мове, якую я не вельмі разумела. Бэці прывезла мне шмат цацак і іншых падарункаў. За некалькі гадзін ці дзён яна стала для мяне як родная, я так да яе прывыкла, што не магла стрымліваць пачуцці: радавалася, весялілася. Праз некаторы час, калі мяне адпраўлялі ў школу, Бэці перадала праз выхавальніка рукзак са школьнымі прыладамі для заняткаў, касцюмчыкі святочныя, блакітны банцік-заколку і самую каштоўную для мяне рэч — кнігу з казкай “Прыгажуня і страшыдла”. Мне запомнілася, што казка гэта была на англійскай мове. Я яе не разумела, але выхавальніца, яна ж і мая хросная маці, заўсёды перад сном чытала мне гэту казку. Ішлі гады. Я вучылася ў школе, і мы з Бэці пісалі адна адной пісьмы. Яна мне на англійскай мове, я ёй на рускай. А аднойчы здарылася так, мы згубілі адна адну, і сувязь наша спынілася. Я падрастала і спадзявалася атрымаць хоць радок ад Бэці. Але гэта не адбылося. Яе ранейшыя пісьмы, якія я захоўвала, зніклі. Адрас, куды пісаць, не ведала. Захаваўся толькі фотаздымак сярод маіх дзіцячых фатаграфій. На ім Бэці — як русалка з казак Андэрсэна: сядзіць на камені на беразе мора ў промнях вечаровага сонца. Доўгія светлыя валасы, дружалюбная ўсмешка, румяныя шчочкі. І цяпер перад вачыма яе вобраз. Буду ўдзячна лёсу, калі пашанцуе знайсці Бэці, якая жыве ў Даніі ці ў Канадзе, дакладна не ведаю. Муж яе таксама прыязджаў, але я яго не памятаю. У іх сям’і, здаецца, двое дзяцей. Як расказваў мне выхавальнік Лідскага дзіцячага дома, у Бэці была такая ж, як і ў мяне, хвароба — заечая губа. Мне шмат разоў рабілі аперацыі, і я з надзеяй чакала, што твар мой стане больш прывабным. Здаецца, гэта адбылося. Вельмі ўдзячна людзям, якія дапамагалі мне ў бядзе, падтрымлівалі маральна і матэрыяльна. Зараз мне 20 гадоў. Збіраюся паступаць у архітэктурна-будаўнічы каледж. У мяне ёсць сябар, добры хлопец. Напэўна, недарэмна ў дзяцінстве ўважліва слухала казку “Прыгажуня і страшыдла”. Чаго таіцца, многія мяне лічылі няздольнай, бесталковай, нікому не патрэбным страшыдлам. Я вельмі чуллівая і ранімая, але заўсёды дамагаюся таго, чаго хачу, і магу гэта зрабіць. Бывае, вельмі нялёгка. Калі гэтыя радкі пачуе ці прачытае Бэці, я ўпэнена: яна мяне адразу ўспомніць. Я так хачу абняць яе. Алена Будай”.

Пошукі і знаходкі
Ахвяры мінулай вайны велізарныя: шмат людзей загінула, прапала без вестак. Але ўсё ж нават праз такі доўгі час мы з калегамі знаходзім інфармацыю пра гэтых людзей. Яе атрымаюць Любоў Рыгораўна Крук, Барыс Сцяпанавіч Жэбракоў, Праскоўя Паўлаўна Кашляк, Валянціна Сяргееўна Грынюк, Вольга Гаўрылаўна Ажэль, Ганна Кірылаўна Герасімчук, Уладзімір Антонавіч Котаў.
У пошуку інфармацыі пра без вестак прапаўшых праекту “Помні імя сваё... дапамагае пошукавая група “Бацькаўшчына”, якую ўзначальвае Аляксандр Дударонак. Яна займаецца пошукам пахаванняў салдат і камандзіраў Чырвонай Арміі, якія загінулі ў чэрвені—ліпені 1941 года на так званым Беластоцкім выступе. Вядзецца збор інфармацыі пра тыя падзеі. Лік ідзе на сотні тысяч салдат, што паляглі ў першыя паўтара тыдні вайны.
Людміла Мікалаеўна Вінаградава з Барысава ад імя выпускнікоў 1957 года школы № 2 гэтага горада прасіла адшукаць сваіх аднакласнікаў і запрасіць іх на 50-гадовы юбілей з дня заканчэння навучальнай установы. Пакуль пашчасціла знайсці толькі аднаго — Леаніда Міхайлавіча Корхава. Яго адрас і хатні тэлефон будзе высланы пісьмом.
Прыемную навіну атрымае і Мікалай Анатольевіч Івашкін з вёскі Белы Мох Мсціслаўскага раёна. Ён шукаў былога таварыша па службе Уладзіміра Віктаравіча Кісялькова, з якім служыў у Краснаярску. Сябар знайшоўся.
Мы з калегамі ўдзячны за дапамогу ў пошуках супрацоўнікам Магілёўскага і Гродзенскага адрасных сталоў, а таксама тэлефаністкам РУП “Белтэлекам” Наталлі Крыловай, Людміле Гулезавай і Галіне Волкавай.

Прапалі без вестак

“Дапамажыце даведацца, дзе пахаваны наш бацька Якаў Нічыпаравіч ШЫЛА, 1904 года нараджэння. Апошні ліст ад яго атрымалі 30 сакавіка 1945 года. Пісаў, што будзе вялікі бой, наступленне. Пасля прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак. Пасля вайны мы шукалі яго. З ваенкамата паведамілі, што бацька загінуў, пахаваны з ушанаваннямі. Толькі вось у паперы, што мы атрымалі, не тое імя па бацьку (Іванавіч) і вёска, дзе ён жыў, не тая. А мы хочам атрымаць звесткі менавіта пра нашага бацьку. Любоў Якаўлеўна Пярнач, Іванава”.
“Мой бацька Яфрэм Пятровіч ГОВАР, 1912 года нараджэння, быў прызваны на фронт у 1941-м. Пасля вайны атрымалі паведамленне, што прапаў без вестак. Разам з бацькам ваяваў дзядзька Іван. Вярнуўшыся з фашысцкага палону, ён расказваў, што наш бацька загінуў, калі вызвалялі Рагачоў. Я ездзіла туды, хадзіла ў ваенкамат, але нічога не даведалася. Марыя Яфрэмаўна Говар, Бабруйск”.
“Да вайны мы жылі ў вёсцы Раёўка Капыльскага раёна. Бацька Васіль Аляксеевіч ЖУРАЎЛЕВІЧ, 1915 года нараджэння, працаваў дырэктарам школы-дзесяцігодкі. У 1940-м яго прызвалі ў армію. Часта прысылаў нам пісьмы з фотаздымкамі: ён у форме афіцэра. Калі пачалася вайна, мы з маці жылі ў школе. Калі прыйшлі немцы, давялося перасяліцца. Пісьмы і фотаздымкі бацькі маці вырашыла спаліць. У Салігорскім раёне жылі нашы сваякі. Ноччу яны забралі нас да сябе. У вёсцы Чыжэвічы пабудавалі маленькую хатку, дзе мы і жылі. Пасля вайны маці ўвесь час чакала бацьку. Прыбярэ хатку, пабеліць печку і кажа: “Хутка бацька прыйдзе, я добры сон бачыла”. Але бацька так і не вярнуўся. Атрымалі паведамленне, што прапаў без вестак. А пазней перадалі з Раёўкі, нібыта перад смерцю адзін з мясцовых настаўнікаў сказаў, што разам з нашым бацькам быў у палоне. Непадалёку ад Беластока яны трапілі ў акружэнне, бацька быў моцна паранены і хутка памёр. Ведаць бы, дзе яго магіла. Эдуард Васільевіч Жураўлевіч, Салігорскі раён”.
“Мой брат Васіль Пятровіч КАВАЛЁЎ, 1916 года нараджэння, з вёскі Сабалі Суражскага раёна Віцебскай вобласці, да вайны працаваў на аэрадроме ў Літве. Затым іх перавялі ў Віцебск, потым у Веліж. Наша сям’я ў час вайны была вывезена, і сувязь з братам страцілася. Пасля вызвалення мы вярнуліся дамоў і атрымалі пісьмо ад брата, які шукаў нас. Ён быў інвалідам вайны 2-й групы і жыў у Кіргізіі, у горадзе Фрунзе. На канверце было напісана: “атрымаць Кармушану, перадаць Кавалёву”. Гэта было яго першае і апошняе пісьмо пасля вайны. Куды мы толькі потым ні пісалі, да каго ні звярталіся, адказу не было і пісьмы нашы не вярталіся. Куды ж падзеўся мой брат? Ніна Пятроўна Кавалёва, Віцебск”.
“Мой брат Аляксандр Гаўрылавіч ЯРКОВІЧ, 1920 года нараджэння, жыў у вёсцы Міхейкава Круглянскага раёна. Вясной 1940 ці 1941 года (дакладна не памятаю) быў прызваны ў войска. Служыў у Беластоку. Пасля вайны прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак. Мы ўвесь час шукалі брата, але безвынікова. Маці казала, сэрцам сваім адчувае, што сын жывы. Таму перад смерцю прасіла прадоўжыць пошукі, што мы і робім. У верасні 2004 года атрымалі даведку з архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, што радавы Аляксандр Гаўрылавіч Ярковіч прапаў без вестак у чэрвені 1944 года. Глафіра Гаўрылаўна Гардзюк, Сянно”.
Ніна Іларыёнаўна Міхайлава з Віцебска таксама шукае звесткі пра брата Сцяпана Іларыёнавіча ДРАЗДОВА, 1925 года нараджэння, з вёскі Курыно Суражскага раёна Віцебскай вобласці. “Ён вучыўся у ФЗН у пасёлку Баравуха каля Полацка. Адтуль быў прызваны на вайну. З вайны не вярнуўся”.
Аркадзь Леанідавіч Халадкоў з Мінска шукае інфармацыю пра без вестак прапаўшага падчас Вялікай Айчыннай Леаніда Іосіфавіча ХАЛАДКОВА. Ён прызываўся з Оршы, быў сяржантам.
“Брат маёй мамы Мікалай Сідаравіч ФУРС нарадзіўся ў 1920 годзе ў горадзе Мерэфа. У 1939-м быў прызваны ў Чырвоную Армію, удзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі (адтуль прыйшло апошняе пісьмо ад яго). Па непацверджаных даных, быў у партызанскім атрадзе на тэрыторыі Беларусі. У кнізе “Дыверсанты Сталіна” ўзгадваецца нейкі Мікалай Фурс (імя па бацьку не ўказана) як удзельнік Мінскага падполля. Можа, гэта той, якога шукаем? Вадзім Уладзіміравіч Сарокін, Гродна”.

Вярнуць добрае імя

“Мой дзядзька Майсей Анісімавіч ШЧАЎРОЎСКІ, 1895 года нараджэння (вёска Лужа Крупскага раёна), быў камуністам, дапамагаў арганізоўваць калгасы. Быў старшынёй сельсавета ў Чашніцкім раёне. У 1937 годзе яго арыштавалі як ворага народа. Бацька Майсея Анісімавіча не мог вынесці такое і хутка памёр. Праз некаторы час пайшла з жыцця маці. Пасля вайны яна шукала сына, але безвынікова. Дапамажыце ў пошуку звестак пра дзядзьку, каб вярнуць добрае імя гэтага чалавека. Зінаіда Іванаўна Мартыненка, Крупскі раён”.

  Блізкія людзі

Барыс Маркман з Ізраіля шукае сваіх дзядзькаў. Прозвішча маці Коціна, ураджэнка горада Глыбокае.
Раіса Уладзіміраўна Палубінская з Магілёва просіць адгукнуцца Уладзіміра Іларыёнавіча ПАЛУБІНСКАГА.
Яўгенія Аляксандраўна Шарковіч (Мяжынская) з Магілёва шукае Рыгора Аляксандравіча МЯЖЫНСКАГА. Мяркуецца, што ён жыве ў горадзе Краснаармейску або Данбасе.
“Пішу па просьбе свекрыві Клаўдзіі Мацвеееўны Казачук (Апанюк) і яе сястры Валянціны Мацвееўны Кугач. Яны шукаюць сястру Марыю Мацвееўну АПАНЮК, 1936—1937 года нараджэння. Іх сям’я жыла ў вёсцы Клімкавічы Бельскага раёна Беластоцкай вобласці. Калі памерла маці, бацька Мацвей Лук’янавіч Апанюк дзвюх малодшых дачок Марыю і Соф’ю ў 1939 годзе адвёз у дзіцячы прытулак у Брэсце. Пасля вайны паехаў за дзяўчынкамі. Яму сказалі, што Соф’я памерла, а Марыі ў прытулку не было, магчыма, яе ўдачарылі. Іраіда Анатольеўна Казачук, Ліда”.
“Шукаю сваякоў у беларускай сталіцы. Жылі яны ў доме № 24 на вуліцы Пажарнай (зараз яго няма). У цёткі Іры быў муж, прозвішча яго Вінакураў. Дачку завуць Света. А яшчэ ў цёткі Іры была сястра Ларыса, якая жыла ў мястэчку Ракаў Мінскай вобласці. Ірына Міхайлаўна Іванюк, Мінск”.
“Шукаю брата Сяргея Іванавіча КАНДРАЦІКА, прыкладна 1957 года нараджэння. Быў ён з вёскі Тумашы Мастоўскага раёна, скончыў Азёркаўскую васьмігадовую школу і ў 1974 годзе паступіў у Калінінградскае марское вучылішча. З таго часу я не бачыў брата. Сяргей! Адгукніся. Аляксандр Іванавіч Кандрацік, Зэльвенскі раён”.
“Мой дзядзька Міхаіл Паўлавіч ЛАГОДА, 1951 года нараджэння, жыў у вёсцы Лядкі Карэліцкага раёна. Па волі лёсу апынуўся ў Казахстане. Там ажаніўся. Жонку завуць Нэла. У 1973 годзе ў іх нарадзіўся сын Павел. У пачатку 90-х сям’я вырашыла пераехаць у Расію. Дзядзька спачатку паехаў адзін у Анапу. Патэлефанаваў, што знайшоў там прапіску, уладкаваўся на працу, будзе вадзіцелем грузавой аўтамашыны ў порце. Больш пісем і званкоў ні з Анапы, ні з Казахстана не было. Няма і дагэтуль. Наталля Арсенцьеўна Заяц, Узда”.
“З маёй пляменніцай Марыяй Міхайлаўнай ПУНІНСКАЙ мы аднагодкі. Пазнаёміліся, калі гасцявалі ў Магілёве ў сваякоў Міхаіла Уладзіміравіча і Марыі Арцёмаўны Пунінскіх. Марыя прыязджала са сваім бацькам Міхаілам Аляксандравічам з Горак Магілёўскай вобласці. А я з бацькамі — з горада Шахты Растоўскай вобласці. Дзядуля Марыі і мой бацька — родныя браты. Жылі не разам, лёс раскідаў па свеце. З Марыяй мы некаторы час перапісваліся, а потым сувязь была страчана. Спадзяюся, яна адгукнецца. Тамара Пятроўна Пунінская, Магілёў”.
“Я жыву ў доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Мой адзіны сваяк — стрыечны брат Афон Аляксеевіч УСВІЧ родам з вёскі Жылічы Брагінскага раёна. Спачатку працаваў у Брагіне, потым пераехаў у Кемерава. Сувязь з ім была страчана. Хочацца даведацца, як склаўся лёс брата. Варвара Нічыпараўна Басалыга, Капаткевічы”.

Не забываецца
“Я, Анастасія Міхайлаўна Бурак (Сянчук), у 1960—1964-я гады працавала старшай піянерважатай у Заляшанскай васьмігадовай школе Клецкага раёна. Хочацца знайсці знаёмых настаўнікаў, сустрэцца з імі. Асабліва хачу пабачыцца
з Нілай Рыгораўнай СЕМЯНОВІЧ (па мужу Гапановіч), 1937 года нараджэння. Разам з ёй мы жылі на кватэры. Яна выйшла замуж і паехала ў Слуцк да мужа. Ён у той час працаваў інжынерам у аўтапарку. У 1962 годзе нарадзіла сына Віталіка і прыслала мне фотакартку. Але пазней наша сувязь была страчана. Нілачка, дарагая, адгукніся! Я вельмі часта ўспамінаю цябе і люблю. Твая Таська”.

Бацькоўскае гора
“Дапамажыце ў пошуку сына Віктара Фадзеевіча САВУША, 1971 года нараджэння. Ён служыў у войску ў Мар’інай Горцы, а ў 1994 годзе паехаў у Петрапаўлаўск-Камчацкі і стаў працаваць на моры. Потым жыў у Паўднёвай Карэі. У 2004 годзе збіраўся наведаць бацькоўскі дом, але не прыехаў, і сувязь з сынам абарвалася. Фадзей Антонавіч Савуш, Міёры”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter