"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

Днямі у рэдакцыю “НГ” патэлефанавалі дзве сяброўкі, якія знайшлі адна адну з дапамогай сумеснага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё...”. Роза Кажамякіна (Мелінг) і Любоў Чырко (Міклашэўская) сустрэліся праз 40 гадоў. Каб пабачыць сяброўку, Роза Анатольеўна прыехала з Германіі, дзе зараз жыве з сям’ёй. Пра гэтую сустрэчу мы неўзабаве раскажам.
Прапалі без вестак

“Мой бацька Сцяпан Ільіч ШАШКО, 1910 года нараджэння, жыў у вёсцы Пагост Бярэзінскага раёна. На фронт быў прызваны на трэці дзень вайны. Пасля вызвалення  Беларусі мы атрымалі паведамленне, што ён прапаў без вестак. А летам 1945 года маці выклікалі ў ваенкамат, аддалі пасылку, у якой былі шынель, штаны, кашуля, чаравікі, сказалі, што нашага роднага чалавека вызвалілі з палону, накіравалі ў шпіталь і там ён памёр. Паперу з гэтым паведамленнем, на жаль, мы згубілі, але ў памяці засталося, што пахаваны бацька ў Аўстра-Венгрыі, пасёлак Эбен-Зэс, дзе канкрэтна, не памятаю. Калі  звярнуліся ў ваенкамат, зноў сказалі, што бацька прапаў без вестак. Што ж здарылася з ім? Міхаіл Сцяпанавіч Шашко, Мінск”.
“Шукаю звесткі пра дзядзьку Леаніда Сцяпанавіча АСТРОЎСКАГА, 1920 года нараджэння, з вёскі Елькаўшчына Круглянскага раёна. У армію быў прызваны ўвосень 1940-га са Шклова. Апошняе пісьмо ад яго атрымалі напярэдадні Вялікай Айчыннай. Служыў недзе на граніцы. У 1945 годзе прыйшло паведамленне, што прапаў без вестак. Можа, хто ведаў яго, адгукніцеся. У спісах загінуўшых дзядзькі Леаніда няма. Ёсць толькі яго брат Адольф Сцяпанавіч Астроўскі, 1924 года нараджэння. Хачу даведацца пра іх ваенны лёс. Лідзія Аляксандраўна Дзеравяга-Рэут, Шклоў”.
Альберт Іванавіч Шарпіо з Мінска шукае месца, дзе пахаваны яго бацька Іван Пятровіч ШАРПІО. “Па расказах маці і знаёмых былых партызан, ён быў спачатку ў арганізацыі падпольшчыкаў. Затым мае бацькі разам з іншымі пайшлі ў івянецкія лясы ў партызаны. У 1944-м бацька лячыў раны ў івянецкім шпіталі. На медыцынскую ўстанову наляцелі фашысты, амаль усе, хто быў там, загінулі. Пасля вайны паведамілі, што бацька пахаваны ў брацкай магіле ў Івянцы. Сапраўды, там, непадалёку ад  шпіталя, устаноўлены помнік. Сярод прозвішчаў на ім было не Шарпіо, а Шарыпа. А імя і імя па-бацьку такія ж, як і ў нашага дарагога чалавека”.
“Я, Фаіна Майсееўна Бранштэйн, ужо шмат гадоў шукаю месца пахавання бацькі Майсея Самуілавіча ЗАКА, 1902 года нараджэння, радавога Савецкай арміі. Загінуў 20 ліпеня 1944 года. Як паведамілі, пахаваны ён у пасёлку Чэрнін Бельскага раёна, які быў у Беластоцкай вобласці ў Беларусі. Горад Бельск перайменавалі затым у Бельск-Падляскі, і зараз ён у Беластоцкім ваяводстве ў Польшчы. Гэтыя звесткі я атрымала ў архіве і ў кнізе “Памяць” Бабруйскага раёна. Звярталася ў Чырвоны Крыж Рэспублікі Польшча, але адказу не атрымала. Да 1999 года я жыла ў Бабруйску, па прафесіі настаўніца матэматыкі. Зараз жыву ў Германіі, у Гамбургу”.
“Хачу даведацца пра лёс дзядзькі Пятра Фёдаравіча ЧАЕЎСКАГА, 1911 года нараджэння. Ён з вёскі Вялікае Сяло, што непадалёку ад Маладзечна. У 1938-м ці ў 1939-м быў прызваны ў польскую армію. Потым прыйшло паведамленне, што прапаў без вестак. Ніна Іванаўна Базанава, Маладзечна”.
“Мой бацька Арсенцій Іванавіч ЛІСІЦЫН, 1896 года нара-джэння, жыў у вёсцы Васькіна Смаленскай вобласці. У пачатку ліпеня 1941 года бацька і іншыя аднавяскоўцы пайшлі на фронт. Вёску ў хуткім часе захапілі фашысты. Пісьмаў ад яго не было. Толькі пасля вайны Веліжскі райваенкамат Смаленскай вобласці паведаміў, што бацька ў снежні 1943-га прапаў без вестак. Дзе гэта адбылося, невядома. Калі хто ведае пра лёс бацькі, напішыце. Міхаіл Арсенцьевіч Лісіцын, Мінск”.
Антон Іванавіч Дзярук з вёскі Крывасельцы Браслаўскага раёна шукае брата Івана Іванавіча ДЗЕРУКА, 1925 года нараджэння. “Разам з Чырвонай Арміяй у Вялікую Айчынную вызваляў нашу краіну ад ворагаў. Падчас баявых дзеянняў у Польшчы пазнаёміўся з будучай жонкай — полькай. Дайшоў да Берліна, але дамоў не вярнуўся, застаўся ў Польшчы. Адзін раз прыязджаў да нас,  здаецца, у 1975 годзе. Апошні ліст, які мы ад яго атрымалі, быў з горада Познань”.

Дзе наша сястра?
“Пасля смерці родных нас засталося чацвёра: старэйшы брат Мікалай (яго ўжо няма сярод жывых), я, сястра Ніна, якая зараз у Літве. Верачцы, нашай малодшай, тады быў гадок з паловай. Пасля смерці бацькоў яе аддалі ў дзіцячы прыёмнік у Пінску, а нас крыху пазней прызначылі ў Пагост-Загародскі дзіцячы дом. Было паведамленне, што Верачку хочуць удачарыць. Тады, напэўна, яе і ўдачарылі. У якім годзе гэта здарылася, дакладна не ведаю, можа, ў 1948-м ці 1949-м. Мы з сястрой Нінай яе доўга потым шукалі, але не знайшлі. Так пра яе і цяпер нічога не ведаем. Нават фотаздымкаў яе ў нас няма. Наша дзявочае прозвішча Гарагляд. У дзіцячым доме часта пісалі Галяград. Можа, пад такім прозвішчам аддалі Веру, можа, гэта дапаможа ў пошуку? Нарадзіліся мы ўсе ў вёсцы Забораўцы Пінскага раёна. Марыя Андрэеўна Кручко, Пінск”.

Вялікая радня
“Родам я з вёскі Раманы Іўеўскага раёна. Хачу знайсці сясцёр бацькі, які памёр. Звалі яго Яніс Сігізмундавіч Саладзянкін. Ведаю, што ў Рызе жыве сястра бацькі Валянціна ГРЫЦЭНКА. Мужа яе завуць Мікалай Грыцэнка. У іх ёсць дачка Люда і сын Юра. У пісьме яны паведамілі нам, што знайшлася былая ўладальніца і іх выселілі з дому. Хачу знайсці таксама Яўгенію ПРОХАРАВУ, цёцю Шуру, прозвішча якой не памятаю, Ганну і Лаймана БЛЕМАНЭ. Ганна з Лайманам жывуць у горадзе Алайнэ, на вуліцы, якая раней называлася Леніна. Дзяцей у іх няма, таму трымалі кошак. Апошні раз я ў іх была, калі збіралася пайсці ў першы клас. Яны мяне хацелі пакінуць у сябе. Я пагадзілася, а потым успомніла дом, маму, таму адмовілася, паехала з бацькам. Пасля гэтага родных больш не бачыла. Была ў бацькі яшчэ сястра Нэля. У яе сын Марык, які таксама ў Рызе жыве, у яго кепска са зрокам. Маці Марыка памерла, а бацька яго пакінуў. У цёткі  Валянціны Грыцэнка  жыў бацькаў брат Пеця. Дзе ён зараз, як і ўсе мае сваякі, не ведаю. Раней, да пераезду ў вёску Раманы, мы жылі ў вёсцы Гута Іўеўскага раёна. Можа, мая радня памятае, як яны прыязджалі да нас на вяселле маёй сястры Галі. Мужа Галі звалі Станіслаў Янкоўскі, маці яго цётка Манька. Стась і яго маці памерлі разам, у адзін дзень. Засталося чацвёра дзяцей: Таня, Люда, Дзіма, Алеся. Маці іх, Галі, таксама няма сярод жывых. Вельмі хачу знайсці сваіх цётак, стрыечных братоў і сясцёр, іншых сваякоў. Ірына Іванаўна Багушэвіч (Станюкевіч), Баранавіцкі раён”.
Юрый Аляксандравіч Ярмохін з Брэста шукае вельмі блізкую і любімую ім родную сястру маці. “Маю цётку завуць Марына Канстанцінаўна ТРУШ, 1922 года нараджэння. Жыве ва Украіне, недалёка ад Кіева. У тым жа невялікім гарадку знаходзіцца і яе сын Уладзімір Мікалаевіч ТРУШ, 1949 года нараджэння. Мая маці шмат разоў пасылала ім пісьмы, але адказу  не атрымала. Пісала таксама наша сваячка Ліда з Урала — таксама маўчанне. Мы звярталіся ў розныя арганізацыі  Брэста, Масквы, Украіны, але безвынікова. На вас наша апошняя надзея”.

Там, у ЗША
“З нашай вялікай сям’і засталося двое: я і стрыечная сястра Ганна Гіндзюк. Можа, знойдзецца тая нітачка, што прывядзе нас да нашых родных. Справа ў тым, што ў Злучаных Штатах Амерыкі ў нас павінны быць яшчэ стрыечныя два браты і сястра, ці, магчыма, іх дзеці, бо мая родная цётка (сястра маёй маці) Ефрасіння Палікарпаўна КАЎГО яшчэ да Першай сусветнай вайны паехала ў Амерыку. Там выйшла замуж за Трафіма Мельніка (імя па бацьку не ведаю). Родам ён з Украіны, з Камянец-Падольска. Нам вядома, што ў іх было трое дзяцей: два хлопчыкі і дзяўчынка. Яшчэ вядома, што падчас родаў цётка памерла, а дачка засталася жывая. Пасля смерці цёткі яе муж слаў нам лісты. Апошняе пісьмо ад яго мы атрымалі ў 1939 годзе. Затым сувязь была страчана. Вельмі хочацца яе ўзнавіць. Васіль Сямёнавіч Жук, Камянец”.

Знайшліся!
Галіна Пасека-Унучак з Валожына шукала сяброўку Галіну Купчанка, з якой разам працавала на заводзе “Тэрмапласт”, а таксама хацела сустрэцца з былой гаспадыняй Раісай Мікалаеўнай Капралавай, у якой кватаравала ў Мінску. Адгукнулася Раіса Мікалаеўна Капралава. Праз дзесяцігоддзі жанчыны сустрэліся.
Раіса Тачылкіна з Гомеля хацела даведацца пра сябра юнацтва Віктара Данілавіча Мошчына і яго сябра Міхаіла Біскупа, якія пасля службы ў арміі працавалі на Асіповіцкім руберойдным заводзе. Адгукнулася жонка Віктара Мошчына. Яна паведаміла, што жыве з мужам у Асіповічах. А вось Міхаіла Біскупа, на жаль, ужо няма сярод жывых — у 1977 годзе ён на матацыкле трапіў у аварыю і загінуў.
Пётр Мірончык шукаў Галіну Антонаўну Скарбіч і яе (свайго) сына. Ад імя родных жанчыны ў рэдакцыю “НГ” напісала начальнік аддзялення паштовай сувязі вёскі Чырвоная Дубрава Капыльскага раёна Таццяна Леанідаўна Бурак. Яна паведаміла адрас і тэлефон брата і маці Галіны Антонаўны, якія гатовы расказаць пра яе, бо самой жанчыны, на жаль, ужо няма на гэтым свеце. А вось яе сын, па словах Таццяны Леанідаўны, жыве ў Беларусі, жанаты, мае дзетак.

Не забываецца
Міхаіл Васільевіч Ярмоліч са Столінскага раёна шукае сваю добра знаёмую жанчыну На-
дзею Аляксандраўну НОВІКАВУ. “Ведаем адзін аднаго больш за дваццаць гадоў. Хачу атрымаць звесткі, дзе яна зараз, як здароўе. Апошні раз  бачыў яе ў 1992 годзе ў Горках, дзе быў  у камандзіроўцы. Прасіў, каб На-дзея Аляксандраўна прыехала туды, дзе я цяпер жыву. Яна пагадзілася, але чамусьці не прыехала. Жыла тады мая знаёмая ва Украіне, у Харкаўскай вобласці, разам з дзецьмі Раманам, Юляй, Наташай. Можа, яна і зараз там жыве, то няхай мне напіша. Адгукніцеся, хто пра яе ведае”.
“Амаль 40 гадоў шукаю Таццяну Кірылаўну КАЗЛОВУ. Пазнаёміўся з ёй, калі быў у камандзіроўцы ў пасёлку Элеватарны Кустанайскай вобласці (Казахстан). Таццяна мне вельмі спадабалася. Сустракаліся мы нядоўга, таму не паспеў запомніць яе біяграфію, у гэтым  мая бяда. Ведаю, бацькі Таццяны жылі ў Ардатаўскім раёне Горкаўскай (зараз Ніжагародская) вобласці Расіі. Там і трэба пачынаць пошук Таццяны. Мне, на жаль, гэта зрабіць не ўдалося. Віктар Лявонцьевіч Пакатовіч, Віцебск”.

Моцна кахала яго
“Хачу знайсці сябра маладосці. Мы з ім хацелі злучыць свае лёсы. Але пакуль ён служыў у войску, са мной стаў сябраваць другі хлопец, які настойліва прасіў маёй рукі,  і я пагадзілася. Мы ажаніліся. На жаль, ужо 27 гадоў я ўдава. Саша Няхай, той першы мой хлопец,
1929 года нараджэння, жыў спачатку з бацькамі ў Калодзішчах, затым у трактарным пасёлку. Калі выпадкова сустракала яго каля дзіцячай паліклінікі на вуліцы Стаханаўскай, размаўляць не магла, уцякала, бо моцна кахала яго. Знайдзіце Сашу, Аляксандра Андрэевіча НЯХАЯ, вельмі хачу пагаварыць з ім. Ева Іванаўна Шэлег, Мінск”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter