"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

На Радаўніцу мы ішлі пакланіцца магілам нашых продкаў, блізкіх, дарагіх людзей. Схіліўшы галовы, стаялі ля беластволых бярозак, якія там растуць. Між іншым многім людзям не дае спакою думка: дзе, у якой зямельцы пахаваныя і спачываюць іх родныя, ці наведваюць іх магілы, ці пасадзіў там хто дрэўца. Скупыя, кароткія словы “прапаў без вестак”, “загінуў, месца пахавання невядомае” пякучым агнём палаюць у іх сэрцах. Вінаватая ў гэтым вайна. Яна чорнай навалай прайшла, прагрымела па нашай зямлі, забрала многія жыцці, пакалечыла многія лёсы. Пра гэта сведчаць і лісты, якія прыходзяць на адрас сумеснага пошукавага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты”.

СЯБРОЎКІ І СЯБРЫ
Антаніна Эдуардаўна Жукава-Грышкевіч з Наваполацка шукае сяброўку юнацтва Ганну ЛЕАНОВІЧ. Родам яна з Магілёўскай вобласці. “З 1979 па 1982 гады мы разам вучыліся ў Мінскім радыётэхнічным тэхнікуме, у нас было шмат агульнага, сябравалі. Пасля заканчэння тэхнікума Ганна засталася ў Мінску, працавала на заводзе “Гарызонт”, выйшла замуж. Прозвішча яе стала Касцюкевіч. Некаторы час мы перапісваліся, а потым сувязь была страчана. Вельмі хачу ўзнавіць яе”.
Ніна Іванаўна Гогаль (Курбат) шукае сяброўку, з якой вучылася ў 41-м вучылішчы кінамеханікаў у гарадскім пасёлку Астрыно. “Разам са мной у інтэрнацкім пакоі жыла Марыя Іванаўна ВЕРАБЕЙ (прозвішча дзявочае). Родам яна з Баранавіцкага раёна. Навучальную ўстанову мы закончылі ў 1963 годзе. Пасля вучобы паехалі працаваць кожная на сваю, так бы мовіць, малую радзіму. Пісалі адна адной пісьмы. Я была ў гасцях у Марыі. Ведаю, што ў сяброўкі ёсць малодшы брат. Буду рада атрымаць вестачку ад яе ці ад каго-небудзь з нашай групы”.
“У жніўні 1954 года я быў прызваны ў рады Савецкай арміі. Служыў на тэрыторыі былой ГДР. Хачу даведацца адрасы і, па магчымасці, сустрэцца са сваімі былымі саслужыўцамі. Мікалай Іванавіч СТРЫГЕЛЬСКІ, 1935 года нараджэння, быў пісарам у гаспадарчай часці, працаваў з капітанам Кудзінавым. Шукаю таксама Івана СІЛІЦКАГА, 1936 года нараджэння. Ён быў пісарам тэхнічнай часці, працаваў з падпалкоўнікам Кутырыным. Мяркую, што мае сябры па вайсковай службе жывуць у Беларусі і буду рады, калі яны адгукнуцца. Міхаіл Мікалаевіч Казлоўскі, Чашніцкі раён”.
 Віцябчанка Валянціна Сцяпанаўна Вайцяховіч (Кароткіна) шукае сяброўку дзяцінства Ніну Міхайлаўну ЛАЎЧЫНОЎСКУЮ, з якой лёс злучыў у дзіцячым доме. “У 1945 годзе мы паступілі ў Пярэвалацкі спецдзетдом № 25 Талачынскага раёна. У 1951-м нас накіравалі на фабрыку “КІМ”. Мы разам з ёй вучыліся і жылі ў Віцебску, а потым працавалі на фабрыцы “КІМ” да 1955 года. Я выйшла замуж і з мужам паехала на цаліну. Ніна засталася ў Віцебску. Я напісала ёй пісьмо, але адказу не атрымала. Мне толькі паведамілі дзяўчаты, што яна выйшла замуж і паехала з Віцебска. Калі я вярнулася дадому, спрабавала шукаць сяброўку, але безвынікова. Ніна, адгукніся! Я вельмі хачу цябе бачыць”.

Пісьмо з Расіі
“Я родам з Вяземскага раёна Смаленскай вобласці, з вёскі Пеціна, якой цяпер няма. Калі пачалася вайна, мне было 10 гадоў. І я добра памятаю свайго брата Мікалая Пятровіча ЗУЕВА, 1923 года нараджэння. Яго прызначылі адганяць у тыл коней, далей ад ворага. Разам з ім было трое хлопцаў. Родам яны з Беларусі, у Вязьме вучыліся. Звалі іх Ілля Міхайлавіч КАСЦЮК, прыкладна 1922 года нараджэння, яго малодшы брат Міхаіл і хлопец з такім жа прозвішчам па імені Аляксандр (імя па бацьку не памятаю). Вёска, з якой яны выйшлі, называлася Каровіна, але ў якім гэта раёне і вобласці, не ведаю. Летам, пасля таго як нас вызвалілі ад акупантаў, у дом зайшоў паранены Ілля. Расказаў, што ля горада Серпухава яны трапілі пад бамбёжку і былі параненыя. Майго брата Мікалая і яго брата Міхаіла павезлі на адной машыне, а яго — на другой. Больш пра хлопцаў ён нічога не ведае. Зайшоў запытаць, можа, нам што пра іх вядома. Але мы таксама не ведалі. Ён у нас пераначаваў і пайшоў далей, дамоў. З таго часу я, колькі жыву, шукаю брата. Адказ адзін: у армію не быў прызваны, сярод загінуўшых не значыцца. Дык дзе ж падзеўся мой брат? Дапамажыце, людзі добрыя, знайсці адказ на гэта пытанне. Зінаіда Пятроўна Валуйская, горад Белгарад, Расія”.

“Дай Бог, каб ва ўсім свеце былі такія матулі, як мая. Яна ўсё жыццё не гаварыла мне і не давала адчуць, што я для яе няродная дачка. І толькі перад смерцю расказала мне пра мой лёс. Калі закончылася вайна, мама аформіла мне метрыкі, запісала, як і дзвюх родных дачок. Так я стала Анфіса Пятроўна Гарэлік, 1941 года нараджэння. Я жыла ў гэтай сям’і, хадзіла ў школу. Аднойчы, як бывае ў дзяцей, застаўшыся дома адны, мы пасварыліся. Сёстры аднекуль узялі фотаздымак і, паказваючы на яго, пачалі крычаць: “Ты не наша! Ты — падкідыш! Во, твае бацькі!” На карычневым фотаздымку былі прыгожа  апранутыя мужчына і дзве жанчыны.
Я тады быццам знямела. А прыйшла дамоў мама,  хуценька нас памірыла, схавала той фотаздымак і больш пра яго ніхто не ўзгадваў. Пасля смерці мамы я вырашыла даведацца пра сябе ўсю праўду. Тым больш што мамін пляменнік перадаў мне маленькія зялёныя метрыкі аб маім нараджэнні, якія ў яго захоўваліся. Яны сведчаць аб тым, што я Людміла Віктараўна Нямковіч, і жыццё маё пачыналася хутчэй за ўсё на Случчыне. Ва ўсялякім разе ў метрыках, якія зараз у мяне, запісана, што выдадзены яны Слуцкім гарадскім бюро загс. Дапамажыце  даведацца ўсю праўду пра мой лёс. Анфіса Пятроўна Дуліна, горад Мядзел”.

Гора маці і дачкі
“Мая дачка Лідзія Уладзі-міраўна АФАНАСЬЕВА, 1958 года нараджэння, пайшла з дому ў выхадны дзень, у  суботу, у 10 гадзін. І не вярнулася дагэтуль, а прайшло ўжо больш як год. Ішла яна, відаць, ненадоўга, бо не вельмі збіралася. Я падумала, што адпраўляецца  ў магазін ці на рынак, але не спытала, куды пойдзе. Зараз аб гэтым вельмі шкадую. Людзі добрыя, дапамажыце знайсці дачку. Яна была прыстойная, працавала інжынерам цеплавых сетак у раёне, яе паважалі на працы і дома. Я выплакала па ёй усе вочы, не ведаю, у які бок яна пайшла, адкуль чакаць. З надзеяй кожны раз бягу глядзець у паштовую скрынку, але ад дачушкі няма ні пісьма, ні вестачкі. Аляксандра Іосіфаўна Афанасьева, горад Мінск”.
“Дапамажыце знайсці майго старэйшага сына Міхаіла Віктаравіча НЯМЦОВА, 1959 года нараджэння. У ліпені 2004-га ён паехаў на заробкі ў Санкт-Пецярбург. Патэлефанаваў нам і паведаміў, што працуе ў Гатчынскім  раёне. І вось ужо трэці год няма ад яго ніякай вестачкі. Пляменнік ездзіў туды, дзе працаваў мой сын, стараўся знайсці яго, але безвынікова. Раіса Міхайлаўна Нямцова, Быхаўскі раён”.
 “Шукаю бацьку Андрэя Пятровіча КАРНЕЕВА, 1956—1958 года нараджэння. Ён жыў у Мазыры. Як мне паведамілі, з’ехаў адтуль у Калінкавіцкі раён. Я шукала яго і  там, але не знайшла. Надзея Андрэеўна Карнеева.”

Прапалі без вестак
“Мой бацька Мікалай Іванавіч МАРКЕВІЧ нарадзіўся ў 1918 годзе ў вёсцы Чэхі былога Вілейскага павета. Напачатку Вялікай Айчыннай быў прызваны ў армію. Дату прызыву і нумар вайсковай часці не ведаю: была малая. З вайны бацька не вярнуўся. Маці атрымлівала для мяне дзяржаўную дапамогу, але што здарылася з бацькам — не ведала. Толькі ў кнізе “Памяць” Вілейскага раёна я прачытала, што мой бацька 30 красавіка 1942 года памёр у фашысцкай няволі, але дзе пахаваны, там не сказана. Дзе ж яго магіла? Марыя Мікалаеўна Мядзвецкая, горад Маладзечна”.
“Шукаю звесткі пра бацьку Іосіфа Іванавіча ТАЛКАЧОВА, 1910 года нараджэння. На фронт быў прызваны Чавускім райваенкаматам, атрымалі паведамленне, што прапаў без вестак у верасні 1944 года. Прашу адгукнуцца тых, хто яго ведаў. Надзея Іосіфаўна Талкачова, горад Чавусы”.
“Мой бацька Сямён Трафімавіч ЧАХОЎСКІ, 1911 года нараджэння, пайшоў на фронт добраахвотнікам. Пасля вайны атрымалі паведамленне, што прапаў без вестак. Што з ім  здарылася, дзе пахаваны? Надзея Сямёнаўна Кавалёва, Быхаўскі раён”.
“Шукаю брата Станіслава Браніслававіча ГАРАЎСКАГА, 1921 года нараджэння. У 1941-м пасля заканчэння школы лётчыкаў ён прыязджаў на сваю малую радзіму ў Смалявічы на адпачынак, але прыйшла тэлеграма і ён вымушаны быў паехаць. Больш пра брата нічога не ведаю. На ўсе запыты прыходзіў адказ “прапаў без вестак”. Можа, хто ведае пра яго лёс? Сцяпан Браніслававіч Гараўскі, горад Смалявічы”.
“Мой бацька Якаў Герасімавіч БАРАБАНАЎ, 1905 года нараджэння, жыў у вёсцы Покаць Свяцілавіцкага сельсавета. У час вайны быў у партызанскім атрадзе. Пры выкананні задання загінуў. Маці казала, што пахаваны ён  дзесьці ля крухмальнага завода. Мамы няма ўжо сярод жывых. Але многія жыхары Свяцілавічаў, як і наш бацька, былі ў партызанах, можа, яны ведаюць пра яго лёс?  Марыя Якаўлеўна Марозава, горад Полацк”.
“Хачу даведацца пра ваенны лёс дзядзькі Уладзіміра Іванавіча МЫЧКО. Год нараджэння яго добра не ведаю. На фронт пайшоў у самым пачатку вайны. Некаторы час пісаў дамоў пісьмы, затым перапіска спынілася, прыйшло паведамленне, што наш дарагі чалавек прапаў без вестак. Мая маці заўсёды плакала па вечарах, успамінаючы брата. Ніна Міхайлаўна Гараніна, вёска Княгінін, Мядзельскі раён”.
“Мой брат Міхаіл Іосіфавіч САЎЧУК нарадзіўся ў 1919 годзе ў вёсцы Тумін Камянецкага (былога Высокаўскага) раёна. У 1940-м ці 1941-м, дакладна не памятаю, брата прызвалі ў армію. Яго вайсковая часць знаходзілася ў горадзе Чырчык Ташкенцкай вобласці. Больш пра дарагога чалавека нічога невядома. А вельмі хочацца ведаць пра яго лёс. Калі  загінуў на вайне, то як  і  дзе пахаваны. Кацярына Іосіфаўна Грыцук, Камянецкі раён”.
Вольга Кірылаўна Байдук з вёскі Горыцы Драгічынскага раёна шукае брата Уладзіміра Кірылавіча БАЙДУКА, 1926 года нараджэння. “Пайшоў на фронт у жніўні 1944 года. Некаторы час атрымлівалі ад яго пісьмы, а потым перапіска спынілася”.

“Хачу даведацца, як склаўся лёс сябра маладосці Васіля Сцяпанавіча БЕЛЯКОВА, 1928 года нараджэння. Па недакладных звестках, ён жыве ў Мінску. Працаваў вадзіцелем грузавой машыны. Пазнаёміліся мы ў інтэрнаце на танцах. Калі я ўвайшла туды, ён перастаў танцаваць і падышоў да мяне. Пачалі сябраваць. Аднойчы ён прыйшоў да мяне і сказаў, што ад’язджае ў камандзіроўку на два тыдні. Васіль! Калі ты ад’язджаў у камандзіроўку — зрабіў памылку. Калі вяртаўся з камандзіроўкі і я з табой выпадкова сустрэлася, я зрабіла дзве памылкі. Прабач мне, калі ласка, за гэта. З-за нашых нікчэмных памылак мы з табой рассталіся, а наша каханне, спадзяюся, засталося. Калі можаш, патэлефануй мне. Таццяна Емяльянаўна”.
“Я ў свой час жыла ў горадзе Дзяржынску. А ён служыў непадалёку, у Станькаве. Мы з ім  сустракаліся больш як год. Звалі яго Пеця (прозвішча і імя па бацьку забылася) У многім лёсы нашы былі падобныя: абое былі сіротамі. Мяне прытуліў брат. Пеця да службы ў войску жыў ва Уфе ў дзядзькі. Дзядзька працаваў на поездзе машыністам. Пеця, як вярнуўся са службы ў войску, быў у яго памочні-кам. Мы з ім перапісваліся. Праз год у яго быў водпуск. Пеця, як і абяцаў, прыехаў да мяне. Мы з ім абмяркоўвалі, дзе будзем жыць, як пажэнімся, у Расіі ці ў Беларусі. Але пасварыліся раптам з-за пісьма. Яго мне прыслаў другі хлопец, а Пеця прачытаў. Мы рассталіся. Вельмі хачу даведацца, як склаўся  лёс у чалавека, якога я і мая радня лічылі самым лепшым, самым прыстойным хлопцам. Можа, ён захоча патэлефанаваць мне. Ганна Казіміраўна Ваўчок (Галякевіч), горад Мінск”.
Аўтар гэтага ліста, відаць, так хваляваўся, што забыў напісаць сваё прозвішча, хаця адрас  паведаміў. Шукае ён Ганну БАСУМАТРАВУ (прозвішча дзявочае). Жыла ў Крычаўскім раёне. “Мінула 38 гадоў, як я атрымаў ад яе апошняе пісьмо”.


БЛІЗКІЯ  людзі
“Шукаю стрыечных сясцёр. Тоня, 1928-га, Валя, 1930 года нараджэння. Абедзве Іванаўны. Прозвішча іх было ЛАБАНАВЫ. Жылі ў Маскве. Раней мы перапісваліся. Але памерлі нашы маці, якія былі сёстрамі, і мы страцілі сувязь. Антаніна Іванаўна Лабанава ў той час была замужам за Міхаілам Гарэлікам. У іх нарадзілася дачка Аліна. Яна, канешне, даўно дарослая, напэўна, ёсць свае дзеці, а можа, нават і ўнукі. Валянціна Іванаўна Лабанава ў 1954 годзе, як я іх наведваў, была яшчэ незамужняя. Праўда, праз нейкі час мая сям’я атрымала ад яе пасылку з дзіцячай вопраткай. На адной з сарочак быў надпіс “Барашкін”. Напэўна, захаваўся са школы ці дзіцячага садка. Я зрабіў выснову, што і прозвішча Валянціны Барашкіна. Па суседству з маімі роднымі ў той час жылі цікавыя жанчыны: Клава, Дуся і Маруся. У Марусі быў сын Ціма і старэйшая дачка, здаецца, Вера. Яшчэ непадалёку жыў Барыс, служыў міліцыянерам. Дарагія мае, адгукніцеся. Іван Аляксандравіч Матусевіч, Ганцавіцкі раён”.

Аднакласнікі
9 чэрвеня выпускнікі 1972 года Гарадзейскай школы-інтэрната Нясвіжскага раёна будуць збірацца разам, бо спаўняецца 35 гадоў, як яны закончылі школу. “Няўжо з 30 чалавек ніхто не адклікнецца? Аляксандра Цімафееўна Кобзева-Цімохава”.
“Сёлета спаўняецца 50 гадоў з часу заканчэння шаркоўшчынскай сярэдняй школы №1. Нам вельмі хочацца сустрэцца з нашым юнацтвам, успомніць школьныя гады. У 10-м класе нас было каля 40 чалавек. Пра некаторых з іх мы не ведаем. Адгукніцеся, Люда АЛЯКСАНДРАВА, Света БУРНОСЕНКА, Лёля ЗІНКЕВІЧ, Іра ГРЫГОР’ЕВА, Галя КАЖАМЯКА, Мікалай ШВЕДАС, Чэслаў ДУЛІНЕЦ, Мікалай ЗЯЛЁНКА. Сустрэча адбудзецца ў ліпені (дата будзе ўдакладняцца). Стараста класа Вера Антонаўна Кружко, горад Брэст”.

Сястра з Украіны
“Я, Галіна Нічыпараўна Шчарбакова, жыву ў Сянно. Ад сябе і ад імя брата Леаніда і сястры Святланы вельмі прашу: дапамажыце знайсці дарагога нам чалавека Валянціну Кірылаўну ІЛЬЮЧЭНКУ, якая жыла ва Украіне (Кіеўская вобласць, сяло Кацюжанка). Маці яе звалі Гарпіна. Калі бацька іх пакінуў, Валі было 9—10 гадоў. Больш пра яе нічога не ведаем. Мы жывём у Беларусі. Нас пяцёра. Няхай яна будзе шостая. Я і яшчэ дзве сястры засталіся ад бацькі, які загінуў у вайну падчас Сталінградскай бітвы. Айчым Кірыла Гаўрылавіч Ільючэнка (бацька Валі, якую мы шукаем) прыехаў да нас жыць у 1946 годзе. Выхоўваў нас, трох сясцёр, затым у сям’і з’явілася яшчэ двое дзяцей — Лёня і Света. Кірыла Гаўрылавіч у вайну быў паранены ў лёгкія, у яго не было некалькі рэбраў.  Ён усіх нас любіў, не дзяліў на сваіх і няродных. Ён памёр, і мы вырашылі знайсці яго дачку ад першага шлюбу. У яе, спадзяёмся, ёсць дзеці, унукі, якім будзем таксама рады”.

Дзе бацька Оскара?
“Шукаю бацьку майго ўнука Оскара Грундсбергса. Рассталіся яны, калі ўнуку было тры гады. Яніс Арэрдавіч ГРУНДСБЕРГС, 1954 года
нараджэння, да 1991 года жыў у Рызе. У гады перабудовы Оскар з маці пераехаў у Гродна. Бацька таксама хацеў прыехаць,  а перад гэтым памяняць кватэру ў Латвіі на кватэру ў Гродна. Але не атрымалася, і ён застаўся на ранейшым месцы. У 1996 годзе, калі мы паслалі запыт у Латвію, нам адказалі, што яго на радзіме няма. Я паслала пісьмо ў Маскву, на перадачу “Жди  меня”, але адказу яшчэ не атрымала. Дапамажыце даведацца, што здарылася з бацькам Оскара. Лідзія Леанідаўна Аносава, горад Гродна”.

Праз 60 гадоЎ
“Дапамажыце знайсці Вольгу Аляксандраўну ЯНУШКЕВІЧ, 1932—1933 года нараджэння. Яна з дзіцячага дома. У 1948 годзе вучылася на станочніцу па апрацоўцы драўніны на Мінскім трактарным заводзе. Я вучыўся тады ў дваццаць чацвёртым рамесным вучылішчы. Мы былі маладыя, сябравалі. Прыкладна ў 1950 годзе групу дзяўчат перавялі на фабрыку ў Барысаў. Я ездзіў да Олі на спатканне. Потым служыў у войску, шляхі-дарогі нашы разышліся, аб чым вельмі шкадую. На схіле гадоў хачу даведацца, як склаўся лёс Вольгі. Іван Тарасавіч Сугака, горад Бабруйск”.

Нашы амерыканцы
“Родам я  з Ашмянскага раёна. Мая бабуля Алена СКАДОРВА жыла калісь у Амерыцы. Па сямейных абставінах вярнулася на сваю малую радзіму, а там засталіся яе брат і сястра. Бабуля падтрымлівала сувязь з роднымі. Неяк адна са сваячак пажадала прыехаць да нас у госці. Мы абрадаваліся, але калі мой бацька паехаў з гэтай нагоды ў раён, яму не дазволілі запрашаць сваякоў з Амерыкі. Потым мы страцілі іх адрас. У 1991 годзе спрабавалі ўзнавіць сувязі, звярталіся ў таварыства Чырвонага Крыжа ў Мінску, але безвынікова. Фотаздымкі сваякоў з іншага кантынента паслалі на перадачу “Жди меня”, мінула больш як год, і ніякага адказу. Дапамажыце знайсці родных у Амерыцы. Галіна Адамаўна Насадовіч, горад Маладзечна”.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter