"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

Прыход вясны, абуджэнне прыроды ажыўляюць і нашы душы, пачуцці, мы становімся больш чулымі, уважлівымі, стараемся берагчы і помніць адзін аднаго. Лёгкі шум ветрыку, галасы птушак у вясновым лесе быццам нагадваюць пра тых, каго няма сярод нас, каго шукаюць. І абавязкова знойдуць, на што мы з калегамі з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё вельмі спадзяёмся.
Родныя людзi

Уладзімір Аляксандравіч Баброўскі з вёскі Падомхі Докшыцкага раёна шукае стрыечную сястру Надзею Васільеўну БАБРОЎСКУЮ (Конан). У 1944 годзе разам з мужам  Надзея пайшла на фронт. Па некаторых звестках, пасля вайны  яны засталіся жыць у Польшчы.
“Шукаю стрыечных сясцёр. Ніна Фёдараўна АДАМЕНКА, прыкладна 1927—1928 года нараджэння, у 1949-м жыла ў Севастопалі. Тамара Фёдараўна АДАМЕНКА, прыкладна 1936—1937 года нараджэння, у 1956-м закончыла Невельскую фельчарска-акушэрскую школу і была недзе накіравана на працу. Малодшая Людміла Фёдараўна АДАМЕНКА нарадзілася перад самай вайной. Іх бацькі жылі ў Гарадку. Бацька Фёдар Сільвестравіч Адаменка ў час вайны быў у партызанскім атрадзе. Пасля працаваў у аддзеле пенсійнага забеспячэння, старшынёй сельсавета, а на пенсіі даглядаў коней. Маці была хатняй гаспадыняй. Бацькі маіх сясцёр памерлі. Але, магчыма, хто ўспомніць, падкажа. І яшчэ. У майго бацькі Васіля Сільвестравіча Адаменкі, які ў час вайны прапаў без вестак, быў брат Мікалай Сільвестравіч АДАМЕНКА. Пасля вайны ён працаваў дырэктарам саўгаса ў Дубровенскім раёне. У яго было чацвёра дзяцей, якіх я зусім не ведаю.У іх жа, пэўна, таксама ёсць дзеці. Так хочацца сустрэцца з роднымі. Ніна Васільеўна Дронава, Магілёў”.
“Шукаю пляменніцу Зою Аляксандраўну ЛЕВЕ(І)НУ (Цялееву). Нарадзілася ў 1958 годзе ў Полацкім раёне. Хутка стала круглай сіратой: маці памерла, бацька трагічна загінуў. Мы паехалі  жыць ва Украіну, у Херсон. Там Зоя закончыла 10 класаў, працавала ў цырульні, вырашыла стаць медсястрой. Выйшла замуж, але з мужам яны разышліся. Дзе зараз Зоя, як склаўся яе далейшы лёс, не ведаю. Надзея Барысаўна Лапунова, Полацк”.
Сваіх родных шукае Надзея Аляксандраўна Лук’янчык з Капыльшчыны. “Мой пляменнік Ігар Мікалаевіч ЛАЗЮК, прыкладна 1965—1966 года нараджэння. Да 1991 года жыў у Санкт-Пецярбургу. Былая жонка майго брата Людміла Васільеўна АЛЯКСЕЕНКА таксама жыла там. Брат памёр, і яна выйшла замуж другі раз. У 1991-м Люда была ў мяне ў вёсцы. Пасля гэтага было некалькі пісьмаў і тэлефанаванняў, а потым сувязь перарвалася. Мае пісьмы вярнуліся з паметкай “адрасат не пражывае”. Пры тэлефанаванні быў прыкладна такі ж адказ. А мне  хочацца ведаць, як яны жывуць, які лёс у пляменніка”.
“Мой брат Юрый Дзмітрыевіч СЕМЯНЮК, 1934 года нараджэння, жыў у невялікім горадзе ў Самарскай вобласці. Я пахавала дваіх дзяцей: сыну быў 41 год, дачцэ 43. Сын 18 гадоў хварэў, быў нежанаты. Калі ён памёр, дала брату тэлеграму. Ён прыслаў невялікую суму грошай, напісаў, каб чакалі пісьмо. Але пісьма дагэтуль няма. Пасля смерці дачкі з намі застаўся яе сынок Дзіма, вучыцца ў шостым класе. Мы, яго бабуля з дзядулем, ужо старыя: мне 75 гадоў, дзядулю 78. Спадзяёмся на дапамогу ў пошуку брата. Марыя Дзмітрыеўна Андросік, Брэст”.
“Шукаю стрыечную сястру Людмілу Фёдараўну БАХУР (прозвішча дзявочае) ці яе дзяцей. Я яе ніколі не бачыла. У дзяцінстве толькі чула, як у нашай сям’і чыталі пісьмы ад Люсі і яе бацькоў — цёткі Каці, дзядзькі Фёдара. А яшчэ бачыла фота, на якіх яна разам са сваімі бацькамі. Маці Люсі Кацярына Антонаўна Бахур-Сідаровіч — сястра майго бацькі, родам з вёскі Любішчыцы Івацэвіцкага раёна. Пісьмы ад Люсі і цёткі Каці прыходзілі з Кандалакшскага раёна Мурманскай вобласці (станцыя Зеленаборск). Люся ў 1957 годзе, як пазначана на адным з фотаздымкаў, працавала ў сталовай. У 1980-м я наведала Зеленаборск. Люсю не знайшла, а паралізаваная цётка Каця ляжала ў бальніцы. У маім вобразе яна бачыла дачку. Я паказала ёй фотаздымак нашай сям’і. Цётка называла ўсіх па імені: майго бацьку (свайго брата) Грышка, маму маю Любка, сястру Манька, брата Коля, а мяне ўбачыла на фота і кажа: “Люська мая!” Супрацоўнікі медыцынскай установы папрасілі нас з мужам выйсці, не турбаваць цётку. Мы і паехалі. Я з 1947 года, гадоў на дзесяць маладзейшая за Люсю. З 1937-га мая сястра Марыя. Спадзяюся на сустрэчу. Ганна Рыгораўна Сідаровіч, Мінск”.

Сябры, суседзі
Міхаіл Станіслававіч Падзёрны з Быхаўскага раёна жыў ва Украіне. “Восенню 1963-га быў прызваны на службу ў армію. Наш авіяполк знаходзіўся непадалёку ад Баку. Пасля заканчэння службы вярнуўся на сваю, так бы мовіць, малую радзіму. Жонка мая была беларуска, і ў 1991 годзе мы пераехалі жыць у Беларусь. Я — пенсіянер, застаўся  адзін, часта хварэю. Хочацца знайсці тых, з кім разам служыў у арміі: Васіля ШКАБАРУ, Аляксандра ШЫЦЬКО,  Мікалая РАБУШКУ”.  
“Хачу ведаць, дзе жыве мая былая суседка Любоў Дзмі-трыеўна КАРАВУЛАВА (проз-вішча дзявочае), 1934 года нараджэння. У Калодзішчах, ля Мінска, жылі яе маці і сястра Вольга, якіх ужо няма сярод жывых. Засталіся, здаецца, муж Вольгі і іх сын. Яшчэ ў Любові Дзмітрыеўны была сястра Таісія Дзмітрыеўна Сімановіч, 1931 года нараджэння. Яна жыла ў Мінску на праспекце Ракасоўскага. Аднойчы пазваніла ёй, а мне сказалі, што такія тут не жывуць. Напэўна, памянялі кватэру. Дзе ж узяць адрас Любы? Можа, дапамог бы муж Вольгі Генадзь Архіпавіч Юрлоў, які, магчыма, жыве ў Калодзішчах ці ў сына. Таісія Яфімаўна Шалаева, Мінск”.

Па камсамольскіх пуцёўках

Мінчанка Надзея Паўлаўна Бандарэнка шукае ў Латвіі сясцёр Раісу Сямёнаўну, Таісію Сямёнаўну і Тамару Сямёнаўну СЯРГЕЕВЫХ. “У далёкім 1956-м па камсамольскіх пуцёўках многія юнакі і дзяўчаты з Рыгі паехалі на будоўлю ў Казахстан. У іх ліку было пяць паштальёнаў з Рыжскага галоўпаштамта: тры Тамары, Раіса і адну называлі Максі (імя яе не памятаю) і я. Мы пасябравалі, жылі ў адным пакоі. Потым  лёс раскідаў нас каго куды. З Раісай Сямёнаўнай Сяргеевай мы доўга перапісваліся. У 1990 годзе атрымала ад яе пісьмо і паштоўку з навагоднім віншаваннем. Замест зваротнага адрасу на канверце было напісана Мержава. Напэўна, яна пераехала на новае месца жыхарства. Пісьмы больш не прыходзяць”.

З Расіі ў Беларусь

   “Мы родам з пасёлка Бугры Камарыцкага раёна Бранскай вобласці. У Беларусь з Надзеяй Іванаўнай ПЯТРУШЫНАЙ прыехалі ў розны час і па розных абставінах. Надзя жыве дзесьці ў Асіповіцкім раёне, выйшла замуж, магчыма, у яе іншае прозвішча. Мы не бачыліся больш за 30 гадоў: з таго часу, як пакінулі свае мясціны. Спадзяюся, што Надзя ці яе знаёмыя адгукнуцца. Валянціна Віктараўна Кудзіна (Шырокая), Бабруйск”.

І сястру, і куму
“Мая сястра Ніна Мікітаўна КРАСЬКО, 1948 года нараджэння, у 1969—1970 гадах працавала ў магазіне “Культтавары” ў пасёлку Індуры Гродзенскага раёна. Выйшла замуж, але з мужам развяліся. Потым яна стала жонкай Міхаіла Гоўся. Мы перапісваліся, а затым наша сувязь чамусьці абарвалася. Старалася знайсці Ніну праз яе сябровак, але не атрымалася. Хачу таксама знайсці куму, хросную маці сына Станіславу Іванаўну ІВУЦЬ, 1952 года нараджэння. Мы разам працавалі ў Гродне на ЦЭЦ-2. Потым звольніліся. Я выйшла замуж. Станіслава ўладкавалася на працу ў Вільнюсе, таксама выйшла замуж і паехала жыць з мужам у Польшчу. Спачатку мы перапісваліся, а потым пісьмы ад яе перасталі прыходзіць. Марыя Мікітаўна Грынкевіч, Бярэзінскі раён”.

Не суджана было
“Дапамажыце знайсці Паўла Іванавіча ВІНАГРАДАВА, прыкладна 1929 года нараджэння. Больш як год жыў ён у нашым доме. Затым паехаў, і праз некаторы час на два гады быў пазбаўлены волі. Пакаранне адбываў на Урале, у Чэлябінскай вобласці. Адтуль пісаў мне пісьмы, абяцаў прыехаць. Але гэтаму, відаць, не было суджана збыцца. Апошнія 2—3 месяцы ён паведамляў, што не атрымлівае маіх пісьмаў. Напэўна, падумаў, што не хачу бачыць яго, і не прыехаў. Цікава, як склаўся яго лёс. Ніна Страшынская, Гродзенская вобласць”.


Дабро не забываецца
    “Было гэта ў 1952 годзе. Я тады жыла ў Ленінградзе, затым паехала за мяжу, дзе была больш за восем гадоў. Перапіска наша спынілася, але я ўвесь час памятала жанчыну, якая мне дапамагла. Калі прыехала жыць у Мінск, адразу захацела яе знайсці. Як высветлілася, зрабіць гэта няпроста. Галіна Пятроўна ПАЗНЯК,
1926 года нараджэння, колісь жыла на вуліцы Крупскай, у раёне Чэрвенскага рынка. Там усё непазнавальна змянілася. У яе можа быць іншае прозвішча, яна сталага веку, таму буду рада, калі адгукнецца і хто-небудзь з яе сваякоў. Раіса Піліпаўна Майсеенка, Мінск”.
Галіна Французова з Гродна шукае Наталлю МЯДЗВЕДЗЕВУ.
“У 1979 годзе я паступала вучыцца ў Вышэйшую прафсаюзную школу. Са мной былі дзве Наташы. Адна старэйшая за нас, а другая, Мядзведзева, такога ж узросту, як я. З намі яшчэ сябраваў хлопец па імені Сяргей. Яны паступілі, а я не. Наташа Мядзведзева пазычыла мне 40 рублёў, і я паехала дадому. Грошы адразу не змагла адаслаць, а потым мы з ёй страцілі сувязь. Я напісала Наташы пісьмо, але яно вярнулася з паметкай, што такая тут не жыве. Адчуваю сябе вельмі няёмка, што не змагла своечасова вярнуць доўг. Ездзіла ў Пецярбург, каб што-небудзь даведацца пра Наташу, але дарэмна. Дапамажыце знайсці яе. Гэта вельмі цудоўны, чулы чалавек”.

У далёкім Узбекістане
Яўгенія Кандратаўна Гутырчык з Бярозаўскага раёна непакоіцца за лёс Таццяны Аляксандраўны ТУШКОВАЙ, якая жыве ва Узбекістане, і яе сыночка Леаніда, 1998 года нараджэння. Апошні ліст ад Таццяны жанчына атрымала ў лістападзе 2000-га. Пісала ёй, але пісьмы не вярталіся і адказу на іх не было.

Маладыя гады
“Шукаю Аляксандра АЛЬХОВІКА, прыблізна 1935—1938 года нараджэння. Лёс развёў нас надоўга. 50 гадоў я жыла ў Казахстане, зараз вярнулася ў Беларусь. Хачу даведацца, як склалася жыццё сябра юнацтва. Прашу адгукнуцца і былых аднакласнікаў, разам з якімі ў 1953 годзе закончыла Азёрскую школу, што ў Гродзенскай вобласці, і аднакурснікаў фізіка-матэматычнага факультэта 1958 года выпуску былога Гродзенскага педінстытута. Аляксандра Пятроўна Хурса-Шынкевіч”.
“Мая даўняя сяброўка Галіна Мікалаеўна КАЗМЯРЧУК родам з вёскі Вялікі Бор Хойніцкага раёна. У пачатку
80-х мы з Галяй жылі ў інтэрнаце швейнай фабрыкі ў Жодзіне. Яна працавала на фабрыцы, а я — у паліклініцы. Жылі дружна. Потым Галя паехала на камсамольскую будоўлю ў Сібір. Мы перапісваліся, потым сувязь абарвалася. Памятаю, што Галіна была са шматдзетнай сям’і. Можа, яе родныя паведамяць, дзе шукаць Галю? Таццяна Уладзіміраўна Рагачоўская (Петрашкевіч), Жодзіна”.
Тамара Міхайлаўна Гапеева з Магілёва шукае сяброўку Наталлю Аляксандраўну НОВІ-КАВУ. “Мы з ёй працавалі на заводзе “Хімвалакно” ў Магілёве, потым я звольнілася, а Наташа ўладкавалася на працу ў  Быхаве. Там выйшла замуж, і яны пераехалі на новае месца жыхарства. Іх цяперашні адрас я не ведаю. Наталля была шаферкай на маім вяселлі. Яна — хросная маці маёй дачкі. 14 жніўня мне спаўняецца 50 гадоў і я хачу бачыць яе ў ліку сваіх самых дарагіх гасцей”.

Прапалі без вестак

“Івану Пятровічу РОЛЕВУ, 1904 года нараджэння, давялося ваяваць з белафінамі, а ў сакавіку 1941-га быў прызваны на перападрыхтоўчыя курсы ў Казань.
 15 чэрвеня бацька прыслаў пісьмо, у якім абяцаў, што хутка вернецца, але пачалася вайна. Больш звестак ад яго не атрымлівалі. З архіва Міністэрства абароны прыйшоў адказ, што лейтэнант Ролеў Іван Пятровіч, камандзір узвода 574-га стралковага палка 121-й стралковай дывізіі, прапаў без вестак у 1941 годзе. Калі хто помніць яго, адгукніцеся. Дочкі і ўнучкі, Гомель”.
“Мой брат  Кузьма Іванавіч ВЕСЯЛОЎСКІ, 1913 года нараджэння, быў для мяне і за  бацьку і за маці. Да вайны быў дырэктарам сямігодкі, за сумленную працу меў узнагароды. У лютым 1940-га прызваны на службу ў армію Лёзненскім райваенкаматам. Апошняе пісьмо атрымалі ў маі 1941-га. Паведамляў, што ўвосень прысвояць воінскае званне, і ён хутчэй за ўсё будзе працягваць службу. Летам пачалася вайна, і што сталася з братам, невядома. Мікалай Іванавіч Весялоўскі, Віцебск”.
“Мая бабуля Любоў Іванаўна Кламбоцкая (Фёдарава) хоча даведацца пра лёс свайго прапаўшага без вестак брата Аляксандра Іванавіча КЛАМБОЦКАГА, 1925 года нараджэння”.
“Шукаю брата Уладзіміра Аляксеевіча РАКІЦКАГА, 1926 года нараджэння. Да вайны мы жылі ў вёсцы Хрысцінава Мінскага раёна. Калі вызвалілі ад фашыстаў Мінск, брата прызвалі ў армію. Спачатку навучаўся ў  Вільнюсе вайсковай справе, а потым адправілі на фронт. Баі ўжо былі ў Германіі. У канцы мая 1945 года брат быў паранены і накіраваны ў шпіталь, але, як потым высветлілася, там не з’явіўся. З нашай сям’і ў вайну загінула шэсць чалавек, і мы не ведаем, дзе яны пахаваныя. Вельмі хачу знайсці хаця б самага малодшага, майго дарагога брата, якому ў вайну было 18 гадоў. Ніна Аляксееўна Шабан, Мінск”.
“З самага пачатку вайны на фронт пайшлі мой бацька і тры яго браты. Бацька вярнуўся паранены, кантужаны і хутка памёр. А тры мае дзядзькі Архіп Паўлавіч, Іван Паўлавіч і Васіль Паўлавіч ЕЎДАСЕЕВЫ засталіся ляжаць невядома дзе. Хочацца даведацца пра іх ваенны лёс. Прашу знайсці і брата маёй мамы Рыгора Уладзіміравіча БОБНЕВА. У час вайны было яму 18 гадоў, загінуў, не ведаем, дзе пахаваны. Лідзія Апанасаўна Паўлючык, Брэст”.
“Ад імя сястры Ніны, брата Пятра і сябе звяртаюся за дапамогай. Наш бацька Мікалай Якаўлевіч СТАЎСКІ, 1908 года нараджэння, у маі 1941-га Горацкім райваенкаматам быў прызваны на вайсковыя зборы ў Магілёў, дзе і застала вайна. Можа, ён і пісаў, але мы апынуліся на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі. Сусед, які быў разам з бацькам на зборах, расказваў, што з Магілёва іх накіравалі бліжэй да Мінска, але там ішлі жорсткія баі, і ім загадалі адступаць. У раёне Крычава сусед трапіў у палон і больш пра бацьку яму нічога невядома. У 1947-м маці атрымала ліст з Горацкага райваенкамата, што бацька прапаў без вестак у жніўні 1944 года. Можа, хто ведае пра майго бацьку? Віктар Мікалаевіч Стаўскі, Мінск”.
Уладзімір Аляксеевіч Краўцоў з Віцебска хоча даведацца пра ваенны лёс дзядулі Пракопа Малахавіча КРАЎЦОВА, 1898 года нараджэння. Жыў у вёсцы Высокае Рагачоўскага раёна. Родныя атрымалі паведамленне, што ён прапаў без вестак.
“Шукаю звесткі пра бацьку Рыгора Аляксеевіча КОЛЕСЕНЯ, 1909 года нараджэння, якога забрала паліцыя за сувязь з партызанамі. Ён быў у турме і адтуль не вярнуўся. Зінаіда Рыгораўна Колесень, Барысаўскі раён”.
“Мая прыяцелька Яўгенія Барысаўна Белавіна (дзявочае прозвішча ПАБОКА) жыве ў горадзе Хімкі Маскоўскай вобласці. Яна памятае, што да вайны іх сям’я жыла ў вёсцы Рыбушкіна Магілёўскай вобласці. У бацькі з маці былі тры дачушкі: Ніна, 1934 года нараджэння, Валя нарадзілася ў 1937 годзе, і яна, малодшая. Бацьку забралі на вайну, а маці моцна захварэла і памерла. Жэня памятае, як яна стаяла і плакала. Замест сукенкі на ёй быў мех з прарэзанай для галавы дзіркай. Нейкі мужчына прапанаваў: “Паедзем, я завязу цябе ў Маскву”. Але ў поездзе ён кінуў дзяўчынку, і тая хадзіла па вагонах і плакала. Яе ўзяла да сябе нейкая жанчына і ў Маскве аформіла ў дзіцячы дом. Там прыблізна вызначылі і запісалі, што яна 1940 года нараджэння. Што і казаць, не салодкае жыццё ў дзіцячым доме, рознае давялося пабачыць і перажыць. Калі споўнілася 15 гадоў, адправілі ў калгас. Жыллё было абы-якое, ні харчоў, ні вопраткі. Ішоў час, жыццё паступова наладжвалася. Яўгенія выйшла замуж, з’явіліся дзеці. Старалася знайсці родных у Беларусі, але не атрымалася. Можа, хто зараз адгукнецца? Любоў Мікалаеўна Гарагляд, Брэст”.
Людміла Палікарпаўна Шышко (Макарава) хоча даведацца пра ваенны лёс бацькі Палікарпа Лявонавіча МАКАРАВА, 1903 года нараджэння. “Да вайны працаваў галоўным бухгалтарам Краснапольскага райспажыўсаюза. З першага дня пайшоў на фронт. Атрымалі паведамленне, што бацька прапаў без вестак. Можа, адгукнуцца тыя, хто з ім ваяваў?”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter