"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

Мы з калегамi з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, разам з якiмi вядзём пошукi людзей, вельмi ўдзячны добраахвотным памочнiкам. Менавiта з вашай дапамогай, паважаныя чытачы i радыёслухачы, наш часта няпросты вышук набывае правiльны кiрунак i, што асаблiва радуе, ладзяцца сустрэчы. Давайце i надалей рабiць разам гэтую патрэбную справу.

Зваротная сувяяь
Удзельнiца партызанскага руху ў час вайны ў Беларусi Станiслава Iгнатаўна Болдзiна з Мiнска шукала дзвюх дзяўчынак ваеннага часу з вёскi Пярхурава на Мiншчыне, дзякуючы якiм засталася жывой. Адгукнулася мiнчанка Марыя Вiкенцьеўна Адамовiч. Яна расказала, што вёску Пярхурава i яе жыхароў у час вайны ўзiмку спалiлi фашысты. Выратавалiся толькi тыя, хто не быў дома. Жанчына хоча спытаць у Станiславы Iгнатаўны, цi памятае яна вёскi Пцiч, Старое Сяло, Клюi (непадалёку ад Пярхурава), хлопцы з якiх былi ў партызанах. Яна родам з тых мясцiн i добра ведала Косцю Гарэлiка, Станiслава Казака, Мiхаiла Васiлеўскага, Iвана Казака, Мiкалая Шабана i iншых.
Марыя Вiкенцьеўна звярнулася да нас з яшчэ адной нагоды. Летам 1941 года ля вёскi Гарадзiшча, што пад Мiнскам, быў вялiкi бой. Пасля яго яна знайшла альбом з фотаздымкамi. Альбом не ўцалеў, а вось запiс, зроблены ў iм, у памяцi жанчыны дагэтуль: Мiнск, Чырвонае Урочышча, паштовая скрынка 71, Сяргей Дзянiсавiч Аляксандраў. А раптам адгукнецца ўладальнiк гэтага альбома альбо яго родныя, тыя, хто ведаў воiна.
Надзея Антонаўна Уласенка з Мiнска знайшла магiлу свайго брата Канстанцiна Антонавiча Варапаева i даведалася, дзе пахаваны яго баявы сябар Юрый БОРС, 1923 года нараджэння, ураджэнец Сiбiры. Абодва яны ляжаць у брацкай магiле ў Белгародскай вобласцi. Жанчына хоча пазнаёмiцца з роднымi Юрыя, сустрэцца, пагаварыць, разам пабываць на магiле.

Родныя людзi
Вольга Андрэеўна Свiбовiч з Лунiнецкага раёна шукае дзядзьку Мiкалая Пракопавiча ГРЫНЕВIЧА. “Бацька мой памёр даўно. Мама расказвала, што мацi майго бацькi рана засталася ўдавой. У яе было трое дзяцей. Двух хлопчыкаў яна здала ў дзiцячы дом. Бацьку майго праз некаторы час забрала адтуль цётка. Паехала потым, каб забраць i яго брата, але хлопчыка там ужо не было. Я ўвесь час думала пра дзядзьку, хацела даведацца пра яго лёс. Можа, адгукнуцца яго дзецi, унукi?”
“Мы, Настасся Пятроўна Пастушэнка i Кацярына Iосiфаў-на Канапацкая, шукаем брата нашых бацькоў Цiмафея Аляксеевiча КIШ-КЕВIЧА, 1924 цi 1926 года нараджэння. Шукаем даўно, з 1960 года. Даведалiся, што жыве ён у Аргенцiне, але дакладнага адраса ў нас няма”.

Гiсторыя адной сям’i
“Нарадзiўся я ў вёсцы Ломавiчы Акцябрскага раёна. У майго бацькi Iвана Пятровiча Халадка былi два браты, Васiль i Апанас. Васiль Пятровiч Халадок быў афiцэрам, служыў у Асiповiчах. У яго была жонка Марыя, сын Анатоль, дочкi Света i Тамара. Калi пачалася вайна, Васiль i мой бацька пайшлi на фронт, а Апанас застаўся ў Ломавiчах, бо быў паранены ў грамадзянскую вайну. З Асiповiч прыехала цётка Таццяна Лапаць. Яна пайшла да Апанаса i сказала, што трэба забраць сям’ю афiцэра i прывезцi ў вёску. Апанас запрог каня i разам з цёткай паехалi ў Асiповiчы. Так сям’я дзядзькi Васiля пасялiлася ў нашай хаце. Мне тады было 9 гадоў, але я многае помню. Напрыклад, як нашу вёску акружылi фашысты i ўсiх яе жыхароў загналi ў хлеў, каб спалiць, але перадумалi. Людзей пагрузiлi ў машыны i павезлi ў Бабруйск. Там адбiралi старых, дзяцей асобна, моладзь адпраўлялi ў Германiю. Калi грузiлi ў вагоны, мая мацi i сястра прыкрылi мяне вялiкай хусткай i я прайшоў з iмi. Нас пагрузiлi ў таварныя вагоны i павезлi. Я быў у канцлагеры за Лейпцыгам. Усяго давялося там зведаць. У 1945-м нас вызвалiлi, i мы вярнулiся на радзiму. Сям’я дзядзькi Васiля, дзядзька Апанас i цётка Таццяна, як я даведаўся, былi вывезены ў канцлагер “Азарычы”. Там жонка дзядзькi Васiля Марыя, дачка Святлана i сын Анатоль памерлi. Жывымi засталiся дачка Тамара, цётка Таццяна i дзядзька Апанас. Калi вызвалiлi Азарычы, яны прыходзiлi ў Ломавiчы, каб даведацца, цi ёсць хто з родных. Iм сказалi, што нiкога няма, бо мы з Германii вярнулiся крыху пазней. Цётка Таццяна ЛАПАЦЬ i Тамара Васiльеўна ХАЛАДОК паехалi, i мы не ведаем iх месца жыхарства. Дапамажыце знайсцi iх. Яўген Iванавiч Халадок, Брэст”.

Люба i Танзiля
“Нарадзiўся я ў 1925 годзе ў Рэспублiцы Башкартастан. Там пазнаёмiўся з цудоўнай дзяўчынай. Звалi яе Танзiля Нагуманаўна БУРХАНАВА. Мы нават клялiся адзiн аднаму, што, калi станем дарослымi, будзем абавязкова жыць разам. Але пачалася вайна i ўсё пераблытала. Мой бацька пайшоў на фронт. Праз некаторы час атрымалi пахавальную. Я хацеў пайсцi на фронт, каб адпомсцiць за бацьку, але было недастаткова гадоў. Аднойчы нават з поезда знялi i адправiлi ў ваенны шпiталь у Куйбышаве. Вечарам на станцыi, як цяпер помню, спынiўся санiтарны поезд. Мяне прывялi ў трэцi вагон, дзе сустрэла жанчына ў вайсковай форме, сказалi: “Вось тут i будзеш ваяваць”. Даводзiлася ездзiць на фронт за раненымi, развозiць iх па шпiталях. Аднойчы на станцыi, куды прыйшоў наш поезд, убачыў я шмат ваенных, падышоў да iх i папрасiў, каб паказалi, дзе знаходзiцца штаб воiнскай часцi. Так я трапiў у 76-ы запасны артылерыйскi полк. Пасля доўгiх размоў спыталi, кiм хачу быць. “Тэлефанiстам”, — адказаў я, i мяне адправiлi на вучобу. Пасля вучобы вызваляў гарады Знаменка, Белая Царква, Кiраваград, Роўна. Аднойчы трапiлi ў акружэнне. Калi выйшлi з яго, мяне паклiкаў да сябе намеснiк па палiтычнай часцi дывiзiёна капiтан Кацельнiкаў i паказаў пiсьмо ад дзяўчыны, якая мяне шукала. Капiтан сказаў абавязкова напiсаць ёй. Гэта была Танзiля. Затым мы прыбылi ў Беларусь. Пайшлi далей, на Польшчу, Усходнюю Прусiю. Калi былi на Эльбе, амерыканцы перадавалi нам былых вязняў фашысцкай няволi. Я ўбачыў трох дзяўчын. Дзве з iх вялi пад рукi трэцюю, якая кульгала, не магла сама iсцi. Падбег да iх, узяў на рукi кульгавую дзяўчыну, прынёс i пасадзiў у ваенную санiтарную машыну, спытаў толькi, як яе завуць i адкуль яна. Пачуў у адказ, што завуць яе Люба Матуз, яна з Магiлёва. Увосень 1945 года наш полк вярнуўся ў Беларусь. У сакавiку 1948-га я атрымаў пiсьмо, што мая мама моцна захварэла. Далi 15 дзён адпачынку, i я паехаў яе праведаць. Маму жывой не застаў. Танзiлю таксама не ўбачыў. Даведаўся толькi, што яна выйшла замуж. Не стаў яе непакоiць, вырашыў: няхай жыве шчаслiва. Хутка мяне перавялi служыць у iншае месца. Аднойчы прыехалi мы ў Iвацэвiцкi раён нарыхтоўваць для палка дровы. Як жа я здзiвiўся, калi раптам убачыў там Любу Матуз, тую самую дзяўчыну, якую ў канцы вайны пасадзiў у санiтарную машыну. Як высветлiлася, яна закончыла Магiлёўскае педагагiчнае вучылiшча i па размеркаваннi працавала ў раёне. У 1951 годзе мы з ёй ажанiлiся, у нас нарадзiлiся дачка i сын, якiя ўжо дарослыя. У лiпенi 2005-га Люба мая памерла. Жыць аднаму сумна i цяжка. Вось i вырашыў шукаць Танзiлю. Ведаю, што з жыцця пайшоў i яе муж. Дапамажыце нам сустрэцца. Ханiф Мiнулiевiч Улiмаеў, Магiлёўскi раён”.

Хто мае бацькi?
“У дзявоцтве я была Iнэса Васiльеўна ЛЕПЯЦIЛАВА. Дзе нарадзiлася i хто мае бацькi, не ведаю. Усё маё дзяцiнства прайшло ў дзiцячым доме. Як расказвалi дырэктар i выхавацелi, трапiлi мы туды адразу пасля вайны. Хворых, знясiленых, нас падбiрала спецыяльная служба ў розных куточках горада. Нам давалi прытулак, лячылi. Але нiхто i нiшто не можа замянiць бацькоў, цяпло роднага дома. Дапамажыце даведацца, дзе я нарадзiлася, хто мае бацькi. Можа, адгукнуцца мае родныя, сваякi. Iнэса Васiльеўна Кавалёва, Мiнск”.

Сястра з Кубы
“Я, Ала Iванаўна Латушка (дзявочае прозвiшча Кiрэева), шукаю стрыечную сястру. Мой дзядзька Вiктар Якiмавiч Кiрэеў, родам з Краснапольскага раёна, вучыўся ў Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце i пазнаёмiўся з дзяўчынай з Кубы. Пажанiлiся, i ў iх нарадзiлася дачка, якую назвалi Алена. Калi ёй было 4 цi 5 гадоў, яе мацi сустрэла студэнта з Кубы, i яны паехалi разам на сваю радзiму. Алену забралi з сабой. Вiктар Якiмавiч вельмi перажываў расстанне з дачкой. Спачатку былая жонка прысылала яму фотаздымкi Алены, а потым перапiска спынiлася. У лiстападзе 2004 года дзядзька памёр, так i не пабачыўшы дачку. Ён вельмi любiў Алену. Па некаторых звестках, яна жыве з мужам у Венесуэле цi Эквадоры. Вельмi хочацца з ёй звязацца, паглядзець, якая яна. Можа, пошуку дапаможа фотаздымак, на якiм яе мацi-кубiнка i бацька-беларус у шчаслiвыя iмгненнi сумеснага жыцця”.

Сустрэцца, падзiвiцца
Мiкалай Аляксеевiч Краскоўскi з Мiнска расказаў такую гiсторыю. “Мы ўсе разам жылi ў вёсцы Шчорсы Любчанскага раёна Баранавiцкай вобласцi (цяпер Навагрудскi раён). У сям’i было 3 браты i 2 сястры. Адзiн брат, мой дзядзька Фiларэт Васiльевiч КРАСКОЎСКI, ажанiўся з полькай i выехаў у Польшчу. Сувязь падтрымлiвалi да 1939 года, пасля нельга было. Да гэтага прыязджаў яго сын, мы яго звалi Толiк, прыкладна 1930 года нараджэння. Прыязджаў i сам дзядзька. У дзядзькi было 5 сыноў i дачка. Калi б яны знайшлiся, падзiвiлiся б, колькi ў iх родных”.

Дзе сыны?
“Дапамажыце знайсцi сына Сяргея Iванавiча ЦIХНО, 1964 года нараджэння. 9 мая 1996 года ён паехаў на заробкi ў Цюменскую вобласць. 17 мая, на восьмы дзень пасля прыезду, выйшаў з iнтэрната, у якiм уладкаваўся жыць, i сябры яго больш не бачылi. А дома Сяргея чакаюць дзецi i хворыя бацькi. Аляксандра Iванаўна Цiхно, Баранавiчы”.
“Я мацi Мiкалая Францавiча ГАЙШУНА, якi нарадзiўся ў 1948 годзе. З 1991 года не ведаю, дзе ён i што з iм. Жыў у Алтайскiм краi ў Барнауле. Пасылаю туды пiсьмы, а яны вяртаюцца з паведамленнем, што адрасат там не жыве. На старасцi гадоў вельмi хачу ведаць, што ў яго ўсё добра. Малання Iванаўна Гайшун, Бабруйскi раён”.

Прапалi без вестак
“З вайны не вярнулiся тры мае браты: Пётр Сямёнавiч ЛАЗОЎСКI, 1906-га, Генадзь Сямёнавiч ЛАЗОЎСКI, 1914-га, i Сяргей Сямёнавiч ЛАЗОЎСКI, 1919 гадоў нараджэння. Толькi ў 1975 годзе супрацоўнiк малдаўскай газеты паведамiў, што брат Пётр загiнуў i пахаваны ў Латвii. Мы з мужам, сёстрамi i пляменнiцай ездзiлi на могiлкi. Пра лёс Сяргея даведалася ў кастрычнiку 2005 года. Ён быў камандзiрам роты сувязiстаў, утапiўся пры фарсiраваннi Керчынскага пралiва. А вось пра Генадзя нiчога не ведаю. Пасля вызвалення Вiцебска ў 1944 годзе атрымала ад яго паштоўку, у якой брат паведамляў, што служыць у 2248-м знiшчальным палку 234-й авiяцыйнай дывiзii, палявая пошта 29673. Я пiсала туды, але мне адказалi, што вайсковая часць расфармiравана i яго далейшы лёс невядомы. У паведамленнi з ваенкамата сказана, што брат быў малодшым лейтэнантам i прапаў без вестак у вераснi 1943 года. Я ў гэта не зусiм веру. Можа, мой брат жывы, можа, ён iнвалiд. Прашу цябе, браток, адгукнiся. А раптам знойдуцца тыя, хто служыў разам, можа, яны ведаюць, што з iм здарылася. Алена Сямёнаўна Сулецкая, Вiцебск”.
“Дагэтуль не ведаю, дзе пахаваны мой бацька Iван Фёдаравiч ЗАМБРЖЫЦКI. Памятаю, як, адыходзячы на фронт, ён развiтваўся з намi. Я тады не ведаў, што бачу яго апошнi раз. У 1944 годзе прыйшло паведамленне, што бацька прапаў без вестак. Аднак потым з вайны вярнуўся чалавек, якi расказваў, што бачыў яго ў шпiталi на тэрыторыi Беларусi. Дакладны адрас не памятаў, але прыгадваў вёску з назвай Слаўнi. Паведамiў таксама, што бацька быў кулямётчыкам, памёр ад ран у гэтым шпiталi i пахаваны ў брацкай магiле. У мяне дарослыя дзецi: сын, дзве дачкi, восем унукаў, тры праўнукi, i ўсе яны хочуць наведаць магiлу дзядулi i прадзядулi. Наша прозвiшча часта скарачаюць, пiшуць Замжыцкi. У дакументах цi на помнiку можа быць так i напiсана. Вячаслаў Iванавiч Замбржыцкi, Бабруйск”.
“Мой брат Рыгор Раманавiч ДУБIНА нарадзiўся ў 1926 годзе ў вёсцы Мерлiн Давыд-Гарадоцкага раёна Пiнскай вобласцi (цяпер Столiнскi раён). Вайсковую службу ён праходзiў у Пячах, непадалёку ад Барысава. Служыў на гранiцы з Фiнляндыяй. Да верасня 1945 года прысылаў адтуль пiсьмы. А потым прыйшло паведамленне, што ён загiнуў. Як гэта здарылася? Звярнулiся ў архiў у Падольску. Прыйшоў адказ, што ў спiсах радавога i сяржанцкага саставу ён не значыцца. Антон Раманавiч Дубiна”.
“У першыя днi Вялiкай Айчыннай прапаў мой дзядзька, родны брат бацькi Адам Нiчыпаравiч АКУЛЕНКА, 1920 года нараджэння. Пошукi яго былi дарэмныя. Якое ж было здзiўленне, калi ў Кнiзе памяцi Брагiнскага раёна, на 547-й старонцы мы прачыталi яго iмя. Напiсана, што дарагi наш чалавек загiнуў 1 студзеня 1942 года i пахаваны ля вёскi Бярозаўка. Але дзе гэта, мы не змаглi даведацца. Можа, хто падкажа, дзе ў першыя днi 1942 года былi баявыя дзеяннi. Ларыса Анатольеўна Баранава, Мар’iна Горка”.
“Мой брат Iван Кузьмiч ЦЕЦЕРУКОЎ, 1926 года нараджэння, змагаўся пад Кенiгсбергам. 30 сакавiка 1945 года пiсар часцi Тарасенка паведамiў бацькам, што 26 студзеня 1945 года iх сын быў паранены i адпраўлены ў шпiталь. А крыху пазней ад камандавання часцi мы атрымалi пiсьмо такога ж зместу i з просьбай “паведамiць далейшае месцазнаходжанне сына для ўручэння яму медаля “За адвагу”. I ўсё. Хацелася б ведаць, у якi шпiталь яго адпраўлялi. Калi памёр, то дзе магiла? Нiна Кузьмiнiчна Вададохава, Магiлёў”.
“Мой брат Сцяпан Iванавiч НЯСЦЮК, 1922 года нараджэння, прызваны ў армiю ў 1939-м Бярэзiнскiм райваенкаматам. Служыў у Латвii (Лiепая). Увосень 1941-га павiнен быў вярнуцца дамоў, але пачалася вайна. Атрымалi паведамленне, што прапаў без вестак. Праз некаторы час прыйшло паўторнае, што ў 1944 годзе брат памёр у фашысцкiм палоне. Можа, адгукнуцца людзi, якiя разам служылi, былi ў фашысцкай няволi. Вера Iванаўна Зорына, Гродна”.
“Шукаю брата Уладзiмiра Пятровiча СМАЛЯКОВА. Нарадзiўся ён у вёсцы Лудчыцы Быхаўскага раёна. Перад вайной знаходзiўся ў дзiцячым доме “Ляхавiчы”. Больш пра яго нiчога не ведаю. Хачу хоць на схiле гадоў сустрэцца, паглядзець на яго. Браток, дарагi, адгукнiся. Прашу таксама даведацца пра ваенны лёс майго бацькi Пятра Несцеравiча СМАЛЯКОВА, 1916 года нараджэння. Са слоў мацi, ён прайшоў дзве вайны i з трэцяй не вярнуўся. У 1941 годзе быў прызваны Бабруйскiм райваенкаматам. Ваяваў, а ў 1944-м атрымалi паведамленне, што прапаў без вестак. Можа, хто падкажа, як ён загiнуў, дзе пахаваны. Надзея Пятроўна Смалякова, Слонiмскi раён”.

КлiкаЎ да сябе
“Мой былы муж Вячаслаў Аляксандравiч НЕЎМЯРЖЫЦКI, 1964 года нараджэння, праходзiў вайсковую службу ў Брэсце. Калi адслужыў, мы пажанiлiся. Але сумеснае жыццё не склалася. Праз некаторы час муж вырашыў жыць у Мiнску, клiкаў i мяне да сябе, але я не жадала нiкуды ехаць з Брэста, хацела, каб i Вячаслаў жыў тут, разам са мной. У вынiку мы разышлiся. Мiнула 13 гадоў. Увесь гэты час я пiсала Вячаславу пiсьмы, адказу не атрымлiвала. Шукала былога мужа з дапамогай знаёмых у Мiнску — безвынiкова. Вельмi спадзяюся на вас. Ларыса Мiкалаеўна Мiнаева, Брэст”.

Каханне першае маё
“Спадзяюся, што знойдзеце маё першае каханне. А было ўсё так. Мяне пазнаёмiлi з хлопцам. Звалi яго Вася КАПЫТОК. Яны з Мiхаiлам Галузам праходзiлi камiсiю ў Барысаўскiм ваенкамаце i потым разам служылi ў войску. Мы з Васем перапiсвалiся, пасылалi адзiн аднаму фотаздымкi. У 1960 годзе сустрэлiся. Вася быў у вайсковай форме, вельмi прывабны. Я тады жыла ў Мiнску, недалёка ад возера. Лёс павярнуўся так, што мы не змаглi будаваць жыццё разам. Вася знайшоў сабе жонку там, дзе служыў, на Украiне. Я потым выйшла замуж, але з мужам жыццё не склалася, i мы развялiся. Ён ажанiўся зноў, а я так i не змагла знайсцi сваю другую палавiнку. Дзецi ўжо дарослыя, жывуць асобна. Хацелася б ведаць, як склаўся лёс Васiля. Высылаю сваё фота. Такое ж было калiсьцi i ў Васi. А раптам ён адгукнецца. Зiнаiда Мiкiтаўна Кiрычэнка (дзявочае прозвiшча Маталыга).

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей, хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых, землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:

* у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
  з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
* на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,
  перадача “Помнi iмя сваё...”; e-mail:poisk@radio.tvr.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter