"ПОМНІ ІМЯ СВАЕ...

У кожнага чалавека свой лёс. І як бы ён ні складаўся, ёсць, відаць, тое, што родніць, яднае людзей. Гэта зямля, на якой мы нарадзіліся, крынічка, што бруіла чыстай вадою і давала нам піць. Дзе б ні рос чалавек, мяркую, такая крынічка была ўсюды. Гэта не забываецца ніколі. Як не забываюцца бацькоўскі дом, сябры, радня, добрыя людзі, што сустракаюцца на нашым жыццёвым шляху. І калі мы страчваем іх — вельмі перажываем. Таму ўсё больш людзей звяртаецца па дапамогу на сумесны пошукавы праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты”.
Два капітаны

“Хачу знайсці вельмі добрага чалавека, капітана Уладзіміра Антонавіча МАШКОЎСКАГА, 1918—1919 года нараджэння, з Маскоўскай вобласці. Пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў воінская часць, у якой ён служыў, некаторы час знаходзілася ў Барысаве. Ён жыў на кватэры ў бабулек-сясцёр Салаўёвых. Яны яго вельмі любілі, а ён іх. Тут кватаравала і наша сям’я: маці, дзве сястры, Ганна і Вера, іх дзеці і я — Вольга Васільеўна Стукалава (цяпер Канаплёва). Бацька наш Васіль Васільевіч Стукалаў, бацюшка Васілій, служыў у Троіцкай царкве ў сяле Бытча Барысаўскага раёна. Уладзіміра Антонавіча Машкоўскага паважала наша сям’я таксама, а я з ім нават пасябравала. Аднойчы я прыйшла на кватэру Салаўёвых, Уладзіміра Антонавіча ўжо там не было. Іх часць рушыла ў сваім кірунку, і ён разам з ёй. Мне прысылаў добрыя, ласкавыя паштоўкі. На некаторы час сувязь з ім была страчана. Наладзіць яе дапамаглі яго знаёмыя, якія прыязджалі ў Барысаў. Ён пісаў пра цяжкія баі на фронце, пра хуткую перамогу над ворагам і пра нашу сустрэчу. Але сустрэча не адбылася, і я дагэтуль не ведаю, што з ім здарылася. Мінула больш за 60 гадоў. Я закончыла універсітэт, працавала настаўніцай, ветэран працы. Была замужам за капітанам, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Муж у 1976 годзе памёр. Вось як склаўся мой лёс: было два капітаны, засталася адна. Часта чытаю-перачытваю паштоўкі Уладзіміра Антонавіча і плачу, думаю, што з ім: ці загінуў на вайне, як герой, ці жыве. Вельмі хачу ведаць, як склаўся яго лёс. Няхай напіша мне такое ласкавае, добрае пісьмо, як раней, і сагрэе маё адзінокае сэрца”.

Знайсці “карані”
“Мой дзядуля Герасім Сафронавіч СМОЛЬСКІ ў 30-я гады мінулага стагоддзя быў рэпрэсіраваны і з вёскі Ганькава Лёзненскага раёна сасланы ў Мурманскую вобласць, горад Кіраўск. У яго былі сыны Іван і Сяргей, дачка Вольга. Мой бацька Павел Герасімавіч Смольскі быў старэйшы за братоў і сястру, пра лёс якіх мы не ведаем. У іх павінны быць дзеці. Вельмі хочацца, каб яны адгукнуліся. Бацька, калі быў жывы, спрабаваў знайсці родных. Але рабіць гэта было вельмі цяжка, архівы для людзей былі тайнай. Сам ён са ссылкі ў 1941 годзе быў прызваны на фронт. Дзякуй Богу, выжыў, у 1945-м вярнуўся дамоў. Праз год мы з Крайняй Поўначы прыехалі на радзіму, у Беларусь. У 1999 годзе бацька памёр, у пачатку 2006-га яго рэабілітавалі, пасмяротна. Пра рэпрэсіі нашай сям’і мне прыслалі дакументы з Віцебскага архіва. З іх я даведалася, што ў майго дзядулі ў вёсцы Ганькава Лёзненскага раёна быў брат Цылюх Сафронавіч Смольскі. Хачу знайсці свае “карані”. Родныя мае, адгукніцеся! Ніна Паўлаўна Смольская, Смалявіцкі раён”.

Аднакласніца Эрна

“Хачу знайсці аднакласніцу, разам з якой вучыўся ў шостым класе Ніўскай школы Бярозаўскага раёна. Звычайна, у такім выпадку пішуць пра першае каханне. У нас гэтага не было. Не таму, што яна была несімпатычная, хутчэй, наадварот. Проста я быў на тры гады старэйшы за яе і мяне цікавілі дзяўчаты больш дарослыя. Жыла яна з маці настаўніцай у нас на кватэры ў вёсцы Ніўкі. Школа была ў суседняй вёсцы Нівы. Ішоў 1950 год. Закончылі мы шосты клас, і яна з маці паехала дамоў на летнія канікулы. Адкуль яны былі, не ведаю. Праз нейкі тыдзень да нас прыйшлі людзі, паказалі пасведчанне, і пачалі вобыск у пакоі, дзе жыла настаўніца. На пытанне бацькі, параілі не сунуць нос не ў сваю справу. Пазней стала вядома: настаўніцу палічылі ворагам народа. Мне вельмі хочацца даведацца, як склаўся лёс дзяўчынкі. Бацькі ў яе не было, а сама яна была тады зусім дзіця. Спачатку я ўспамінаў яе зрэдку, адзін-два разы ў год, напачатку і ў канцы навучальнага года. Пачала выходзіць перадача “Жди меня”, стаў успамінаць кожную пятніцу. А калі з’явілася “Помні імя сваё”, успамінаю часцей. Сёлета памерла мая жонка. Дзяцей у нас не было і я застаўся адзін. Пачаў успамінаць яе асабліва, пры гэтым думаю: “Як яна перанесла гора?” Мне, мужчыну, у 70 гадоў цяжка, а яна была малая. Можа, імя дапаможа знайсці яе. У яе было вельмі рэдкае імя — Эрна. Прозвішча КЛЯПАЦКАЯ. І гэта ўсё, што я ведаю, але веру і спадзяюся, што знайду яе. Уладзімір Сцяпанавіч Тарасюк, Белаазёрск”.

Трапіў у Англію
 “Мой муж памёр, і мне дасталіся пісьмы яго бацькі, дзядулі маіх дзяцей Сцяпана
ЗАХАРАНКІ, які ў час Вялікай Айчыннай вайны трапіў у Англію, жыў у Лондане. У лістападзе 1975 года ён памёр. Пра гэта нам паведаміў Вагнэр. Хто ён — не ведаю. Але ж, напэўна, у бацькі былі сябры, магчыма, была і другая сям’я. Да вайны Сцяпан Захаранка з жонкай Ефрасінняй Піліпаўнай і сынам Мікалаем, маім мужам, жылі ў Віцебску. Хачу знайсці сваякоў маіх дзяцей у Лондане ці тых, хто ведаў там Сцяпана Захаранку. Іна Мікалаеўна Захаранка, Верхнядзвінск”.

Праз гады і адзіноту

“Шукаю Марыю  Пятроўну СІЛЬВЕСТРАВУ. З 1970 па 1979 год яна жыла ў горадзе Браславе, была прапісана ў мяне, Ганны Баляславаўны Кукі. Потым паехала ў Касцюковіцкі раён. Я шукала яе там, але мне сказалі, што ў бацькоўскім доме яна не жыве, знаходзіцца ў брата Мікалая Пятровіча Сільвестрава ў Мінску”.
“Я засталася адна, няма сваякоў, была сястра ў Мінску, але памерла. У горадзе Гданьску, у Польшчы, быў брат Вацлаў Баляслававіч РУШЛЕВІЧ, 1925 года нараджэння. У яго сыны Крысік, Яцык, Ежык і дочкі Гання і Марыся. Вельмі прашу: няхай яны прыедуць ці напішуць мне. Анастасія Баляславаўна Мірончык, Пружанскі раён”.
“Шукаю пляменніка Сяргея Фёдаравіча ПРАКАПЕНКУ. Яго бацька, мой родны брат, які жыў у горадзе Кіраўску Мурманскай вобласці, трапіў у аварыю і стаў інвалідам. З жонкай яны скасавалі шлюб. Сяргею тады было 7 гадоў. Яго ўладкавалі ў інтэрнат, бо маці выйшла другі раз замуж, а бацьку даглядала я. Сярожа вырас, закончыў лётнае вучылішча, працаваў у аэрапорце. Калі бацька паміраў, я паведаміла Сяргею, ён прыязджаў, застаў яго яшчэ жывога. Быў таксама на пахаванні. А потым сувязь з пляменнікам абарвалася. Хацела даведацца адрас у яго маці. Напісала ёй. Прыйшоў адказ, што такога адрасата няма. Ніна Іванаўна Сапегава, Чавусы”.

Добры  чалавек
“Напачатку вайны мы жылі ў сяле Ярцава Вялікалуцкай вобласці. Тут нейкі час знаходзіліся салдаты-чырвонаармейцы. Сярод іх быў чулы чалавек Іван УДОДЗЕНКА (імя па бацьку не ведаю). У вольны час ён намаляваў партрэт маёй маці і сястры. Аднойчы наляцелі фашысцкія самалёты і пачалі бамбіць мясцовасць. Усё неба было чорнае. Мая сястра Шура неасцярожна падышла да акна. У гэты момант ляцела бомба, выбіла акно, сястру адкінула да другой сцяны, дзе стаяў ложак, на якім ляжала я. Шуру цяжка параніла ў жывот і грудзі. Прыйшоў Іван Удодзенка. Яна стала прасіць: “Застрэль мяне, не магу цярпець, мне вельмі моцна баліць”. Іван прывёў ваеннага ўрача. Урач паглядзеў Шуру і сказаў, што ёй нельга дапамагчы. Хутка яна памерла. Салдаты пачалі адступаць, і нам сказалі таксама ісці, бо хутка тут будуць ворагі. Мы пайшлі, нас было шмат. Трапілі ў вёску, дзе не было фашыстаў. Тут зноў сустрэлі Івана Удодзенку. Ён нам вельмі дапамог тады харчамі, дзякуй яму. Мне ў той час было 8—9 гадоў, нас лічылі бежанцамі. Калі фашыстаў прагналі, маці ездзіла на ранейшае месца жыхарства, шукала костачкі Шуры. Ёй сказалі, што Шуру паспеў пахаваць стрыечны брат. Праз некаторы час нас адправілі ў Аленінскі раён Калінінскай вобласці, у вёску Дзямідава. Не памятаю, у які год Іван Удодзенка прыслаў нам туды пісьмо. Шкада, згубілі яго адрас. Ведаю толькі, што жыў ён у Кіеве ці Кіеўскай вобласці. Прашу знайсці яго, калі ён ёсць, вядома. Веру, спадзяюся, чакаю. Марыя Якімаўна Ляшко (Палякова), Магілёў”.

Гора горкае
“Мой сын Мікалай Мікалаевіч ЛОЙКА, 1952 года нараджэння, закончыў Вышэйшае ваенннае інжынернае вучылішча ў Ленінградзе і быў накіраваны на працу ў Эстонію. Калі пачалася перабудова, вучылішча, дзе ён працаваў, расфарміравалі. Мікалай яшчэ з паўгода быў там, а потым наша сувязь была страчана, і мы дагэтуль не ведаем, дзе ён і што з ім. Дапамажыце знайсці сына. Высылаю фотаздымак таго часу, калі Мікалай быў курсантам ваеннага вучылішча. Любоў Іванаўна Лойка, Івацэвіцкі раён”.
“Мілыя мае! Піша вам тая самая бабуля Кацярына Рыгораўна Баран з Лідскага раёна, якая аднойчы прасіла знайсці дзядзьку Аляксея Мікітавіча Туза. На гэты раз пішу вам пра сваё гора, якому, паверыце ці не, 25 гадоў. Гісторыя такая. Мой сын Станіслаў Іванавіч Бараноўскі вучыўся ў Маскве, пакахаў там дзяўчыну, пажаніліся. З размеркаваннем не пашанцавала, да таго ж захварэў, дэпрэсія страшная. А жонка не стала лячыць, падала на развод. У іх ёсць сын, якому зараз 25 гадоў, і жыве ён у Белгародскай вобласці, дзе і яго маці. Адрас унука не ведаю, а нявестка мае пісьмы яму не паказвае. Яго прозвішча Бараноўскі яна памяняла на сваё. Цяпер мой унук Дзмітрый Станіслававіч ЛАЗЕРАЎ. Да чаго дажыліся. Божа літасцівы, дапамажы. Дапамажыце вярнуць унука, даведацца яго адрас”.

Размінуліся, разышліся

— У мяне быў любы сябра Рыгор Міхайлавіч РАМАНЕНКА, 1921 года нараджэння, — расказвае мінчанка Валянціна Паўлаўна Царкоўская. — Мы з ім пазнаёміліся ў гады вайны, калі ён быў у партызанскім атрадзе Варанянскага брыгады “Юныя мсціўцы”. Сустракаліся. Затым ён пайшоў з атрада. Праз некаторы час адна мая сяброўка сказала, што ён пазнаёміўся з другой дзяўчынай, магчыма, ужо не з’явіцца. Я, вядома, засмуцілася і паехала да бацькі, які быў ваенным у Гомелі. А Рыгор Раманенка з’явіўся, шукаў мяне. Пакінуў запіску. Пісаў, што хоча мяне бачыць. Праз некаторы час я вярнулася ад бацькі, шукала Рыгора, але не знайшла. Ён, мусіць, недзе паехаў. Не спыняла пошукі і пазней. Нехта сказаў, што Раманенка жыве ва Украіне, далі адрас. Я перапісвалася 5 гадоў, як потым высветлілася, з зусім іншым чалавекам. Зноў смутак. Потым я вучылася, выйшла замуж. Але ўсё роўна памятала свайго першага сябра. Гады ішлі, дзеці раслі, а я ўсё марыла пра Рыгора. Цяпер, калі прайшло шмат часу, выраслі дзеці, унукі пайшлі сваім шляхам, муж памёр, я засталася адна і хачу знайсці першага сябра. Бо такіх сустрэч у мяне ўжо не было. Дапамажыце мне, людзі добрыя! Я нават напісала яму маленькае пісьмо: “Добры дзень, дарагі Рыгор! Я вельмі хачу пабачыць цябе, даведацца пра тваё жыццё, расказаць пра сваё. Прайшло столькі гадоў, а я жыла з вялікай надзеяй на нашу сустрэчу. Калі Богу заўгодна і ён дапаможа, сустрэча адбудзецца. І я буду самай шчаслівай жанчынай на свеце. Чакаю. З любоўю, твая Валянціна”.

Такі лёс
“У 1969 годзе я паступіла ў тэхнікум і пазнаёмілася там з хлопцам. Міхаіл Мікалаевіч НАХАЕЎ паступіў вучыцца на год раней за мяне. Час бег хутка і весела. Міхаіл закончыў вучобу і пайшоў у войска. Я пасля тэхнікума па размеркаванні паехала працаваць у Расонскі раён. Ён адслужыў і паступіў вучыцца ў ваеннае вучылішча. Я ў гэты час захварэла і не стала пісаць яму лісты. Вось так складваўся наш лёс. Пазней даведалася, што пасля вучылішча ён служыў дзесьці на поўдні, але змяніць штосьці было немагчыма. Прайшло даволі шмат часу і мне вельмі хочацца даведацца, як склаўся лёс Міхаіла. Родам ён з Бешанковіцкага раёна. Там, у вёсцы Ліхошына, жылі яго родныя. Можа, яны дапамогуць у пошуку? Соф’я Іванаўна Цыганкова (Давыдава), Расонскі раён”.

Дарагія сябры
Сяброў, з якімі вучыўся ў Бабруйскім аўтатранспартным тэхнікуме, хоча знайсці Леанід Аляксандравіч Хруцкі з Баранавіцкага раёна. “Тэхнікум мы закончылі ў 1965 годзе завочна. Нас было 17 мужчын рознага ўзросту і з розных рэспублік: з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы. Я жыў доўгі час у Віцебскай вобласці. У 2006-м пераехаў у Брэсцкую. Асабліва хочацца наладзіць сувязь з тымі, хто жыў і працаваў непадалёку ад мяне: Антонам АЛЯШКЕВІЧАМ, 1937 года нараджэння, з Лунінца, Іванам Акопавічам МУЛКІДЖАНЯНАМ, 1926 года нараджэння, які, ведаю, доўгі час працаваў у Століне. З Мікалаем Мацвеевічам СТРЭЛЬЧЫКАМ, здаецца, ён 1924 года нараджэння, працаваў у Клецкім раёне. Сябры! Адгукніцеся!”

Пісьмо з Расіі
“Мой малодшы брат Аляксандр Мікалаевіч САЛДАТАЎ, 1943 года нараджэння, жыў у горадзе Баку. У 1992-м ён паехаў у Беларусь да сваёй сям’і, і з таго часу пра яго нічога не ведаю. У 1996 годзе я таксама памяняў месца жыхарства, часта ўспамінаю брата і ўсю радню. Асабліва хачу ведаць пра лёс Аляксандра, хачу сустрэцца з ім. Уладзімір Мікалаевіч Салдатаў, Самарская вобласць, Расія”.

 

Блізкія людзі

“Я — ураджэнка вёскі Халопенічы Глускага раёна. Спадзяюся знайсці малодшага брата Канстанціна Канстанцінавіча ЕВЕНКА, 1940 года нараджэння. У 1943-м нашу маці забілі фашысты, бацька загінуў на фронце. Старэйшая сястра Вольга была з мужам у партызанскім атрадзе. У 1944 годзе Вера, я і Косця трапілі ў канцлагер “Азарычы”. Толькі дзякуючы дзядулю Конану мы выжылі. У чэрвені 1944-га нас вызвалілі. Людзі спяшаліся дамоў, але па дарозе Вера захварэла. Цётка Люба, у якой было двое малых дзяцей, знайшла выйсце: мяне і Косцю адвяла ў дзіцячы прыёмнік. Памятаю, ішлі мы ля чыгункі. Косцю цётка несла на руках. Памятаю жанчын у белых халатах. Адна запісала ўсё пра Косцю, другая забрала малога і панесла яго. Я ўчапілася за спадніцу, плакала. Цётка мяне вырашыла не аддаваць. Калі мы вярнуліся дадому, вёска наша амаль уся была спалена. Мы з Верай трапілі ў дзіцячы дом. Сястра Вольга вярнулася з партызанаў. Час быў цяжкі. Пра Косцю мы нічога не ведалі, але ўвесь час шукалі яго. Я ездзіла ў Рэчыцу. Думала, што дзіцячы прыёмнік быў там. Мне адказалі, што архіў не захаваўся. Косця! Калі ты жывы, можа, ведаеш пра сваіх сясцёр Веру, Глафіру, Вольгу, дзядзьку Шуру, маці Параску? Адгукніся. Можа, хто памятае той, пасляваенны дзіцячы прыёмнік, у якім было шмат дзяцей рознага ўзросту, адгукніцеся. Глафіра Канстанцінаўна Евенка”.
“Лёс у маёй пляменніцы Валянціны Адамаўны ГУРЭЦКАЙ (дачкі стрыечнай сястры) няпросты. Бацька загінуў у час вайны ў партызанскім атрадзе, маці памерла. Дзядзька Уладзімір Пятровіч Шымчонак уладкаваў тады чатырох-пяцігадовую Валю ў дзіцячы дом. Было гэта ў 1944 годзе. У хуткім часе Валянціну ўдачарылі, далі ёй новае прозвішча. Я знайшоў яе родную сястру Ніну Адамаўну Гарунову. Яе таксама доўга шукаў, а знайшоў, можна сказаць, выпадкова. Аднойчы ў часопісе ўбачыў артыкул пра выдатную працаўніцу цукровага завода, што ў горадзе Скідаль Гродзенскай вобласці. Пазнаў у ёй пляменніцу. І вось зараз разам шукаем Валянціну. Уладзімір Сямёнавіч Шымчонак, Лагойскі раён”.
“Шукаю роднага брата Леаніда Якаўлевіча МАЛАШЭНКУ. Ад яго даўно няма вестак. Жыў брат у горадзе Якуцку, працаваў вадзіцелем у геалагічнай экспедыцыі. Мікалай Якаўлевіч Малашэнка, Магілёў”.

Прапалі без вестак
 “Мой бацька Іосіф Яфімавіч КЛІМЯНКОЎ, 1910—1911 года нараджэння, з Суражскага раёна Віцебскай вобласці, на вайну пайшоў адным з першых. Прыслаў адно пісьмо з Віцебска. Паведамляў, што ахоўвае чыгуначны мост, і больш ад яго звестак не было. Наша маці ў 1941 годзе памерла. Два браты таксама пайшлі з зямнога жыцця, яны былі яшчэ маленькія. Засталася я — сірата. Жыла з бабуляй. Уся надзея ў мяне была на бацьку. Мы так чакалі з бабуляй, што ён вернецца. Але бабуля памерла, я засталася адна, непаўналетняя. Мяне ўзяла да сябе цётка, сястра маёй маці, так я і выжыла. Выйшла замуж, маю чатырох дзяцей, шасцёра ўнукаў, ёсць два праўнукі. А бацьку ўсё чакаю. Хаця надзеі, што ён застаўся ў вайну жывы, няма. Вельмі хачу ведаць, дзе ваяваў, загінуў, дзе пахаваны. Паведамленне прыйшло, што 13 верасня 1944 года прапаў без вестак. Можа, адклікнуцца тыя, хто разам з ім ваяваў, ведаў яго, бачыў, а можа, і хаваў у зямельку. Мой бацька быў высокі, прыгожы, да вайны працаваў трактарыстам, хораша іграў на гармоніку, скрыпцы, цымбалах. Яму б жыць і жыццю радавацца, але лёс павярнуўся інакш. Тамара Іосіфаўна Клімянкова—Шлыкава, Віцебскі раён”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter