"ПОМІНІ ІМЯ СВАЁ..."

Сённяшнi выпуск сумеснага пошукавага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i “Народнай газеты” “Помнi iмя сваё...” багаты на сюрпрызы. Многiя даведаюцца, што iх шукаюць, некаторыя, напярэдаднi пачуўшы па радыё, яшчэ i прачытаюць цёплыя словы сваiх родных i сяброў, якiя знайшлiся.
Родныя людзi

Мiнчанка Валянцiна Рыгораўна Агрынская шукае брата Уладзiмiра Рыгоравiча ПАЛЯКОВА, 1947 года нараджэння. Жыў ён у Барнауле. “Напачатку жнiўня 2002 года Уладзiмiр пайшоў з дому, i да гэтага часу пра яго нiчога невядома. Куды ён накiроўваўся — нiкому не расказаў. Дакументаў пры iм не было. Магчыма, хто-небудзь бачыў яго на аўтавакзале цi чыгуначным”.
“Мая сястра Вольга Аляксан-драўна КАМIСОВА (прозвiшча пазначана неразборлiва) жыла ў iнтэрнаце для састарэлых у горадзе Цвер (у Расii), прыязджала да мяне ў госцi гады два таму. Аднойчы я атрымала пiсьмо з iнтэрната, у якiм паведамлялася, што Вольга выйшла замуж за нейкага Ваню (прозвiшча яго не ведаю) i быццам бы паехала на яго радзiму. Ёсць даныя, што Вольга трапiла ў бальнiцу (прычыны невядомыя) i яе забраў дадому Ваня. Гэта вельмi заблытаная гiсторыя. Дзе шукаць маю сястру, што з ёй здарылася? Валянцiна Аляксандраўна Мальцава”.
Марыя Дзмiтрыеўна Шылько з Лiды шукае цётку Дар’ю Дзмiтрыеўну ДАЛЕЦКУЮ, 1928 года нараджэння, i яе сям’ю. “Цётка да развалу Саюза жыла ў Латвii: Краслаўскi раён, калгас “Тайснiба”, вёска М.Кусiнi. Дочкi цёткi: Алена, а таксама Антанiна Iосiфаўна Самуль (1961 года нараджэння) з мужам Пятром i дачкой Iнай жылi ў Краславе. Мы рэгулярна перапiсвалiся, тэлефанавалi ў Латвiю. У Даўгапiлсе жыў стрыечны брат Антон. Прайшло ўжо шмат гадоў, як сувязь са сваякамi абарвалася, пiсьмы вярталiся без адказу. Я спрабавала тэлефанаваць — адказвалi чужыя людзi, якiя нiчога не ведалi пра маiх родных цi не хацелi гаварыць”.

Успамiны
Вiктар Францавiч Краеўскi з Гродзенскай вобласцi шукае Аляксандру Мiхайлаўну МАЦЮХIНУ. “Аляксандра нарадзiлася ў 1930 годзе, жыла ў Бранскай вобласцi (станцыя Белыя Берагi). Я служыў у армii, в/ч 7433 у Арле. Мы пазнаёмiлiся з Аляксандрай у 1953 годзе (нас накiравалi на вывазку дроў у тую мясцовасць, дзе яна жыла). Вядома, што за столькi часу змянiлася прозвiшча Сашы, магчыма, i месца яе жыхарства, аднак час не сцiрае ўспамiны пра нашу дружбу”.
Адрас сваёй знаёмай Iрыны НАРКIЦКАЙ хоча даведацца Уладзiмiр Васiльевiч Макар. “Я пазнаёмiўся з Iрынай падчас службы у 1957—1958 гадах. Яна жыла ў горадзе Рэзекне (Латвiя), а я служыў там (назва горада, дзе знаходзiлася ваенная часць, пазначана неразборлiва). Мы некаторы час перапiсвалiся, Iрына часта прыязджала ў госцi. У кастрычнiку 1958 года я дэмабiлiзаваўся i падчас раз’ездаў згубiў яе адрас. Буду рады любой вестачцы ад Iрыны”.

Куды знiк брат?

Валянцiна Мiхайлаўна Шарайчук (Харашэвiч) з Маладзечанскага раёна шукае стрыечнага брата Iвана Восiпавiча МIХАЛЕНКУ, 1920 года нараджэння. “Мая мацi Юстына Несцераўна i яго мацi Марфа Несцераўна былi роднымi сёстрамi. Мы з Iванам выраслi разам на хутары Шмароўка Лебедзеўскага сельсавета тады Маладзечанскай вобласцi. Iван скончыў польскую гiмназiю. Перад вайной працаваў настаўнiкам у вёсцы Баркаўшчына цi Баркоўшчына. Як пачалася вайна, ён некуды знiк. З таго часу пра яго нiчога невядома. Толькi аднойчы праз нейкага чалавека прыйшла вестка, што Iван быццам бы жыў у Канадзе. Мне зараз 80 гадоў. Увесь час я не забывала брата. Як склаўся яго лёс, куды ён знiк?”.

Памятаем, чакаем

“Больш за адзiнаццаць гадоў таму прапаў без вестак наш муж i бацька Вячаслаў Георгiевiч ГРЫНЬ. Слава працаваў слесарам у тралейбусным дэпо. З 23 на 24 чэрвеня 1996 года пасля работы ён зайшоў да сябра, каб дапамагчы яму, а потым пайшоў дадому. Па словах суседкi Ларысы, дома Слава пабыў хвiлiн пятнаццаць, а затым некуды выйшаў. З таго часу яго больш нiхто не бачыў. Я з сынам у той час была ў сваёй мацi ў Гродзенскай вобласцi. Сябры мужа не ведалi, дзе ён, куды пайшоў з дому. Слава быў вельмi адказны чалавек. На наступны дзень ён павiнен быў iсцi на працу. Прагуляць не мог. Праз год ён лiчыўся прапаўшым без вестак. У Друскiнiнкаi па гэтай справе праводзiлi эксгумацыю, але па ўсiх даных гэта быў не мой муж, што пацвердзiў i яго брат Мiхаiл. Узгадваю зараз: перад апошнiм ад’ездам ад цешчы (дзе мы былi з сынам) Слава доўга развiтваўся з намi, быццам нешта адчуваў. А яшчэ за год да трагедыi патануў яго сябар, Слава вельмi перажываў. Цяжка ўспамiнаць усё гэта. Праходзяць гады, для мяне яны як секунды ляцяць. Куды я толькi нi звярталася — безвынiкова. Але ўсё ж не страчваю надзеi даведацца, што здарылася са Славам. Мы чакаем яго дадому. Тэрэса Чаславаўна Грынь, горад Гродна”.

Знайшлiся!

Сваiх аднакурснiц з Полацкага ляснога тэхнiкума (1964—1967 года навучання) адшуквала Ала (Алiна) Гасюль (дзявочае прозвiшча Яцына). Спачатку адгукнулася Таiса Жалток. А праз некаторы час патэлефанавала Алена Рынкевiч (зараз Алена Антонаўна Яўменава) з Вiцебска.
— Я па размеркаванню паехала ў Гомельскую вобласць, жыла там, працавала, стварыла сям’ю, нарадзiлiся дзецi, — расказала Алена Антонаўна. — Пасля аварыi на ЧАЭС давялося з’ехаць у Бешанковiцкi раён, затым у Вiцебск. Там я выпадкова сустрэла аднакурснiка Анатоля Кузняцова, якi расказаў пра Марыю Пачэпка. Яна жыве ў Гарадоцкiм раёне. Мы з ёй сазванiлiся. I Таiса Жалток пасля размовы са мной патэлефанавала сяброўцы. Засталiся яшчэ дзве дзяўчыны, якiя не адгукнулiся: Соня Каляда са Слуцкага i Ганна Гулевiч з Веткаўскага раёна. Думаю, што знойдуцца i нашы хлопцы.
Станiслава Фёдараўна Казачонак прасiла адшукаць Марыю Васiльеўну Стрыжэвiч, з якой разам працавалi ў Круглянскай школе-iнтэрнаце. Яны не бачылiся шмат гадоў. Марыя Васiльеўна Стрыжэвiч жыве ў Мiнску i недалёка ад сяброўкi. Яна чакае сустрэчы са Станiславай Фёдараўнай.
Леанiда Вараву з Мазыра шукала зямлячка Святлана Дзянiсаўна Пацукова, зараз яна жыве ў Мiнску. Яна ўзгадвала пасёлак у Бранскай вобласцi, дзе некалi жылi i якога няма ўжо. Жанчына захавала памяць пра землякоў i хацела знайсцi iх. Леанiд Мiкалаевiч звязаўся з рэдакцыяй нашай газеты i з калегамi з радыё. Расказаў, што дзяцiнства прайшло ў вёсцы Свабода Бранскай вобласцi. Зараз гэтага населенага пункта няма, але, па магчымасцi, ён ездзiць на тое месца, дзе пахаваны яго бабулi i дзядулi. Вось i на Радаўнiцу паедзе ў Свабоду. Ён патэлефанаваў Святлане Дзянiсаўне, з малодшым братам якой разам вучыўся, i яны дамовiлiся сустрэцца з сябрамi дзяцiнства. Дарэчы, многiя з iх жывуць у Беларусi.

Сястра з Украiны
Ала Данiлаўна Андрэева звярнулася да нас па просьбе сваячкi Лiдзii Дзмiтрыеўны Андрэевай (Чарняўскай) з Украiны. Яна адшуквае свайго роднага брата па бацьку Анатоля Дзмiтрыевiча ЧАРНЯЎСКАГА, 1946 года нараджэння. “Па словах Лiдзii, iх бацька Дзмiтрый Чарняўскi пайшоў на фронт. Дома, ва Украiне, засталася жонка i трое малых дзяцей. Дзесьцi ў канцы вайны бацька прыязджаў дадому з другой жонкай, Марыяй, з якой пазнаёмiўся ў шпiталi ў Бабруйску. У яе была дачка Тамара. Праз некаторы час Марыя вярнулася ў Беларусь, а за ёй i бацька Лiды. У 1946 годзе ў iх нарадзiўся сын Анатоль. Пра гэта бацька напiсаў  першай жонцы. Потым быў яшчэ адзiн лiст, у якiм Тамара  запрашала родных на сваё вяселле. Зваротны адрас быў вёска Селiшча Бабруйскага раёна. Пра гэта Лiдзii расказала мацi перад сваёй смерцю. Таму страчана вельмi многа часу. Лiдзiя спрабавала адшукаць брата — безвынiкова. Магчыма, вёска ў Бабруйскiм раёне пазначана недакладна. А можа, ён жыве ў iншай вобласцi?”

Дзе тая магiла?
Магiлу свайго бацькi Навума Мацвеевiча ПIТОЛЕНКI (Пiталенкi), прыкладна 1906—1908 года нараджэння, ураджэнца вёскi Шаркi зараз Вiцебскага раёна, шукае дачка Валянцiна. “У першыя днi вайны бацька пайшоў на фронт. Пiсьмаў дадому не пiсаў. Прыкладна ў 1943 цi 1944 годзе мацi атрымала паведамленне, што ён прапаў без вестак. У нас быў адзiн выпадак, якi i падштурхнуў мяне напiсаць. Некалькi гадоў таму адна жанчына даведалася, што дзесьцi па дарозе Лёзна—Вiцебск ёсць магiла з прозвiшчам яе роднага чалавека. Яна прайшла кiламетраў сорак i знайшла яе. Магчыма, дзесьцi ў Беларусi таксама ёсць магiла салдата, на якой пазначана прозвiшча майго бацькi, паведамiце”.
Iнэса Андрэеўна Герасiмовiч (Статкевiч) адшуквае звесткi пра свайго дзядзьку Iвана Клiменцьевiча ЛЮЦКО. Ён прызваўся ў армiю ў 1939—1940 годзе. Трапiў у горад Ломжа (зараз тэрыторыя Польшчы). Прыйшло паведамленне, што ён загiнуў у 1944 годзе, але невядома дзе i пры якiх абставiнах.

Не май сто рублёў
Нiна Лявонцьеўна Логвiна (Хадарэнка) адшуквае сяброўку дзяцiнства Ганну Дзмiтрыеўну КАЗIНУ, 1945 года нараджэння (iмя па бацьку i год нараджэння могуць быць недакладнымi). “Вучылiся з ёй у 1961—1962 гадах у 8—9-м класах сярэдняй школы пасёлка Смолаўка Гарадоцкага раёна, жылi ў iнтэрнаце пры школе. У нас былi аднолькавыя лёсы — айчымы, сёстры i браты (як звалi яе родных, не памятаю). Мы разам паступалi ў Невельскае медыцынскае вучылiшча, не прайшлi па конкурсе. Ганна засталася вучыцца ў 10—11-м класах у Смолаўцы, а я пайшла ў школу рабочай моладзi ў Гарадок, у 1963 годзе паступiла ў Вiцебскi педiнстытут. Пакуль вучылася ў Вiцебску, сяброўка прыязджала да мяне i я ездзiла да яе ў госцi (сям’я Ганны спачатку жыла ў пасёлку Вярэча, а потым перабралася ў Гарадок). Ганна была на маiм вяселлi ў чэрвенi 1968 года, пiсала пiсьмы ў Асiповiчы, дзе я жыла. Потым мужа перавялi служыць у Слонiм, i нашы дарогi разышлiся. Зараз я жыву ў Калiнкавiчах, на пенсii. Спадзяюся, што Ганна цi яе знаёмыя адгукнуцца. Цiкава, як склаўся лёс маёй лепшай сяброўкi”.
“Мая сяброўка Ева Аляксандраўна САВЕРЧАНКА жыла ў Касцюковiчах на вулiцы Банная. Я пiсала туды некалькi разоў — безвынiкова. Магчыма, яна пераехала да дачкi ў Магiлёў, у яе памёр муж. Чакаю сустрэчы. Марыя Яўцiхiеўна Васiлькова, Клiмавiчы”.
Валянцiна Уладзiмiраўна Сыч (дзявочае прозвiшча Акулiч) ужо шмат гадоў шукае сваю сяброўку Валянцiну НIКАЛАЕВУ (прозвiшча дзявочае), з якой пазнаёмiлася прыкладна ў 1968 годзе. Дзве Валянцiны i яшчэ дзве дзяўчыны жылi разам на кватэры. Яны адразу сышлiся характарамi. Вельмi цiкавае жыццё ў iх тады было. Вядома ж, пара юнацтва. Валянцiна Нiкалаева была за першую шаферку ў Валянцiны Сыч, хутка i сама замуж выйшла. Валянцiна Уладзiмiраўна расказала адзiн выпадак, якi, пэўна, узгадае сяброўка: пра чырвоныя боцiкi, iх прывёз Валiн брат, але па памеры яны падышлi другой сяброўцы Валi. Так атрымалася, што яны згубiлiся. Валянцiна Уладзiмiраўна з сям’ёй жыла ў Хабараўскiм краi, на Камчатцы, у Германii, затым вярнулася ў Беларусь. Цяпер жыве ў Маладзечне.

Прывiтанне з Расii

Максiм Яўгенавiч Кузмiн з Пермскага краю адшуквае Уладзiмiра ВАРАШКЕВIЧА i Аляксандра ГАТОЎЧЫКА. “Раней яны жылi ў вёсцы Груздова Пастаўскага раёна (кiламетраў 18 ад Пастаў). Я там таксама жыў i нейкi час вучыўся разам з iмi. На пiсьмы нiхто не адказвае”.

Сувязi няма

“Я, Аляксандр Паўлавiч Кавалевiч з Мiнска, i мой брат Мiкалай Паўлавiч Кавалевiч з г.п.Карэлiчы адшукваем сваiх стрыечных братоў i сясцёр. Прозвiшча iх ХВАСЬКО — Расцiслаў (Слава), Iосiф, Яня, Лёдзя, Глафiра. Гэта тыя, каго мы памятаем. А наогул сям’я ў iх была вялiкая, прыкладна 9 дзяцей. Бацькi — Павел i Ганна Хвасько. Жылi ў вёсцы Паланая Карэлiцкага раёна. Адна з сясцёр выйшла замуж за дэмабiлiзаванага салдата, якi служыў у тых месцах. Звалi яго Андрэй, родам з Украiны. Праз некаторы час ён паехаў на радзiму, а вярнуўшыся ў Паланую да жонкi, прапанаваў усёй сям’i пераехаць ва Украiну. Прыкладна ў 1954—1959 гадах яны ўсе паехалi жыць ва Украiну, у вёску або станцыю Краснафлотская Нiж-нягорскага раёна Крымскай вобласцi. Апошняе пiсьмо мы атрымалi ў 1974 годзе, раён быў перайменаваны ў Савецкi, астатнi адрас той жа. Аднак з 1974 года сувязi з iмi няма. А так хочацца даведацца пра родных людзей, сустрэцца”.

Подзвiг не забыты
Таiсiя Iванаўна Шостак адшуквае родных i блiзкiх Аляксея Мiкалаевiча МАТУЧЫНА, якi загiнуў у гады Вялiкай Айчыннай вайны на тэрыторыi Украiны. Яна можа падрабязна расказаць сваякам гэтага чалавека пра яго подзвiг.

Гiсторыя адной сям’i
“Наша сям’я жыла ў вёсцы Пад’ямiнец. Бабулю звалi Зоня Андрэеўна Рабцава. Яе дачку Надзею Данiлаўну Мартыненка ў 1942 годзе расстралялi немцы. Застаўся маленькi сын Уладзiмiр Рыгоравiч МАРТЫНЕНКА, канец 1941—1942 год нараджэння (нарадзiўся ў снежнi). Пра яго бацьку ведаем мала: украiнец, быў добрым абутнiком, электрыкам, шафёрам. Каля Брэста iх разграмiлi немцы. У 1945 годзе, здаецца, яшчэ адна бабулiна дачка Вера, якая працавала ў Старых Дарогах, прапанавала ўладкаваць хлопчыка ў дзiцячы дом i абяцала за iм наглядаць. Але яна выйшла замуж i паехала са сваiм мужам у Чэбаксары. Бабуля паехала наведаць Валодзю, а яго ўжо няма. Аказваецца, яго адправiлi ў Дараганава, а затым маленькiх дзяцей накіравалі ў Слуцк i ў Бабруйск. Так згубiлiся сляды нашага Валодзi. Мая матуля абабiла ўсе парогi, але такога не знайшла. Рабiў запыт дзядзька, зноў адказ быў адзiн — невядома, дзе ён. Я таксама доўга займалася пошукамi, сустракалася з рознымi людзьмi, якiя маглi што-небудзь ведаць. А з занальнага дзяржаўнага архiва горада Бабруйска прыслалi даведку, што ў дакументах архiўнага фонду Бабруйскага дома дзiцяцi значыцца Матыненка (так у дакументах) Вова Рыгоравiч, 2 гады, паступiў у дом дзiцяцi 23 лiстапада 1944 года, накiраваны Старадарожскiм дзiцячым домам... 23 лютага 1946 года забралi на выхаванне — Паставы (Постовой) Д.В. (iмя, iмя па бацьку не расшыфраваны), п/п 05965, 150 брыгада, крэпасць # 120. Вiдаць, нашага Вовачку ўсынавiлi добрыя людзi, але iх, напэўна, ужо няма ў жывых. Ён, вiдаць, цяпер будзе Паставы У.Д. Вельмi хочам знайсцi яго. Расказаць, што мацi яго пахавана ў Старых Дарогах. Альбо пастаяць каля парога, калi не захоча нас бачыць. Жанна Злобiна, вёска Горкi Старадарожскага раёна”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter