"ПОМІ ІМЯ СВАЁ..."

Дакументы пра сваiх родных, якiя загiнулi падчас Вялiкай Айчыннай вайны ў фашысцкiм палоне, атрымала днямi 51 магiлёўская сям’я. Прадстаўнiкi нямецкiх арганiзацый, якiя дапамагаюць збiраць звесткi пра ахвяр вайны, сустрэлiся з кiраўнiцтвам Магiлёўскага аблвыканкама, а потым з блiзкiмi савецкiх салдат, якiя праз столькi гадоў даведалiся, дзе пахаваны iх родныя. Слёзы i радасць, што ёсць магiлка дарагога чалавека, удзячнасць тым, хто шукае сляды загiнуўшых, i ўспамiны — кароткiя, але такiя яркiя. Вось ужо некалькi гадоў Народны саюз Германii па догляду за ваеннымi могiлкамi i служба пошуку Нямецкага Чырвонага Крыжа дапамагаюць Расii, Украiне i Беларусi збiраць даныя пра савецкiх ваеннапалонных, пахаваных у Германii. Ва ўзаемадзеяннi са службамi дзяржаўнай бяспекi створана база даных на 420 тысяч савецкiх салдат. Кожны дзесяты з гэтага спiсу — беларус. Пошукавая работа актывiзуецца. I сумесны праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i “НГ” “Помнi iмя сваё...”
Трэба моцна верыць — i ЎсЁ атрымаецца

БУДЗЕМ ПОМНIЦЬ IМЯ
Мiнчанка Зiнаiда Пятроўна Хрыпач (Клюковiч) шукае людзей, якiя ў гады Вялiкай Айчыннай вайны, як i яна, прайшлi праз канцэнтрацыйны працоўны нямецкi лагер лесанарыхтоўшчыкаў непадалёк ад гарадскога пасёлка Крупкi Мiнскай вобласцi. “Я ўраджэнка вёскi Логi Крупскага раёна. Падчас вайны разам з маладымi аднавяскоўцамi была прымусова змешчана ў гэты канцэнтрацыйны лагер. Тут былi жыхары iншых раёнаў. Мы пiлавалi лес i вывозiлi яго. Часта з лагера забiралi людзей, i больш мы iх не бачылi. Казалi, што некаторых накiроўвалi ў Германiю, а iншых расстрэльвалi. У лагеры былi мужчыны i жанчыны, дзецi i падлеткi, старыя i моладзь, нават ваеннапалонныя. Чула, што зараз недалёка ад таго месца знойдзена невядомае пахаванне. Можа, вязнi нашага лагера знайшлi там свой прытулак i спакой. Магчыма, мы, хто застаўся жыць, зможам сумеснымi намаганнямi пакiнуць у памяцi маладога пакалення iмёны загiнуўшых у гэтым лагеры, дзе без суда i следства ўтрымлiвалi i знiшчалi нас, жыхароў Беларусi. Таму я i шукаю сведкаў тых жудасных падзей, а таксама людзей, чые родныя былi ў гэтым лагеры. А яшчэ ўзгадаю тых, каму пашчасцiла выйсцi жывым з канцэнтрацыйнага лагера: Валянцiна Пракоф’еўна Мазурына, Аляксандра Маркаўна Шарак, Нiна Яфiмаўна Клюковiч, Вольга Дзмiтрыеўна Мазурына, Надзея Паўлаўна Клюковiч, Стэфа Кузьмiнiчна Бачкарова, Iван Емяльянавiч Клюковiч. Звяртаюся да ўсiх: давайце будзем помнiць iмя сваё i тых, хто быў закатаваны фашыстамi ў гады Вялiкай Айчыннай вайны!”
АДРАС — ГЕРМАНIЯ
“Брат маёй мамы Iван БАНДАРЫК быў прызваны ў армiю прыблiзна ў 1910—1914 годзе. Мiнула шмат часу, пачалася вайна. Пiсьмаў ад яго не было, i родныя лiчылi, што ён прапаў без вестак. Але ў лiстападзе 2003 года ў перадачы “Жди меня” грамадзянiн Германii прасiў адклiкнуцца родных яго сябра Iвана Бандарыка, якiя жывуць у Валожынскiм раёне. Лiчу, што гэта шукаюць нас. Я спрабавала звязацца з рэдакцыяй праграмы “Жди меня”, але вестак не атрымала. Спадзяюся на вашу дапамогу. Марыя Рыгораўна Троцкая, Валожынскi раён”.
Мы паспрабуем звязацца з нашымi калегамi з праграмы “Жди меня” i будзем спадзявацца, што яны дапамогуць знайсцi адрас удзельнiка той праграмы.
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
Мiхаiл Максiмавiч Сарока з Бабруйска шукае сваiх баявых таварышаў АКСЁНАВА, ГУДРА, ГАЛКIНА, ГРАБОЎСКАГА. Менавiта яны вясной 1945 года былi сведкамi цяжкага ранення Мiхаiла Максiмавiча ад мiны. Служыў ён у 48-й дывiзii 137-м палку 624-м батальёне.
“Я дарэмна звярталася ў многiя ўстановы, каб даведацца пра свайго бацьку Сцяпана Васiльевiча БЫСТРЫМОВIЧА. Ён нарадзiўся ў 1900—1901 годзе. 8 лютага 1941 года быў асуджаны Капыльскiм судом на 3 гады па сфабрыкаваным абвiнавачваннi (не выканаў нейкiя работы ў лесе). I больш пра яго нiчога не ведаю. Iна Сцяпанаўна Быстрымовiч, горад Капыль”.
“Ад бацькi Мiкалая Васiльевiча ГАЛУЗЫ з фронту пастаянна атрымлiвалi пiсьмы-трохкутнiкi. Ён паведамляў, што вызвалiлi Польшчу. Потым лiсты пачалi прыходзiць з Германii. Пiсаў, што хутка закончыцца вайна, i ён вернецца дадому. Але замест бацькi ў хату прыйшло паведамленне, што ён 5 мая 1945 года прапаў без вестак. Хачу даведацца, дзе пахаваны бацька. Iван Мiкалаевiч Галуза, Бярэзiнскi раён”.
Нiна Мiкалаеўна Максова з Магiлёва просiць знайсцi звесткi пра бацьку Мiкалая Сямёнавiча ПРАКАПНЁВА, 1914 года нараджэння. Родныя толькi пасля Вялiкай Айчыннай вайны даведалiся, што ён прапаў без вестак у 1944 годзе. “А так хочацца ведаць, дзе, пры якiх абставiнах i дзе пахаваны мой бацька”.
“Дапамажыце мне ў пошуку дзядулi Станiслава Iпалiтавiча КРЫЎЦА, 1901 года нараджэння. Пасля смерцi бабулi я знайшла пiсьмы з фронту ад дзеда. Былi тры лiсты з Польшчы. Горад не пазначаны, толькi палявая пошта 53323. Вельмi хочацца даведацца, чаму ён не вярнуўся пасля вайны дамоў да бабулi. Лiля Пятроўна Багданава, Маладзечанскi раён”.
“Шукаю звесткi пра брата Валянцiна Iванавiча ЧАРНЫША, 1926 года нараджэння, жыў у Магiлёве. У час вайны добраахвотна пайшоў на фронт. “Буду помсцiць фашыстам праклятым”, — сказаў ён на развiтанне. У лiстападзе 1945-га прыйшло паведамленне, што брат прапаў без вестак. Здарылася гэта ў канцы вайны, што асаблiва крыўдна. Я пiсала ў ваенкамат Магiлёва, у архiў горада Падольска. Адказ адзiн: прапаў без вестак. Мой брат не мог прапасцi без вестак! Дапамажыце даведацца: пры якiх абставiнах ён загiнуў i дзе пахаваны, на якой тэрыторыi. Я вельмi спадзяюся, што хто-небудзь адгукнецца i дапаможа супакоiцца майму сэрцу. Галiна Iванаўна Бондарава-Чарныш, горад Мiнск”.
“Дапамажыце даведацца пра месца гiбелi i пахавання нашага бацькi i дзеда. Iван Уладзiмiравiч ШАЦIЛА, 1900—1901 года нараджэння, жыў з сям’ёй у вёсцы Калядзiчы Мiнскага раёна. Прызваны ў армiю пасля вызвалення Мiнска ў сярэдзiне лiпеня 1944 года i накiраваны на фронт. У жнiўнi—вераснi быў паранены, вiдаць, цяжка, i вывезены на санiтарным поездзе ў тылавы шпiталь, дзесьцi ў Расiю (пра гэта расказвала яго сваячка, якая тады працавала на чыгунцы). На жаль, пiсьмы са шпiталя, як i iншыя, згубiлiся адразу пасля вайны. У студзенi 1945 года пасля выздараўлення наш дзед зноў быў накiраваны на фронт, i больш вестак ад яго не было. Пасля перамогi, у сярэдзiне мая 1945 года прыйшло пiсьмо ад яго саслужыўца, што Шацiла Iван Уладзiмiравiч загiнуў
18 красавiка 1945 года ў Аўстрыi, у наваколлi Вены i пахаваны каля ракi Вена. Афiцыйнай пахавальнай сям’я не атрымала. У 1993 годзе ў Мiнскi РВК прыйшоў узнагародны лiст з Галоўнага ўпраўлення кадрамi СА на iмя Шацiлы Iвана Уладзiмiравiча. Дзед быў узнагароджаны медалём “За адвагу” (Загад N 2-Н ад 29.03.1945 г.) Там было ўказана, што I.У.Шацiла ваяваў у складзе 1922 САП аўтаматчыкам. Наша сям’я атрымала пасведчанне да медаля. Мы хацелi адразу ж па гэтых даных даведацца пра лёс дзеда, але не ўдалося. Спадзяёмся, што цяпер гэта атрымаецца. Сям’я Шацiла, Мiнскi раён”.
“Да вас звяртаецца жыхарка горада Мiнска Iна Аляксандраўна Новiкава. У памяцi маёй сям’i ёсць родны для нас чалавек — мой дзядзька Аляксандр Макаравiч БРУХАВЕЦКI, 1924 года нараджэння, ураджэнец пасёлка Пласкiнскi Рагачоўскага раёна. Ён зусiм маладым пайшоў на фронт, каб адстаяць незалежнасць нашай Айчыны. Ведаю, што ён загiнуў у гады вайны ў Польшчы i яшчэ тое, што мае дзядуля з бабуляй (Макар Яфрэмавiч i Еўдакiя Яўстратаўна Брухавецкiя) атрымалi вестку аб гiбелi iх сына. На працягу некалькiх гадоў я займаюся пошукам магiлы свайго дзядзькi. Звярталася за дапамогай у некалькi арганiзацый, але безвынiкова. Можа, вы дапаможаце”.
ЛЁС МАЦI I БРАТА
“Зараз жыву ў Мiнску, а да канца вайны жыла ў Чэрвеньскiм раёне. У 1942 цi 1943 годзе (дакладна не помню, была малая) фашысты забралi маю мацi. У нашай вёсцы ў тую ноч спалiлi мост, i калi яе забiралi з двара, я чула, як палiцай казаў: “Пойдзеш будаваць мост, якi палiла з партызанамi”. Тады разам з мамай у нашай вёсцы ўзялi яшчэ некалькi чалавек i павезлi ў Чэрвень, дзе яны сядзелi ў турме на Мiнскай вулiцы. Я насiла iм паесцi. А потым iх некуды адправiлi. Людзi, што засталiся ў турме, казалi, што ранiцай зняволеных пагрузiлi на машыну i павезлi ў невядомым кiрунку. Прашу даведацца пра далейшы лёс маёй мацi. Звалi яе Кацярына Савасцееўна ГРАВЕЛЬ. I яшчэ. Прашу знайсцi хлопчыка, якога фашысты забiралi разам з маёй цёткай. Гэта мой стрыечны брат Мiкалай Адамавiч ЛАДУЦЬКА, год нараджэння не памятаю, жыў у Чэрвеньскiм раёне. Калi пасля вайны мяне ўладкавалi ў дзiцячы дом
№ 1 у Чэрвенi, там быў i ён. Потым мяне з дзiцячага дома забралi, а пра лёс стрыечнага брата нiчога не ведаю. Таццяна Фёдараўна Халадзiнская (Гравель)”.
КАХАННЕ БЕЛАРУСКI ЛЕНЫ
Гэты лiст мы атрымалi з Браслаўскага раёна. “Прозвiшча маё прашу не называць, бо трошкi сорамна: жанчына ў сталым узросце i раптам пра каханне. I ўсё ж хочацца ведаць праўду: што здарылася тады, у маладосцi, з маiм каханнем? 6 лiпеня 1944 года ў нашай вёсцы  спынiлiся, каб перадыхнуць, артылерысты. З адным з iх я пазнаёмiлася. Яму было дваццаць гадоў, мне — семнаццаць. Вызвалiцелi паехалi. Я ж атрымлiвала ад свайго знаёмага пiсьмы. Звалi хлопца Iван Iванавiч РАЗАНЦАЎ. Родам ён быў з Украiны. Пiсаў, што дома са сваякоў нiкога няма i што пасля вайны абавязкова сустрэнемся. У сакавiку 1946 года я атрымала пiсьмо, у якiм Iван прасiў, каб я часова яму не пiсала i чакала лiст з новым адрасам. Але на гэтым наша перапiска абарвалася. Да гэтага часу не дае спакою думка: што магло здарыцца? Цi хлопец мяне падманваў, цi пiсьмы дзесьцi згубiлiся? Ваня! Калi ты жывы, адгукнiся. Беларуска Лена помнiць цябе i зараз. Усе твае пiсьмы з фронту ў мяне захоўваюцца”.
ДА I ПАСЛЯ ЧАРНОБЫЛЯ
“Нядаўна я атрымала пiсьмо ад сваёй добра знаёмай з Украiны. Яна хоча знайсцi сястру свайго мужа Iрыну Iванаўну МЕЗЕНЦАВУ-АЗАРАВУ. У 1983—1984 годзе iх сям’я прыязджала на будоўлю Мiнскай атамнай электрастанцыi. Пасля чарнобыльскай катастрофы будоўлю спынiлi. Хто паехаў адсюль, хто застаўся жыць. Пасёлак будаўнiкоў, здаецца, называўся Дружны i быў каля станцыi Рудзенск, непадалёку ад Пухавiчаў. Магчыма, сям’я сястры мужа маёй знаёмай i зараз жыве там. Сама я ўжо ў гадах, ездзiць i шукаць не магу. Можа, вы дапаможаце. Таццяна Аляксееўна Малышка, горад Мiнск”.
МIНУЛАЕ НЕ ЗМЯНIЦЬ
“Пiша вам Эдуард Вiтальевiч Тарасаў з Расii, з Цвярской вобласцi. Дапамажыце адшукаць майго брата Мiкалая Вiтальевiча СЕЧКАВА цi СIЧКОВА. Мiкалай нарадзiўся ў канцы  пяцiдзесятых гадоў у Нiжнiм Тагiле Свярдлоўскай вобласцi, закончыў аддзяленне разьбы па каменi Нiжнетагiльскага мастацкага вучылiшча. Адслужыў у войску, ажанiўся i ў хуткiм часе пераехаў жыць у Беларусь. Брата я бачыў тры-чатыры разы за ўвесь час, калi ён жыў на Урале. Зусiм выпадкова аднойчы музыкантам трапiў на яго вяселле. Паважаны Мiкалай! Калi ў цябе ёсць якiя-небудзь крыўды на мяне i майго малодшага брата Уладзiмiра, не вiнаваць нас у тым, чаго не было. Мiнулае не змянiць, i не нам судзiць нашых бацькоў. Мне споўнiлася 44 гады. Мацi мая памерла ў 1981 годзе. Бацька пайшоў з жыцця нядаўна. Калi ты захочаш адказаць мне, буду чакаць ад цябе пiсьма”.
РОДНЫЯ ЛЮДЗI
“Дапамажыце адшукаць маiх стрыечных сясцёр  Галiну Васiльеўну i Святлану Васiльеўну МIХАЙЛАВЫХ. Галiна, ведаю, выйшла замуж i зараз яе прозвiшча можа быць Маркаран. Сёстры жылi ў Эстонii, i да развалу Саюза мы перапiсвалiся. Старэйшая, Галя, працавала тады ў магазiне. Света вучылася ў школе. Зараз пра iх я нiчога не ведаю. Неаднойчы пiсаў iм, але i мае пiсьмы не вярнулiся, i ад сясцёр адказу не атрымаў. Ужо шмат часу прайшло — i нiякiх вестак. Мы, родныя, помнiм, любiм Галю i Свету, хвалюемся за iх, хочам ведаць, як склаўся лёс. Генадзь Iванавiч Мiхайлаў, горад Гродна”.
“Дапамажыце знайсцi сваякоў па лiнii бацькi. Бацька Мiкалай Яфiмавiч МАКСIМАЎ з мамай шлюб не бралi. Я нарадзiлася ў 1942 годзе, калi ён ужо быў на фронце. Пазней мацi атрымала паведамленне, што ён прапаў без вестак. Былi чуткi, што трапiў у палон, хацеў збегчы. I больш я нiчога не ведаю. Магчыма, у яго былi браты, сёстры. Можа, у iх ёсць фотаздымак бацькi. Напэўна, змогуць больш падрабязна расказаць пра дарагога мне чалавека. Любоў Мiкалаеўна Сляпчук (Максiмава), горад Пiнск”.
Сям’я Варламавых з Мiнска просiць адшукаць дарагiх i блiзкiх iм Таццяну i Людмiлу МЫШКIНЫХ, прыблiзна 1930 i 1933 гадоў нараджэння. “Пражывала сям’я Мышкiных у Полацку. Мацi Аляксандра Iванаўна (у дзявоцтве Вайцяховiч, вёска Ула Вiцебскай вобласцi) працавала ў народным тэатры. Бацька Мiхаiл Паўлавiч быў хiрургам. Апошнiя звесткi абрываюцца ў першыя днi Вялiкай Айчыннай. Вельмi спадзяёмся, што адгукнуцца iх дзецi i ўнукi”.
НЕ ЗНАХОДЖУ МЕСЦА
“У мяне вялiкае гора — прапаў сын. Мой сын Аляксандр Сяргеевiч КАЗАЧОНАК, 1959 года нараджэння, жыў у Лiдзе, у ваенным гарадку, быў борт-радыстам на верталёце. Некаторы час служыў у Германii. У кастрычнiку 1993 года звольнiўся са службы, афармляў дакументы на пенсiю. А ў студзенi 1995-га яго жонка паведамiла, што ўжо пяць дзён, як няма Сашы. Ад такой навiны ў маiх вачах пацямнела, i да гэтага часу не знаходжу сабе месца, шукаю сына, але безвынiкова. Вера Вiкенцьеўна Казачонак, Докшыцкi раён”.
СЯБРЫ I СЯБРОЎКI
Iван Лукiч Лосiкаў з Гомеля хоча знайсцi свайго прыяцеля Мiхаiла Фёдаравiча ЛIСОЎСКАГА. “Да мая 2004 года ён жыў, як i я, у Гомелi, а потым памяняў месца жыхарства. Дзе ён зараз знаходзiцца, не ведаю. Мяне хвалюе стан яго здароўя i цi змог ён аформiць пенсiю. Можа, яму патрэбна падтрымка. Буду рады дапамагчы”.
Сваю сяброўку Iрыну Iванаўну ГОЙШЫК (Лiхарай) шукае Таццяна Васiльеўна Iльянкова (Шыцiкава) з Вiцебскага раёна. Лёс злучыў iх у 1965 годзе ў Вiцебску, куды яны прыехалi паступаць у ветэрынарны тады iнстытут з Дубровенскага i Iвацэвiцкага раёнаў. Пазнаёмiлiся i былi разам усе гады вучобы. “Яна мая блiзкая сяброўка, за руку з ёй хадзiлi, не разлучалiся. Вельмi прыемная, вясёлая. Апошнiя два гады вучобы мы разам жылi на кватэры. Есцi разам гатавалi, гулялi, у ансамблi ўдзельнiчалi. У мяне на вяселлi яна была сведкай. Пасля практыкi Iрына выйшла замуж, атрымала дыплом i па размеркаваннi паехала да сябе на радзiму. З таго часу мы не бачылiся”.
“Хачу знайсцi сяброўку юнацтва, з якой не бачылiся добры дзесятак гадоў. Валянцiна Васiльеўна ДЗЕНIСЕНКА (прозвiшча дзявочае) нарадзiлася ў 1966—1967 годзе ў вёсцы Горваль Рэчыцкага раёна. Пасля заканчэння Гомельскага машынабудаўнiчага тэхнiкума працавала на заводзе “Гомсельмаш” у лiцейным цэху шэрага чыгуну. Там мы i пазнаёмiлiся. Разам жылi ў рабочым iнтэрнаце N 4 на вулiцы Я.Коласа. У 1989 годзе я паехала з Гомеля, але наведвалася да яе ў госцi, бо Валянцiна была маёй кумой: у 1990 годзе хрысцiла маю дачку Алiну. А потым мы згубiлiся. Агульныя знаёмыя сказалi, што Валя нiбыта выйшла замуж i паехала ў Мiнск. Мая дачка ўжо дарослая i вельмi хоча знайсцi сваю хросную мацi, а я — куму i сяброўку. Вольга Мiкалаеўна Стрыжакова (Маеўская), Кармянскi раён”.
“Пiшу вам ад свайго iмя i па просьбе юнакоў i дзяўчат, зараз, канешне, дзядуляў i бабуль, якiя ў далёкiя шасцiдзесятыя гады служылi i працавалi ў воiнскiх часцях. Мiнула больш за сорак гадоў, але ўсё роўна хацелася б сустрэцца. З некаторымi бачымся i перапiсваемся. Але вось нiяк не можам знайсцi Аляксандра Тарасавiча МАРЧЭНКАВА, 1941—1943 года нараджэння. Родам ён са Смаленскай вобласцi. Мы служылi ў Крупках. Ён служыў разам з намi, а потым паехаў у Ленiнград, на падрыхтоўчыя курсы ў Вышэйшае ваеннае iнжынерна-тэхнiчнае чырванасцяжнае вучылiшча. Паступiў у яго. Некаторы час мы перапiсвалiся, але потым наша сувязь абарвалася. I да гэтага часу не ведаем, дзе ён, што з iм. Хтосьцi казаў, што ён служыў у Краснаярску i там жыве зараз. Але цi так гэта? Просiм дапамагчы знайсцi адказ на гэта пытанне. Галоўнае ж, каб Аляксандр Тарасавiч Марчэнкаў адгукнуўся. Ганна Мiхайлаўна Пазнякова, Крупскi раён”. 
Людмiла Мiхайлаўна Язэпава з Магiлёва шукае былых аднакласнiкаў, якiя ў 1976 годзе закончылi Мецiслаўскую школу-iнтэрнат i з якiмi ёй не давялося пабачыцца падчас нядаўняй сустрэчы выпускнiкоў.
Я ВЕЛЬМI ШКАДУЮ
Гэты шчымлiвы лiст прыйшоў з Верхнядзвiнскага раёна. “Дапамажыце знайсцi Сяргея Аляксандравiча ГАРЭЛIКАВА, год нараджэння, здаецца, 1956—1957-ы. Шукае яго былая жонка Любоў Iванаўна Яскевiч i дачка Святлана, вельмi падобная на бацьку. Жылi мы добра, дружна, але раптам пасварылiся i разышлiся, аб чым я вельмi шкадую. I вось зараз вырашыла знайсцi Сяргея. Спадзяюся, што ён не забыўся пра нас, помнiць, колькi б гадоў не прайшло”.

ХТО БАЧЫЎ, ЧУЎ, ВЕДАЕ

“Пiша вам жыхар Любанскага раёна Мiкалай Iванавiч Сiмановiч. Мой брат Iван Iванавiч СIМАНОВIЧ, 1922 года нараджэння, у 1941 годзе закончыў Магiлёўскае ваенна-пяхотнае вучылiшча. Атрымаў званне лейтэнанта i накiроўваўся на пастаяннае месца службы. Але туды не даехаў — пачалася вайна. I больш пра яго мы нiчога не ведаем. Высылаю фотаздымак, дзе Iван разам са сваiмi таварышамi па вучылiшчы. Можа, з iх хто жывы i ведае пра лёс майго брата — вельмi прашу адклiкнуцца”.

ВIЗIТ У ШВЕЦЫЮ

“Было гэта ў час службы ў Чырванасцяжным Балтыйскiм флоце. У 1962 годзе тры падводныя лодкi i плаўбаза “Вiктар Кацельнiкаў” наведалi з сяброўскiм вiзiтам Швецыю. Там я пазнаёмiўся з мараком Рольфам КАРЛСАНАМ (Rolf Carlsson). Дапамажыце яго адшукаць. Канстанцiн Iванавiч Занкавец, Пiнскi раён”.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей,
хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11;e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,
перадача “Помнi iмя сваё...”; e-mail:poisk@radio.tvr.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter