«Поле, якое мне век не забыць...»

Традыцыйныя Сіманаўскія чытанні прайшлі ў Магілёве

Традыцыйныя Сіманаўскія чытанні прайшлі ў Магілёве

Удзельнікі гэтага мерапрыемства — ветэраны вайны, гісторыкі, пісьменнікі, кіраўнікі аб’яднанняў расійскіх суайчыннікаў у Беларусі, прадстаўнікі пасольства Расійскай Федэрацыі ў нашай рэспубліцы — перш-наперш пабывалі на Буйніцкім полі, дзе разгортваліся ў ліпені 1941 года ваенныя дзеянні. Мемарыяльны комплекс займае 23 гектары, на ім да гэтага часу захаваліся абрысы рва, які ў 22 кіламетры апаясваў горад...

Абарона Магілёва распачалася 3 ліпеня. На лініі Рагачоў—Магілёў—Орша нашы спрабавалі даць адпор пра-ціўніку і стварыць другі стратэгічны фронт. Магілёву адводзілася вядучая роля. Сюды прыбылі маршалы Цімашэнка і Шапашнікаў, з глыбіні краіны былі перакінуты рэзервы, народнае апалчэнне. Не хапала зброі, ваеннай вывучкі, але было вялікае жаданне стрымаць ворага. Дзень прайшоў, два, тыдзень... Абаронцы горада трымаліся, нягледзячы на тое, што іх бамбілі, пускалі ў ход бронетэхніку, арганізоўвалі псіхічныя атакі...

2 ліпеня ў размяшчэнне нашых часцей прыбыў ваенны карэспандэнт газеты “Красная Звезда” Канстанцін Сіманаў. А тут — жорсткі, не на жыццё, а на смерць бой: вораг кінуў на пазіцыі абаронцаў 70 танкаў і бронемашын, 39 з якіх засталіся нерухомымі. Цэлыя могілкі варожай тэхнікі. Сіманаў быў уражаны мужнасцю нашых салдат, камандзіраў дывізіі Раманава і палка Куцепава, дэталёва ўнікаў у сітуацыю. У яго ўжо выспяваў план будучай публікацыі...

Артыкул, які потым з’явіўся ў газеце, называўся “Гарачы дзень”. Чырвоным радком праз яго прайшла вера ў перамогу над ворагам: “Яго можна і патрэбна біць!” Гэта яскрава прадэманстравалі абаронцы Магілёва, іх мужнасць і гераізм павінны паслужыць прыкладам для усіх астатніх. Публікацыю дапаўнялі здымкі фотакарэспандэнта Трошкіна з поля бою.

З таго часу патрыятычнае і гераічнае стане асноўнай тэмай творчасці Сіманава. За вайну ён пройдзе шмат дарог, напіша сотні нарысаў. Гэта была яго перадавая. Нездарма даслужыўся да звання палкоўніка.

І пазней ваенную тэму пісьменнік-франтавік не бу-дзе выпускаць з поля зроку, неаднойчы звернецца да магілёўскай абароны.

“Я не быў салдатам, быў усяго толькі карэспандэнтам, — успамінаў ён, — але ў мяне ёсць кавалак зямлі, які мне век не забыць, — вось гэта поле пад Магілёвам”. Неаднойчы пісьменнік бываў у горадзе на Дняпры, сустракаўся з яго абаронцамі, узгадваў тыя падзеі. Усё гэта знойдзе адлюстраванне ў раманах “Жывыя і мёртвыя” (палкоўнік Куцепаў, напрыклад, паўстане ў вобразе генерала Сярпіліна), “Салдатамі не нараджаюцца” і іншых творах.

Сіманаў — адзін з сімвалаў пасляваеннага савецкага часу, ён — пісьменнік, драматург, сцэнарыст. Яму нездарма было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы, ён з’яўляўся лаўрэатам некалькіх Дзяржаўных прэмій.

Напрыканцы жыцця (памёр у 1979 годзе) Сіманаў прыязджаў у Магілёў. Ён пабываў на сваім полі ў Буйнічах, сустракаўся з ветэранамі вайны, пісьменнікамі, чытачамі і з сумам заўважыў: “Не ведаю, колькі мне засталося...”

Захавалася яго перадсмяротная запіска, у якой і прасіў развеяць яго прах над Буйніц-кім полем, каб назаўжды паяднацца з тымі, хто застаўся на гэтым рубяжы ў ліпені 1941 года...

Пісьменнік памятаў Магі-лёў, а горад памятае яго: імем Сіманава названа адна з гарадскіх вуліц, у агралесатэхнічным каледжы адкрыты ў гонар яго музей, рыхтуецца да ўстаноўкі помнік, дзе Сіманаў будзе ўзвышацца разам з Раманавым і Куцепавым. Адным словам, магіляўчане свята ўшаноўваюць памяць пісьменніка. Сіманаўскія чытанні — таму пацвярджэнне.

На здымку: на Буйніцкім полі.

Фота: БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter