Почему Аист стал популярным героем Коляд на Гродненщине

У час Калядаў паўсюдна (напрыклад, у Гродзенскім раёне часцей у праваслаўных) наладжвалі калядаванне і рабілі так каля двух тыдняў. Пра цікавыя і своеасаблівыя традыцыі і сэнс калядавання расказала вядучы метадыст па рэалізацыі культурна-дзелавых праектаў і развіцці турызму Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталля Рамановіч.



Удзельнікі свята вадзілі "казу", каб на полі быў добры ўраджай, "мядзведзя" – каб у сям'і ўсе былі здаровыя і багатыя. Віншавалі гаспадароў. Наладжвалі варажбу, розныя забавы і гульні, спявалі песні – калядкі, шчадроўкі. Сярод калядоўшчыкаў абавязкова быў і зорканоша, які насіў зорку – сімвал дабра і свята.


На Гродзеншчыне другі год запар рыхтуюцца да маштабнага падзейна-культурнага праекту "Сход калядоўшчыкаў". Упершыню ён адбыўся напрыканцы 2020 года ў "сялянскай хаце" – музейным пакоі Абухаўскага цэнтра культуры – і стаў новай культурнай падзеяй у раёне. Лепшыя калядоўшчыкі з усяго раёна прыехалі ў Абухава, дзе іх чакалі ў народных строях гаспадар Віктар Саковіч і гаспадыня Ірына Стральчэня. Спявалі, калядавалі, жадалі людзям ладу ды шчасця ў новым годзе. А потым варажылі, выконвалі народныя танцы: "Дробна полька", "Чорна галка", "Ойра", вальсок, "Падыспан", "Кадрыля".


Кожная вёска і яе жыхары маюць асаблівасці калядавання. Напрыклад, у Адэльску на Куццю рабілі ламанцы, а ў сапоцкінскім рэгіёне – "кокоры" – гэта спецыяльна прыгатаваная на вігілійную вячэру страва з бульбы. Напрыканцы снежня калядоўшчыкі ўжо пабывалі ў Зарачанцы Гродзенскага раёна. І не толькі жадалі прысутным шчаслівага, удалага, багатага Новага года, але і праспявалі мясцовы адметны распеў "Многая лета"!


Падыходзячы да хаты, адзін з калядоўшчыкаў, звычайна той, што носіць зорку, заходзіць у двор, стукае ў вакно і пытае: "Ці пусціце зорку?" Калі гаспадары даюць дазвол, то ўсе заходзяць у хату, становяцца насупраць чырвонага кута і пачынаюць спяваць. Цікава, што зорка абавязкова заходзіць у хаты першай, а выходзіць апошняй. Мясцовыя фалькларысты лічаць, што яна прыносіць шчасце і дабрабыт. На Гродзеншчыне на калядаванне вельмі распаўсюджаным быў вобраз Бусла. У гурце калядоўшчыкаў ён сімвалізуе вышэйшы свет, дзядоў, разам з усімі ён нясе дабрабыт у хату. У Бусла роля даволі простая: ён маўкліва ходзіць, можа прытанцоўваць, дзяўбсці гаспадароў і іх дзяцей, вызываючы ў іх смех, заглядваць у гаршкі з ежай, а гаспадары яго частавалі альбо гарэлкай, альбо давалі на талерцы жыта.

Імправізаваную галаву Бусла прымацоўваюць да палкі. Чалавек носіць яе над сабой уверсе, а сам хаваецца пад белай прасціной. У афарбоўцы касцюма Бусла дамініравалі тры колеры – белы, чырвоны і чорны. Гэта наогул старажытная колеравая трыяда гарадзенскай вопраткі. Як раз у гэтым годзе Бусел упершыню будзе ўведзены ў абрадавыя дзеянні.


У гэтым годзе на другі дзень свята Нараджэння Хрыстова калядоўшчыкі і фалькларысты накіруюцца ў Скідзель, Каробчыцы, Абухава. А на бібліёбусе завітаюць і да жыхароў аддаленых населеных вёсак раёна, не забудуцца наведаць і сваіх чытачоў у доме-інтэрнаце для састарэлых, інвалідаў у вёсцы Белыя Балаты, каб падарыць ім калядныя песні, пажаданні здаро’ўя і салодкія падарункі.  


Абыход двароў, рытуальнае застолле, моладзевыя вечарынкі, гульні ды ігрышчы – гэта ўсё беларускія Каляды, жывая традыцыя народу, якую можна пабачыць на ўласныя вочы ў Гродзенскім раёне, а яшчэ цікавыя майстар-класы ад майстроў аддзела этнаграфіі, фальклора і рамёстваў па вырабе каляднай зоркі, ланцужкоў і елачных цацак з матэрыялаў, якімі карысталіся нашы продкі.


Фота з архіва Наталлі Рамановіч

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter