
— Стала традыцыяй перад нацыянальным фестывалем беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне заязджаць у Вязынку, каб пакланіцца генію нашай культуры і літаратуры, — падкрэсліў заслужаны дзеяч культуры, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў. — Кожны раз адчуваеш асаблівае пачуццё пашаны да гэтай мясціны, якая 143 гады таму нарадзіла высокі і неўміручы талент. Колькі будуць жыць беларусы — заўсёды пойдуць на паклон Купалу, ніколі не зарасце гэтая сцяжына ў Вязынцы.
Праграма фестывальнага Маладзечна сёлета вельмі насычаная — больш за 70 урачыстасцей, якія раскрываюць музычную і літаратурную спадчыну нашай краіны. Закрыццё фестывалю пройдзе ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага Народнага аркестра імя Жыновіча і стане прысвячэнне Уладзіміру Мулявіну. Адна з галоўных падзей свята — Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.
basikirskaya@sb.by