Плынь Селешчука

Былi  крытыкi,  якiя  казалi,  што  гэты  мастак  загубiў  жывапiс.  Яны  ж  прасiлi,  каб  ён  падарыў  iм  свой  твор

Былi  крытыкi,  якiя  казалi,  што  гэты  мастак  загубiў  жывапiс.  Яны  ж  прасiлi,  каб  ён  падарыў    свой  твор 

У яго мастацкай скарбонцы многа твораў, дзе намалявана вада. Водная стыхiя ледзь не забрала жыццё вялiкага мастака яшчэ ў дзяцiнстве, але не адважылася, адступiлася. I калi  праз шмат гадоў мацi Настассi Фёдараўне сказалi, што яе сына Мiколы больш няма, яна адразу спытала: “Патануў?”...Адбылося гэта ў Iталii, куды сябры ўгаварылi Мiколу паехаць у  турыстычную паездку. Быў верасень, мора штармiла. Яны забаўлялiся на хвалях... 

Мастацкiя крытыкi называюць яго першым беларускiм постмадэрнiстам. Калегi i сябры адзначаюць, што гэты чалавек пакiнуў значны след у жывапiсе, экслiбрысе, кнiжнай i станковай графiцы. I ўсе ў адзiн голас кажуць: «Гэта самая яркая фiгура сярод мастакоў пакалення 70-х. Ён адчуваў. Ён прадбачыў. Ён апярэджваў свой час…» Ён – Мiкола Селяшчук, творца, якi трагiчна загiнуў 11 гадоў таму назад у экзатычнай Iталii. Сёлета мастаку споўнiлася б 60 год. З гэтай нагоды ў Нацыянальным мастацкiм музеi адкрылася персанальная выстава Мiколы Селешчука, якая будзе працаваць да 10 лiстапада. 

Што ж гэта быў за чалавек? I чаму не забылася яго творчасць праз столькi гадоў? Няхай пра гэта раскажуць калегi i сябры  беларускага мастака. 

Васiль ШАРАНГОВIЧ, народны мастак Беларусi, настаўнiк Мiколы Селешчука: 

— Гэты сцiплы чалавек меў такiя тытанiчныя духоўныя сiлы i талент, што змог аказаць вялiкi ўплыў на росквiт сучаснага беларускага мастацтва. Выпускнiкi пакалення 70-х гадоў ярка пра сябе заявiлi i нават павярнулi да далейшага развiцця графiку, жывапiс, скульптуру. Самая выразная постаць сярод гэтых таленавiтых людзей – Мiкола Селяшчук. У сваёй творчасцi ён спалучаў народныя традыцыi i сучасны погляд на жыццё. Гэта ў яго выдатна атрымлiвалася. Яго творы не назавеш сюррэалiзмам цi рэалiзмам. Гэта плынь Мiколы Селешчука. 

Уладзiмiр ТОЎСЦIК, мастак: 

— Мы ўтраiх працавалi ў адной майстэрнi: Уладзiмiр Савiч, Мiкола Селяшчук i я. Сябравалi каля 20 гадоў. Часта збiралiся, пiлi разам гарбату, абмяркоўвалi мастацтва, творчасць кожнага з нас, дасягненнi i памылкi. Ведаеце, Мiкола прыцягваў да сябе людзей сваёй усмешкай, манерай зносiн. Нягледзячы на свой талент, ён нiколi не фанабэрыўся. Людзi самi адчувалi, што гэта значны чалавек. Не адразу ўспрымалася тое, што ён рабiў. Былi крытыкi, якiя нават пiсалi, што ён загубiў жывапiс. А потым тыя ж крытыкi прасiлi: “Падары свой твор”. Яго мастацтва здзiўляла i прыцягвала людзей. Памятаю, мы з iм неслi карцiну “Хронiка аднаго вечара” на выставу. Праз вулiцу, праз трамвайныя пуцi за намi бегла дзяўчына: “Пачакайце! Пастойце, дайце паглядзець!” 

Раiса СIПЛЕВIЧ, мастачка: 

— Мы разам вучылiся спачатку ў Мiнскiм мастацкiм вучылiшчы, затым – у Беларускiм дзяржаўным тэатральна-мастацкiм iнстытуце. Памятаю працы свайго сябра яшчэ з вучылiшча. Ужо тады яны не былi падобныя да iншых. Яму маглi паставiць альбо ўсе пяцёркi, альбо двойку: у той час творы Мiколы былi незразумелымi для крытыкаў. Пра Мiколу Селешчука можна гаварыць бясконца. Ён мог сказаць катэгарычнае “не” i пры гэтым нiкога не пакрыўдзiць. Гэты чалавек настолькi прыцягваў сваёй энергетыкай людзей! 

...Разглядаю творы мастака. Падыходжу да адной з карцiн. Назва – “Дарога дадому”. “Вось яна, — эмацыянальна паказвае на палатно вядомы брэсцкi мастак Леў Алiмаў. – Апошняе яго тварэнне, напiсанае за месяц да трагедыi. А я ж яму тады казаў: Коля, мне не падабаюцца гэтыя чырвоныя колы…” 

Даведка «Р»

Жывапiс i графiка Мiколы Селешчука захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкiм музеi Рэспублiкi Беларусь, Музеi сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусi, калекцыi Беларускага саюза мастакоў, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэi ў Маскве, у зборах музеяў у Афiнах, Хельсiнкi, Таронта, Нью-Джэрсi i iншых, а таксама ў прыватных калекцыях Беларусi i многiх замежных краiн.

На здымку: Мiкалай Селяшчук. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter