Узровень беспрацоўя ў нашай краіне паступова зніжаецца, што ў сваю чаргу пазітыўна ўплывае на агульную грамадскую “тэмпературу” на рынку працы

Плённая праца

Узровень беспрацоўя ў нашай краіне паступова зніжаецца, што ў сваю чаргу пазітыўна ўплывае на агульную грамадскую “тэмпературу” на рынку працы. Найперш, гэта вынік мэтанакіраванай дзейнасці ўсіх  падраздзяленняў дзяржаўнай службы занятасці, адпаведных структур выканаўчых органаў улады, суб’ектаў гаспадарання рознай формы ўласнасці.      



Па інфармацыі міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч, згаданы паказчык (узровень беспрацоўя) па рэспубліцы ў лютым дасягнуў узроўню 5,1 працэнта — гэта лічба датычыцца 260 тысяч непрацуючых грамадзян ва ўзросце 15—74 гады. Летась у падобным справаздачным перыядзе такіх было 5,6 працэнта. Трэба дадаць: сёння для ўсіх жадаючых у адкрытым рэжыме прадстаўлены 76 тысяч актуальных прапаноў ад работадаўцаў, што шукаюць кваліфікаваных спецыялістаў. Пазітыўны факт: за пяць месяцаў бягучага года ў краіне было зарэгістравана на 4 працэнты больш індывідуальных прадпрымальнікаў, чым у 2017-м.

Да таго ж свой плён у вырашэнне праблемы працаўладкавання ўносяць шматлікія кірмашы вакансій, якія на сталай аснове праводзяцца ў рэгіёнах і сталіцы. Напрыклад, узровень зарэгістраванага беспрацоўя да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва на Міншчыне (на 1 чэрвеня) склаў толькі 0,4 працэнта пры прагнозе 1 працэнт на канец гэтага года. У Гомелі, згодна Дэкрэта № 10,  пры ажыццяўленні інвестыцыйных дагавораў створана больш за 1,2 тысячы новых вакансій. Наогул, па Гомельскай вобласці пры рэалізацыі інвестпраектаў падпісана 200 пагадненняў на суму 2,2 мільярда долараў. Прапанова на сёння — 3,6 тысячы новых працоўных месцаў. На Магілёўшчыне на аднаго беспрацоўнага прыпадае тры вакансіі: 8,5 тысячы супраць 2,5 тысячы непрацуючых. Такім чынам, з пачатку 2018-га ў рэгіёне з працаўладкаваннем дапамаглі 9,8 тысячы грамадзян, 138 беспрацоўных атрымалі субсідыі на адкрыццё ўласнай справы. Аналагічная статыстыка назіраецца і ў іншых абласцях краіны.

Згодна з палажэннямі Дэкрэта № 1, у Беларусі створаны 143 камісіі па каардынацыі працы па садзейнічанні занятасці насельніцтва: сёлета па дапамогу ў працаўладкаванні сюды звярнулася каля чатырох тысяч чалавек. Інфармацыю аб дзейнасці камісій, графіку работы кожны можа атрымаць на інфармацыйных сайтах мясцовых адміністрацый. Дарэчы, у іх кампетэнцыю ўваходзіць: фарміраванне спісаў грамадзян, не занятых у эканамічнай дзейнасці, інфармаванне апошніх аб уключэнні ў згаданы пералік, дапамога суіскальнікам у пошуку працы, накіраванне беспрацоўных у цэнтры занятасці для атрымання афіцыйнай работы, а таксама прыняцце рашэнняў адносна тых грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, для далейшага накіравання ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі (ЛПП). Таксама ў кампетэнцыі камісій: разгляд заяў грамадзян, не занятых у эканоміцы, іх родзічаў аб поўным альбо частковым вызваленні ад стопрацэнтнай аплаты жыллёва-камунальных паслуг (гарачае водазабеспячэнне, ацяпленне і газ). Падставай для прыняцця членамі камісіі падобнага рашэння (выключэнне са спісу ўтрыманцаў) можа быць цяжкая жыццёвая сітуацыя, у якую трапіў канкрэтны чалавек. Пералік падобных сітуацый быў вызначаны раней.    

Як стала вядома, папярэдняя база даных аб працаздольных грамадзянах, не занятых у эканоміцы, з’явіцца да 1 верасня, канчатковая версія стартуе і будзе даступна для ўсіх да пачатку снежня бягучага года, са штоквартальнай актуалізацыяй інфармацыі.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Ігар Савосценка, галоўны рэдактар


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter