В Воложинском районе ткут пояса по уникальной технологии

Плятуць «на ніту»

Паясы, абавязковы атрыбут адзення беларусаў у мінулым, і сёння плятуць і ткуць у розных рэгіёнах краіны. Але толькі ў Валожынскім раёне гэта робяць па тэхналогіі, якая завецца «на ніту». Галоўная адметнасць гэтага спосабу, піша livingheritage.by, у тым, што аснова поясу не прывязваецца да нерухомага прадмета для стварэння нацяжэння, а замацоўваецца на таліі і выцягнутай назе ткачыхі. Відаць, гэты спосаб быў прыдуманы для таго, каб майстрыхі маглі ткаць у любым месцы, незалежна ад таго, ці ёсць побач зручны прадмет для мацавання асновы.


livingheritage.by


Валожынскія паясы тонкія, іх шырыня не перавышае 2 сантыметраў. Яны рознакаляровыя, выраблены з ільняных і шарсцяных нітак. Сёння найчасцей выкарыстоўваюцца пакупныя ніткі, а раней гаспадыні рабілі іх самі. Фарбавалі з дапамогай прыродных матэрыялаў. У валожынскіх паясах пераважаюць белы, шэры, ружовы і барвовы колеры. Але выкарыстоўваюцца таксама і ніткі чорнага, зялёнага, жоўтага, фіялетавага і іншых адценняў. Арнамент выключна геаметрычны. На валожынскіх паясах мы не ўбачым раслін, жывёл і іншых выяў навакольнага свету. Канцы паясоў упрыгожваюцца кутасамі, кароткімі ці доўгімі махрамі.



livingheritage.by


Традыцыя пляцення паясоў «на ніту» знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Сёння на Валожыншчыне дзейнічаюць два гурткі пры ўстановах культуры, дзе мясцовыя дзеці пераймаюць майстэрства ткацтва паясоў падчас пазашкольнага навучання. Аднак для паспяховага захавання ўнікальнай тэхналогіі гэтага мала, лічаць эксперты. Між іншым паясы і сёння могуць выконваць як дэкаратыўныя, так і практычныя функцыі. Скажам, імі можна падвязваць сучасныя сукенкі, упрыгожваць валасы, выкарыстоўваць у якасці закладкі для кніг і гэтак далей. 

mila@sb.by  
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter