Первый международный фестиваль искусств Gomel Fest соберет около 2 тысяч участников

Пляцоўка для ўсіх

На фестывальнай карце краіны папаўненне. На наступным тыдні з 14 па 16 лістапада ў горадзе над Сожам пройдзе першы Міжнародны фестываль мастацтваў Gomel Fest. Яго ўнікальнасць у тым, што ў ім могуць прыняць удзел таленавітыя асобы без абмежаванняў ва ўзросце і жанравай накіраванасці, незалежна ад месца пражывання. На фестывалі чакаюць гасцей не толькі з усіх абласцей Беларусі, але таксама з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы і, магчыма, некаторых іншых краін.

фота белта.

Конкурсная частка праграмы ўключае 5 намінацый. У кожнай з іх прадугледжаны розныя жанры. У намінацыі «Вакальная творчасць» можна выступіць з аўтарскімі, народнымі, патрыятычнымі, эстраднымі, акадэмічнымі і джазавымі песнямі. Прадставіць кампазіцыі на фартэпіяна, народных, струнна-смычковых, струнна-шчыпковых, шматструнных, духавых інструментах прапануюць у намінацыі «Інструментальная творчасць». У намінацыі «Харэаграфічная творчасць» таксама прадугледжаны розныя жанры: класічны, народны, эстрадны, сучасны, сацыяльны, бальны, акрабатычны танец, Street Dance і іншыя. У намінацыі «Тэатральная творчасць» можна паспрабаваць сябе ў такіх накірунках, як мастацкае чытанне, музычны, драматычны і лялечны тэатр, акрабатыка, эквілібр, клаўнада і гэтак далей. Жывапісныя, графічныя работы, фота, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — у намінацыі «Выяўленчая творчасць».

Шматжанравасць фестывалю, упэўнены арганізатары, дазволіць яго ўдзельнікам абмяняцца вопытам у розных напрамках і наладзіць плённае супрацоўніцтва.

Ацэньваць канкурсантаў будуць кваліфікаваныя спецыялісты ў галіне харэаграфічнага і вакальнага мастацтва, педагогі, артысты, прафесійныя рэжысёры. Пераможцаў вызначаць у кожнай намінацыі ў розных узроставых катэгорыях.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter