Бясконца чароўная... Аўтарскi праект Уладзiмiра Цвiркi. Платы

Платы

Платы, здаецца, дзеляць прастору вёскі як хочуць. Менавіта як хочуць! Калі са страхі нейкай хаты паглядзець на іх «паводзіны», то застаецца толькі здзіўляцца, як яны разбэсціліся, як прывольна яны тут сябе адчуваюць. Куды ні кінь вокам — платы!


Дык вось, гэта толькі на першы погляд здаецца, што над вёскай гаспадараць платы і што яны дзеляць яе як хочуць. Не! Усё тут падуладнае чалавеку. А калі браць паасобку кожную гаспадарку, то — кожнаму гаспадару. У адным двары платы стаяць так, у другім інакш, у трэцім, можа, наогул неяк незвычайна, а што не падобна да двух папярэдніх — і казаць не трэба.


Ну вось мяркуйце самі. Злева ад нашай хаты двор Цярэшкаў. Дзеці ўжо даўно недзе ў горадзе. Застаўся толькі дзядзька Нічыпар ды яго жонка, цётка Юстына. Двор іх нечым падобны да вуліцы вёскі, бо гаспадарка нашых суседзяў таксама падзеленая на дзве прыкладна роўныя часткі. Па правую руку ад веснічак — хата з адкрытым ганкам, далей, праз некалькі крокаў, цягнуцца ланцужком гаспадарчыя пабудовы: хлеў, сяннік, дрывотня… Насупраць хаты, у плоце маленькага агародчыка — студня, потым замшэлы стары сад, а за ім вялікія агароды. Двор цягнецца ад веснічак і брамы ўздоўж пабудоў і заканчваецца брамкай, якая дазваляе прайсці на прасторны выган, які распластаўся аж да суседніх хутароў. І агародчык, і сад, і прастора агародаў — усё за шчыльным плотам. Каля хлява — невялічкая загарадка-дзяннік, куды на дзень выпускаюць парасят. Каля дрывотні — другая загарадка, трохі меншая. У ёй трымаюць курэй, якія праз лаз у сцяне могуць прайсці да седалаў. Толькі карова праходзіць з хлява на вуліцу, а ўвечары — назад у стойла. Памятаю, двор быў заўсёды чысты, вымецены. Мне гэта вельмі падабалася, бо так было і ў нашым двары. Прыбраць і падмесці двор было маёй першай працай.


Дровы, дошкі, нейкія бярвенні — усё гэта ляжыць на дрывотні. Там рэжацца, піліцца, там і сметнік, які час ад часу прыбіраецца: што спальваецца, што проста складваецца на месца.


Толькі дзякуючы платам усё ў гэтай гаспадарцы мае сваё месца, свой прытулак. Платы абараняюць агароды ад курэй, гусей і качак. Сад і агародчык з кветкамі — ад парасят і авечак, якіх раней таксама трымалі ў вёсцы.


Зазірнём у гаспадарку справа. Тут поўная процілегласць двару Цярэшкаў. Двор у Ахрэшчыкавых — нейкі лабірынт. Здаецца, столькі платоў і не трэба было б. Катушкі нейкія па ўсёй сядзібе. Чуеце? Стары Сымон нешта стукае. Няўжо новы плот майструе? Ой, далібог! Мала гэтых платоў — ён нешта адгароджвае яшчэ. Так і ёсць! Невялічкі лапік двара адводзіцца для качкі з качанятамі. У адным куце закапаныя старыя ночвы з вадой, у другім — нізенькае карытца з ежай. Як яго жонка, бабулька Фёкла, не блукае ў неверагоднай колькасці брам і веснічак? Як бачым — не блукае. Так ім зручна, так з цягам год склалася іхняе асяроддзе, так ім падабаецца. Гэта іх свет, і яны ў ім уладары.


Зараз пойдзем на другі бок вуліцы, да майго сябра Лёнькі. З самага маленства мы з ім ­разам: то ў яго двары нешта майструем, то ў нашым цікава бавім час. Сам двор вялізны, але вольнага месца на ім не так і шмат. Тут стаіць некалькі вазоў, нязграбнае тачыла, на якім Лёнькаў бацька заўсёды нешта тачыў. Выступае ў двор і добрая палова склепа-лядоўні. З аднаго боку двара — хата ў два канцы і з двума ганкамі: адзін — у двор, другі — у сад. На процілеглым ад хаты баку — вузенькая брамка ў плоце. Праз яе мы бегалі на во­зера: ранкам павудзіць карасёў, днём пасядзець у вадзе, як казала Лёнькава маці, «да пасінення». А яшчэ праз гэтую брамку мы лазілі да суседзяў у трускаўкі. У старэнькім плоце бабулі Зіны патаемны лаз: дзве штыкеціны трошкі ўбок — і мы ў яе агародзе. Бывала, бабуля заўважала нас і скардзілася бацькам. Без папругі не абыходзілася. Але ці магла яна нас утрымаць? Мо толькі на пару дзён… Для каго, а для вясковых дзяцей платы ніколі не былі перашкодай, якую яны не маглі б пераадолець. Гэта прастору жывёлы і хатняй птушкі платы маглі абмежаваць, але не нашу. Мы толькі з цягам часу зразумелі, што наша прастора не такая ўжо і бязмежная.


Платы — гэта межы ў межах гаспадаркі. Усё падпарадкоўваецца ім, а яны стаяць на службе там, дзе загадвае ім гаспадар. Раней часам не абыходзілася без спрэчак, і праз гэтыя платы нават праходзілі цэлыя баталіі мясцовага значэння паміж суседзямі. Але мінаў час, і ўсё ўсталёўвалася, заціхала. Вёска працягвала і далей жыць і існаваць у сваім незвычайным, непаўторным і такім цікавым свеце.

Уладзiмiр ЦВIРКА.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter