Пяты адкрыты форум эксперыментальных пластычных тэатраў “ПлаSтформа” пройдзе 18—19 лютага

Пластычныя эксперыменты

Праз тыдзень Мінск збярэ прыхільнікаў перформансу з усёй краіны. Упершыню фестываль быў праведзены ў 2013 годзе і па сёння працягвае эксперыментаваць з часам і прасторай. На гэты раз форум паспрабуе свае сілы ў галіне малых форм. Акрамя таго, яго ўдзельнікамі стануць выключна беларускія калектывы. Глядач зможа ўбачыць альтэрнатыўныя і незвычайныя пастаноўкі адзінаццаці айчынных каманд, якія працуюць у самых розных жанрах, — ад сучаснага танца да інтэрактыўнага пластычнага перформансу. Сваё майстэрства прадэманструюць як “піянеры” беларускага альтэрнатыўнага тэатральнага руху кшталту гомельскага Тэатра танца “Квадра” і гродзенскага Тэатра танца “Галерэя”, так і маладыя андэграўндныя групы.

Да прыкладу, 3D-праект Тэатра танца “Галерэя” прадставіць 20-хвілінны танцавальны перформанс “З кропкі А ў кропку Б”. Эксперыментальны тэатр “Галава-нага” запросіць гледачоў прыняць удзел у спектаклі-рытуале “Мова Х” — нарадзіцца разам з мовай, дапамагчы ёй пасталець, развіцца, сустрэцца з перашкодамі і перарадзіцца ізноў. А Тэатр танца “Альтана” прэзентуе пластыка-харэаграфічны спектакль “Ціхмяная” па матывах фантастычнага апавядання Фёдара Дастаеўскага — сінтэз класікі і сучаснасці ў выкананні яркіх прадстаўнікоў маладой харэаграфіі Беларусі. Галоўным экспертам сёлетняга форуму эксперыментальных пластычных тэатраў “ПлаSтформа” выступіць танцоўшчык, харэограф Цэнтра культуры ў Любліне Рышард Каліноўскі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter