Театральный форум «Пластформа» подарит жителям и гостям столицы четыре дня невероятного пластического искусства

Пластычныя эксперыменты

З 18 па 21 сакавіка ў Мінску пройдзе VIII адкрыты форум эксперыментальных пластычных тэатраў «Пластформа». У праграму фестывалю, які аб'ядноўвае розныя віды сучаснага пластычнага перфарматыўнага мастацтва, уключаны лекцыі, майстар-класы і, вядома, паказы і абмеркаванні спектакляў. Сёлета ўсе мерапрыемствы «Пластформы» пройдуць на трох сцэнах: Купалаўскага тэатра, Тэатра юнага гледача і Ок16.

plastforma-minsk.art

Адкрые форум 18 сакавіка праект спявачкі Ірэны Катвіцкай і танцоркі Іны Асламавай «Вітаючы сонца», які аб'ядноўвае contemporary dance, этна-вакал і электронную музыку. Пастаноўку пакажуць на сцэне Купалаўскага тэатра. У гэты ж вечар, але ўжо на пляцоўцы Ок16 прадставяць праект Антона Макухі і Ірыны Шырокай Arche & Ket, у якім кожны глядач убачыць нешта сваё — каханне-ілюзію, каханне-момант, каханне-работу. У чацвер, 19 сакавіка, у гледачоў ТЮГа будзе магчымасць, купіўшы адзін білет, убачыць пастаноўкі адразу двух рэжысёраў з розных краін. «Ева і Ён» — польскі спектакль-паядынак з сабой, са светам, з нябачным Богам. Гэта гісторыя выгнанай пары, гісторыя вечнай барацьбы мужчынскага і жаночага пачаткаў. Ліванскі праект «Пад целам» даследуе ролю цела ў перыяд вайны — як яно рэагуе на смяротную пагрозу, зыходзячы з інстынкту самазахавання, і як гэта рэакцыя ператвараецца ў танец.

У пятніцу, 20 сакавіка, зноў будзе магчымасць убачыць адразу дзве розныя пастаноўкі. Адкрые вечар у Тэатры юнага гледача прэм'ерны паказ LAYAZ аўстрыйскай кампаніі Эдзіты Браўн. Гэта гісторыя пра маладую жанчыну, якая выяўляе сваё альтарэга. Другая пастаноўка гэтага дня — сумесны імправізацыйны праект харэографа Вольгі Скварцовай і музыкантаў Minsk Improvisers Orchestra «Цела — інструмент».

Завершыць праграму на пляцоўцы Ок16 пастаноўка аўстрыйца Вілі Дзёрнера One. Гэта сцэнічнае прадстаўленне для двух танцораў, натхнёнае «аднаскладовымі вершамі» мастака візуальнай паэзіі Хайнца Гапмайра, які выкарыстоўваў у сваёй творчасці знакі, літары, словы, лічбы, лініі і кропкі.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter