У Прэзідэнцкай бібліятэцы адкрылася выстава, прысвечаная Міхаілу Пташуку

Плашч з рэжысёрскага пляча

Расказваючы пра сябе і свае першыя знаёмствы з мастацтвам, Міхаіл Пташук абавязкова ўдакладняў, што родам ён з тэатральнай палескай вёскі, і толькі пасля з задавальненнем распавядаў пра свае родныя Федзюкі, што на Ляхаўшчыне. Тэатральнай вёску празвалі невыпадкова. Да кожнага свята ці якой іншай важнай падзеі яе жыхары любілі рабіць на мясцовай сцэне ўласную пастаноўку купалаўскай «Паўлінкі», прычым кожны раз з новай «трупай».



А яшчэ калі-нікалі прывозілі ў вясковы клуб кіно. І тым з юных федзюкоўцаў, хто першым паспяваў прынесці «дзяружак», каб пазавешваць вокны ў зале, кінамеханік дазваляў паглядзець фільм бясплатна і двойчы — раніцай і ўвечары. Сярод такіх шчасліўчыкаў часцяком аказваўся і спрытны Мішка Пташук. Ніхто тады і падумаць не мог, што наканавана гэтаму рыжаму хлапчуку, які нярэдка засынаў на вячэрніх сеансах, стаць вядомым кінарэжысёрам, што 17-гадовым юнаком адправіцца ён у далёкую Маскву і з першай спробы паступіць на рэжысёрскі факультэт самай прэстыжнай тэатральнай ВНУ — Шчукінскага вучылішча. Як казаў пра гэта сам Міхаіл Мікалаевіч, відаць, упершыню з дня існавання «Шчукі» ў яе сцены трапіў просты сялянскі хлопец-беларус.

Яго першым майстрам быў знакаміты Барыс Захава, а пазней, ужо на Вышэйшых рэжысёрскіх курсах Дзяржкіно СССР, — Георгій Данэлія. Пташука ён лічыў лепшым вучнем і менавіта яму — аднаму з усяго курса — даверыў зняць дыпломную работу ў поўным метры. Так з’явілася першая карціна «Пра Віцю, пра Машу і марскую пяхоту», якая адразу атрымала Гран-пры на міжнародным кінафестывалі ў Барселоне.

Пасля гучнага дэбюту ў маладога рэжысёра была магчымасць застацца ў Маскве, але ён вярнуўся ў Мінск. Першай яго стужкай, знятай на «Беларусьфільме», стала карціна «Лясныя арэлі». Пасля з’явіліся «Час выбраў нас», экранізацыі беларускай класікі «Вазьму твой боль» Івана Шамякіна, «Чорны замак Альшанскі» Уладзіміра Караткевіча, «Знак бяды» Васіля Быкава, «У жніўні        44-га...» па знакамітым рамане Уладзіміра Багамолава «Момант ісціны»… На творчым рахунку рэжысёра больш за дзясятак фільмаў. Апошнюю сваю работу — «Песня Розы» — ён зняў па заказе Галівуда. Было і шмат новых задумак, у тым ліку запаветная мара — зрабіць фільм пра Чарнобыль, называў яго беларускі «Тытанік»… Не паспеў. 26 красавіка 2002 года вядомы рэжысёр загінуў у аўтакатастрофе ў Маскве, куды прыехаў як намінант на прэмію «Ніка» за фільм «У жніўні 44-га...».



Сёлета народнаму артысту Беларусі Міхаілу Пташуку споўнілася б 75. У юбілейны год у Прэзідэнцкай бібліятэцы адкрылася выстава «Летапіс вайны ў фільмах Міхаіла Пташука». Яна працягвае праект «Літаратура ў мастацтве», прысвечаны найбольш вядомым творам нашай літаратуры, якія не толькі перакладзены на іншыя мовы і з’яўляюцца нашай візітнай карткай у сусветнай культурнай прасторы, але і маюць велізарны патэнцыял для ўвасаблення ў іншых відах мастацтва, у тым ліку ў кінематографе.

На выставе прадстаўлены кнігі, якія леглі ў аснову стужак Міхаіла Пташука, касцюмы і рэквізіт са здымкаў вядомых фільмаў пра вайну, альбомы з фотапробамі акцёраў, рэжысёрскія сцэнарыі карцін.

Сярод гэтых прадметаў увагу прыцягваюць размешчаныя побач плашч і папка. Абедзве рэчы — з гісторыяй. Плашч недзе ў сярэдзіне 1990-х рэжысёр прывёз з Шатландыі, быў там на тэатральным фестывалі, і надалей вельмі ім даражыў. Перш за ўсё таму, што якасны плашч не прапускаў ваду, — рэч незаменная для рэжысёра ў непагадзь на здымачнай пляцоўцы. Гэты плашч — сведка нараджэння многіх фільмаў Пташука і своеасаблівы талісман.

А папка — адна з многіх, куды складваліся розныя паперы. Але менавіта ў гэтай ляжаў сцэнарый новага фільма — тэлесерыяла, які Міхаіл Пташук так і не паспеў паставіць.

Галоўная захавальніца памяці пра Міхаіла Пташука – яго дачка Анжэліка.
Асабістыя рэчы майстра, шэраг дакументаў з яго ўласнага архіва прадаставіла на выставу дачка рэжысёра. Анжэліка Пташук беражліва іх захоўвае і спадзяецца, што калі-небудзь на кінастудыі «Беларусьфільм» створаць музей Міхаіла Пташука, дзе яны зоймуць сваё пачэснае месца:

— Рыхтуючы матэрыялы для выставы, я пераканалася, наколькі адказна бацька ставіўся да кожнага свайго пражытага дня. Захавалася вялікая колькасць афіш, газетных выразак, фотаздымкаў, асабістых дзённікаў з апісаннямі многіх цікавых падзей, сустрэч. Гэты архіў, лічу, адлюстраванне грандыёзнага шляху Міхаіла Пташука ў мастацтве і жыцці, сведчанне яго вялікай любові да прафесіі, беларускага кіно, Радзімы, людзей.

Адзін з такіх дзённікаў — самы першы, пачаты ў 1962 годзе, — Анжэліка Міхайлаўна беражэ асабліва. Нават у экспазіцыі пакінуць не рызыкнула — вельмі старая папера. У тым дзённіку ёсць сімвалічны і лёсавызначальны запіс. Чырвоным алоўкам, быццам кроўю: «Уже 20 лет. Сделал мало. Стремлюсь. Буду режиссером профессионального театра и учиться у Сергея Герасимова. Это — мое слово. 26 июля 1963 года».

Сваё слова Міхаіл Пташук стрымаў. Няхай вучыўся не ў Герасімава і справай жыцця абраў не тэатр, а кінематограф. Але, як і абяцаў, стаў прызнаным прафесіяналам найвышэйшага класа, чыёй творчасцю ганарыцца краіна, чые фільмы праславілі наша кіно на ўвесь свет.

З выставай у Прэзідэнцкай бібліятэцы могуць пазнаёміцца ўсе жадаючыя. Экспазіцыя адкрыта па 3 верасня з панядзелка па пятніцу з 11.00 да 18.00.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter