Прэзідэнт Індыі Пранаб Мукерджы наведаў Мінск з афіцыйным візітам

Планы набылі дакладныя рысы

 Гэты візіт прадоўжыў чаргу значных знешнепалітычных мерапрыемстваў апошняга часу. Мінск наведаў Старшыня КНР Сі Цзіньпін. Затым Аляксандр Лукашэнка здзейсніў афіцыйны візіт у Пакістан. І вось новая важная сустрэча на вышэйшым узроўні. 


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Індыі Пранаб Мукерджы

Беларусь, як вядома, паслядоўна прытрымліваецца прынцыпу шматвектарнасці знешняй палітыкі. З аднаго боку, пералічаныя падзеі з’яўляюцца яго яркай практычнай ілюстрацыяй. У той жа час яны адлюстроўваюць не такія ўжо і розныя вектары. Сёння мы назіраем працэс, які набірае абароты, гандлёвай кансалідацыі краін, што ўпэўнена выходзяць у новыя сусветныя эканамічныя лідары. Некаторы час назад КНР вылучыла ініцыятыву эканамічнага калідора новага Шаўковага шляху. Прапанова падключыцца да яе была зроблена і Індыі, і Пакістану, і краінам Еўразійскага эканамічнага саюза, і яшчэ шэрагу дзяржаў. Філасофію задумы вельмі добра раскрываюць словы кіраўніка кітайскага МЗС: “Мы заклікаем да ўзаемнага выйгрышу супраць гульні з нулявым вынікам, супраць канфрантацыі... Гэта не сола Кітая, гэта агульны сімфанічны канцэрт усіх нашых партнёраў...” А маштаб задумы відаць на карце: гэта не толькі сухапутны шлях, які злучае ўсходні Кітай з Еўропай, але і марскія магістралі, што праходзяць праз Індыйскі акіян, Паўднёва-Кітайскае, Чырвонае і Міжземнае моры. Гэта глабальны праект, ажыццяўленне якога ў адзіночку наўрад ці пад сілу нават вельмі буйной і багатай краіне. Гэта справа ўсяго канструктыўна настроенага свету. І Беларусі ў ім адводзіцца адна з ключавых роляў. Паколькі сітуацыя склалася так, што на сёння няма больш спакойнай і стабільнай альтэрнатывы сухапутнаму мосту паміж Еўропай і Азіяй у на­шым рэгіёне. Адсюль і змест узаемна зацікаўленага дыялогу з буйнейшымі краінамі свету.

Размову Прэзідэнты Беларусі ды Індыі пачалі з успамінаў пра сваю першую сустрэчу ў Нью-Дэлі. Менавіта візіт Аляксандра Лукашэнкі ў 2007 годзе стаў каталізатарам новай дынамікі міждзяржаўнага ўзаемадзеяння. Пранаб Мукерджы тады займаў пасаду міністра замежных спраў. Аляксандр Лукашэнка выказаўся ў тым сэнсе, што, калі давялося стаяць ля вытокаў закладкі фундаменту адносінаў новай якасці, значыць, трэба несці за гэта і адказнасць, развіваючы ўсе ўзаемавыгадныя пазітыўныя працэсы. Высокі госць з гэтым пагадзіўся, успомніўшы яшчэ пра адзін важны фактар. Пра вельмі цёплыя і сяброўскія адносіны, якія злучалі Індыю і СССР. Цяперашні ўзровень, на думку Пранаба Мукерджы, не можа быць ніжэйшым. А лепш зрабіць яго яшчэ больш высокім. Нью-Дэлі не хавае сваёй шчырай зацікаўленасці ў паглыбленні і пашырэнні ўзаемадзеяння з Мінскам. Гэта адпавядае і нашай пазіцыі. Прэзідэнт Беларусі быў адкрыты: усе размовы пра ізаляцыю нашай краіны безгрунтоўныя і не маюць перспектывы, пакуль мы дружныя з такой магутнай дзяржавай, як Індыя. І гэта падстава для гонару.

У далейшых перагаворах пераважала дзелавая тэматыка. Аляксандр Лукашэнка выказаў індыйскаму калегу свой погляд на перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва. Так, маючы сучасныя тэхналогіі ды абсталяванне, беларускія спецыялісты гатовыя ўдзельнічаць у мадэрнізацыі горна­здабыўной галіны Індыі. Могуць яны і параіць, як павысіць прадуктыў­насць нафтагазавага сектара.

Індыя мае намер у бліжэйшы час значна нарасціць здабычу вугалю. Спатрэбіцца больш кар’ерных велікагрузных самазвалаў. Нашы БелАЗы ўжо працуюць на такіх прадпрыемствах. Паказваюць вельмі салідныя вынікі. І сёння надышоў час гаварыць не толькі пра павелічэнне іх паставак, але і пра стварэнне сэрвіснага цэнтра для абслугоўвання беларускіх машын. Такі працэс можа быць завершаны ўжо да канца гэтага года.

Падчас работы беларуска-індыйскага бізнес-форуму
Падчас работы беларуска-індыйскага бізнес-форуму

Добрыя праглядаюцца перспектывы супрацоўніцтва ў трактарабудаванні. Нашы “Беларусы” добра вядомыя ў Індыі яшчэ з 60 — 70-x гадоў мінулага стагоддзя. Шмат у чым дзякуючы ім тады была здзейснена так званая “Зялёная рэвалюцыя”, у выніку якой рэзка павысілася ўраджайнасць індыйскіх палёў. Сёння ж дарэчы гаварыць аб арганізацыі ў краіне сумеснай вытворчасці машын беларускага брэнда. Гэтая ініцыятыва лагічна ўкладваецца ва ўрадавую праграму “Рабі ў Індыі”, нацэленую на прыцягненне ў краіну новых вытворчых тэхналогій. Таму ёсць значны інтарэс да стварэння сумесных вытворчасцяў аўтобусаў, грузавых аўтамабіляў, камунальнай і дарожна-будаўнічай тэхнікі. Перспектыва — выхад з сумеснай прадукцыяй на рынкі сумежных дзяржаў, з арганізацыяй агульнымі намаганнямі тавараправодных сетак, банкаўскага і фінансавага забеспячэння праектаў.

У падмацаванне вытворчым — адукацыйныя ініцыятывы беларускага боку. Яшчэ адна маштабная індыйская праграма — “Развіццё прафесійных навыкаў”. У яе кантэксце мы маглі б аказаць дапамогу ў падрыхтоўцы спецыялістаў высокай кваліфікацыі ў розных сферах. Для гэтага мае сэнс разгледзець ідэю стварэння ў краіне тэхнічных навучальных цэнтраў з беларускім удзелам.

Мінск не толькі бачыць свае інтарэсы ў Індыі, але і запрашае партнёраў пашыраць сваю прысутнасць на нашай зямлі. Ужо сёння мы ўзаемадзейнічаем у рэканструкцыі і будаўніцтве энергетычных аб’ектаў у Беларусі. Паглыбленне кааперацыі ў гэтай сферы, як і ў ажыццяўленні іншых інфраструктурных праектаў, будзе, несумненна, выгадна абедзвюм краінам.

У свеце прызнаныя дасягненні індыйскай фармацэўтыкі. І мы віталі б інвестыцыі ў нашу такую галіну. А ў будучыні маглі б весці сумесныя распрацоўкі ў галіне нана- і біятэхналогій, мікраэлектронікі, машынабудавання, аднаўляльных крыніц энергіі. Менавіта пад такія праекты ствараецца індустрыяльны парк “Вялікі камень”, і мы былі б рады бачыць у ліку яго рэзідэнтаў высокатэхналагічныя індыйскія кампаніі.

Мяркуючы па словах Пранаба Мукерджы, Індыі вельмі цікавыя прапанаваныя напрамкі развіцця ўзаемадзеяння. Высокі госць перакананы, што цяперашні ўзаемны тавараабарот не адпавядае патэнцыялу дзвюх краін і ёсць усе магчымасці яго нарасціць. Індыйскім бокам прынята рашэнне аб адкрыцці крэдытнай лініі ў 100 мільёнаў долараў для крэдытавання кампаній, якія будуць працаваць па сумесных праектах.

Ключавым жа дакументам сустрэчы стала Дарожная карта беларуска-індыйскага супрацоўніцтва. Гэта праграмны дакумент міністэрстваў замежных спраў дзвюх краін, які вызначае ключавыя напрамкі развіцця ўзаемадзеяння. А пра тое, як яны будуць напаўняцца дзелавым зместам, гаворка ішла на беларуска-індыйскім бізнес-форуме. 

У другі дзень афіцыйнага візіту Прэзідэнта Індыі ў Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Пранаб Мукерджы таксама прынялі ўдзел у рабоце беларуска-індыйскага бізнес-форуму. Адбыўся прадметны, насычаны дыялог паміж прадстаўнікамі дзелавых колаў дзвюх краін. Вынікі гэтых кантактаў у агляднай будучыні мы ўба­чым у канкрэтных сумесных праектах.

Каля 70 гадоў назад, калі Індыя толькі атрымала незалежнасць, ніхто і падумаць не мог, што гэтая вялікая густанаселеная краіна, якая мела ўсяго некалькі трактароў, падораных СССР, здзейсніць фенаменальны рывок у развіцці. Але факты — рэч упартая. Сёння гэта трэцяя эканоміка свету з сямю трыльёнамі долараў ВУП і каласальным патэнцыялам. Магчымасці для беларускіх экспарцёраў проста бязмежныя. І імі грэшна не скарыстацца. Індыйскія ж партнёры разглядаюць нашу краіну як зручны эканамічны пункт апоры на еўразійскай прасторы. Такі ўзаемны інтарэс абяцае нямала выгадных кантрактаў і сумесных праектаў, што пацвярджаюць і вынікі беларуска-індыйскага бізнес-форуму з удзелам больш як 40 прадстаўнікоў дзелавых колаў Індыі і каля сотні беларускіх кампаній. Тон дзелавой гутарцы задалі прэзідэнты дзвюх краін.

У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка лічыць цалкам рэальным ужо ў наступным годзе падвоіць тавара­абарот. Перш за ўсё за кошт пераходу ад простага гандлю да вытворчай кааперацыі.

Прэзідэнт Індыі Пранаб Мукерджы ў будучыню глядзіць таксама з аптымізмам і ставіць яшчэ адзін арыенцір: праз пяць гадоў павысіць узровень узаемнага гандлю да аднаго мільярда долараў.

Прабіцца на індыйскі рынак, вядома, няпроста. Але тыя прадпрыемствы і кампаніі, якія ўжо на ім працуюць, ніколькі пра тое не шкадуюць і гатовы пашыраць бізнес. З іх і трэба браць прыклад. Скажам, Мінскі трактарны завод па выніках форуму падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве, якое ўжо ў 2016 годзе дазволіць наладзіць сумесную вытворчасць новых мадэляў трактароў. Дарэчы, ёмістасць індыйскага рынку ў трактарах ацэньваецца каля 700 тысяч адзінак у год. Проста няворанае поле для МТЗ.

Салідныя перспектывы выма­лёўваюцца і для БелАЗа. Маючы вялізныя запасы каменнага вугалю, Індыя штогод імпартуе 200 мільёнаў тон гэтага паліва. Выхад адзін: нарошчваць уласную здабычу, прычым адразу ў тры разы — з 500 мільёнаў тон да паўтара мільярда. “Для гэтага нам патрэбна вельмі шмат тэхнікі вялікай грузападымальнасці, — расказаў прадстаўнік дылерскай кампаніі Самар Шакіл. — Вашы сама­звалы выдатна зарэкамендавалі сябе ва ўмовах 50-градуснай гарачыні. Ма­шыны надзейныя і таннейшыя за сваіх канкурэнтаў. Не дзіўна, што многія нашы кліенты, якія традыцыйна бралі “Катэрпілер”, усё часцей звяртаюць позіркі на беларускія ма­шыны”. У выніку заключана выгаднае пагадненне на пастаўкі машын і іх наступнае сэрвіснае абслугоўванне. Мінскі падшыпнікавы завод падпісаў кантракт на пастаўку падшыпнікаў. Кошт пытання — адзін мільён долараў. Новых партнёраў на індыйскім рынку знайшлі “Гомсельмаш”, БАТЭ, “Белэнерга”. Нашы спецыялісты акажуць дапамогу азіяцкім калегам у геолагаразведцы радовішчаў нафты.

Індыйскім бізнесменам прадэманстравалі таксама магчымасці і перавагі работы ў будучым Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку “Вялікі камень”. Гэта цудоўная пляцоўка для размяшчэння высокатэхналагічных прадпрыемстваў у сферы электронікі, лагістыкі, сувязі, бія- і нанатэхналогій. У свой час урад Джавахарлала Неру прапанаваў зрабіць стаўку на “эканоміку ведаў” і развіццё сферы паслуг. У выніку рынак IT-тэхналогій у Індыі — адзін з самых хуткарослых у свеце. Нашы айцішнікі таксама ў ліку лепшых. Чаму б не скааперавацца і не зарабіць больш? Тое ж самае датычыцца і фармакалогіі. Дарэчы, у гэтай сферы ў бліжэйшыя два-тры гады будуць запушчаныя адразу тры сумесныя праекты агульным коштам у 50 мільёнаў долараў. Аляксандр Лукашэнка запрасіў індыйскія кампаніі смялей заходзіць на наш рынак. Перавагі відавочныя:

— Адкрыўшы вытворчасці ў Беларусі, вы зможаце скарыстацца бесперашкодным выхадам на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза і асвойваць рынкі Еўрапейскага саюза. Лепшай лагістыкі для работы ў гэтых двух саюзах быць не можа, таму што Беларусь геаграфічна знаходзіцца ў самым цэнтры гэтых эканамічных гігантаў.

Праблем з крэдытаваннем праектаў не будзе, запэўніў Аляксандр Лукашэнка. Падчас нядаўняга візіту ў Мінск Старшыні КНР Сі Цзіньпіна дасягнута дамоўленасць аб выдзяленні нашай краіне сямі мільярдаў долараў дадаткова да раней адкрытай 15-мільярднай крэдытнай лініі. Гэта вельмі выгадныя пазыкі пад невялікі працэнт. І доступ да гэтых грошай адкрыты як для дзяржаўных, так і для прыватных прадпрыемстваў. Умова адна: прадставіць эфектыўныя, выгадныя для ўсіх праекты.

Аляксандр Лукашэнка гарантаваў індыйскаму капіталу ў нашай краіне ўсебаковую падтрымку. Яркі таму прыклад — рэалізаваны праект па мадэрнізацыі Гродзенскай ЦЭЦ-2. У аб’ект уклалі каля 55 мільёнаў долараў інвестыцый. Новая газатурбінная ўстаноўка, якую паставілі індыйскія спецыялісты, удвая павялічыла магутнасць станцыі і дазволіла знізіць расходы на закуп прыроднага газу. Эканомія — амаль 40 мільёнаў долараў у год. Дастойны ўзор супрацоўніцтва. І іх павінна станавіцца ўсё больш.

Аляксандр Лукашэнка наведваў Нью-Дэлі ў 2007 годзе. Тады ж і адбылася яго сустрэча з Пранабам Мукерджы. Абмяркоўваліся меры, якія неабходна распачаць для развіцця сувязяў паміж нашымі краінамі. Мінск і Нью-Дэлі ў той час выказваліся аб намеры трохразова павялічыць тавараабарот і наблізіць яго да паўмільярда долараў. Гэтая мэта была дасягнута ў 2012 годзе, калі аб’ём двухбаковага гандлю дасягнуў 494,6 мільёна долараў. Гэта значыць палітычныя кантакты на вышэйшым узроўні 2007 года мелі цалкам рэальнае дзелавое прадаўжэнне.

На жаль, сусветны крызіс унёс свае карэктывы. У 2013 годзе ўзаемны гандаль істотна скараціўся, але ўжо ў 2014-м тэндэнцыя росту аднавілася. І сёння надышоў час сфарміраваць новыя стымулы для больш дынамічнага ўзаемадзеяння дзвюх краін. Гэтаму  павінен паслужыць афіцыйны візіт у Беларусь Прэзідэнта Індыі. 

Васіль Харытонаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter