“Планета Матусевiчаў” збiрае сваiх

Больш за пяць гадоў таму ў Iнтэрнэце мiнчанiнам Юрыем Матусевiчам быў створаны сайт “Планета Матусевiчаў” (www.matusiewicz.org), прысвечаны прадстаўнiкам аднаго са старажытных беларускiх прозвiшчаў. За гэты час iнтэрнэт-старонка акумулявала ў сабе больш за 50 артыкулаў аб Матусевiчах з розных краiн свету. Iнфармацыя аб гiсторыi прозвiшча, яго славутых прадстаўнiках, раздзелы “Творчасць”, “Радаводы”, “Колькi нас?”, “Мiс Матусевiч”, “Бiзнес”, — усё гэта ёсць на “Планеце Матусевiчаў”.
— Як узнiкла iдэя стварэння сайта цёзкаў па прозвiшчы? —  спыталi мы ў Юрыя Матусевiча.
— З дзяцiнства я чуў цiкавыя расказы пра сваiх родных, продкаў, у сям’i захоўвалi памяць пра тых, хто спачывае вечным сном, старалiся падтрымлiваць сувязь з родзiчамi. Акрамя таго, у газетах, на радыё, па тэлебачаннi, у кнiгах, у быце я часта чуў сваё прозвiшча, i мне было цiкава больш даведацца пра гэтых людзей. I калi з’явiўся пастаянны доступ у Iнтэрнэт, я вырашыў паспрабаваць рэалiзаваць iдэю iнтэрнэт-праекта цёзкаў па прозвiшчы.
— Матусевiчы — яны адкуль?
— Сёння геаграфiя пражывання прадстаўнiкоў нашага прозвiшча вельмi шырокая: ад Буэнас-Айрэса i Таронта да Мельбурна i Паўднёва-Сахалiнска, ад Санкт-Пецярбурга i Лондана да Нiкалаева i Тэль-Авiва. На сайт звярнулiся людзi, якiя жывуць у 17 краiнах (Беларусь, Латвiя, Украiна, Расiя, Польшча, Германiя, Аўстрыя, Грэцыя, Вялiкабрытанiя, Iзраiль, Канада, ЗША, Аргенцiна, Аўстралiя...). Вядома, што Матусевiчы ёсць i ў Лiтве, i ў Швецыi, i ў Паўднёвай Карэi.
— Раскажыце пра самы цiкавы лёс са знаёмых вам Матусевiчаў.
— Безумоўна, лёс кожнага чалавека па-свойму цiкавы. Папярэдняе стагоддзе было насычана мноством драматычных падзей, асаблiва ў нашай краiне, i гэтыя падзеi адбiвалiся на чалавечых лёсах, змянялi прывычны лад жыцця. Можна расказаць пра лёс дзеда Дэнiэла Матусевiча з Аўстралii — Вацлава. Нарадзiўся ён яшчэ ў пазамiнулым стагоддзi ў Санкт-Пецярбургу, закончыў там горны iнстытут, спачатку працаваў iнжынерам-будаўнiком, потым быў на дыпламатычнай службе. Продкi Вацлава сотнi гадоў валодалi землямi на тэрыторыi цяперашняга Ашмянскага раёна. Але ў пачатку Другой сусветнай вайны прадстаўнiкi Чырвонай армii далi Вацлаву i яго сям’i ўсяго дзве гадзiны на зборы i вываз усёй маёмасцi. Толькi наяўнасць дыпламатычнага пашпарта ўратавала сям’ю ад гiбелi. Затым лёс занёс Вацлава далёка ад родных месцаў: у час вайны ён быў адказным за лагеры бежанцаў у Iране i Лiване. У 1947 годзе з Лiвана Вацлаў перебраўся ў Аўстралiю, дзе яго патомкi жывуць i сёння.
А па словах Марыса з Латвii, гiсторыю яго сям’i i прозвiшча спрабуе прасачыць яго бацька Ольгерт Матусевiч. На жаль, ужо няма сярод жывых старых Матусевiчаў: дзядуля i бабуля з боку бацькi памерлi да нараджэння Марыса. Дзеда звалi Валерыян Мадэставiч, у прадзеда былi дзве жонкi — ад кожнай жонкi дзецi. Некаторыя родзiчы спалохалiся прыходу Савецкай улады, змянiлi прозвiшча i з’ехалi ў Расiю. Бацькава цётка ўзяла прозвiшча Сокус, паехала ў Пецярбург, там перажыла блакаду. Марыс пiша, што яго продкi жылi ў Латгалii, частцы Латвii, дзе змяшалiся рускiя, беларусы, лiтоўцы, палякi, яўрэi. Гiсторыя сям’i расказвае, што продкi з’явiлiся ў Латвii пасля вайны шведаў з рускiмi, магчыма, ваявалi за шведаў, таму што прыйшлi з цыганамi, прададзеныя iм як палонныя. Гiсторыя — рэч неадназначная, пiша Марыс. У час Вялiкай Айчыннай вайны яго дзед i бабуля з дзецьмi хавалi ў сваiм доме салдата Савецкай Армii — параненага лётчыка. Калi ён вылечыўся, пайшоў да партызан. Бацька Марыса ўзяў у жонкi рускую, з Украiны. Прадзед Марыса па мацярынскай лiнii вызваляў ад фашыстаў латвiйскi горад Елгава.
— Юрый, а свае каранi вы знайшлi?
— Мой дзед i прадзед жылi на тэрыторыi сучаснага Пухавiцкага раёна — у вёсцы Лявонавiчы (каля Шацка). Праўда, iнфармацыi пра iх няшмат, у прыватнасцi, мне да сённяшняга дня невядома, цi жылi мае продкi ў Лявонавiчах здаўна або пераехалi туды. Дарэчы, маюцца звесткi, што на могiлках у вёсцы Пратасаўшчына (таксама непадалёку ад Шацка) ёсць шмат пахаванняў Матусевiчаў. Дзеда майго звалi Павел Дзям’янавiч (1910—1942), прадзеда — Дзям’ян Фёдаравiч (1878—1957), яго жонку — Наталля Фамiнiчна Ачапоўская (1886—1944). У Дзям’яна быў брат Iван, з яго патомкамi з дапамогай сайта ўстаноўлены кантакты (яны жывуць у расiйскiм Тальяцi). Я быў бы вельмi ўдзячны, калi б хто-небудзь паведамiў iнфармацыю пра маiх продкаў.
 З 2003 года супольнасць Матусевiчаў перастала быць выключна вiртуальнай: прайшла першая мiжнародная сустрэча прадстаўнiкоў прозвiшча. А летась у жнiўнi яны наведалi могiлкi ў вёсках Дубава, Рудзевiчы, Волма, пабывалi на самай высокай кропцы Беларусi — гары Дзяржынскай, каля святой крынiцы побач з Ракавам, завiталi ў госцi да Фелiкса Янушкевiча, у яго арт-галерэю ў Ракаве. На сустрэчу прыехалi Матусевiчы з Беларусi, Вялiкабрытанii, Польшчы. Яраслаў Матусевiч з Лондана стаў iнiцыятарам правядзення добраўпарадкавання старых могiлак каля былой вёскi Дубава Дзяржынскага раёна: спiлавалi засохлыя дрэвы, ачысцiлi ад хмызняку магiлы, паставiлi крыж. Сёлета Матусевiчы вырашылi зноў сустрэцца i поўнасцю добраўпарадкаваць могiлкi ў Дубаве.
I яшчэ адно. Жыхар Лондана Яраслаў Матусевiч спадзяецца з дапамогай праекта “Помнi iмя сваё...” знайсцi сваiх родных у Беларусi. Дзед Яраслава Ёзэф МАТУСЕВIЧ (альбо Матусэвiч) жыў да 1939 года ў вёсцы Гурноўшчына (Валмянская парафiя, зараз, здаецца, Валожынскi раён). У кастрычнiку 1939 года Ёзэфа арыштоўвае НКУС, ён на некаторы час трапляе ў турму ў Лiдзе, а потым назаўсёды знiкае. Лёс Ёзэфа невядомы i па сённяшнi дзень. Па словах Яраслава, Ёзэф меў брата Iгната, сясцёр Мальвiну i Ядвiгу. Ад першага шлюбу Iгната з Надзеяй былi дзецi Ядвiга i Баляслаў. У другiм шлюбе з Разалiяй нарадзiлiся Галiна, Ян, Ёзэф i Стэфан. Пасля Вялiкай Айчыннай вайны сям’я па некаторых звестках пераехала ў Фанiпаль.
А Юрый Матусевiч паабяцаў, што прадстаўнiкi гэтага слаўнага прозвiшча з розных краiн свету прыйдуць нам на дапамогу: падключацца да пошукаў людзей у гэтых краiнах.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter