
— Разлікова-даведачны цэнтр створаны не дзеля канкурэнцыі, а для альтэрнатывы, — адразу ўдакладняе кіраўнік РДЦ «Мазырскі ўласнік» Ірына Гусакова. — У членаў нашай асацыяцыі ёсць выбар — звярнуцца ў дзяржаўную арганiзацыю або да нас.
Для чаго такі цэнтр наогул патрэбны? Штуршком для яго адкрыцця стала ўкараненне праграмы па ўліку, разліку і налічэнні жыллёва-камунальных паслуг АІС «Разлік ЖКП». Складана было вырашыцца — аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма новая, як у ёй працаваць, ніхто не ведаў. Але і без яе нікуды. Акрамя таго, рашэнне адкрыць прыватны разлікова-даведачны цэнтр падтрымалі мясцовыя ўлады. Пакуль у ім 6 працоўных месцаў. Іх, на думку спецыялістаў, дастаткова для паўнавартаснай працы. Тым больш працуе новы цэнтр поўны працоўны дзень і ў суботу, і адзін раз у тыдзень да 20.00. З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся першапраходцы? Усё ж першы прыватны цэнтр у краіне. Нават павучыцца няма ў каго.
— Складанасцяў асаблівых не было, — запэўнівае Ірына Гусакова. — Спецыяльнага навучання бухгалтараў не спатрэбілася. Дастаткова наяўнасці ў іх вопыту работы ў праграме «1С» і жадання працаваць і вучыцца.
Вядома, прыйшлося разабрацца, што да чаго. Даныя па асабістых рахунках уносілі ўручную. Першыя звесткі з 80-кватэрнага дома, у якім пражывае больш за 400 чалавек, унеслі ўсяго за гадзіну. Затое перавагі для таварыстваў уласнікаў і жыллёва-спажывецкіх кааператываў відавочныя. У першую чаргу гэта эканомія грашовых сродкаў.
«За налічэнне аплаты АРІП бярэ 2% ад агульных налічэнняў. Гэта прыкладна 99 рублёў у месяц (з аднаго 80-кватэрнага жылога дома), — тлумачыць Ірына Гусакова. — Наш РДЦ возьме менш на 30 працэнтаў. Пакуль заключана 27 дагавораў, столькі ж яшчэ ляжыць на падпісанне. У нас ёсць тэхнічная магчымасць узяць на разлік каля 120 дамоў».
Для жыхароў таксама плюсы. Яны могуць звяртацца за налічэннем безнаяўных жыллёвых субсідый. Гэта толькі здаецца, што тым, хто пражывае ў кааператыўных дамах, яны не патрэбныя.
— Праграма АІС «Разлік ЖКП» апрабаваная менавіта праз асацыяцыю «Мазырскі ўласнік», — удакладняе старшыня праўлення Саюза ТУ і ЖСК Ірына Чарняўская. — І мы ганарымся адкрыццём першага прыватнага разлікова-даведачнага цэнтра. Гэта вялікі поспех, тым больш для Мазыра, дзе ўсе 200 жылых дамоў (ТУ і арганізацый забудоўшчыкаў) абслугоўваюцца прыватнымі арганізацыямі.
У Беларусі каля 9000 таварыстваў уласнікаў і жыллёвых спажывецкіх кааператываў. І далёка не ўсе падключыліся да сістэмы «Разлік ЖКП». Распрацаваць дагаворы, альтэрнатыву пераходу — на ўсё патрабуецца час. У Мазыры ж на арганізацыйныя моманты пайшло паўтара тыдня, за студзень людзі ўжо атрымалі жыроўкі. Зараз эстафету бяруць «Палескія ўласнікі» з Пінска. Наколькі досвед працы таварыстваў уласнікаў у аўтаматызаванай сістэме стане паспяховым, пакажа час. Пакуль жа ім зацікавіліся іншыя рэгіёны.
Алена КАБАНАВА