Пісьменнік Міхась Пазнякоў: у якой краіне я хачу жыць?

Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Міхась Пазнякоў сказаў sb.by:


Паўстагоддзя я жыву і працую ў Мінску і, безумоўна,магу параўноўваць, рабіць пэўныя вывады. За апошнія 25 гадоў наша сталіца значна вырасла, стала прыгожай, чыстай, утульнай для жыцця… Непазнавальна расквітнелі нашы гарады і буйныя пасёлкі, з’явілася мноства шыкоўных аграгарадкоў. Паміж гарадамі пралеглі сучасныя, дасканалыя дарогі… Краіна аднавілася, узбагацела, разбудавалася… Заявіла аб сабе на ўвесь свет.

Я жыву і хачу жыць у такой дзяржаве, якая, упэўнены, дасягне яшчэ новых вышынь, новай славы ў свеце! Я жыву і хачу жыць у краіне, дзе надаецца вялікая ўвага развіццю прамысловасці, сельскай гаспадаркі, навукі, бізнесу і прадпрымальніцтву, ахове здароўя і адпачынку, культуры, фізкультуры і спорту! Дзе ў цэнтры ўвагі — жыццё народа, яго дабрабыт. Дзе шануецца чалавек працы, дзе павага да нашай гісторыі, да нашага мужнага мінулага, да нашых старэйшых пакаленняў, якія вынеслі на сваіх плячах нямала гора і цяжкасцяў, але жылі і працавалі годна.

Я жыву і хачу жыць у суверэннай, незалежнай, гордай і шчырай краіне, якую ведаюць і любяць у свеце, і якая супрацоўнічае і сябруе з усімі краінамі. Я жыву і хачу жыць у Беларусі, дзе створаны ўмовы для вучобы, набыцця прафесіі, працы, рэалізацыі здольнасцяў і талентаў. Дзе зберагаюцца і памнажаюцца духоўныя каштоўнасці, народныя традыцыі, наша мова і літаратура. Упэўнены, у далейшым, з эканамічным ростам і сталеннем, ім будзе нададзена яшчэ больш увагі.

Я, напрыклад, прафесіянальным пісьменнікам стаў у савецкі час. З гонарам зазначу, што за апошнія 20 гадоў у дзяржаўных выдавецтвах Беларусі ў мяне выйшла звыш 40 кніг і больш за 10 — у недзяржаўных. Мая праца, як і праца многіх нашых актыўных пісьменнікаў высока ацэнена ўладай.

Адчувальная дзяржаўная падтрымка ў нас і для юных талентаў. Дзяржава клапоціцца і пра тое, каб лепшыя творы класічнай і сучаснай літаратуры былі даступнымі для школьнікаў, студэнтаў, чытачоў шматлікіх бібліятэк.

Я шмат дзе пабываў за межамі нашай любай Беларусі. І ўсюды сэрца поўнілася гонарам і радасцю, што я жыву ў такой мірнай, міралюбнай, стваральнай, прыгожай краіне. Бо ўсюды даводзілася чуць многа добрых слоў пра нашу Радзіму.

Я разумеў і разумею, што і ў нас нямала праблем і недахопаў. Але яны вырашальныя. Самаадданай любоўю да ўсяго роднага, настойлівай працай усё можна і патрэбна палепшыць, удасканаліць, развіць, дасягнуць больш адметнага.

Я хачу жыць у краіне, якая будзе паступальна рухацца наперад ва ўсіх галінах і сферах. Дзе ўсё робіцца і надалей дзеля росквіту, дзеля заможнага і шчаслівага жыцця народа. А для гэтага кожнаму, усім нам патрэбна шчыра і сумленна працаваць, добрымі справамі і няспыннымі клопатамі мацаваць нашу мілую Беларусь. Сягоння кожны павінен задаць сабе пытанне: а што я сам зрабіў і зраблю, каб краіна мая была прыгожай, багатай, мірнай і слаўнай!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter