Молодым писателям приходится осваивать «надежные» профессии

Пiсьменнiк — хобi цi прафесiя?

Зразумела, калi чалавек хоча што–небудзь ствараць — ён заўсёды знойдзе магчымасцi. Дзiкенс працаваў на фабрыцы абутковага крэму, Бероўз апрацоўваў дамы ад шкоднай жамяры, Кафка служыў у страхавой кампанii. Гэта не перашкодзiла iм стаць вялiкiмi. Але сёння нават сталыя творцы не жывуць за кошт сваiх кнiг i змушаныя працаваць хто дзе. Яшчэ нядаўна гучалi пафасныя словы пра «iнжынераў чалавечых душ». Цяпер пiсьменнiк — часам маргiнал, часам блазан. Да таго ж у нас няма лiтаратурных агентаў, якiя б прапаноўвалi рукапiсы ў выдавецтвы, займалiся ганарарамi.

Я папрасiла маладых пiсьменнiкаў паразважаць, што для iх лiтаратура — прафесiя цi хобi? Як зарабляюць на жыццё, як спалучаюць гэта з творчасцю, якой падтрымкi чакаюць?

КОЛЛАЖ МАКСИМА ШНИПА

Алiса Ахрамовiч, паэтка, мастачка, фатограф:

— Амаль кожны сёння мае нейкую прафесiю для грошай i ў астатнi час займаецца творчасцю для душы. Але ёсць выключэннi. Я шмат чым ахвяравала дзеля таго, каб зарабляць творчай прафесiяй — фатаграфiяй. Для поўнага шчасця ўсiм творчым асобам, i мне ў тым лiку, патрэбна, каб у Беларусi быў арт–рынак. Каб была канкурэнцыя i магчымасць быць выстаўленым, пачутым. Пакуль што маладым мастакам цяжка прадаваць свае працы — няма попыту, маладыя музыкi не маюць высокiх ганарараў ад канцэртнай дзейнасцi. Ну а ў паэзii ўвогуле калi выдаць кнiжку — каму яе прадаваць? Хто пра яе даведаецца? Мой сябра (блюз–рок–музыка) у лютым прэзентаваў свой сольны альбом — дык была цэлая праблема, каб яго прадставiць у СМI.

Кася Глухоўская, паэтка, псiхолаг:

— Быць мастаком апрыёры рызыкоўна. Безумоўна, адэкватныя паводзiны — шукаць працу, якая будзе доўгатэрмiнова забяспечваць жыццё. Я працую медыцынскiм псiхолагам i арт–тэрапеўтам, творчасць з’яўляецца адным з iнструментаў маёй працы. Але ўласнае творчае развiццё, на жаль, не адбываецца, актыўнасць зведзеная да хобi. На напiсанне празаiчных кнiг, руплiвую працу над вершамi не застаецца эмацыянальных рэсурсаў. Тым не менш я мяркую, што па завяршэннi адпрацоўкi ў дзяржаўнай установе гэта зменiцца.

Алiна Длатоўская, празаiк, арганiзатар фестываляў:

— Для мяне лiтаратура — частка жыцця, без якой проста немагчыма. Хобi ў мяне iншыя — кактусы, напрыклад, вырошчваць. Але моладзь сапраўды шукае прафесii надзейныя i прыбытковыя. На мой погляд, наша пакаленне ўвогуле надта шмат думае пра грошы. У маiм выпадку, праўда, усё крыху не так. Я працую ў кампанii, якая арганiзуе творчыя фестывалi для дзяцей i падлеткаў у Беларусi i ў краiнах Еўропы. Пiшу вечарамi i па выхадных. Самыя класныя iдэi чамусьцi прыходзяць у транспарце. Пакуль такое становiшча задавальняе, тым больш што на працы ўсе пра пiсьменнiцтва ведаюць i ў нейкiм сэнсе нават ганарацца мной — нядаўна ў мяне выйшла кнiга «Ген зямлi». Цi ўспрымаю я гэта як пачатак прафесiйнай лiтаратарскай дзейнасцi? Напэўна, усё ж так. Тым больш што я ўжо актыўна працую над другой кнiгай. Але прадстаўляцца пiсьменнiцай пакуль язык паварочваецца з цяжкасцю.

Алесь Емяльянаў–Шыловiч, паэт, масажыст:

— Творчасць становiцца маёй другой прафесiяй — што тычыцца перакладу. Калi гаварыць аб вершах цi прозе, то гэта хобi, i я зарабляю iншым. Я спачатку атрымаў прафесiю, а потым стаў пiсьменнiкам. Лiчу, што мне пашанцавала, бо зарабляць з пiсьменнiцтва ў нашай краiне амаль немагчыма, многiя мае калегi працуюць у сферах, вельмi далёкiх ад лiтаратуры. Зрэшты, гэта сусветная тэндэнцыя. Мне здаецца, што пiсьменнiк — гэта перадусiм чалавек, якi адбыўся ў нейкай прафесii, а пасля ўжо — стаў лiтаратарам. Я столькi гадоў iсную ў дзвюх iпастасях — пiсьменнiка i медыка, што для мяне такая сiтуацыя падаецца нармальнай i нават дапамагае пiсаць, бо ёсць дзе браць матэрыял — можна паназiраць за людзьмi, iх паводзiнамi i стасункамi. Працую я ў медыцынскiм цэнтры масажыстам. Увечары вылучаю сабе гадзiнку–другую, калi ёсць натхненне. Я раней вельмi хацеў працаваць недзе ў часопiсе, газеце цi выдавецтве. Цяпер разумею, што гэта неабавязкова, хаця калi прапануюць — не адмоўлюся. А ў якасцi падтрымкi патрэбны чалавек, якi займаўся б маiмi лiтаратурнымi справамi, бо распаўсюджваць кнiжкi саматугам — не надта лёгка.

Павал Дарохiн, паэт, менеджар, мастак:

— Для мяне лiтаратура — гэта хутчэй адна з частак жыцця, як праца, сон, ежа, вольны час. Бачыў шмат маладых паэтаў, якiя ўспрымаюць паэзiю як асноўную справу. Сумяшчаць, натуральна, можна, але не ў кожнага атрымоўваецца. I гэта нармальна. Арцюр Рэмбо, мабыць, зрабiўся не самым благiм камерсантам. Я працую ў саюзе дызайнераў не на самай творчай пасадзе менеджара праектаў, але спецыфiка арганiзацыi часам прымушае займацца як графiкай, так i складаць тэксты. Таму ў маiм выпадку прафесiйная i творчая сферы дастаткова супадаюць. Хоць, канешне, было б лепш займацца выключна творчасцю, але пакуль так не атрымоўваецца. Падтрымкi не чакаю, бо за ўсё трэба плацiць.

Кацярына Тарасава, паэтка, школьнiца:

— На жаль, пагаджуся, што большасцю маладзёнаў–пачаткоўцаў творчасць успрымаецца як хобi, i каб ставiцца да яе больш цi менш сур’ёзна, трэба быць альтруiстам. Наконт iншай, надзейнай прафесii, то гэта, я лiчу, натуральна. Бо адданасць справе добра, але жыць толькi на гэтым светлым пачуццi арганiзм чалавека не прывучаны, i час ад часу ў яго узнiкаюць iншыя патрэбы: шпацыраваць, спаць, есцi. На чыстай творчасцi сябе не забяспечыш. У маiм выпадку я яшчэ па ўзросце знаходжуся на забеспячэннi бацькоў, i таму ганарары час ад часу з’яўляюцца прыемным бонусам да самаўдасканалення. Але гэта, напэўна, i дапамагло мне пачаць ставiцца да таго, што я пiшу, больш–менш сур’ёзна. Паўнавартасна не працую, але рэгулярна пiшу па некалькi тэкстаў у часопiс «Бярозка». Канешне, было б класна толькi пiсаць, i нiчога болей, але мы не ў казцы.

rubleuskaja@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter