Пiшам правiльна — па новых правiлах

У хуткiм часе правапiс беларускай мовы зменiцца. Але кардынальных рэформ не чакаецца Праект новай рэдакцыi правiл арфаграфii i пунктуацыi беларускай мовы распрацаваны Iнстытутам мовазнаўства Акадэмii навук i Мiнiстэрствам адукацыi. Праз два тыднi ён будзе вынесены на разгляд кiраўнiка краiны i зацверджаны прэзiдэнцкiм указам. Зараз у рэспублiцы выкарыстоўваецца правапic 1959 годза. Мы папрасiлi больш падрабязна расказаць пра змены, якiя нас чакаюць, дырэктара Iнстытута мовазнаўства НАН Беларусi Аляксандра ЛУКАШАНЦА.

 — Падрыхтаваны праект новай рэдакцыi “Правiл беларускай арфаграфii i пунктуацыi” не з’яўляецца кардынальнай рэформай iснуючага беларускага правапiсу, а скiраваны на яго карэкцiроўку, памяншэнне колькасцi выключэнняў, падпарадкаванне большасцi напiсанняў агульным правiлам i заканамернасцям, што найбольш адпавядаюць фанетычнаму (гукавому) ладу беларускай лiтаратурнай мовы. У гэтых адносiнах новая рэдакцыя “Правiл” з’яўляецца яшчэ адным крокам у бок зблiжэння пiсьмовай мовы з беларускiм вымаўленнем i з’яўляецца больш дасканалай i практычна больш зручнай у параўнаннi са зводам правiл, выдадзеных у 1959 годзе.
Неабходнасць увядзення ў дзеянне новай рэдакцыi “Правiл беларускай арфаграфii i пунктуацыi” абумоўлена наступным. Па-першае, звод “Правiл беларускай арфаграфii i пунктуацыi”, выдадзены ў 1959 годзе, ужо даўно стаў бiблiяграфiчнай рэдкасцю i амаль недаступны для карыстальнiкаў, у першую чаргу настаўнiкаў i выкладчыкаў беларускай мовы. Па-другое, з’яўляючыся рэгламентуючым сродкам аднастайнай перадачы на пiсьме жывой мовы, правапiс не можа працяглы час заставацца без змяненняў. Бесперапыннае развiццё мовы выклiкае неабходнасць удасканалення i правапiсных нормаў, прывядзення iх у адпаведнасць з моўнай практыкай.
Беларускi правапiс, якi ў значнай ступенi грунтуецца на фанетычным прынцыпе, асаблiва адчувальны да любых змен у мове, таму ён таксама павiнен перыядычна ўдакладняцца i ўдасканальвацца. Асаблiва востра гэтая праблема для беларускай мовы паўстала ў канцы ХХ стагоддзя, калi ў сiстэме беларускай мовы i моўнай практыцы адбылiся iстотныя змены. Значна абнавiўся слоўнiкавы склад мовы, з’явiлася шмат запазычанней з англiйскай мовы...
Якiя ж канкрэтна змены чакаюцца ў беларускiм правапiсе?
Тлумачыць Аляксандр Лукашанец: “Першая змена — зроблены больш карэктнымi фармулiроўкi правiл. Змены скiраваны на памяншэнне колькасцi выключэнняў. Прапануецца лiчэбнiкi “сямнаццаць”, “васямнаццаць” пiсаць у адпаведнасцi  з агульным правiлам правапiсу “а(я)” у ненацiскным становiшчы. Удакладняюцца правiлы пераносу, напiсанне малой i вялiкай лiтары, пашыраецца напiсанне “ў” нескладовага ў частцы запазычаных слоў, на значную частку слоў iншамоўнага паходжання пашыраецца прынцып акання (“камп’ютар”, “лiдар”). Упарадкавана напiсанне лiтар “е” i “э” пасля зычных у запазычаных словах. У сучасным правапiсе напiсанне гэтых лiтар пасля зычных наогул не ўпамiнаецца, а перанесена практыка iх ужывання ў рускай мове. У рускай мове пасля зычных напiсанне “э” забаронена. Вось i мы ў большасцi выпадкаў пiшам: “экземпляр”, “бiзнес”, “тунель”. Цяпер прапануецца пiсаць “э”: “экзэмпляр”, “бiзнэс”, “тунэль”, “сэрвiс” у адпаведнасцi з беларускiм вымаўленнем. Праўда, тут у кожнага слова свае асаблiвасцi, якiя будуць адлюстраваны ў новым арфаграфiчным слоўнiку. Змены правiл пераносу — нiбы такая не iстотная з’ява, але яна вельмi важная для практыкi, таму што ў сувязi з сучаснымi выдавецкiмi тэхналогiямi фактычна атрымлiваецца, што цяперашнiх правiл пераносу прытрымлiваюцца толькi ў сферы школьнай адукацыi, а далей на практыцы iх не вытрымлiваюць.
Упарадкавана напiсанне вялiкай лiтары. Так, слова “прэзiдэнт” у сэнсе: кiраўнiк дзяржавы, прапануецца пiсаць з вялiкай лiтары ў любым кантэксце. Гэта датычыцца i словаў “прэм’ер-мiнiстр”, “мiтрапалiт Мiнскi i Слуцкi”... Слова “Бог” будзе пiсацца з вялiкай лiтары толькi калi азначае вышэйшую сiлу. У прымаўках, застыўшых выразах кшталту “не дай бог” рэкамендуецца пiсаць з малой.
У Правiлах з’явiцца новы раздзел — “Правапiсанне марфем”. У прыватнасцi, замацоўваецца пераважнае напiсанне ў дзеясловах iншамоўнага паходжання суфiксаў -ава, -ява замест -iрава, -ырава (“кантраляваць”, “рэгуляваць”).
Прапанаваныя змены не закранаюць асноўныя прынцыпы беларускай мовы i будуць уведзены ў падручнiкi пры iх натуральнай замене. Таксама будуць надрукаваны новыя слоўнiкi i граматыка.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter