Піраты XXI стагоддзя

Наша жыццё сёння складана ­ўявіць без смартфонаў, камп’ютараў, інтэрнэту і многага іншага, што звязвае нас з віртуальнай прасторай. Гэта выклікае шмат маральных пытанняў. Адным з такіх, напрыклад, з’яўляецца выкарыстанне нелегальных копій праграм, фільмаў, музыкі і г.д. Ці можна гэта лічыць парушэннем хрысціянскай запаведзі «Не ўкрадзі»?



Спрыяе пірацтву ў інтэрнэце ў тым ліку лжывае адчуванне, што нашы дзеянні нікому не шкодзяць. Маўляў, крадзеж грошай ці якіх-небудзь рэчаў з’яўляецца заўважным, таму і няма сумнення, што гэта недапушчальна. Іншая справа — нелегальнае карыстанне інтэлектуальнай уласнасцю. Мы ж не пазбаўляем тых, хто мае правы на яе, нейкага прадмета. Аднак, прабачце, пазбаўляем іх чаканага прыбытку. Той, хто здымаў фільм, запісваў песню ці ствараў камп’ютарную праграму, уклаў у гэта сродкі і мае права спрабаваць іх вярнуць, а таксама атрымаць узнагароджанне за сваю працу. Зразумела, адзін нелегальна адпампаваны музычны альбом не сапсуе бюджэт яго стваральнікаў, але калі так зробяць тысячы людзей, сітуацыя будзе зусім іншай.

Тое, што мы не можам фізічна дакрануцца да камп’ютарных праграм ці чаго-небудзь іншага з віртуальнай прасторы, не азначае, што гэта малакаштоўная рэч. У Евангеллі гаворыцца, што «работнік заслугоўвае платы сваёй». Стварэнне віртуальнага прадукту — таксама праца (на жаль, кошт некаторых такіх прадуктаў завышаны, аднак за гэта нясе адказнасць ужо іх уласнік).

Шмат каго на віртуальныя кра­дзяжы спакушае пачуццё беспакаранасці, бо закон не паспявае за развіццём тэхналогій. Многія ўсё яшчэ ўпарта лічаць, што ананімна прысутнічаюць у інтэрнэце, нягледзячы на ​​мноства доказаў адваротнага. Да таго ж некаторыя апраўдваюць свае паводзіны абагульняючым сцвярджэннем «так робяць усе». Але ж калі нешта робіць большасць, аўтаматычна не азначае, што гэта правільна.

Нядаўна ў інтэрв’ю з адным з кінакрытыкаў я пачуў добрую нагоду легальна набываць доступ да фільмаў (гэты матыў можна перанесці і на іншыя пакупкі віртуальных прадуктаў). Калі мы набываем фільм, напрыклад праз падпіску ў анлайн-кінатэатры, то не толькі аплачваем выдаткі на здымкі, але і з адказнасцю глядзім карціну, падыходзім да працы рэжысёра і яго каманды сур’ёзна. Чаму? Чалавеку ўласціва цаніць тое, за што ён заплаціў.

Напрыканцы хочацца падзяліцца некалькімі «запаведзямі» карыстання інтэрнэтам.

Не кажыце ў сетцы тое, чаго б вы не сказалі ў твар чалавеку.

Стаўцеся да іншых так, як вы хацелі б, каб ставіліся да вас саміх.

Перш чым што-небудзь апублікаваць, добра падумайце.

Не давярайце ўсяму, што прачыталі ў інтэрнэце.

Паважайце віртуальную ўлас­насць, указвайце крыніцу матэрыялаў, зной­дзеных у інтэрнэце.

Не праводзьце ўвесь вольны час за камп’ютарам ці смартфонам.

Памятайце, што інтэрнэт можа быць крыніцай залежнасці.

Доўгае карыстанне камп’ютарам шкодзіць здароўю.

Не забывайце пра спорт і іншыя забавы, не звязаныя з камп’ютарам і інтэрнэтам.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter