«Пiнская шляхта» завiтала ў Варшаву

Кастрычнiк стаў месяцам еўрапейскага трыумфу Купалаўскага тэатра

«Пiнская шляхта» завiтала ў Варшаву, а чэхаўскае «Вяселле» ўжо чуваць у Нармандыi

Кастрычнiк стаў месяцам сапраўднага еўрапейскага трыумфу Купалаўскага тэатра.

Гэтымi днямi ў Варшаве праходзяць гастролi Нацыянальнага акадэмiчнага тэатра iмя Янкi Купалы. Даюць “Пiнскую шляхту” па Дунiну-Марцiнкевiчу. Сёння другi па лiку паказ спектакля пройдзе ў тэатры “Рампа”.

Нагадаем, што месяц таму на сцэне гэтага тэатра адбылася польская прэм’ера “Пiнскай шляхты” ў пастаноўцы мастацкага кiраўнiка Купалаўскага Мiкалая Пiнiгiна. Спектакль быў з захапленнем прыняты варшаўскай тэатральнай публiкай. Цяпер яна мае магчымасць убачыць “Пiнскую шляхту” ў арыгiнале, у выкананнi акцёраў-купалаўцаў.

Як адзначаюць у Мiнiстэрстве культуры, пастаноўка беларускай п’есы ў Варшаве, гастролi Нацыянальнага акадэмiчнага тэатра iмя Янкi Купалы з’яўляюцца магутным штуршком да паглыблення i ўмацавання беларуска-польскiх культурных стасункаў, развiццё якiх плануецца i надалей. Так, iснуе папярэдняя дамоўленасць аб запрашэннi тэатра “Рампа” ў 2011 годзе ў Мiнск на Мiжнародны тэатральны фестываль “Панарама”.

Кастрычнiк стаў месяцам сапраўднага еўрапейскага трыумфу Нацыянальнага акадэмiчнага тэатра iмя Янкi Купалы. На працягу амаль трох тыдняў купалаўцы дванаццаць разоў паказалi чэхаўскае “Вяселле” ў пастаноўцы Уладзiмiра Панкова. I дванаццаць разоў стоячы вiтала беларусаў тэатральная грамадскасць Еўропы!

Распачалiся гастролi 7 кастрычнiка ў Мадрыдзе, потым – шалёны поспех у Шэрбургу i, нарэшце, шэсць аншлагавых спектакляў у Парыжы. Далей “Вяселле” на тыдзень рушыла ў Нармандыю. Апошнi спектакль будзе паказаны 6 лiстапада.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter