«Пiнская шляхта вярнулася дамоў»

З аншлагам на сцэне столінскага аграгарадка Велямічы прайшоў знакаміты вадэвіль-фарс Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Палескага драмтэатра

З аншлагам на сцэне столінскага аграгарадка Велямічы прайшоў знакаміты вадэвіль-фарс Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Палескага драмтэатра


У ГЛУХУЮ палескую ваколіцу Альпень, адрэзаную ад свету бурлівай ракою Гарынь, больш як паўтара стагоддзі таму па волі лёсу трапіў памочнік каморніка пры Мінскім межавым судзе Вінцэнт Дунін- Марцінкевіч. Многае з жыцця мясцовай шляхты ўразіла незвычайнага госця. І асабліва гісторыя, як пасварыліся і нават пабіліся фанабэрыстыя шляхціцы Іван Цюхай-Ліпскі і Ціхан Пратасавіцкі з-за таго, што адзін абазваў другога мужыком. Уклад жыцця іх не адрозніваўся ад сялянскага.

Фрагмент са спектакля «Пінская шляхта» Палескага драматычнага тэатра.

Да расійскага цара дайшла скарга. Гэта падштурхнула Дуніна-Марцінкевіча да напісання фарса-вадэвіля «Пінская шляхта». Нагадаю, у ім распавядаецца аб прыездзе ў глыбінку станавога прыстава Кручкова са сваім памочнікам Пісулькіным — абодва цынічныя бюракраты і хабарнікі-вымагацелі. Сітуацыя ўскладняецца тым, што дачка Пратасавіцкага Марыся і сын Ліпскага Рыгорка кахаюцца. Сварка іх бацькоў становіцца для іх перашкодай на шляху да шчасця. Знаходлівы Рыгорка спрабуе абысці перашкоду і вязе ў горад чыноўніку пачастункі. І справа насамрэч вырашылася на карысць закаханых. Але чаго гэта каштавала местачковай шляхце! 

Царскія ўлады не давалі дазвол на публікацыю вострага твора. Польскі пецярбургскі часопіс «Край» пасля смерці Дуніна-Марцінкевіча ў некралогу напісаў: «Удзячна і сардэчна ўспомняць яго некалі — калі пасталеюць — наступныя беларускія пакаленні». Упершыню ў 1918 годзе часопіс «Вольная Беларусь» надрукаваў камедыю, у якой выкрываецца паразітычная сутнасць царскага чыноўніцтва, высмейваецца каставая абмежаванасць пінскай шляхты. Амаль праз дзевяноста гадоў Нацыянальны акадэмічны дзяржаўны тэатр імя Янкі Купалы паставіў спектакль «Пінская шляхта», за які атрымаў Дзяржаўную  прэ- мію Беларусі. З поспехам ідзе гэты спектакль і ў Палескім драматычным тэатры Пінска. На V Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску палескія акцёры за пастаноўку яго ўганараваны галоўным прызам.

Спадчынная шляхцянка настаўніца Мачульскай базавай школы Iрына ЛЯШКЕВIЧ.

Праз паўтара стагоддзі з часу напісання вадэвіля ў ваколіцу Альпень вярнулася «Пінская шляхта». Нашчадкі фанабэрыстых шляхціцаў, што перапоўнілі глядзельную залу Дома культуры ў суседняй з Альпенем вёскі Велямічы, прагна чакалі пачатку сустрэчы з акцёрамі. Як быццам з пажаўцелых фотакартак, што захоўваюцца ў многіх мясцовых сем’ях, сцэну ўпрыгожылі асобы «Пінскай шляхты». І гаворка іх пазнавальная. Не абышлося, як у сапраўдным вадэвілі, без шляхетных танцаў. Парамі праходзілі героі спектакля пад гукі паланэза.

— Быццам у люстэрка маладосці зазірнула, — шчыра прызналася васьмідзесяцігадовая калгасная пенсіянерка Зінаіда Гапко, якая вырасла ў шляхетнай сям’і.

 Зінаіда ГАПКО, карэнная шляхцянка.

— Хваляваліся, як прымуць спектакль нашчадкі пінскай шляхты, — шчыра прызнаецца дырэктар і мастацкі кіраўнік Палескага драмтэатра Аляксандр Лукашэнка. — Столькі апладысментаў было падорана! Варта ацанілі нашу творчасць. Экзамен вытрымалі. Са спектаклем паедзем у сталіцу на суд высокапрафесійнага журы. 

— Праз паўтара стагоддзі пасля напісання вадэвіль завітаў да ваколіцы Альпень, — адзначыла настаўніца Ірына Ляшкевіч, радавыя карані якой вядуць да той самай пінскай шляхты. Прозвішча яе маці і бабуля не мянялі, а выходзілі замуж за аднафамільцаў-шляхціцаў, і яе бабуля вадзіла да сваякоў, каб пазнаёмілася са знатным кавалерам. Так і атрымалася. 

На IV Рэспубліканскім конкурсе тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія», які днямі завяршыўся ў Мінску, Палескі драмтэатр прадставіў «Пінскую шляхту».  

Аляксандр ЛУКАШЭНКА, дырэктар і мастацкі кіраўнік Палескага драмтэатра.

Тэатральны крытык, член адборачнай камісіі конкурсу прафесар Таццяна Арлова адзначыла, што сёлета ў Нацыянальную тэатральную прэмію прайшоў незвычайны спектакль «Пінская шляхта» Палескага драматычнага тэатра. Такім маладым тэатралам, якія выраслі ў прафесійныя з аматарскіх калектываў, заўжды цяжка сапернічаць са сталічнымі. Але спектакль пінскага рэжысёра Віталя Баркоўскага — вельмі сур’ёзны твор, які па-свойму адкрывае вядомую п’есу, — на роўных сапернічае са спектаклямі сталіцы. Гэта творчая праца абсалютна адрозніваецца, напрыклад, ад цудоўнага спектакля Мікалая Пінігіна «Пінская шляхта», пастаўленага на сцэне Купалаўскага. Гэта вельмі прыгожая народная трагедыя, зробленая на прафесійным узроўні.

Столінскі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter