Обзор книг от Людмилы Рублевской

Пейзаж аголенай душы

Беларускi пейзаж другой паловы XX — XXI стагоддзя
Мiнск, Беларусь, 2019

Сярод палотнаў калекцыi беларускага жывапiсу Нацыянальнага мастацкага музея Беларусi налiчваецца каля дзвюх тысяч пейзажаў. Для гэтага альбома адабрана 200 твораў 120 аўтараў, што дазваляе i скласцi ўражанне пра гэты жанр у беларускiм выяўленчым мастацтве, i здзейснiць падарожжа па розных кутках краiны, пабачыўшы самыя неверагодныя краявiды. Пейзаж нават у самыя суровыя для мастакоўскай фантазii i вальнадумства часы быў пляцоўкай, на якой можна свабодна самавыяўляцца. Гартаючы старонкi альбома, вы пабачыце пейзаж гарадскi i вясковы, метафарычны i фiласофскi, традыцыйны i авангардысцкi. Дзякуючы адным палотнам, як, напрыклад, карцiны Мiхаiла Блiшча i Вiктара Вярсоцкага, мы можам даследаваць у падрабязнасцях нядаўняе мiнулае, краявiды, якiх больш няма. Дзякуючы такiм карцiнам, як «Ноч» Уладзiмiра Тоўсцiка i «Мiрная зямля» Георгiя Скрыпнiчэнкi, можам заглыбiцца ў фiласофскi роздум. Некаторыя пейзажы нашых сучаснiкаў — Анатоля Кузняцова, Уладзiмiра Савiча, Леанiда Хобатава, Мiкалая Кiрэева цi Вiктара Альшэўскага — для неспрактыкаванага гледача толькi ўмоўна могуць так называцца, бо гэта найперш метафара, фантасмагорыя, загадка. А колькi таямнiчага ў палотнах Валерыя Шкарубы цi Вiктара Цiханава, бо за выявай звычайных рэчаў — поле, дах адрыны — хаваецца i Сусвет, i ўнутраны стан мастака. Дарэчы, некаторыя з прац, што ўвайшлi ў альбом, друкуюцца ўпершыню. Кнiга выдадзеная на дзвюх мовах, беларускай i англiйскай, i будзе добрым падарункам i сабе, i сябрам.

Уладзiмiр Лiпскi. Закаханы трэцякласнiк
Мiнск, Мастацкая лiтаратура, 2019

У новай кнiзе вядомага дзiцячага пiсьменнiка, шматгадовага рэдактара часопiса «Вясёлка» Уладзiмiра Лiпскага юныя чытачы сустрэнуцца з ужо добра iм вядомым «фiрменным» персанажам «Вясёлкi» Васем Вясёлкiным, якi на гэты раз атрымлiвае яшчэ адзiн мiленькi «тытул» — Дабрасябрыч. Займаецца ён тым, што распавядае пра Канвенцыю аб правах дзiцяцi з дапамогай сонечнага промнiка па iменi Дабрадзей, Беларускага дзiцячага фонду, а таксама зайчыкаў, вавёрачак, мышак, зязюлек ды iншых традыцыйных казачных iстотаў. Ёсць у кнiзе i адносна новы герой. Але ў iм пазнаецца сам аўтар: нехта Казачнiк. Ён на школьным уроку дапамагае дзецям абуджаць фантазiю, а заадно вырашаць маральныя праблемы. Як, напрыклад, лепей распарадзiцца мехам золата — аднесцi да таты, якi з дапамогай багацця ўзмоцнiць свой бiзнес, альбо ахвяраваць дзiцячым бальнiцам, музеям, школам? У Казачнiка з’яўляецца казачная машына з залiхвацкiм iмем «Опель‑попель», персанаж прыхоплiвае з сабой двух школьнiкаў, Аленку i Толiка, i ладзiць iм вандроўку па казачнай краiне, якой аказваецца Беларусь. Балотнiк на балоце выяўляецца вучоным з Акадэмii навук, якi праводзiць экскурсii ў зялёным парыку, казка пра чорнага падземнага цара — гэта пра здабыванне нафты, вандроўка ў мiнулае знаёмiць з Мiлаградскiм гарадзiшчам. Казачнiк прыцягне малалеткаў i ў шахты Салiгорска, i ў прыпяцкi парк, i ў мiлыя сэрцу Аўцюкi, дзе адбываецца беларускае свята гумару. Кнiга яскрава iлюстравана мастачкай Аксанай Аракчэевай.

Выданнi для агляду прадастаўленыя кнiжным магазiнам «Акадэмiчная кнiга», Мiнск, пр. Незалежнасцi, 72
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter