Белтелерадиокомпания покажет концерты фестиваля «Молодечно», а радиоканал «Культура» проведет конкурс чтецов

Песняры роднага краю

На наступным тыднi Летнi амфiтэатр у Маладзечне зноў напоўнiцца музыкай. Фестываль беларускай песнi i паэзii «Маладзечна-2023» у дваццаць другi раз збярэ разам не толькi неабыякавых да нацыянальнага мастацтва слухачоў, але i тых артыстаў, якiя жывуць маладзечанскiм форумам ужо шмат гадоў. I зноў у якасцi арыенцiра — беларускае слова, паэзiя Янкi Купалы, мелодыi Уладзiмiра Мулявiна i Iгара Лучанка. Канал «Культура» Беларускага радыё ў сваю чаргу таксама звернецца да класiкаў — гэтым разам абраны Янка Маўр. Нядаўна канал абвясцiў аб правядзеннi конкурсу чытальнiкаў «Белая птушка», прысвечанага 140-годдзю з дня нараджэння пiсьменнiка i 95-годдзю яго аповесцi «Сын вады».

Традыцыйна з моманту ўзнiкнення фестывалю i дагэтуль яго галоўным удзельнiкам i арганiзатарам з’яўляецца Нацыянальны акадэмiчны канцэртны аркестр Беларусi.

Песня над Маладзечнам

Нагадаем, ХХII Нацыянальны фестываль беларускай песнi i паэзii «Маладзечна-2023» пройдзе 9 i 10 чэрвеня. Дзякуючы трансляцыям асноўных канцэртных праграм i аператыўным выпускам навiн пабываць на галоўнай канцэртнай пляцоўцы змогуць у тым лiку гледачы тэлеканалаў «Беларусь 1» i «Беларусь 3».

З 9 па 11 чэрвеня «Навiны культуры» на «Беларусь 3» будуць выходзiць у фармаце дзённiкаў Нацыянальнага фестывалю беларускай песнi i паэзii. Карэспандэнты пабываюць на ўсiх мерапрыемствах музычна-паэтычнага форуму, паразмаўляюць з удзельнiкамi i арганiзатарамi i, вядома, пакажуць усе цiкавосткi, падрыхтаваныя для жыхароў i гасцей горада. Вынiкi свята падвядуць у нядзелю ў праграме «Культурны тыдзень».

Цэнтральнай падзеяй першага дня стане канцэрт пад назвай «Все звезды сошлись» на сцэне Летняга амфiтэатра, якi ўрачыста адкрые фестываль. У канцэртнай праграме возьмуць удзел артысты тэлевiзiйных праектаў «Х-Фактар» i «Фактар.by». Яны выступяць у суправаджэннi Нацыянальнага акадэмiчнага канцэртнага аркестра Беларусi iмя М. Я. Фiнберга. Мастацкi кiраўнiк i галоўны ­дырыжор — Максiм Расоха. Тэлеверсiю канцэрта-адкрыцця фестывалю пакажа канал «Беларусь 1» 9 чэрвеня ў 21:45.

На наступны дзень у 11:30 i 15:30 на тэлеканале «Беларусь 3» пачнуцца прамыя трансляцыi II i III тураў рэспублiканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песнi «Маладзечна-2023» са сцэны Палаца культуры. Ну а завершыцца фестываль гала-канцэртам «Любiмыя песнi. Спяваем разам» у Летнiм амфiтэатры. Будзем слухаць народных артыстаў Беларусi Анатоля Ярмоленку i Уладзiмiра Громава, заслужаную артыстку Iрыну Дарафееву, салiстаў Нацыянальнага акадэмiчнага народнага хору iмя Г. Цiтовiча i iншых вядомых выканаўцаў. Таксама падчас гала-канцэрта адбудзецца цырымонiя ўзнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песнi. Атрымаць асалоду ад апошняга фестывальнага дня гледачы тэлеканала «Беларусь 1» змогуць 10 чэрвеня ў 21:50.

Маўр i яго прыхiльнiкi

Конкурс чытальнiкаў «Белая птушка» — гэта сумесны праект канала «Культура» Беларускага радыё i Дзяржаўнага музея гiсторыi беларускай лiтаратуры. Да ўдзелу ў iм запрашаюцца школьнiкi, студэнты, сем’i, а таксама ўсе, хто жадае паспрабаваць сябе ў мастацкiм чытаннi, удакладняе дырэктар канала «Культура» Уладзiмiр Трапянок:

— Наша творчае спаборнiцтва праводзiцца ў чатырох катэгорыях: моначытанне ў малодшай узроставай групе (6—13 гадоў), моначытанне ў старэйшай узроставай групе (13—18 гадоў), моначытаннi дарослых (18 гадоў i пасля), а таксама чытаннi па ролях. Удзельнiкам неабходна агучыць фрагменты твора Янкi Маўра i даслаць iх у аўдыя- цi вiдэаварыянце на электронны адрас  kultura\_konkurs@radio.tvr.by

Прыём конкурсных матэрыялаў працягнецца да канца жнiўня. Ацэньваць удзельнiкаў будуць спецыялiсты ў галiне тэатральнага мастацтва i лiтаратуры, мастацкага радыёвяшчання i музейнай справы. Сярод крытэрыяў ацэнкi чытання — разуменне тэксту, эмацыянальнасць, тэхнiка маўлення i, вядома, якасць гучання. Падвя­дзенне вынiкаў i ўзнагароджванне пераможцаў адбудзецца ў вераснi альбо на пачатку кастрычнiка.

Лепшыя запiсы, аўтары якiх атрымаюць падарункi, прагучаць у эфiры канала «Культура»: спецыяльна для праграмы «Дасцiпныя. Нястомныя. Кемлiвыя» будзе падрыхтаваны радыёсерыял «Сын вады». Палажэнне, заяўку, а таксама тэксты для агучвання ўжо можна знайсцi на сайце «Культуры».

leonovich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter