Песняры-ахоўнікі

Наша міліцыя нас сцеражэ і... спяваеКалісьці на ўвесь СССР прагучала гісторыя пра тое, як ваўкавыскія міліцыянеры Пётр Касіла і Павел Семянчук у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны ўратавалі касу мясцовага філіяла дзяржбанка і давезлі больш за два мільёны рублёў з захаду Беларусі ажно да расійскага Арла. Сёння тутэйшых хлопцаў у пагонах ведаюць не толькі як адважных рупліўцаў парадку, але і як песняроў. Іх самадзейная музычная група “Уладары” сёлета мае ўсе шанцы перамагчы на конкурсе “Песні маёй Радзімы”, які ладзіць Агульнанацыянальнае тэлебачанне.

“Уладары” ўжо выйшлі ў паўфінал. А пачыналася ўсё ў 1997 годзе. Тады ў органах унутраных спраў пачалі ствараць мастацкія калектывы — каб служба не толькі была суровымі буднямі, але і трохі здавалася “мёдам”. Фактычна людзям у пагонах дазволілі легалізаваць розныя хобі. Не сакрэт, многія міліцыянеры любяць спяваць. Аказалася, не толькі на прафесійную тэматыку. Таму спачатку спеўны гурт супрацоўнікаў Ваўкавыскага аддзела дэпартамента аховы МУС называўся строга — “Салдаты парадку” з адпаведным рэпертуарам. Летась песня “Мой салдат” гэтага калектыву заняла першае месца на гала-канцэрце, які праводзіла Міністэрства абароны. Амаль адразу ж пасля перамогі міліцыянеры аб’ядналіся з аматарамі народнай творчасці з гарадскога Дома культуры — так узнікла група “Уладары”. Змяніўся і рэпертуар: да міліцэйскіх дадаліся народныя песні.
Адзін з тых, хто спяваў у “Салдатах парадку” ад самага пачатку, — Анатоль Вялешка, памочнік камандзіра ўзвода Ваўкавыскага аддзела дэпартамента аховы. Музычны дар адкрыў у сабе выпадкова.
— Неяк сабраліся з калегамі адзначыць свята, і сам не заўважыў, як пачаў спяваць, — успамінае Анатоль. — А цяпер думаю — ад мамы гэта маёй. Яна з Палесся. Я заўсёды чуў ад яе тамтэйшыя мелодыі. Вось толькі каб самому заспяваць — доўга не мог адважыцца. Усё ж, калі ўвесь час ходзіш у форме, яна дысцыплінуе, не дае расслабіцца. А каб заспяваць — трэба “пераўвасобіцца” ў цывільнага чалавека, стаць “простым хлопцам”.
“Уладары” не сумняваюцца: перамога будзе за імі. Іначай і быць не можа — імя абавязвае.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter