Паважаныя чытачы, ёсць нагода iзноў звярнуцца да ранейшай рубрыкi. Яшчэ 27 жнiўня 2002 года аўтар гэтых радкоў прапанаваў чытачам «Р» свой асаблiвы мiстычны сюжэт пад назвай «Крыж-баба маўчыць, чортаў камень – таксама». Гэта i стала пачаткам эксклю-зiўнай рубрыкi «Легенды Прыдзвiнскага краю».
У далейшым пачутыя i апрацаваныя мною казкi i легенды час ад часу з’яўлялiся на старонках нашай газеты. А ўсяго надрукавана каля двух дзесяткаў розных, амаль неверагодных, гiсторый накшталт «Зданi старога млына» ( 18 мая 2004 г.), «Чаму ў возеры Белым вада сярэбраная?» ( 7 верасня 2004 г.), «Камень кахання»( 21 сакавiка 2006 г.) i шмат iншых.
А вось да даволi сумнай i нават трагiчнай легенды аб заснаваннi горада Браслава справа ўсё неяк не даходзiла. I вось нарэшце найлепшы для гэтага выпадак: сёлета край блакiтных азёр адзначае прыкметную дату – 945-годдзе заснавання Браслава. I яна не абмяжоўваецца толькi адным днём i нават тыднем. Можна сцвярджаць, што ўвесь гэты год праходзiць пад знакам гартання сiвога летапiсу Браслаўшчыны. Няхай жа i гэтыя радкi лягуць у эпiчны твор на нiзцы з амаль дзесяцi вякоў.
Калi зiрнуць з вышынi, то старажытны беларускi Браслаў нагадвае гiганцкi карабель-каўчэг на сямi вятрах. Такую ягоную асаблiвасць тонка падмецiлi нашы паэты i мастакi. Напрыклад, ва ўяўленнi вядомага беларускага паэта Хведара Чэрнi гэты горад увекавечаны ў наступных радках:
Абветраны, засiнены, зачаены
I горад сам, i браслаўскi прастор.
Тут нават аўтастанцыя прычалена
Да самага прыгожага з азёр…
Мяне, дарэчы, ужо з першага нашага знаёмства нейкiм магiчным чынам прыцягнула да сябе самая высокая ў ваколiцах гэтага старадаўняга мястэчка Замкавая гара. Тое першае спатканне адбылося яшчэ ўлетку 1990 года. Тады таксама было гарадское свята. Адзначалася 925-годдзе з дня заснавання Браслава. Як прынята цяпер гаварыць, гэта было яшчэ «за савецкiм часам». Менавiта тады на Замкавай гары быў засведчаны пачэсны радавод, а калi дакладней, то якраз два дзесяцiгоддзi таму на вялiзным валуне-помнiку прымацавалi мемарыяльны знак з гiстарычным тэкстам: «Замкавая гара з’яўляецца месцам заснавання Браслава (1065 г.)».
Я сядзеў каля самай падэшвы Замкавай гары. Побач тамлiва i задуменна плёскалiся хвалi вялiкага возера Дрывяты. Падумалася, што i дзевяць з гакам стагоддзяў таму вось такiм жа чынам свiнцова-серабрыстыя воды цалавалiся з аксамiтавымi берагамi. I маланкай жахнула пранiзлiвая думка: няма нiчога новага пад Сонцам. А ўсё, што стварае чалавек,— мiзэрнае ў параўнаннi з шэдэўрамi Вечнага Творцы…
Беларускi летапiс ХVI стагоддзя «Хронiка Быхаўца» сцвярджае:
«А потом князь великий Кернус и Гимбут, желая расширить свои владения, собрали силы свои литовские и пошли на Русь до Браслава и до Полоцка и много вреда русским сделали и землю их опустошили и много людей взяли в плен».
На жаль, у гэтым летапiсе не пазначана дата гэтага варожага нашэсця. Але ж дасцiпныя гiсторыкi яе вызначылi: «И было это в году от рождения Господня 1065, когда Литва впервые напала на Русь»…
Але самi браслаўчане i цяпер не надта прыслухоўваюцца да вучоных i гiсторыкаў. Яны больш ахвотна вераць легендзе, якая перадаецца з вуснаў у вусны ўжо шмат вякоў. Пачуў i я яе з розных крынiц.
Возера Дрывяты. Стаяў гарачы летнi дзень, але каля вады было не так спякотна. Прачытаны i пачуты мной сухi аповед дзiўным чынам стаў узбагачацца нейкай нябачнай i сумнай песняй. Яго выконвалi на арфе сямi вятроў старадаўнiя, як сам Браслаў, чыстыя азёрныя хвалi. Я слухаў пераклад сiвой легенды з чалавечай мовы на струны душы. Затым запiсаў яе ў такiм вось выглядзе.
На самай вяршынi Замкавай гары стаяў горад, умацаваны вежамi. У цэнтры яго ўзвышаўся замак. Жыў у iм мудры князь Дзвiн з жонкай Друйкай i дачкой-прыгажуняй Дрывай. Толькi вось маладая князёўна дужа недасягальная была. Многiя тутэйшыя i замежныя рыцары дамагалiся яе рукi i сэрца. А больш за ўсiх закахалiся ў яе трое маладых братоў-князёў – Снуд, Ноў i Брас. Кожны з iх марыў скарыць цудоўную Дрыву. Але ганарлiвая дзяўчына паабяцала каханне толькi таму, хто пакiне свой меч у целе сапернiка. Прыгажуня распалiла рэўнасць i зайздрасць у сэрцах братоў. Асаблiва ў Снуда i Нова. Дамовiлiся яны забiць Браса. Ноччу падпiльнавалi i напалi на яго. Так на аднаго жанiха стала менш. Але абодва добра памяталi, што сказала Дрыва. Усё роўна адзiн лiшнi. I тады зноў зазвiнелi мячы, палiлася кроў. У смяротным паядынку браты скрывавiлi адзiн аднаго i загiнулi. Так i не даведалiся Снуд i Ноў, што ў начной цемры яны загубiлi не брата свайго Браса, а яго слугу. I Брас мiжволi стаў адзiным прэтэндэнтам на руку i сэрца бязлiтаснай прыгажунi.
Аднак мудры Брас не змог дараваць маладой князёўне гэткай жорсткасцi i адмовiўся стаць яе каханым i мужам. Ад крыўды i адчаю яна кiнулася з высокай гарадской вежы ў смяротныя абдымкi возера Дрывяты.
Старыя князь i княгiня не перажылi гора i неўзабаве памерлi. А горадам стаў кiраваць Брас. Княжыў ён доўга i справядлiва. Таму яго iмем названа i сённяшняя сталiца краю блакiтных азёр. Аб iншых героях старадаўняй легенды – Дзвiне, Друйцы, Дрыве, Снудзе i Нове ў нашы днi нагадваюць толькi назвы мясцовых рэчак i азёр…
Такую вось драматычную легенду нашапталi мне азёрныя хвалi ля падножжа Замкавай гары.